Школа для вучобы і гульні

27.5.2013

На Ганцавіччыне прайшоў двухдзённы семінар-практыкум, прысвечаны сучасным падыходам да праектавання і рэалізацыі мадэлей выхаваўчай работы ў шосты школьны дзень, а таксама першым вынікам апрабацыі мадэлі работы “Школа – цэнтр вольнага часу”. Удзельнікі семінара наведалі шэраг устаноў адукацыі раёна, дзе азнаёміліся з эфектыўным вопытам выхаваўчай дзейнасці.

Начальнік аддзела адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама Н.У.Здрок расказала пра стан, праблемы і перспектывы развіцця навучальных устаноў рэгіёна, эфектыўнасць іх работы як цэнтраў вольнага часу. Сёння ў раёне дзейнічаюць 34 установы адукацыі. Школы наведваюць каля 3,5 тысячы навучэнцаў. Рэгіянальная мадэль выхавання прадугледжвае, што ўстановы адукацыі павінны з’яўляцца “мнагапрофільнымі” цэнтрамі культуры і вольнага часу, дзе рэалізоўваюцца розныя практыка-арыентаваныя праекты, накіраваныя на сацыялізацыю асобы і яе ўсебаковае развіццё. Так, у сярэдняй школе № 3 Ганцавіч ажыццяўляецца праект “Лідар”, які ўяўляе сабой ролевую гульню, накіраваную на выпрацоўку ў старшакласнікаў адказнага падыходу да ўдзелу ў рэферэндумах і выбарах рознага ўзроўню.

Выхаваўчая работа па фарміраванні культуры вольнага часу з’яўляецца адным з важнейшых аспектаў дзейнасці ўстаноў адукацыі. У школах раёна працуе 266 гурткоў і клубаў, дзе займаецца больш за 90% навучэнцаў. На базе Ганцавіцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці дзейнічае гурток тэхнічнай творчасці “Юны матацыкліст”.

Важную ролю ў выхаванні школьнікаў адыгрывае Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці. Ва ўстанове рэалізоўваюцца праграмы “Адораныя дзеці”, “Суботні дзень”, “Экалогія”, “Здаровы лад жыцця”, “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне”, “Канікулы”, “Прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў”, а таксама 28 праграм гуртковай дзейнасці. На рахунку выхаванцаў цэнтра шмат дыпломаў, атрыманых на конкурсах і фестывалях. Пра дзейнасць узорнага літаратурнага аб’яднання “Верасок” тэлерадыёкампанія “Брэст” зняла дакументальны фільм.

Вялікая ўвага ўдзяляецца фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце. У школах дзейнічаюць 84 секцыі, якія наведваюць каля 34% навучэнцаў. У рамках факультатыва “Гадзіна здароўя і спорту” ладзяцца заняткі па футболе, настольным тэнісе, валейболе і лёгкай атлетыцы, а таксама рухавыя гульні. З 2008 года праводзіцца раённая алімпіяда па фізічнай культуры сярод старшакласнікаў. Навучэнцы Ганцавіччыны з’яўляюцца прызёрамі абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтваў.

У раёне распрацавана выхаваўчая праграма па арганізацыі школьнай суботы “Школа для вучобы і гульні” на 2009 – 2014 гады. Праграма накіравана на задавальненне запытаў непаўналетніх, якасную арганізацыю іх вольнага часу і стварэнне новых дзіцячых клубаў і аб’яднанняў па інтарэсах. Ва ўсіх школах распрацаваны комплексныя праграмы мерапрыемстваў вольнага часу з улікам матэрыяльна-тэхнічнай базы. У 6 установах рэалізоўваюцца арыгінальныя мадэлі арганізацыі школьнай суботы.

Ва ўсіх школах арганізаваны настаўніцка-бацькоўскія патрулі, якія кантралююць вольны час непаўналетніх у вячэрні час і выхадныя дні. Сфарміраваны мабільныя групы з ліку работнікаў аддзела адукацыі для наведвання месцаў масавага адпачынку моладзі. Прафілактычная работа не толькі павышае прававую асвету школьнікаў, але і садзейнічае зніжэнню проціпраўных учынкаў з іх боку.

Праведзены першы раённы бацькоўскі сход, прысвечаны ўзаемадзеянню сям’і, школы і грамадскасці ў фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця дзяцей. У сацыяльна-педагагічным цэнтры адкрыты клуб для падлеткаў “Скрыжаванне”. Летам на базе расійскай вайсковай часці плануецца арганізаваць палатачны лагер для падлеткаў групы рызыкі.

У 8 школах рэалізоўваюцца праекты па павышэнні эфектыўнасці ўзаемадзеяння з сям’ёй. Рэгіянальны вопыт выхаваўчай работы неаднаразова прадстаўляўся на абласных і рэспубліканскіх семінарах. У кастрычніку ў раёне пройдзе міжнародны семінар “Інавацыйныя формы арганізацыі выхаваўчай і вучэбнай работы ў школе: інтэрактыўная парадыгма”.

