І менеджар, і наватар, і псіхолаг
23.5.2013На Бярозаўшчыне прайшоў абласны семінар кіраўнікоў раённых (гарадскіх) метадычных аб’яднанняў дырэктараў школ “Прафесійная кампетэнтнасць кіраўніка як вызначальны складнік выніковай дзейнасці адукацыйнай установы”. Удзельнікі семінара, арганізаванага Брэсцкім абласным ІРА, наведалі шэраг школ раёна, дзе азнаёміліся з цікавым вопытам работы.
Начальнік аддзела адукацыі Бярозаўскага райвыканкама Т.П.Бранько расказала пра сістэму адукацыі рэгіёна і асаблівасці развіцця кампетэнтнасці кіраўнікоў ва ўмовах дадатковай прафесійнай адукацыі раёна. Сёння на Бярозаўшчыне працуе 62 установы адукацыі. Колькасць навучэнцаў з году ў год памяншаецца. Застаецца адмоўнай дынаміка набору першакласнікаў. Сярэдняя напаўняльнасць класаў складае 15,5 (1 – 4 класы), 17,3 (5 – 9 класы) і 16,3 (10 – 11 класы) чалавека.
Адукацыйны працэс у школах забяспечваюць 1027 педагогаў. 68% з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Сярэдні ўзрост дырэктараў школ – 40 гадоў. Усе кіраўнікі своечасова павышаюць кваліфікацыю на базе Брэсцкага абласнога ІРА і АПА. За апошнія тры гады 4 кіраўнікі прайшлі перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Менеджар у сферы адукацыі”.
Сёння ў рэзерве на замяшчэнне пасады дырэктара школы знаходзіцца 50 чалавек. Асноўнымі крытэрыямі залічэння кандыдата ў рэзерв з’яўляюцца вынікі яго практычнай дзейнасці на займаемай пасадзе, дзелавыя і асобасныя якасці, здольнасці і патэнцыяльныя магчымасці, вынікі апошняй атэстацыі, а таксама водзывы тых, хто працуе з кандыдатам. Будучы кіраўнік павінен бачыць мэты і задачы сваёй дзейнасці, умець працаваць з калектывам. За апошнія тры гады 7 чалавек з рэзерву былі прызначаны на дырэктарскую пасаду.
Вучэбна-метадычная дзейнасць з кіраўніцкімі кадрамі ўключае павышэнне ўзроўню іх прафесійнай кампетэнтнасці, рацыянальнае выкарыстанне творчага патэнцыялу дырэктараў з улікам укаранення педагагічных інавацый і патрэб рынку адукацыйных паслуг раёна. Тэматыка метадычных мерапрыемстваў з кіраўнікамі носіць праблемна-арыентаваную накіраванасць. Па запытах дырэктараў на пасяджэннях раённых метадычных фарміраванняў разглядаюцца актуальныя кіраўніцкія праблемы: удасканаленне прававой кампетэнтнасці кіраўніцкіх кадраў, інавацыйныя тэхналогіі ў кіраванні школай, асобасна арыентаваная сістэма работы з педагагічнымі кадрамі, арганізацыя справаводства, наведванне і аналіз урока кіраўніком школы і інш.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца рабоце з маладымі кіраўнікамі. Для гэтага была створана школа маладога дырэктара, якую ўзначальвае дырэктар гімназіі Белаазёрска С.У.Саўко. У рамках школы, якая працуе ўжо 6 гадоў, праводзяцца майстар-класы, семінары-практыкумы, навучальныя семінары і кансультацыі. Пасяджэнні школы праходзяць на базе ўстаноў адукацыі, якімі кіруюць вопытныя дырэктары: М.В.Жуковіч з сярэдняй школы № 1, М.А.Ніканюк з сярэдняй школы № 3 і інш. Летась маладыя кіраўнікі ўдзельнічалі ў педсавеце, арганізаваным у гімназіі Белаазёрска, дзе разглядалі самаадукацыйную дзейнасць настаўніка як фактар павышэння якасці адукацыі. У бягучым навучальным годзе на пасяджэнні школы былі разгледжаны пытанні, звязаныя з арганізацыяй рабочага месца кіраўніка, складаннем графіка работы і размеркаваннем рабочага часу. На пасяджэнні запрашаюцца інжынер па ахове працы, галоўны спецыяліст па кадрава-юрыдычных пытаннях і начальнік аддзела адукацыі. Маладыя кіраўнікі актыўна ўдзельнічаюць у рабоце метадычных аб’яднанняў дырэктараў раёна.
