Вынiковая калегiя
7.2.2013У Брэсцкім прафесійным ліцэі лёгкай прамысловасці імя Д.М.Карбышава адбылося пасяджэнне калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, дзе былі разгледжаны вынікі работы адукацыйнай галіны ў мінулым годзе і вызначаны задачы на бягучы. У рабоце калегіі прыняў удзел намеснік міністра адукацыі В.В.Якжык.
Сёння на Брэстчыне, як расказаў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук, дзейнічаюць 490 устаноў дашкольнай адукацыі і 112 вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад – школа”, якія наведваюць каля 60,5 тысячы дзяцей. У параўнанні з 2011 годам колькасць дашкольнікаў павялічылася амаль на 1,4 тысячы.
Па-ранейшаму ў некаторых сельскіх населеных пунктах і раёнах масавай жыллёвай забудовы гарадоў захоўваецца дэфіцыт месцаў у дашкольных установах (неабходна больш за 3 тысячы месцаў). Асабліва вострым гэтае пытанне з’яўляецца для Брэста і Пінска. Летась у гэтых гарадах, а таксама на Пружаншчыне і Століншчыне былі адкрыты 4 новыя дзіцячыя садкі. Сёлета плануецца завяршыць будаўніцтва садкоў у Баранавічах і Іванаве.
З дашкольных устаноў у школы выводзяцца першыя класы. Малакамплектныя ўстановы рэарганізоўваюцца ў ВПК “дзіцячы сад – школа”. Паспяхова ўкараняюцца новыя формы дашкольнай адукацыі: сезонныя і гульнёвыя пляцоўкі, мацярынскія школы, адаптацыйныя групы, групы выхаднога дня, вячэрняга і кароткачасовага знаходжання дзяцей.
У дашкольных установах працуюць больш за 7,7 тысячы педагогаў. Каля 61% з іх маюць вышэйшую адукацыю, каля 19% - вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.
Многія дашкольныя ўстановы недастаткова аснашчаны сродкамі навучання, гульнёвым, спартыўным і вучэбным абсталяваннем.
Што тычыцца агульнай сярэдняй адукацыі, то сёння ў вобласці, як расказаў М.А.Ціханчук, працуе 573 адпаведныя ўстановы. За 4 апошніх гады колькасць школьнікаў скарацілася амаль на 13 тысяч. 93% настаўнікаў маюць вышэйшую адукацыю, 77% - вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Вялікая ўвага ўдзяляецца факультатыўнай рабоце. Так, факультатыўныя заняткі наведваюць каля 91% навучэнцаў. Мэтанакіравана набываюцца вучэбна-метадычныя комплексы для правядзення такіх заняткаў. У дзейнасці школьных бібліятэк паспяхова выкарыстоўваецца камп’ютарная тэхніка.
Удасканальваецца адукацыйны працэс па замежных мовах: паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база кабінетаў замежнай мовы, актыўна выкарыстоўваюцца мультымедыйныя комплексы, інтэрактыўныя матэрыялы, тэхнічныя сродкі навучання. На базе раённых вучэбна-метадычных кабінетаў і абласнога інстытута развіцця адукацыі працуюць кансультацыйныя пункты па аказанні педагагічнай падтрымкі настаўнікам замежнай мовы.
Па словах М.А.Ціханчука, павышаецца якасць адукацыі школьнікаў. Летась больш за 63% адзінаццацікласнікаў паказалі высокі і дастатковы ўзровень пры правядзенні выніковай атэстацыі. Па гэтым паказчыку Брэстчына займае другое месца ў краіне.
Па выніках мінулагодняга цэнтралізаванага тэсціравання навучэнцы палепшылі веды па фізіцы, хіміі, біялогіі, матэматыцы, гісторыі Беларусі, англійскай і нямецкай мовах, сусветнай гісторыі. Па астатніх прадметах вынікі горшыя. 100 балаў набралі 14 учарашніх школьнікаў.
Найлепшыя поспехі ў ЦТ паказваюць выпускнікі Брэста, Баранавіч і Пінска, Бярозаўскага, Кобрынскага, Лунінецкага і Маларыцкага раёнаў, а найгоршыя – Брэсцкага, Жабінкаўскага, Камянецкага і Пінскага раёнаў.
