Сям’я і школа: пачуць адно аднаго
27.5.2013Амаль 500 чалавек сабраліся ў Брэсце на абласной бацькоўскай канферэнцыі, прысвечанай узаемадзеянню сям’і і ўстаноў адукацыі ў развіцці дзіцяці. У рабоце мерапрыемства прынялі ўдзел міністр адукацыі С.А.Маскевіч, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Л.А.Цупрык, начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук, педагогі, кіраўнікі і прадстаўнікі бацькоўскай грамадскасці.>
Перад пачаткам пленарнага пасяджэння, якое праходзіла ў абласным цэнтры маладзёжнай творчасці, удзельнікі канферэнцыі наведалі выставу, падрыхтаваную педагогамі і навучэнцамі ўстаноў дадатковай адукацыі, а таксама метадыстамі абласнога ІРА. На выставе быў прэзентаваны вопыт краязнаўчай, эколага-біялагічнай, мастацкай і тэхнічнай работы з дзецьмі, метадычныя матэрыялы па псіхолага-педагагічным суправаджэнні іх бацькоў.>
- На Брэстчыне назапашаны станоўчы вопыт па ўзаемадзеянні сям’і і школы, - адзначыў М.А.Ціханчук. – На гэта скіравана дзейнасць амаль 1,3 тысячы ўстаноў адукацыі. Штогод на сістэму адукацыі рэгіёна траціцца 30% абласнога бюджэту. Улада актыўна інвестуе ў адукацыю: значныя грашовыя сродкі накіроўваюцца на будаўніцтва, рамонт і мадэрнізацыю ўстаноў, стварэнне ў іх сучасных умоў для вучэбна-выхаваўчага працэсу. Дзякуючы гэтаму, амаль усе аб’екты адукацыі сёння з’яўляюцца не толькі сучаснымі адукацыйнымі, але яшчэ і эстэтычнымі цэнтрамі.
Сённяшняя школа не толькі вучыць і выхоўвае, але і сацыялізуе дзяцей, фарміруе жыццёвую кампетэнтнасць і грамадзянскасць. Зразумела, што займацца гэтым аўтаномна яна не можа. Таму адной з важных задач з’яўляецца наладжванне эфектыўнага партнёрскага ўзаемадзеяння з сям’ёй. Школа гатова і абавязана дапамагаць бацькам у вырашэнні выхаваўчых пытанняў. Разам з тым яна ні ў якім разе не канкурыруе з ёй і не замяняе яе. Толькі сям’я з’яўляецца першасным і самым магутным сродкам у фарміраванні асобы дзіцяці. Менавіта ў сям’і (яшчэ да школы) фарміруюцца асноўныя рысы характару і звычкі будучага дарослага. Якім вырасце дзіця, залежыць ад адносін у сям’і. У ёй дзеці спасцігаюць агульначалавечыя каштоўнасці, набываюць навыкі самаабслугоўвання, вучацца паважаць старэйшых і клапаціцца пра малодшых, далучаюцца да працы і інш.
Установы адукацыі звяртаюцца як да традыцыйных (кансультацыі, трэнінгі, дзелавыя гульні, бацькоўскія вечарыны, наведванне сем’яў, асветніцкія семінары, сумесныя культурна-масавыя мерапрыемствы), так і да інавацыйных (дыстанцыйныя зносіны, аказанне аператыўнай псіхолага-педагагічнай дапамогі праз афіцыйныя інтэрнэт-сайты, web-канферэнцыі і бацькоўскія сходы ў рэжыме анлайн) форм работы з сем’ямі.
