У цэнтры ўвагі – камунікатыўная культура вучняў

21.12.2012

На базе брэсцкай сярэдняй школы № 20 прайшоў гарадскі семінар кіраўнікоў устаноў адукацыі, прысвечаны фарміраванню камунікатыўнай культуры вучняў у кантэксце беларускага менталітэту. Ініцыятарам правядзення мерапрыемства выступіў аддзел адукацыі гарвыканкама.

20-я школа стала месцам правядзення семінара невыпадкова. З мінулага года ў навучальнай установе рэалізоўваецца інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі фарміравання камунікатыўнай культуры вучняў у кантэксце беларускага менталітэту. Умовай для арганізацыі і правядзення інавацыйнай дзейнасці з’яўляецца паспяховая работа школьных музеяў “Спадчына Беларусі” і “Горад-герой Масква”, якімі кіруюць высокакваліфікаваныя педагогі Л.Р.Лычук і І.В.Балабушка. Акрамя таго, рэалізацыя праекта грунтуецца таксама на вопыце міжнароднага супрацоўніцтва ўстановы з сярэдняй школай № 384 Масквы і Вальдорфскай школай Равенсбурга (Германія).

- Стварэнне сістэмы грамадзянска-патрыятычнага выхавання праз сістэму школьных музеяў і музейных экспазіцый у кабінетах гісторыі і рускай мовы і літаратуры дазваляе актывізаваць лідарскія, камунікатыўныя, творчыя і даследчыя магчымасці настаўнікаў і вучняў, а далучэнне бацькоў да школьных мерапрыемстваў падштурхоўвае падлеткаў да актыўнага вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю, - адзначыла дырэктар школы І.Ф.Нікіфаравец. – Навізна праекта ў тым, што ён дапамагае арганізаваць работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей на аснове нарматыўнай базы з выкарыстаннем актыўных і інтэрактыўных форм выхавання ў школьных музеях. Педагагічнае ўздзеянне скіравана на свядомасць, пачуцці і паводзіны вучняў з улікам беларускага менталітэту, умоў жыцця дзяцей, іх індывідуальных і ўзроставых асаблівасцей.

Практычная каштоўнасць праекта заключаецца ў тым, што ён скіраваны на вырашэнне праблем, звязаных з недастатковым узроўнем сацыяльна-грамадскай актыўнасці моладзі, няўстойлівай грамадзянскай пазіцыяй падрастаючага пакалення. Выхаванне грамадзяніна-патрыёта ажыццяўляецца праз укараненне мадэлі развіцця камунікатыўнай культуры вучняў у кантэксце беларускага менталітэту шляхам інтэграцыйнай дзейнасці ў працэсе вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю ў рамках работы школьных музеяў.

У творчую групу педагогаў-удзельнікаў праекта ўвайшлі настаўнікі рускай і беларускай мовы і літаратуры, гісторыі з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Былі створаны неабходныя ўмовы для развіцця іх творчага патэнцыялу і павышэння матывацыі да інавацыйнай дзейнасці. Штомесяц праводзіўся рэфлексійны аналіз праведзенай работы. Быў распрацаваны механізм уключэння педагогаў у даследчую дзейнасць. Апрабацыя напрацаванага матэрыялу ажыццяўлялася на педагагічных чытаннях, семінарах і канферэнцыях, у тым ліку міжнародных (“Фарміраванне камунікатыўнай культуры вучняў на ўроках рускай мовы і літаратуры ў школах Расіі і Беларусі” і “Роля класнага кіраўніка ў сацыялізацыі асобы”). На працягу года вялася даследчая дзейнасць па развіцці духоўна-маральных каштоўнасцей у старшых школьнікаў сродкамі музейнай педагогікі, а таксама па фарміраванні камунікатыўнай кампетэнтнасці вучняў сродкамі інтэлектуальнай дзейнасці. Для арганізацыі адзінай культурна-адукацыйнай прасторы былі створаны медыя-, ігра-, фана- і фільматэкі.

У школьных музеях прайшлі музейныя ўрокі, экскурсіі, міжнародныя інтэлектуальныя спаборніцтвы, распрацаваны новыя экскурсійныя маршруты (“Старажытная Масква”, “Ваенная Масква. Асада Масквы”, “Нашы землякі, якія абаранялі Маскву ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Літаратурная Масква”, “Масква ў жыцці Аляксандра Грыбаедава, Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лерманатава, Льва Талстога, Марыны Цвятаевай і Сяргея Ясеніна”) і рэалізаваны адукацыйны праект “Святы каляндарна-абрадавага цыклу беларусаў”. На базе музейных куткоў у кабінетах гісторыі адбыліся інтэлектуальныя віктарыны “Наш край”, “Пытанні гісторыі” і “Брэст і Брэстчына”. У кабінеце рускай мовы і літаратуры створана літаратурная экспазіцыя “Рускамоўныя пісьменнікі Беларусі”. Распрацаваны праект “М.Ф.Дастаеўскі і беларуская зямля”. Школа з’яўляецца філіялам кафедры гісторыі і тэорыі рускай літаратуры БрДУ імя А.С.Пушкіна.