У мэтах удасканалення кіраўніцкага майстэрства дырэктараў была створана ініцыятыўная група “Форум”, куды ўваходзяць вопытныя кіраўнікі. Летась члены групы распрацавалі наменклатуру спраў для ўстановы адукацыі, а сёння працуюць над унясеннем змен у палажэнне аддзела адукацыі аб прэміраванні кіраўнікоў устаноў адукацыі і палажэнне аб парадку і ўмовах устанаўлення надбавак стымулюючага характару для кіраўнікоў.
У раёне добра развіта настаўніцтва, якое паскарае працэс станаўлення пачынаючых менеджараў адукацыі. Такімі настаўнікамі-куратарамі з’яўляюцца М.В.Жуковіч і М.А.Ніканюк. Іх вопыт работы неаднаразова разглядаўся на раённых і абласных семінарах. Гэтыя кіраўнікі запрашаюцца ў абласны ІРА, дзе чытаюць лекцыі падчас курсаў павышэння кваліфікацыі.
Кіраўнікі школ з’яўляюцца ініцыятарамі інавацыйнай дзейнасці. Так, у мінулым навучальным годзе педкалектыў Здзітаўскай сярэдняй школы пачаў укараняць інавацыйны праект “Адкрытая сацыяльна-педагагічная прастора сельскага рэгіёна”. Сёлета гімназія Белаазёрска і сярэдняя школа № 1 распрацавалі праект “Укараненне мадэлі фарміравання нацыянальнага светапогляду малодшых школьнікаў праз змест факультатыўнага курса “Вытокі роднай мовы”, які праходзіць экспертызу ў АПА.
Эфектыўнай формай павышэння ўзроўню кіраўніцкай кампетэнтнасці і асобаснага развіцця кіраўнікоў з’яўляецца самаадукацыя, якая дазваляе ім вызначыцца з выбарам тэм, форм і напрамкаў дзейнасці для самаразвіцця. Кіраўнікі працуюць над такімі актуальнымі тэмамі самаадукацыі, як “Інавацыйныя тэхналогіі ў кіраванні школай” (дырэктар сярэдняй школы № 3 Бярозы М.А.Ніканюк), “Арганізацыя ўнутрышкольнага кантролю ва ўстанове адукацыі” (дырэктар Спораўскай сярэдняй школы М.М.Ліпскі), “Фарміраванне іміджу ўстановы адукацыі” (дырэктар Бярозаўскай базавай школы І.В.Жуковіч), “Кантрольна-ацэначная дзейнасць ва ўстанове адукацыі” (дырэктар сярэдняй школы № 3 Белаазёрска В.В.Янушчык) і “Сістэма работы школы па прафесійным самавызначэнні старшакласнікаў” (дырэктар Падкраіцкай базавай школы Д.Я.Капітанчык).
У далейшым развіцці і ўдасканаленні вучэбна-метадычнай работы з кіраўніцкімі кадрамі значную ролю адыгрываюць пошук новых эфектыўных форм самаадукацыі дырэктараў і актывізацыя работы па трансляцыі перадавога вопыту кіравання якасцю адукацыі шляхам выдавецкай дзейнасці.
У мэтах ацэнкі эфектыўнасці работы ўстаноў адукацыі штогод складаецца рэйтынг на лепшую з іх паводле сучасных патрабаванняў. Па выніках мінулага года пераможцамі сталі сярэдняя школа № 3 Бярозы (дырэктар М.А.Ніканюк) і Агароднікаўская сярэдняя школа (дырэктар В.М.Мядзведзь). Правядзенне рэйтынгу стымулюе кіраўнікоў да пошуку новых, больш эфектыўных кіраўніцкіх рашэнняў, якія садзейнічаюць атрыманню высокіх вынікаў дзейнасці школы.
Дырэктар сярэдняй школы № 1 Бярозы М.В.Жуковіч засяродзіў увагу на ролі кіраўніка ва ўдасканаленні адукацыйнага асяроддзя, у прыватнасці ў развіцці інфармацыйнай кампетэнтнасці настаўнікаў, навучэнцаў і іх бацькоў.
- Сучасны кіраўнік павінен быць тонкім псіхолагам, юрыстам, эканамістам, рацыяналізатарам, ідэолагам, наватарам у папулярызацыі і развіцці прагрэсіўных тэхналогій, - адзначыў Мікалай Васільевіч. – Вялікую ўвагу кіраўніку неабходна ўдзяляць інфармацыйнай кампетэнтнасці суб’ектаў адукацыйнага працэсу, якая фарміруецца падчас актыўнага выкарыстання ІКТ. Задача кіраўніка – дапамагчы педагогам выбраць найбольш аптымальныя тэхналогіі навучання.