Сёння ва ўстановах адукацыі вобласці рэалізоўваюцца комплексныя мэтавыя праграмы і праекты ўзаемадзеяння сям’і і школы: “Стаць чалавекам” (сярэдняя школа № 2 Ляхавіч), “Дом здароўя” (гімназія Ляхавіч), “Сям’я і школа – дамашні ачаг” (Востраўская сярэдняя школа Ганцавіцкага раёна), “Школа сямейнай духоўнай культуры” (Альхоўская сярэдняя школа Ляхавіцкага раёна), “Павышэнне эфектыўнасці ўзаемадзеяння сям’і і гімназіі як важнейшага складніка сучаснага працэсу выхавання” і “Школа плюс сям’я ў ідэйна-маральным выхаванні школьнікаў” (гімназія Ганцавіч), “Мы і наша сям’я”, “Роля сям’і і школы ў эстэтычным выхаванні” і “Роля школы, сям’і і грамадскіх арганізацый у фарміраванні асобы дзіцяці” (сярэдняя школа № 1 Ганцавіч).
Па словах М.А.Ціханчука, эфектыўнымі формамі ўзаемадзеяння з сям’ёй з’яўляюцца савет установы адукацыі, папячыцельскі савет, бацькоўскі камітэт, сямейныя клубы, дні сямейных традыцый, сустрэчы з сямейнымі працоўнымі дынастыямі і інш. Сталі традыцыйнымі конкурсныя і святочныя праграмы (“На сямейным рынгу”, “Давайце, бабулькі”, “Дарэмна спрачацца не стану, але думаю я, што лепшая мама на свеце мая”), спартыўныя святы (“Таты могуць усё”, “Супер-мама”, “Тата, мама, я – алімпійская сям’я”), турыстычныя злёты, спаборніцтвы па плаванні сярод навучэнцаў, бацькоў і педагогаў, кулінарныя конкурсы, працоўныя дэсанты па добраўпарадкаванні тэрыторыі школы і населеных пунктаў. Сярод актуальных форм работы з бацькамі варта вылучыць трэнінгі, ток-шоу, фестывалі і бенефісы сямейных прафесій, індывідуальныя кансультацыі, класныя гадзіны, экскурсіі на прадпрыемствы, гасцявыя ўрокі і інш. Усё гэта дапамагае наладзіць канструктыўныя адносіны паміж бацькамі і педагогамі.
Бацькі ўдзельнічаюць у мерапрыемствах шостага школьнага дня, дзейнасці бацькоўскіх клубаў, сустрэчах з медыкамі, юрыстамі, псіхолагамі, работнікамі праваахоўных органаў і прадстаўнікамі ўлады, а таксама ў тэматычных лекторыях і бацькоўскіх універсітэтах па праблемных пытаннях выхавання і прафарыентацыі.
У Брэсцкім раёне рэалізоўваецца праграма “Паспяховае бацькоўства”. На базе бацькоўскіх клубаў устаноў адукацыі гэтага рэгіёна ажыццяўляецца праект “Навучыць бацькоў, каб шчаслівымі былі дзеці”. Мэта праекта – аказанне падтрымкі бацькам праз навучанне метадам выхавання на ўсіх этапах сямейнага жыцця для пабудовы канструктыўных узаемаадносін з дзецьмі без насілля.
Праекты па павышэнні эфектыўнасці ўзаемадзеяння з сям’ёй рэалізоўваюцца ў 8 школах Ганцавіччыны. З 2006 года настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Н.А.Петручэня з гімназіі Ганцавіч працуе з дзецьмі над даследчым праектам “Соцыум і дзеці”.
У шэрагу рэгіёнаў вобласці ладзяцца бацькоўскія канферэнцыі, на якіх абмяркоўваюцца надзённыя пытанні дзіцячага выхавання. У гімназіі Ляхавіч дзейнічае псіхолага-педагагічны практыкум з элементамі інсцэніроўкі рэальных жыццёвых сітуацый.