Вядучы спецыяліст раённага аддзела адукацыі М.М.Клімавец засяродзіла ўвагу на рэалізацыі рэгіянальнай мадэлі выхаваўчай работы “Школа для вучобы і гульні”. Асноўная ідэя праграмы заключаецца ў тым, каб дзеці не толькі атрымлівалі якасную адукацыю, але і маглі самаразвівацца і самаўдасканальвацца, спрабаваць сілы ў розных відах дзейнасці, развіваць інтэлектуальны, творчы і сацыяльны патэнцыял. У рамках праграмы прайшоў раённы конкурс гульнёвых куткоў і пакояў.

Вынікам работы ўстаноў адукацыі па праграме стала стварэнне і актыўнае ўкараненне ў іх дзейнасць рэкламна-агітацыйных мадэлей арганізацыі школьнай суботы. Сярод найбольш цікавых праектаў варта вылучыць такія, як “Суботняе скрыжаванне” (гімназія Ганцавіч), “Суботні калейдаскоп” (Люсінскі дзіцячы сад – сярэдняя школа), “Цэнтр суботняга вольнага часу” (сярэдняя школа № 1), “У шосты школьны дзень з любоўю” (Кукаўская сярэдняя школа), “Суботні зарапад” (Агарэвіцкая сярэдняя школа) і “Цікавы дзень субота” (Раздзялавіцкая сярэдняя школа). Некаторыя з гэтых праектаў атрымалі высокую ацэнку як на абласным, так і на рэспубліканскім узроўні.

У межах праграмы ладзяцца розныя мерапрыемствы: агляд-конкурс гульнёвых куткоў і пакояў, фестываль школьнай сімволікі “Школа як дзяржава”, фестывалі дзіцячай творчасці “Усе мы родам з дзяцінства”, “Сакавіцкі падснежнік”, “Слава табе, салдат Перамогі” і “Прывітанне, свет”, фестываль тэатральных пастановак на замежных мовах, піянерскі, цімураўскі і валанцёрскі злёты, дні здароўя, спартыўныя спаборніцтвы, працоўныя дэсанты, акцыі “Ветэран жыве побач”, “Доўг” і “Памяць”, конкурсы з удзелам дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў “Запалі вогнішча дабрыні”, “Ратавальнікі вачыма дзяцей” і “Лідар года”.

У раёне створана ліга інтэлектуальных клубаў, у склад якой уваходзяць 17 школьных каманд. У сярэдняй школе № 1 дзейнічае англійскі клуб, дзе арганізавана работа са здольнымі дзецьмі. На сайтах устаноў адукацыі ёсць старонка “Шосты школьны дзень”. У лютым на сайтах аддзела адукацыі і школ было праведзена інтэрактыўнае галасаванне аб якасці правядзення шостага школьнага дня. У апытанні ўдзельнічалі 650 чалавек. Якасць правядзення школьнай суботы задавальняе каля 74% з іх, часткова – каля 15%, не задавальняе – каля 11%.

Якасць правядзення суботніх мерапрыемстваў знаходзіцца на пастаянным кантролі аддзела адукацыі. Класныя кіраўнікі валодаюць інфармацыяй аб перспектыўных планах навучэнцаў на выхадныя. Інфармацыя аб праведзеных мерапрыемствах і вячэрніх рэйдах абмяркоўваецца ў школах і аналізуецца ў аддзеле адукацыі.

Па словах М.М.Клімавец, адной з праблем школьнай суботы з’яўляецца абмежаванае кола і адсутнасць спецыялістаў па арганізацыі вольнага часу. У суботніх мерапрыемствах, як правіла, задзейнічаны адны і тыя ж дзеці. Для таго каб у мерапрыемствах удзельнічала большая колькасць навучэнцаў, арганізоўваюцца раённыя, занальныя і сумесныя мерапрыемствы. Ажыццяўляецца падвоз дзяцей з аддаленых вёсак.

Эфектыўнай формай арганізацыі выхаваўчай работы ў суботу з’яўляецца супрацоўніцтва школ і ўстаноў дадатковай адукацыі. Так, на базе Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці дзейнічаюць школа маладога важатага і школа “Лідар”. У цэнтры распрацавана аднайменная раённая праграма, закліканая стымуляваць і развіваць лідарскія якасці піянерскага актыву, творчы пантэнцыял асобы, далучаць моладзь да сацыяльна значнай і грамадска карыснай дзейнасці, прапагандаваць цікавы вопыт работы. Праграма рэалізоўваецца праз розныя вучэбныя методыкі па 4 асноўных напрамках: “Я – грамадзянін краіны Піянерыя”, “Мая дружына”, “Лідар і яго каманда” і “Навучыўся сам, навучы іншага”. Заняткі актыву праводзяцца ў форме трэнінгаў, інтэрактыўных гульняў, тэстаў, семінараў, дыскусій, дэбатаў, творчых майстэрань з выкарыстаннем методыкі “роўны навучае роўнага”.

Падчас семінара яго ўдзельнікі азнаёміліся з вопытам работы педагогаў гімназіі і сярэдняй школы № 3 Ганцавіч, Люсінскага дзіцячага сада – сярэдняй школы і раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.