Семiнар у Пружанах

10.12.2012

На базе навучальных устаноў Пружанскага раёна прайшоў абласны семінар начальнікаў аддзелаў адукацыі, прысвечаны кіраванню дзейнасцю педагагічных калектываў па забеспячэнні якасці адукацыі па замежных мовах. Арганізавалі мерапрыемства ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны інстытут развіцця адукацыі.

- У раёне працуюць 62 установы адукацыі, якія наведваюць амаль 7,3 тысячы дзяцей, - расказала начальнік аддзела адукацыі Пружанскага райвыканкама І.А.Казарэз. – Адукацыйны працэс забяспечваюць каля 1,1 тысячы педагогаў. Выкладанне замежнай мовы носіць камунікатыўна арыентаваны характар. Англійскую, нямецкую і французскую мову вывучаюць каля 4,5 тысячы дзяцей. Арганізавана работа 43 факультатываў па замежнай мове.

У школах працуюць 98 настаўнікаў-замежнікаў, большасць з якіх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Педагогі пастаянна павышаюць кваліфікацыю. Вопыт творчых педагогаў абагульняецца і распаўсюджваецца. У раёне створаны банк даных перадавога вопыту настаўнікаў-замежнікаў.

Для таго каб рэалізаваць новыя падыходы да моўнай адукацыі, у аснове якой ляжыць камунікатыўны ўрок, арганізоўваецца работа ў парах і групах, павялічваецца час маўленчай актыўнасці кожнага вучня, ствараюцца сітуацыі зносін, практыкуюцца ролевыя гульні, якія набліжаюць працэс гаварэння да рэальных умоў, укараняюцца інтэрактыўныя формы работы, ІКТ, якія дапамагаюць актывізаваць самастойную вучэбную дзейнасць школьнікаў.

Тэхнічнае забеспячэнне кабінетаў замежнай мовы дазваляе выкарыстоўваць аўдытыўныя і аўдыявізуальныя сродкі навучання, дзякуючы чаму вучні чуюць правільнае ў моўных адносінах іншамоўнае маўленне. Настаўнікі выкарыстоўваюць дыдактычныя матэрыялы, якія ўтрымліваюць розныя камунікатыўныя сітуацыі, банк аўдыязапісаў, кантрольна-ацэначныя матэрыялы, даведнікі, слоўнікі, трэніровачныя комплексы на электронных носьбітах. У пружанскай сярэдняй школе № 5 абсталяваны лінгафонны кабінет, а ў гімназіі створаны віртуальны кабінет замежнай мовы. Усё гэта садзейнічае павышэнню якасці ведаў вучняў і падрыхтоўцы да вуснага экзамену па замежнай мове.

Значная ўвага ўдзяляецца рабоце з адоранымі дзецьмі: праводзяцца алімпіяды і вучэбна-даследчыя канферэнцыі, працуюць міжшкольны факультатыў па нямецкай мове і профільныя групы ў прышкольных і загарадных аздараўленчых летніках. Сярод вучняў раёна шмат пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і абласных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый. Так, работы Ганны Лапука з гімназіі (“Памылковыя сябры перакладчыка” і “Англіцызмы ў нямецкай мове”) адзначаны дыпломамі І ступені.

З мэтай развіцця пазнавальнага інтарэсу і павышэння матывацыі вучняў да вывучэння замежнай мовы ў раёне праводзяцца тэатралізаваныя іншамоўныя фестывалі. Па выніках абласнога фестывалю вучнёўскіх тэатральных калектываў пружанскія гімназісты трэці год запар атрымліваюць дыплом І ступені.

Што тычыцца практычнай работы па падрыхтоўцы школьнікаў да абавязковага выпускнога экзамену па замежнай мове, то творчыя групы настаўнікаў англійскай і нямецкай мовы распрацавалі ўзоры практычных матэрыялаў па чытанні, успрыманні і разуменні маўлення на слых, а таксама сітуацыі зносін. У красавіку наступнага года пройдзе вучэбна-дзелавая гульня з настаўнікамі-замежнікамі па працэдуры правядзення выпускнога экзамену.