У абласным банку адораных навучэнцаў знаходзяцца 199 чалавек. Летась на заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды 68 навучэнцаў атрымалі дыпломы (у 2010-м – 53). Нягледзячы на тое, што гэта лепшы вынік за 5 апошніх гадоў, Брэстчына па-ранейшаму займае апошняе месца ў краіне па выніках алімпіяднага руху.
Улічваючы гэта, быў створаны рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы алімпіяднікаў на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава. Задача сістэмы адукацыі вобласці – забяспечыць якасную падрыхтоўку адораных навучэнцаў да алімпіяд праз факультатыўныя заняткі, у тым ліку міжшкольныя, стымулюючыя заняткі, індывідуальную падрыхтоўку, работу рэгіянальных профільных летнікаў і рэсурныя цэнтры. Разам з тым неабходна павысіць адказнасць кіраўнікоў устаноў адукацыі за эфектыўнасць гэтай работы.
Летась 55% выпускнікоў школ прадоўжылі навучанне ва УВА, амаль 40% - у ПТНУ і ССНУ. Штогод павялічваецца колькасць сельскіх абітурыентаў, якія паступаюць ва УВА (Бярозаўскі, Ганцавіцкі і Кобрынскі раёны). Найменшыя паказчыкі – у Пінскім, Брэсцкім і Столінскім раёнах.
Прычынай масавага паступлення ва УВА, як адзначыў М.А.Ціханчук, з’яўляецца даступнасць вышэйшай адукацыі. Калі летась ва УВА Брэстчыны паступілі 6645 чалавек пры плане 7031 (з іх на платную форму навучання – амаль 71%), то ў 1996 годзе на першы курс былі залічаны толькі 2538 учарашніх школьнікаў (21% выпускнікоў), у 2002-м – 4021 (каля 26% выпускнікоў), у 2004-м – 4989 (31% выпускнікоў).
На жаль, прафарыентацыйная работа ў школах не дазволіла пераарыентаваць дзевяцікласнікаў на атрыманне рабочых прафесій. Летась у ССНУ паступілі 12% выпускнікоў базавай школы, у ПТНУ – каля 15%.
Перад педагогамі пастаўлена задача па арганізацыі прафарыентацыйнай работы з выкарыстаннем новых падыходаў і фарміраванні ў навучэнцаў інтарэсу да рабочых прафесій як аснове для далейшага прафесійнага росту.
Працягваецца работа па інфарматызацыі сістэмы адукацыі вобласці. Усе школы падключаны да інтэрнэту. Сёлета прадоўжыцца работа па аснашчэнні вучэбных кабінетаў і школьных майстэрань сучаснымі сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем, а таксама камп’ютарнымі класамі.
М.А.Ціханчук расказаў, што сёння ажыццяўляецца дапрафесійная падрыхтоўка старшакласнікаў у 26 міжшкольных ВВК. Расходы на іх утрыманне складаюць 28,5 мільярда рублёў у год. Падрыхтоўка трактарыстаў і вадзіцеляў займае амаль 63% вучэбнай нагрузкі ВВК.
Аналіз працаўладкавання і паступлення навучэнцаў ВВК у ПТНУ і ССНУ паказвае, што толькі 29% выпускнікоў працягваюць навучанне ці працуюць па выбраным профілі. Гэта пацвярджае неабходнасць закрыцця ВВК. Тое ж тычыцца і мэтазгоднасці існавання вячэрніх школ. Пастаўлена задача – вызначыць эфектыўнасць функцыянавання ўсіх камбінатаў і вячэрніх школ і правесці аптымізацыю іх сеткі ў вобласці.
У выхаваўчай рабоце вялікая ўвага ўдзяляецца прававой асвеце навучэнцаў, арганізацыі шостага школьнага дня і занятасці падлеткаў у вольны час, развіццю вучнёўскага самакіравання і дзіцячага руху, узаемадзеянню з сем’ямі. У рэгіёнах вызначана сетка апорных школ па розных напрамках выхаваўчай работы ў суботу.
