Школа аграгарадка: ёсць што паглядзець і чаму павучыцца

26.12.2012

Арганізатарамі спаборніцтва, у якім удзельнічалі сельскія навучальныя ўстановы, выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны інстытут развіцця адукацыі.

Іванаўскі раён невыпадкова стаў месцам правядзення фінальнага этапу конкурсу. Па традыцыі чарговае спаборніцтва праводзіцца ў тым рэгіёне, чыя школа перамагла ў папярэднім конкурсе. Такой установай стала Адрыжынская сярэдняя школа. Сёлета фіналістаў конкурсу гасцінна сустракала Тышкавіцкая сярэдняя школа.

- Будаўніцтва аграгарадкоў значна актывізавала дзейнасць педагогаў, бацькоў дзяцей і ўсяго соцыуму па пераўтварэнні жыццёвага асяроддзя дзяцей у спрыяльную сферу для максімальнага развіцця іх патэнцыялу і грамадскага станаўлення, - адзначыла старшыня журы конкурсу намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.В.Чоўжык. – Мэта спаборніцтва заключаецца ў выяўленні і прапагандзе эфектыўнай сістэмы работы школ аграгарадкоў па фарміраванні ў навучэнцаў духоўнай культуры, грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці на аснове дзяржаўнай ідэалогіі.

Па выніках адборачнага этапу конкурсу ў фінал выйшлі 6 навучальных устаноў: Гарадзішчанская сярэдняя школа Баранавіцкага раёна (дырэктар Т.А.Блажэвіч), Востраўскі яслі-сад – сярэдняя школа імя Міхася Рудкоўскага Ганцавіцкага раёна (дырэктар С.Ц.Навіцкая), Тышкавіцкая сярэдняя школа Іванаўскага раёна (дырэктар Г.А.Бартош), Хадосаўская базавая школа Камянецкага раёна (дырэктар Н.І.Казлюк), Кіселявецкі дзіцячы сад – сярэдняя школа Кобрынскага раёна (дырэктар І.М.Зінкевіч) і Лунінская сярэдняя школа Лунінецкага раёна (дырэктар С.І.Курак). Каманды ўстаноў на чале з іх кіраўнікамі ў яркай і змястоўнай форме прэзентавалі работу школ на сцэне.

Гісторыя Тышкавіцкай сярэдняй школы бярэ пачатак яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя. Сёння навучальную ўстанову, якая займае высокае месца ў раённым адукацыйным рэйтынгу па многіх напрамках работы, наведваюць 184 дзіцяці. У школе рэалізоўваецца праект “Укараненне практычнага ўвасаблення нацыянальнай паўнавартаснасці праз засваенне рэгіянальных традыцый нацыянальнай культуры”. Праект скіроўвае ўвагу школьнікаў да сваіх каранёў, фарміруе ў дзяцей нацыянальную свядомасць, любоў да роднай мовы і традыцый. Вучні з гонарам гавораць пра вёску, дзе нарадзіліся, ведаюць яе гісторыю і хвалююцца за яе будучыню.

Засваенне традыцый нацыянальнай культуры ажыццяўляецца праз вывучэнне беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, геаграфіі, выяўленчага мастацтва і музыкі. Настаўнік І.С.Шпак абагульніў лінгвістычныя і фальклорныя матэрыялы, сабраныя педагогамі і вучнямі Іванаўшчыны, у зборнік “Часоў былых і новых сувязь”. Падрыхтавана да выдання кніга “Тышкавічы: учора і сёння”. Школьнікі актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы кнігі “Народная кухня тышкаўцаў”.

Ва ўстанове ўкараняюцца розныя выхаваўчыя праекты, якія маюць практычную накіраванасць. Сярод іх – “Усё пачынаецца з сям’і”, “Школа чалавечнасці”, “Мы народжаны, каб тварыць дабро”, “Мы – беларусы, мы народ такі!”, “Піянеры – чараўнікі дабра”, “Любі і беражы край родны”, “Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль” і “Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём сваю радзіму”. Важна, што ва ўсіх мерапрыемствах, якія ладзяцца ў рамках праектаў, удзельнічаюць бацькі дзяцей.

У межах школьнай праграмы “Вольны час” распрацаваны праект “Папрацаваў у ахвоту – адпачні ў суботу”. У рамках праекта “Паважай сябе: ведай правы, выконвай абавязкі” дзейнічае атрад юных сяброў міліцыі.

Вялікую ролю ў выхаваўчай рабоце адыгрывае дзейнасць гурткоў “Спадчына”, “Фабрыка цудаў”, “Умелыя рукі” і “Вакальная песня”. У школы наладжаны цесныя сувязі з мясцовай гаспадаркай, якая дапамагае ў летняй занятасці падлеткаў і прафарыентацыі старшакласнікаў, і польскай гімназіяй імя Яна Паўла Другога ў Янаве Падляскім, дзе нашы вучні знаёмяцца з традыцыямі, звычаямі і культурай іншай краіны.

