Пра жыццё мыльнай бурбалкі і не толькі

18.2.2013

У брэсцкім ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна адбылася абласная навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў “З навукай у будучыню”. Арганізатарамі мерапрыемства, якое сабрала 182 юных даследчыкаў з 3-4 і 7-11 класаў, выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны інстытут развіцця адукацыі.

- Асноўная мэта канферэнцыі – выяўленне, падтрымка і развіццё адораных навучэнцаў. Дзякуючы такім мерапрыемствам, у якіх заўсёды ўдзельнічаюць шмат школьнікаў, удасканальваецца культура навуковых даследаванняў і фарміруецца культура вядзення навуковай дыскусіі. Дзеці ўключаюцца ў інтэлектуальную і творчую дзейнасць. Радуе, што з кожным годам пашыраецца тэматыка вучнёўскіх даследаванняў, паляпшаецца якасць іх афармлення, - расказала намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.В.Чоўжык.

У адборачным этапе канферэнцыі прынялі ўдзел 350 работ. Да абароны дапушчаны 193. Работа канферэнцыі праходзіла ў 16 секцыях, аб’яднаных па філалагічным, гісторыка-грамадазнаўчым, фізіка-матэматычным і прыродазнаўчанавуковым напрамках.

Школьнікі выступалі з вуснымі паведамленнямі па выбраных тэмах. За 10 хвілін удзельнікі лаканічна выкладалі сутнасць праведзеных даследаванняў. Пры неабходнасці выкарыстоўвалі дапаможнікі, плакаты, табліцы і відэапрэзентацыі.

Пры ацэньванні работ журы звяртала ўвагу на ступень самастойнасці даследаванняў, іх грамадска карыснае і практычнае значэнне, творчы характар, абгрунтаванасць, дакладнасць, лаканічнасць і лагічнасць выкладання матэрыялу, яго афармленне і інш.

Сярод тых, чые работы былі адзначаны дыпломам І ступені, варта назваць адзінаццацікласніцу Святлану Казлову з ліцэя Лунінца (“Атрыманне антысептычных прэпаратаў з анальгінавых кіслот, вылучаных з бурых водарасцей”), адзінаццацікласніцу Вераніку Ермаковіч з гімназіі Ганцавіч (“Добраахвотная бяздзетнасць і дэмаграфічная бяспека: сацыяльныя, маральныя і эканамічныя аспекты”), трэцякласнікаў Марыю Кісель, Кацярыну Конюхаву, Кацярыну Кузняцову, Настассю Палікоўскую і Настассю Шастаковіч з гімназіі № 2 Пінска (“Жыццё мыльнай бурбалкі”), трэцякласніцу Ульяну Шпетную з Маларыцкай раённай гімназіі (“Форма і трываласць геаметрычных фігур: інжынерныя вопыты з дапамогай паперы”), чацвёртакласніцу Ганну Сергіевіч з Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага (“Вялікія праблемы з маленькімі батарэйкамі”), адзінаццацікласніцу Хрысціну Сокал з сярэдняй школы № 1 Ляхавіч (“Сінтэтычныя мыйныя сродкі – “купляйце беларускае”), васьмікласнікаў Таццяну Кіслюк, Караліну Паўловіч і Алёну Юрцэвіч з Дубоўскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна (“2013 – год эканоміі і беражлівасці. Як зберагчы “вадкае золата Беларусі”?”), дзесяцікласніцу Хрысціну Неўдах з ліцэя Лунінца (“Спосабы зніжэння ўдзельнай актыўнасці цэзію-137 у грыбах”) і васьмікласнікаў Арыну Варчык і Уладзіслава Людчыка з гімназіі № 5 Баранавіч (“Уплыў святлодыёднай падсветкі на метабалізм раслін закрытага грунту”).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: юныя даследчыкі – Ганна Сергіевіч, Ульяна Шпетная і Настасся Шастаковіч.

Фота аўтара.