Алімпіяда
21.1.2013Сёлета ў абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды на Брэстчыне ўдзельнічалі 1,1 тысячы навучэнцаў. Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе школ і ПТНУ Брэста, Баранавіч, Кобрына і Івацэвіч, а таксама абласнога інстытута развіцця адукацыі.
У сёлетняй абласной алімпіядзе па біялогіі ўдзельнічалі 80 навучэнцаў 9 – 11 класаў. Тэарэтычны тур праходзіў у брэсцкай сярэдняй школе № 31, а практычны – у БрДУ імя А.С.Пушкіна.
- На рашэнне заданняў тэарэтычнага тура былі адведзены 4 гадзіны, а практычнага тура – ад 3 да 4,5 гадзіны (у залежнасці ад класа), - расказаў старшыня журы абласной алімпіяды па біялогіі, дэкан біялагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат біялагічных навук Уладзімір Іванавіч Бойка. – У тэарэтычным туры патрабавалася адказаць на тэарэтычныя пытанні тэставага плану па ўсіх раздзелах біялогіі. Практычны тур прадугледжваў выкананне лабараторных работ, дзе неабходна было абгрунтаваць тэарэтычныя даныя ў ходзе эксперыментаў. Трэба адзначыць, што сёлетнія алімпіядныя заданні з’яўляюцца аптымальнымі па ўзроўні якасці і складанасці.
Падчас практычнага тура навучэнцы займаліся ў кабінетах батанікі, заалогіі, анатоміі чалавека, батанікі і фізіялогіі раслін, генетыкі і біяхіміі. Дзевяцікласнікі даследавалі будову пэўнай кветкі і плода яблыні, вызначалі ў прапанаваных беспазваночных жывёл (дафній) часткі арганізма, апазнавалі па каляровых фотаздымках абазначаныя структуры тканак. Дзесяцікласнікі і адзінаццацікласнікі вызначалі асматычны ціск у клетках клубня бульбы і рэчывы ў растворах (рабілі рэакцыі на бялкі, крухмал і глюкозу), даследавалі марфалогію кораня злакавых раслін, тлумачылі анаэробны этап дыхання (гліколіз), праводзілі генетычныя даследаванні насення фасолі і рашалі разліковыя задачы.
Вынікі алімпіяды паказалі, што ўстановы адукацыі вобласці сталі больш сур’ёзна падыходзіць да падрыхтоўкі навучэнцаў: выкарыстоўваюць дадатковыя формы работы, прыцягваюць да алімпіяднай дзейнасці выкладчыкаў УВА. Дзякуючы гэтаму, палепшылася якасць падрыхтоўкі школьнікаў, у тым ліку ў практычным плане.
- Пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў варта ўлічваць, што алімпіядныя заданні разлічаны на навучэнцаў, чые веды выходзяць за межы школьнай праграмы, - заўважыў У.І.Бойка. – 50 – 70% заданняў утрымліваюць пытанні з вышэйшай школы. Таму алімпіяднікам неабходна асвойваць у пэўнай ступені і ўніверсітэцкую праграму. Гэта цяжка. Але заўсёды прыемна бачыць настаўнікаў і навучэнцаў, якія паспяхова спраўляюцца з усімі цяжкасцямі і паказваюць цудоўныя вынікі. Сярод пастаянных пераможцаў абласной алімпіяды па біялогіі шмат выхаванцаў навучальных устаноў Брэста, Баранавіч, Пінска, Лунінецкага і Івацэвіцкага раёнаў.
Дзевяцікласніца Настасся Занько з брэсцкай сярэдняй школы № 28 удзельнічае ў алімпіядным руху з 7 класа. Напрыканцы мінулага года ў раённых алімпіядах па хіміі і біялогіі дзяўчына заняла першыя месцы. Насця шкадуе, што сёлета не змагла адначасова паўдзельнічаць і ў абласной алімпіядзе па хіміі, якую таксама вельмі любіць, як і біялогію.