- У школе рэалізаваны міжнародныя адукацыйныя праекты “Нашы карані адзіныя” (з маскоўскай сярэдняй школай № 384) і “Зносіны без межаў” (з Вальдорфскай школай Равенсбурга), - расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце С.М.Шлома. – У школе назапашаны цікавы вопыт міжнароднага супрацоўніцтва, якое прадугледжвае штогадовы абмен групамі настаўнікаў і вучняў. За 5 гадоў сяброўства прадстаўнікі маскоўскай школы, дзе з 1971 года працуе музей баявой славы імя герояў Брэсцкай крэпасці і партызан Беларусі, пабывалі ў Брэсце ўжо 9 разоў. Расійскім дзецям асабліва падабаецца спаборнічаць у прадметнай алімпіядзе “Ці ведаем мы рускую мову і літаратуру”. Нашы педагогі і вучні неаднаразова ўдзельнічалі ў міжнародных конкурсах і семінарах, якія праходзілі на базе маскоўскай школы.

Дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з расійскай сталічнай школай, у брэсцкай школе з’явіўся музей “Горад-герой Масква”, на базе якога працуе гурток “Масквазнаўства”. У яго рабоце выкарыстоўваецца беларускі і расійскі вопыт у галіне школьнага краязнаўства. Гуртковая дзейнасць кампенсуе нерэалізаваныя магчымасці ўрокаў, напрыклад, пры вывучэнні творчасці рускіх пісьменнікаў. Экскурсійнае краязнаўства з’яўляецца для вучняў дадатковай крыніцай набыцця гістарычных ведаў. Многія экскурсіі ўяўляюць сабой займальнае тэатралізаванае відовішча (“Гісторыя ўзнікнення Масквы”, “Храмы Крамля”, “Літаратурная Масква”).

Вальдорфская школа – гэта прыватная альтэрнатыўная ўстанова ў сістэме адукацыі Германіі, дзе вучэбны працэс будуецца на асновах антрапасофіі – духоўнай навукі, заснавальнікам якой быў нямецкі філосаф і мысляр Рудольф Штайнер. Вучэбны працэс арганізаваны такім чынам, каб у дзіцяці развіваліся і душа, і інтэлект, і цела. На ўроках адзнак не ставяць, выкладанне вядзецца без падручнікаў. Ацэньваюцца толькі выпускныя экзамены пасля 13 класа.

Супрацоўніцтва з Вальдорфскай школай уяўляе сабой лінгвістычныя абмены: брэсцкія дзеці вывучаюць нямецкую мову, а нямецкія – рускую. Самай цікавай сумеснай справай школьнікаў з’яўляюцца творчыя майстэрні. 6 змешаных груп на працягу ўсяго знаходжання ў Германіі ставяць спектаклі на нямецкай і рускай мове, танцуюць, майструюць, рыхтуюць цыркавыя нумары. Усё гэта паказваецца дарослым на развітальнай вечарыне. Сёлета брэсцкія школьнікі тры дні жылі ў маладзёжным лагеры ў Альпах: хадзілі ў паходы, шмат малявалі, дыскуціравалі, гулялі ў футбол і настольны тэніс, спявалі вечарам ля вогнішча на рускай, беларускай і нямецкай мове.

Нямецкіх гасцей цікавяць у Брэсце розныя бакі жыцця: побыт, вучоба, вольны час моладзі, культурныя каштоўнасці. Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікаюць лінгвістычныя гульні ў змешаных камандах: КВЗ, гульні па школе і станцыях, гульні-спаборніцтвы па Брэсце.

Дзякуючы супрацоўніцтву з Равенсбургам, у школе аднавілася работа клуба інтэрнацыянальнага сяброўства, які існаваў у 70-80-х гадах. Пасяджэнні клуба праходзяць штомесяц, пераважна ў зале замежнай літаратуры абласной бібліятэкі. Удзельнікі КІС перапісваюцца з нямецкімі равеснікамі, удзельнічаюць у конкурсах, гульнях і алімпіядах па выяўленні лепшых знаўцаў нямецкай мовы. Сёння школьнікі задзейнічаны ў праекце “Чытаем, ведаем з задавальненнем”.

- Наведванне іншай краіны адкрывае новыя гарызонты ў зносінах, пашырае кругагляд дзяцей. Вопыт школы паказвае, што міжнароднае супрацоўніцтва дазваляе ўдасканальваць выхаваўчую работу з вучнямі, фарміраваць у іх патрыятычныя пачуцці. Умацоўваючы сяброўскія сувязі паміж дзецьмі розных краін, педагогі прывіваюць у школе дух міралюбства і талерантнасці, непрыняцця нацыяналізму, расізму і экстрэмізму. Такое супрацоўніцтва дазваляе вучням больш даведацца пра мову, гісторыю і звычаі іншых краін, развіць і адкрыць у сабе творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, аб’яднацца для рэалізацыі ўласных праектаў. Усё гэта садзейнічае фарміраванню камунікатыўнай культуры школьнікаў, - падагульніла С.М.Шлома.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А.В.Няскрабін расказаў пра асаблівасці фарміравання камунікатыўнай культуры вучняў у пазакласнай рабоце праз розныя праекты (“Пытанні гісторыі”, “Бяспечная дарога”, “Клас года”, “Вучань года”, “Планета здароўя”, “Школьная рэспубліка”).

Падчас семінара быў арганізаваны тэлемост з маскоўскай сярэдняй школай № 384 і санкт-пецярбургскай сярэдняй школай № 504. Удзельнікі семінара наведалі адкрытыя пазакласныя мерапрыемствы, дзе на практыцы пераканаліся ў эфектыўнасці інавацыйнай дзейнасці педкалектыву 20-й школы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.