З мінулага года М.В.Жуковіч працуе над тэмай самаадукацыі, якая тычыцца вывучэння, выкарыстання і папулярызацыі новага метаду актыўнай ацэнкі. Гэты метад дазваляе паспяхова вырашаць многія адукацыйныя задачы. Сутнасць метаду заключаецца ў тым, каб паказаць навучэнцам, што яны ўжо могуць рабіць добра, а над чым павінны яшчэ папрацаваць і якім чынам можна палепшыць выкананую работу.
Настаўнікі 1-й школы паспяхова выкарыстоўваюць ІКТ ва ўрочнай, пазаўрочнай і метадычнай рабоце. Педагогі звяртаюцца да такіх лічбавых адукацыйных рэсурсаў, як мультымедыйная прэзентацыя з запісаным гукам, аўдыёкніга і фонахрэстаматыя, лічбавае кіно, электронны падручнік, тэсты і інш. Інфармацыйная кампетэнтнасць М.В.Жуковіча як кіраўніка школы яскрава выяўляецца праз уласны сайт “Каб харашэць душой”, якім могуць карыстацца ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу (ZHUKOVICH4.NAROD.RU).
- Сённяшні кіраўнік школы – гэта і менеджар, і гаспадарнік, але найперш настаўнік педагогаў, - адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 3 Бярозы М.А.Ніканюк, якая ўзначальвае ўстанову ўжо 15 гадоў. – Вельмі важна давяраць людзям, заўважаць і цаніць тое добрае, што яны робяць. Кіраўнік павінен не навязваць падначаленым свае ідэі, а развіваць здольнасці кожнага педагога, умець пераконваць, аб’ядноўваць і падтрымліваць.
Вынікі працы залежаць ад стылю кіраўніцтва. Адным з паказчыкаў сфарміраванага кіраўніка з’яўляецца наяўнасць уласнага кіраўніцкага стылю. Пажадана, каб ён быў адаптыўным. Гэта азначае, што ў пэўнай канкрэтнай сітуацыі кіраўнік, ацэньваючы асобасныя і прафесійныя якасці падначаленых, павінен пераключацца з адной стылёвай мадэлі на тую, якая ў дадзены момант з’яўляецца найбольш эфектыўнай. Менавіта ў здаровым сэнсе і гнуткасці паводзін кіраўніка, лічыць М.А.Ніканюк, закладзены поспех у рэалізацыі ўсіх трох кіраўніцкіх стыляў – аўтарытарнага, ліберальнага і дэмакратычнага. Гэта павышае эфектыўнасць кіраўніцтва, фарміруе здаровы мікраклімат у калектыве, падтрымлівае парадак і дысцыпліну.>
Марына Анатольеўна прызналася, што ёй блізкі дэмакратычны стыль кіраўніцтва з элементамі аўтарытарнага. Вынікі работы калектыву пацвярджаюць правільнасць гэтага выбару.
- Як бы горача ні падтрымлівалі кіраўніка падначаленыя, іх актыўнасць будзе праяўляцца толькі пры ўмове выражэння асабістай упэўненасці кіраўніка ў іх і зацікаўленасці, - лічыць М.А.Ніканюк. – Неабходна ствараць атмасферу адкрытасці і свабоды зносін, каб падначаленыя хацелі дзяліцца адно з адным, у тым ліку і з кіраўніком, ідэямі і інфармацыяй. Пры гэтым кіраўніку варта быць гатовым да інертнасці і нават супраціўлення. Іх можна пераадолець шляхам метадычнага і настойлівага пераканання. Супрацоўнікам трэба даручаць такую работу, выкананне якой выклікала б у іх пачуццё прафесійнага і асабістага задавальнення. Без гэтага яны не будуць па-сапраўднаму захоплены справай. Акрамя таго, кіраўніку і падначаленым неабходна навучыцца не адвяргаць пэўныя ідэі адразу, а спярша пашукаць у іх рацыянальнае зерне.
Ад выбранага стылю кіраўніцтва, упэўнена М.А.Ніканюк, залежыць аўтарытэт кіраўніка. Гэта заслужаны давер, якім карыстаецца ён у падначаленых, вышэйшага кіраўніцтва і калег. Аўтарытэтны кіраўнік станоўча ўплывае на калектыў, не загадвае, а выслухоўвае. Ён псіхалагічна настроены на адабрэнне розных прапаноў, актыўна прапагандуе дасягненні ініцыятыўных і творчых настаўнікаў, узнагароджвае іх работу па максімуме. Прафесійная кампетэнтнасць кіраўніка заключаецца ў тым, каб стварыць станоўчы клімат у калектыве шляхам аптымізацыі яго дзейнасці.