У рабоце з дзецьмі выкарыстоўваюцца актыўныя формы дзейнасці, якія з’яўляюцца значнымі і прыцягальнымі для школьнікаў, удзяляецца ўвага развіццю іх творчых ініцыятыў. Актывізавалася работа па стварэнні рознаўзроставых дзіцячых атрадаў (клубаў) па інтарэсах, клубаў сумеснага адпачынку дзяцей і бацькоў.
У аб’яднаннях па інтарэсах на базе школ займаюцца амаль 88% дзяцей. Развіваюцца турыстычныя, гісторыка-культурныя і краязнаўчыя напрамкі работы.
Паляпшаецца выхаваўча-прафілактычная работа з навучэнцамі, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з іншымі зацікаўленымі ведамствамі і арганізацыямі. У параўнанні з 2011 годам падлеткавая злачыннасць знізілася амаль на 14%. На 16% скарацілася і колькасць правапарушэнняў сярод непаўналетніх.
Па-ранейшаму актуальнымі застаюцца пытанні, звязаныя з павышэннем педагагічнага майстэрства работнікаў, якія займаюцца выхаваўчай работай, пошукам і ўкараненнем новых форм прафілактычнай дзейнасці. Органы вучнёўскага самакіравання і грамадскія аб’яднанні пакуль не сталі паўнапраўнымі ўдзельнікамі ў планаванні і арганізацыі мерапрыемстваў школьнай суботы. Адна з галоўных задач – развіццё сеткі аб’яднанняў па інтарэсах, стварэнне музеяў, дзе прадстаўлены дасягненні беларускай навукі, прамысловасці і сельскай гаспадаркі, шырокае азнаямленне старшакласнікаў з работай органаў улады.
З улікам таго, што 2013 год абвешчаны ў краіне Годам беражлівасці, у вобласці распрацаваны комплекс мер па эканоміі і беражлівасці, якія найперш тычацца аптымізацыі існуючай сеткі ўстаноў. Плануецца закрыць 19 і рэарганізаваць 11 школ, што дазволіць сэканоміць (з улікам пакупкі аўтобусаў) 5,3 мільярда рублёў.
Мяркуецца, што да пачатку новага навучальнага года ў вобласці не будзе школ, якія наведваюць менш за 50 дзяцей (сёння такіх школ 91), класаў з колькасцю навучэнцаў да 5 чалавек (сёння іх каля 800). Аналіз сітуацыі паказвае, што ў сістэме адукацыі маюцца вялікія рэзервы для эканоміі бюджэтных сродкаў і іх рацыянальнага выкарыстання.
Падводзячы вынікі пасяджэння калегіі абласнога ўпраўлення адукацыі, намеснік міністра адукацыі В.В.Якжык станоўча ацаніў работу адукацыйнай галіны Брэстчыны і заклікаў да больш актыўнай прапаганды перадавога педагагічнага вопыту на рэспубліканскім узроўні.
- У сучасных умовах эфектыўнасць работы ўстаноў адукацыі варта ацэньваць, зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці іх існавання, - падкрэсліў Віктар Віктаравіч. – Разам з тым неабходна праяўляць разумны падыход да аптымізацыі існуючай сеткі ўстаноў – вучэбна-вытворчых камбінатаў, вячэрніх школ, сельскіх школ і школ-інтэрнатаў. Сістэма адукацыі – гэта сістэма паслуг, якія павінны аказвацца якасна і добра аплачвацца. Дзякуючы гэтаму, можна развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў, павышаць заробкі педагогаў.
В.В.Якжык звярнуў увагу кіраўнікоў на тое, што неабходна ажыццяўляць належны кантроль за выкананнем прафесійных абавязкаў падначаленых, больш актыўна і эфектыўна скіроўваць увагу школьнікаў да навучання ў ПТНУ. Павышанай увагі патрабуюць таксама дэбюракратызацыя вучэбна-выхаваўчага працэсу і змяншэнне дакументаабароту на рэгіянальным узроўні.>
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.