Калегiя

10.12.2012

На чарговым пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама былі разгледжаны пытанні, звязаныя з папулярызацыяй і пашырэннем сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства, удасканаленнем адукацыйнага працэсу па замежных мовах і пашырэннем моўнай практыкі вучняў.

Першы прарэктар Брэсцкага абласнога ІРА Л.Р.Германовіч расказала, што за апошні час павялічылася эфектыўнасць кіраўніцкай дзейнасці па арганізацыі мерапрыемстваў, скіраваных на пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства, павышэнне прэстыжу роднай мовы і развіццё духоўна-маральнай і грамадзянскай культуры дзяцей сродкамі профільных вучэбных прадметаў. Сёння ў дашкольных установах вобласці працуюць 609 беларускамоўных груп. На жаль, толькі 30 з іх дзейнічаюць у гарадах. У школах арганізаваны факультатыўныя заняткі “Практыкум па беларускай арфаграфіі”, “Вывучаем беларускі правапіс”, “Развіццё маўлення” і інш.

Школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у розных беларускамоўных конкурсах і алімпіядах. Так, на базе БрАІРА прайшоў абласны паэтычны конкурс, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка, і конкурс сачыненняў сярод старшакласнікаў, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. У навучальных установах Маскоўскага раёна Брэста рэалізоўваецца праект “Зямля пад белымі крыламі”, які складаецца з трох тураў – “Знакамітыя людзі зямлі беларускай”, “Галасы берасцейскай зямлі” і “Слаўныя мясціны беларускага краю”.

У баранавіцкай гімназіі № 2 штогод ладзіцца літаратурна-музычная імпрэза для дзевяцікласнікаў “Размаўляй са мной па беларуску”. У пінскіх школах праводзіцца брэйн-рынг “Слынны сын Айчыны”. У навучальных установах Століншчыны сумесна з бацькамі праходзіць свята “Мой родны кут, мая старонка”. На Маларыччыне арганізавана канферэнцыя “Дзеці. Творчасць. Інтэлект”. Вучні 5-11 класаў школ Камянеччыны ўдзельнічаюць у раённай краязнаўчай алімпіядзе. Ва ўсіх установах адукацыі Брэстчыны праводзяцца віктарыны, літаратурныя конкурсы, ранішнікі, тэматычныя вечарыны, прысвечаныя творчасці беларускіх пісьменнікаў, а таксама чытацкія канферэнцыі.

У многіх школах вобласці працуюць клубы творчых настаўнікаў і вучняў, літаратурныя аб’яднанні таленавітых дзяцей, літаратурна-мастацкія гурткі і музеі. Акрамя таго, у навучальных установах наладжваюцца сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі і навукоўцамі-распрацоўшчыкамі Закона РБ “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, аўтарамі вучэбна-метадычных дапаможнікаў. Падчас экскурсій школьнікі наведваюць знакамітыя літаратурныя мясціны Беларусі.

У педагогаў вобласці назапашаны добры вопыт па далучэнні вучняў да каштоўнасцей беларускай культуры, які прапагандуецца на старонках газет і часопісаў. Сярод актыўных аўтараў – настаўнікі М.І.Навумчык з Маларыцкай раённай гімназіі, Т.К.Шурхай з пінскай гімназіі № 2, Г.К.Гунько з пінскай сярэдняй школы № 3, Г.С.Русак з пінскай сярэдняй школы № 11, Л.Р.Лычук з брэсцкай сярэдняй школы № 20 і У.Э.Лупакоў з брэсцкай сярэдняй школы № 10.

Па словах Л.Р.Германовіч, шэраг пытанняў патрабуюць вырашэння. Па-першае, ва ўсіх рускамоўных навучальных установах неабходна больш актыўна пашыраць магчымасць атрымання беларускамоўнай адукацыі на ўсіх узроўнях навучання, працягваць работу па адкрыцці беларускамоўных груп у дзіцячых садках. Па-другое, неабходна заахвочваць выпускнікоў школ да здачы цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове (анкетаванне паказала, што вучні не ўпэўнены ў веданні новых правапісных норм). Па-трэцяе, пры ўстановах адукацыі варта арганізоўваць бясплатныя курсы для дарослых па засваенні новых правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі.

- Адукацыйны статус замежнай мовы ў школах вызначаецца асаблівасцямі сацыяльнага запыту, - адзначыла Л.Р.Германовіч. – Вывучэнне замежнай мовы садзейнічае адаптацыі чалавека ў сучасным полікультурным свеце, а таксама асобаснай і прафесійнай самарэалізацыі. Аддзелы адукацыі вобласці ўдзяляюць належную ўвагу якасці адукацыйнага працэсу па замежных мовах.