- На этапе станаўлення кіраўніку цяжка быць паспяховым ва ўсім, - заўважыла Марына Анатольеўна. – Не да ўсіх відаў работы пачынаючы кіраўнік мае аднолькавыя схільнасці і здольнасці, не ўсе формы і метады кіравання ён асвойвае паспяхова. Таму вельмі важна праводзіць якасную і сістэмную работу з рэзервам кіраўніцкіх кадраў. Я даўно пачала падрыхтоўку патэнцыяльнага кандыдата на пасаду дырэктара школы. Гэты чалавек далучаны да размеркавання гадзін папярэдняй педагагічнай нагрузкі і работы з тарыфікацыяй на пачатак навучальнага года, сумеснага прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў на педагагічных саветах, нарадах і саветах па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, работы ў камісіі па ахове працы, сумеснай распрацоўкі інструкцый па ахове працы і патрабаванняў бяспекі для навучэнцаў, інструкцый для розных пасад і інш. Кандыдат займаецца ў АПА на двухгадовых курсах па спецыяльнасці “Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Такая падрыхтоўка дазволіць маладому кіраўніку пазбегнуць цяжкасцей і памылак у пачатку работы. Мая задача заключаецца ў тым, каб гэты чалавек стаў кіраўніком менавіта сваёй школы, хаця ўжо атрымліваў прапановы ўзначаліць іншыя.
М.А.Ніканюк упэўнена, што адной з умоў паспяховай дзейнасці любога калектыву з’яўляецца адзіная каманда. Калі дырэктар сам захоплены нейкай ідэяй, тады ён зможа захапіць ёй іншых. У сваёй дзейнасці Марына Анатольеўна заўсёды можа разлічваць на галоўных памочнікаў – намеснікаў, якія знаходзяцца ў пастаянным пошуку, імкнуцца ўкараняць інавацыі ў навучальны працэс, умеюць зацікавіць педагогаў метадычнымі навінкамі, новымі формамі работы і інш.
У 3-й школе створана камфортнае адукацыйнае асяроддзе. Навучальная ўстанова мае ўласны твар, карыстаецца аўтарытэтам у горадзе. У школе ўмела спалучаюцца традыцыі і інавацыі. Так, ва ўстанове створана творчая група педагогаў па выкарыстанні ІКТ з мэтай павышэння прафесійных кампетэнцый настаўнікаў і аптымізацыі навучальнага працэсу. На працягу трох гадоў у школе рэалізоўваўся інавацыйны праект “Мадэль выхаваўчай работы школьнікаў з улікам рэгіянальных асаблівасцей”, удзельнікамі якога былі педагогі і навучэнцы гісторыка-краязнаўчага клуба “Следапыт”, экалагічнага клуба “Крыніца”, турыстычна-краязнаўчага клуба “Рамантык” і краязнаўчых клубаў “Бацькаўшчына” і “Спадчына”. Напрацоўкі аформлены ў выглядзе брашур, запісаны ў электронным варыянце, у кабінетах геаграфіі і гісторыі створаны стэнды. Назапашаны матэрыял апрабуецца падчас выступленняў прапагандысцкага клуба “Кругагляд”, выкарыстоўваецца на ўроках гісторыі і геаграфіі.
У школе выходзіць “Актуальная газета навучэнцаў”, дзейнічае тэлебачанне. Навучальная ўстанова супрацоўнічае з італьянскай кампаніяй “Slow Food” па праграме “Здаровае харчаванне”. Школьнікі паспяхова ўдзельнічаюць у даследчай дзейнасці. Больш за 70% прызёраў раённых канферэнцый – пераможцы абласных і рэспубліканскіх. Школьны тэатр “Вытокі” развівае творчыя здольнасці дзяцей. Шмат дасягненняў і ў спорце.
Пра вынікі работы школы красамоўна сведчыць той факт, што больш за 70% яе выпускнікоў паступаюць ва УВА. На працягу многіх гадоў установа з’яўляецца адным з лідараў у раёне па колькасці дыпломаў, атрыманых на абласных прадметных алімпіядах. У рэйтынгу школ Бярозаўшчыны 3-я школа таксама адна з лепшых.
Цікавым вопытам кіраўніцкай работы падзяліліся на семінары дырэктар Кабакоўскай сярэдняй школы І.А.Зелянко, намеснік дырэктара Здзітаўскай сярэдняй школы Т.С.Ажажа і дырэктар гімназіі Белаазёрска С.У.Саўко.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.