Узровень складанасці алімпіядных заданняў падаўся школьніцы прымальным. Найбольшую цяжкасць выклікалі практычныя задачы.
Да спаборніцтваў Насцю рыхтавала настаўніца біялогіі брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Алена Ягораўна Градоўкіна. Шмат давялося працаваць і самастойна.
Насця плануе звязаць далейшае жыццё з біялогіяй, але ў якой сферы канкрэтна – пакуль не вызначылася.
- Для таго каб істотна павысіць якасць падрыхтоўкі алімпіяднікаў, неабходна стварыць на базе пэўнай установы адукацыі школу алімпійскага рэзерву, дзе будуць працаваць выкладчыкі УВА і дзе будзе выкарыстоўвацца матэрыяльная база мясцовых універсітэтаў. Падрыхтоўку школьнікаў варта пачынаць ужо з 7 класа. Тады абавязкова будзе вынік, - лічыць А.Я.Градоўкіна.
Адзінаццацікласніца Настасся Нікіценка з Лунінецкага ліцэя зацікавілася хіміяй і біялогіяй яшчэ ў 7 класе. Дзяўчыне падабаюцца прыродазнаўчыя навукі, якія дапамагаюць у жыцці, тлумачаць многія працэсы ў прыродзе. Брат і сястра Насці працуюць і вучацца па біялагічным профілі.
Найбольш складанымі дзяўчыне падаліся заданні па батаніцы і біяхіміі, але ў цэлым усе задачы былі рашальнымі. Да алімпіяды Насця рыхтавалася на факультатыўных і індывідуальных занятках, якія праводзіла настаўніца біялогіі Галіна Мікалаеўна Сіманава, а таксама падчас самастойнай работы.
Дзяўчына прызналася, што вельмі любіць удзельнічаць у алімпіядным руху і будзе сумаваць без інтэлектуальных спаборніцтваў пасля заканчэння ліцэя. “Алімпіяда захапляе, дапамагае праверыць уласныя веды на фоне ведаў равеснікаў”, - адзначыла Насця, якая плануе паступаць на біялагічны факультэт БДУ і звязаць працоўную дзейнасць з мікрабіялогіяй ці генетыкай.
Дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласнікі Ксенія Варанцова з брэсцкай гімназіі № 5 і Мікалай Жур з Белаазёрскай гімназіі, дзесяцікласнікі Вольга Гацкевіч з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава і Ганна Снятко з брэсцкай гімназіі № 1, а таксама адзінаццацікласнікі-брэстаўчане Іна Талканіца з гімназіі № 1, Улада Скрыпнік з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна і Алена Богдан з гімназіі № 5.
***
У сёлетняй абласной алімпіядзе па рускай мове і літаратуры ўдзельнічалі 87 школьнікаў. Навучэнцы пісалі водгукі на прапанаваныя вершаваныя творы, выконвалі заданні комплекснай работы і рабілі вусныя выказванні на адну з трох тэм.
- Для напісання водгукаў алімпіяднікам былі прапанаваны вершы Д.Самойлава “Таленты” (9 клас), Ф.Глінкі “Масква” (10 клас) і М.Цвятаевай “Генералы 12 года” (11 клас), - расказала старшыня журы абласной алімпіяды па рускай мове і літаратуры, дэкан філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат філалагічных навук Вольга Антонаўна Фелькіна. – Многія дзевяцікласнікі не зразумелі ідэйны сэнс прапанаванага верша, бо не ўлічылі час яго напісання. Адзінаццацікласнікі пакінулі па-за ўвагай рамантычную танальнасць цвятаеўскага твора. Па-ранейшаму з цяжкасцю школьнікі вызначаюць мастацкі час і прастору мастацкіх твораў, іх жанравыя асаблівасці. Радуе, што менш памылак стала ў вызначэнні эпітэтаў. Палепшылася веданне моўнай тэрміналогіі.