Сёння ў школах Брэстчыны працуюць 3004 настаўнікі англійскай (2075), нямецкай (812), французскай (88) і іспанскай (29) моў. Дэфіцыт педагогаў існуе ў Драгічынскім, Іванаўскім, Столінскім, Камянецкім, Ганцавіцкім і Жабінкаўскім раёнах. У астатніх рэгіёнах да работы прыцягваюцца настаўнікі-пенсіянеры, педагогі-сумяшчальнікі і студэнты УВА. Такая сітуацыя патрабуе аказання пастаяннай метадычнай дапамогі гэтай катэгорыі спецыялістаў, якая заключаецца ў авалоданні сучаснымі тэхналогіямі навучання. Так, ва ўсіх раёнах вобласці адкрыты кансультацыйныя пункты, дзейнічаюць групы настаўнікаў-фасілітатараў з ліку вопытных настаўнікаў і метадыстаў.

На жаль, у некаторых раёнах вобласці не ўдзяляецца неабходная ўвага павышэнню кваліфікацыі настаўнікаў-замежнікаў. Новыя падыходы да рэалізацыі моўнай адукацыі патрабуюць ад настаўнікаў уменняў весці камунікацыйны ўрок, выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі навучання, фарміраваць у вучняў маўленчыя навыкі. Не сакрэт, што настаўнікі замежнай мовы адчуваюць пэўныя цяжкасці ў практычных зносінах з носьбітамі мовы. Каб гэтага не было, педагогі праходзяць стажыроўкі ў замежных краінах, суправаджаюць дзяцей на аздараўленні за мяжой. Гэта павышае матывацыю да вывучэння замежнай мовы, развівае культуру зносін, умацоўвае міжнародныя сувязі, павышае камунікацыйную кампетэнтнасць.

Л.Р.Германовіч заўважыла, што арганізацыя адукацыйнага працэсу ў сучаснай школе сродкамі наглядна-дыдактычных матэрыялаў новага пакалення і сучаснымі шматфункцыянальнымі сродкамі навучання патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі настаўніка. Улічваючы гэта, у БрАІРА за апошнія гады істотна абнавіліся зместавыя аспекты павышэння кваліфікацыі: адкарэкціраваны вучэбна-тэматычныя планы, праводзяцца навучальныя семінары, педагагічныя майстэрні і круглыя сталы. З настаўнікамі ладзяцца практычныя заняткі, дзелавыя гульні па арганізацыі і правядзенні экзамену па замежнай мове. Узмоцнена практычная накіраванасць курса методыкі выкладання замежных моў: да правядзення вучэбных заняткаў прыцягваюцца настаўнікі-пераможцы конкурсаў, педагогі, якія маюць вялікі вопыт работы з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі. Вызначаны калектывы настаўнікаў, якія працуюць з новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі і маюць добрыя вынікі ў навучанні дзяцей камунікатыўным уменням (баранавіцкія гімназіі №№ 1 і 5, брэсцкія гімназіі №№ 2 і 5, пінская гімназія № 2). На сайце БрАІРА размешчаны матэрыялы з вопыту работы творчых педагогаў па развіцці камунікатыўных уменняў школьнікаў.

Сёлета ў БрАІРА пачала работу завочная школа па англійскай мове для школьнікаў. Плануецца, што такія школы з’явяцца неўзабаве ў кожным раёне вобласці. Супрацоўніцтва з выкладчыкамі УВА і аўтарамі вучэбна-метадычных комплексаў не толькі садзейнічае павышэнню прафесіяналізму настаўнікаў, але і арыентуе іх на навукова-даследчую дзейнасць, творчасць і ініцыятыву.

У многіх раёнах вобласці арганізаваны міжшкольныя факультатывы па замежнай мове. У брэсцкіх сярэдніх школах №№ 7 і 15 і пінскай гімназіі № 2, дзякуючы пасольствам ФРГ і Францыі, створаны класы для адораных дзяцей, якія навучаюцца па спецыяльнай праграме для здачы экзамену на міжнародныя сертыфікаты “Sprachdiplom” і “Delf”.

Работа настаўнікаў-прадметнікаў з высокаматываванымі дзецьмі не спыняецца ў летні перыяд. У шэрагу раёнаў дзейнічаюць летнія лінгвістычныя лагеры. Акрамя таго, навучальныя ўстановы ўдзельнічаюць у міжнародных сеткавых праектах і алімпіядах.

Л.Р.Германовіч расказала, што ў вобласці ажыццяўляецца планамерная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбна-метадычнай базы кабінетаў замежнай мовы. Надзвычай плённым у гэтым плане з’яўляецца вопыт баранавіцкіх школ, аснашчаных усімі неабходнымі матэрыяламі і абсталяваннем.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.