- Станоўчым вынікам узаемадзеяння школы з сям’ёй стала стабільнае змяншэнне ў вобласці дзіцячай безнагляднасці і колькасці непаўналетніх парушальнікаў закона, - падсумаваў М.А.Ціханчук. – У кожнага дзіцяці павінна быць шчаслівае і спакойнае дзяцінства, абароненае ад бедаў і нястач. Калі дзецям добра ў сям’і, калі яны адчуваюць з боку бацькоў увагу і падтрымку, яны абавязкова вырастуць дастойнымі і добрымі людзьмі. Рэцэпт поспеху просты: сярод нас не павінна быць абыякавых. Тады паспяховым будзе кожнае дзіця.
Дэкан псіхолага-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна А.І.Мядзведская прэзентавала работу навукова-метадычнага цэнтра “Школа – сям’я”. Цэнтр, створаны летась, аб’ядноўвае пад кіраўніцтвам прафесара М.П.Осіпавай псіхолагаў, педагогаў і медыкаў. Супрацоўнікі цэнтра ствараюць навукова-метадычныя матэрыялы для вырашэння найбольш актуальных праблем сям’і (выпушчана 13 кніг), кансультуюць педагогаў і бацькоў, арганізоўваюць спецыяльныя адукацыйныя курсы для маладых сем’яў, а таксама сем’яў, якія выхоўваюць “асаблівых” і адораных дзяцей.
Падчас канферэнцыі сваімі поспехамі і праблемамі дзяліліся бацькі навучэнцаў. Так, бацька траіх дзяцей-навучэнцаў гімназіі № 4 Баранавіч, настаяцель мясцовага храма В.В.Лазоўскі прызнаўся, што імкнецца быць для ўласных дзяцей не столькі выхавальнікам, колькі блізкім сябрам. Важнае месца ў сям’і Віталя Валер’евіча займае рэлігійнае выхаванне. Ён вучыць дзяцей, што ад жыцця трэба браць не ўсё, а толькі лепшае.
Член клуба бацькоў гімназіі № 6 Брэста, урач-анколаг Д.І.Сосік засяродзіў увагу на негатыўных баках фемінізацыі грамадства. Дзмітрый Іванавіч лічыць, што без належнага мужчынскага выхавання, станоўчага прыкладу таты немагчыма вырасціць маральна і псіхічна здаровых дзяцей. На думку бацькі, любое дзіця павінна быць каштоўным само па сабе, а не з-за нейкіх вучэбных ці жыццёвых дасягненняў. Бацькоў, упэўнены Д.І.Сосік, варта больш актыўна прыцягваць да выхаваўчай работы ў школах, а таты павінны пераадольваць страх перад яе наведваннем.
Цікава было паслухаць таксама старшыню бацькоўскага савета Купяціцкай сярэдняй школы Пінскага раёна, прыёмную маці Л.І.Кухарэнка, намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 3 Баранавіч А.А.Журбу, члена бацькоўскага савета сярэдняй школы № 2 Жабінкі, работніцу ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” І.І.Мартынюк і старшыню бацькоўскага класнага камітэта сярэдняй школы № 4 Лунінца Т.В.Мшар.
- Усе бацькі, як, дарэчы, і педагогі, зацікаўлены ў тым, каб іх дзеці былі паспяховымі. Каб дабіцца гэтага, варта шмат працаваць абодвум бакам. Важна больш актыўна падключаць мужчын да выхаваўчага працэсу ў школах. Мы павінны выхоўваць грамадства не спажыўцоў, а стваральнікаў каштоўнасцей, адказных, ініцыятыўных і творчых людзей, якія ўмеюць адстойваць уласныя погляды. Навучыўшыся пераадольваць цяжкасці ў школе, дзеці навучацца канкурыраваць у жыцці, годна трымаць удар перад любымі абставінамі. Паміж сям’ёй і школай не павінна існаваць псіхалагічнага бар’ера. Сярод перспектыўных задач – павышэнне бацькоўскай адказнасці за выхаванне дзяцей, - падагульніў міністр адукацыі С.А.Маскевіч.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: міністр адукацыі С.А.Маскевіч знаёміцца з выставай.
Фота аўтара.