Комплексная работа выявіла праблемы навучэнцаў з лексічным запасам і агульнакультурнай эрудыцыяй. Заданні па літаратуры сталі для многіх алімпіяднікаў “непад’ёмнымі”. Асаблівую складанасць у школьнікаў выклікалі пытанні гісторыка-літаратурнага характару і заданні, звязаныя з вызначэннем аўтарства цытат з твораў вучэбнай (!) праграмы.
Тэмы вусных выказванняў тычыліся мовазнаўства, літаратуры і публіцыстыкі. Алімпіяднікі разважалі над тым, як зрабіць Беларусь прыцягальнай для турызму, чым адрозніваецца белая зайздрасць ад чорнай, ці патрэбны ў школе экзамены, а таксама над плюсамі і мінусамі гарадскога жыцця. Найбольш распаўсюджанай памылкай навучэнцаў быў адыход ад тэмы выказвання. Прыемна, што алімпіяднікі сталі дапускаць ужо менш маўленчых памылак.
У цэлым якасць падрыхтоўкі ўдзельнікаў палепшылася, пра што красамоўна сведчыць мінімальная разбежка ў атрыманых балах. У алімпіядзе ўдзельнічаюць высокаматываваныя дзеці, якіх рыхтуюць настаўнікі-прафесіяналы. Радуе, што з году ў год пашыраецца геаграфія пераможцаў. Сёння яна ўключае не толькі ліцэі і гімназіі Брэста і Баранавіч, але і школы райцэнтраў і вёсак.
Адзінаццацікласніца Настасся Сіманькова з брэсцкай гімназіі № 5 пачала ўдзельнічаць у алімпіядах па рускай мове і літаратуры з 8 класа. На рахунку дзяўчыны шмат узнагарод: чатыры дыпломы І ступені на абласных алімпіядах, адзін дыплом ІІІ ступені і адзін дыплом І ступені на рэспубліканскіх.
Сёлетнія заданні комплекснай работы падаліся Насці больш складанымі, чым леташнія, а вось тэмы вусных выказванняў наадварот – лягчэйшымі. Алімпіядніца разважала над тым, ці ёсць месца мастацкай літаратуры ў ХХІ стагоддзі. Да спаборніцтваў Насцю з 8 класа рыхтуе настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Барысаўна Сіяновіч.
- Алімпіяда – гэта добры шанс рэалізаваць сябе, праверыць уласныя веды, загартаваць характар у інтэлектуальных баях для дарослага жыцця, - лічыць Насця, якая марыць стаць перакладчыкам.
Дыпломы І ступені на абласной алімпіядзе па рускай мове і літаратуры атрымалі дзевяцікласніцы Юлія Емельяновіч з баранавіцкай гімназіі № 2 (настаўніца А.Ч.Галаўко) і Таццяна Качан з Антопальскай сярэдняй школы Драгічынскага раёна (настаўніца Т.А.Багатырова), дзесяцікласнікі Аляксандра Косікава з баранавіцкай сярэдняй школы № 7 (настаўніца І.М.Валяева), Даніл Пляшко з Белаазёрскай гімназіі (настаўніца Т.М.Пунько) і Дзіяна Селюжыцкая з пінскай гімназіі № 3 імя В.З.Каржа (настаўніца С.І.Труш), а таксама адзінаццацікласніцы Настасся Сіманькова з брэсцкай гімназіі № 5 (настаўніца С.Б.Сіяновіч), Кацярына Гуціч з Белаазёрскай гімназіі (настаўніца Т.М.Майсейчык) і Дар’я Кандрацюк з брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна (настаўнік І.М.Пархуціч).
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: шчаслівыя ўладальніцы дыпломаў І ступені Улада Скрыпнік, Алена Богдан і Іна Талканіца са старшынёй журы абласной алімпіяды па біялогіі У.І.Бойкам. >
Фота аўтара.