Гарадзішчанская сярэдняя школа – адна са старэйшых у Баранавіцкім раёне. Неўзабаве яна адзначыць 150-гадовы юбілей. У школе дзейнічае выхаваўчая праграма “Асоба”, працуюць клубы па інтарэсах “Спадчына”, “Мастацтва слова”, “Скарбніца роднай мовы”, “Інформ+” і “Атлет”, дзе вучні даследуюць гісторыю і культуру роднага краю, развіваюць літаратурна-паэтычныя здольнасці, удзельнічаюць у валанцёрскім руху, распрацоўваюць сцэнарыі народных абрадаў і свят, арганізоўваюць экскурсіі па памятных мясцінах Беларусі, займаюцца фізічнай падрыхтоўкай.

Па выніках работы клубаў падрыхтаваны альбом “Летапіс пасёлка” і праекты “Помнім і беражом” і “Не побач, а разам”. У школе створаны сацыяльны тэатр. Гонарам установы з’яўляецца гісторыка-краязнаўчы музей, які ўвабраў працу многіх пакаленняў настаўнікаў, дзяцей і іх бацькоў. Не стаяць убаку ад выхавання мясцовы лясгас і сельская гаспадарка. З іх падтрымкай школьнікі распрацавалі праект “Наш сад”.

Цэнтрам выхаваўчага працэсу ў Востраўскім яслях-садзе – сярэдняй школе імя Міхася Рудкоўскага з’яўляецца літаратурны музей, на базе якога створаны краязнаўчы куток і рэалізоўваюцца розныя праекты па грамадзянска-патрыятычным і маральным выхаванні. Кіраўніком музея, створанага ў 1995 годзе, з’яўляецца пляменніца Міхася Рудкоўскага.

У музейным фондзе 200 экспанатаў, большасць з якіх арыгінальныя. Музейная экспазіцыя складаецца з 9 раздзелаў, дзе змешчаны матэрыялы аб жыццёвым і творчым шляху паэта-земляка. На базе музея працуе гурток “Асновы музейнай справы”.

У школе рэалізоўваюцца праекты “Сцяжынкамі Ганцаўшчыны” і “Музейны мегаполіс”. Экскурсійна-асветніцкая дзейнасць дазваляе замацаваць і паглыбіць веды дзяцей пра гісторыю малой радзімы, школу і землякоў.

У Хадосаўскай базавай школе ажыццяўляецца праект па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Значнае месца ў ім адведзена этнаграфічнаму музею, дзе праходзяць вучэбныя заняткі, урокі-экскурсіі, тэматычныя і аглядныя экскурсіі, класныя гадзіны, майстар-класы з вясковымі майстрыхамі, выставы творчых работ. Школа неаднаразова адзначалася граматамі за лепшую арганізацыю турыстычна-краязнаўчай дзейнасці.

У Лунінскай сярэдняй школе праводзіцца вялікая работа па далучэнні бацькоў дзяцей да патрыятычнага выхавання моладзі, а вучняў – да грамадска карыснай працы, звязанай з клапатлівымі адносінамі да ветэранаў вайны, прыроды, помнікаў гісторыі і прыроды, добраўпарадкавання населеных пунктаў. Бацькі актыўна ўдзельнічаюць у пазакласных выхаваўчых мерапрыемствах, а вучні ва ўборачнай кампаніі СВК “Лунінскі” і зборы насення ў мясцовым лясніцтве.

Патрыятычнае выхаванне школьнікаў грунтуецца на краязнаўчай рабоце, у прыватнасці на дзейнасці гісторыка-этнаграфічнага краязнаўчага кутка і аб’яднання па інтарэсах “Спадчына”. Ва ўстанове паспяхова рэалізоўваецца праграма па супрацоўніцтве з праваслаўнай царквой.

Вучні Кіселявецкага дзіцячага сада – сярэдняй школы займаюцца праблемнай дзейнасцю. Школьнікі вывучаюць канкрэтныя праблемы роднага краю (па экалогіі і энергазберажэнні) і прапаноўваюць рашэнні, якія дазволяць усім жыць лягчэй. Вынікам такой дзейнасці сталі праекты “Вёска трэцяга тысячагоддзя”, “Пачні з сябе!”, “Школа жыцця. Вучымся эканоміць”, “Вада – крыніца жыцця. Яе ўплыў на арганізм чалавека”, “Праблемы зніжэння шумавога забруджвання школы і прылеглых тэрыторый” і “Вывучэнне колькасных паказчыкаў выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу пры спальванні розных відаў паліва ў школьнай кацельні”.

Хвалююць дзяцей праблемы маральнага здароўя моладзі і адраджэння духоўнасці ў грамадстве. Вынікам вывучэння гэтых праблем стала навукова-даследчая работа “Супраць бездухоўнасці”.

У выхаваўчай рабоце задзейнічаны патэнцыял школьнага музея і розных акцый, скіраваных на прафілактыку спажывецкага стаўлення моладзі да жыцця, добраўпарадкаванне малой радзімы, аказанне дапамогі адзінокім пажылым людзям і ветэранам, збор другаснай сыравіны і рэчаў для маламаёмасных грамадзян. Сацыяльна значная дзейнасць фарміруе ў дзяцей адказнасць і міласэрнасць.

Па рашэнні журы пераможцам абласнога конкурсу-прэзентацыі стаў калектыў Кіселявецкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Кобрынскага раёна. Другое і трэцяе месцы дасталіся Тышкавіцкай сярэдняй школе Іванаўскага раёна і Лунінскай сярэдняй школе Лунінецкага раёна адпаведна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: пераможцы конкурсу – педагогі і вучні Кіселявецкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Кобрынскага раёна.