У раённым вучэбна-метадычным кабінеце працуе кансультацыйны пункт па аказанні метадычнай дапамогі настаўнікам, створаны банк мультымедыйных прэзентацый, сістэматызаваны дыдактычныя матэрыялы з вопыту работы педагогаў па развіцці камунікатыўных уменняў вучняў, практычныя матэрыялы па правядзенні абавязковага экзамену і інш.

За 4 апошнія гады 12 выпускнікоў школ раёна сталі студэнтамі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, а 14 – факультэтаў замежных моў іншых УВА.

Удзельнікі семінара наведалі шэраг навучальных устаноў Пружаншчыны, дзе азнаёміліся з цікавым вопытам работы. У сярэдняй школе № 5, якую ўзначальвае І.А.Карабко, выкладанню замежнай мовы заўсёды ўдзялялася павышаная ўвага. На працягу 15 гадоў установа мела лінгвістычны ўхіл. У школе былі рэалізаваны інавацыйныя праекты па ўкараненні модульнай тэхналогіі ў вучэбна-выхаваўчы працэс і “Партфоліа як сродак павышэння прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка і вучня”. Сёння ўстанова з’яўляецца апорнай па арганізацыі работы з адоранымі дзецьмі, выкарыстанні эфектыўных педагагічных тэхналогій у выкладанні замежных моў і сістэмным падыходзе ў фарміраванні культуры здаровага ладу жыцця школьнікаў.

Педагогі школы працуюць над павышэннем матывацыі вучняў, якасці ўрокаў за кошт сістэмнага ўкаранення інавацыйных тэхналогій навучання, у аснове якіх ляжыць актыўная пазнавальная дзейнасць дзяцей. Для гэтага ва ўстанове створаны неабходныя ўмовы: лінгафонны кабінет, 7 кабінетаў замежнай мовы, вучэбна-метадычныя комплексы і абсталяванне, ЭСН і інш.

- У школе працуюць 12 настаўнікаў-замежнікаў, з якіх 8 чалавек маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, - расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Т.М.Дараховіч.

Шмат увагі ўдзяляецца абагульненню і распаўсюджанню эфектыўнага педагагічнага вопыту (“Выкарыстанне модульнай тэхналогіі пры навучанні граматыцы нямецкай мовы ў старшых класах як сродак развіцця самастойнай дзейнасці вучняў”, “Выкарыстанне тэхналогіі сімуляцыі і стымуляцыі пры навучанні гаварэнню на ўроках англійскай мовы”, “Развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў на ўроках нямецкай мовы”). На працягу года школьная творчая група педагогаў працавала над тэмай “Развіццё навыкаў гаварэння на ўроках замежнай мовы – асноўны фактар падрыхтоўкі да абавязковага выпускнога экзамену ў вуснай форме”. Вынікам работы стала распрацоўка ўзораў практычных матэрыялаў для развіцця іншамоўнага маўлення вучняў па падрыхтоўцы да выпускнога экзамену.

Настаўніца нямецкай мовы Т.А.Пустазвонава ўзначальвае раённую школу маладых настаўнікаў замежнай мовы. Педагог двойчы праходзіла стажыроўку ў Германіі. Сёння настаўніца шчодра дзеліцца напрацоўкамі па развіцці камунікатыўных уменняў вучняў на майстар-класах. Т.М.Дараховіч навучалася на гадавых курсах мультыплікатараў пры пасольстве Францыі і двойчы праходзіла стажыроўку ў гэтай краіне. С.Ю.Шчэрба з’яўлялася кіраўніком раённай творчай групы настаўнікаў-замежнікаў, якія распрацавалі практыкум па чытанні для 5 класа на англійскай мове.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце С.Ю.Шчэрба расказала, што падрыхтоўка вучняў да абавязковага экзамену па замежнай мове ажыццяўляецца не толькі на ўроках і факультатыўных занятках, але і на індывідуальных кансультацыях і ў пазакласнай дзейнасці. Прадметныя тыдні добра павышаюць інтарэс дзяцей да вывучэння замежнай мовы. КВЗ, тэатралізаваныя пастаноўкі і інтэлектуальныя гульні развіваюць у школьнікаў крэатыўнае мысленне, вучаць працаваць у камандзе. Вельмі ярка праходзяць дні нацыянальнай кухні, падчас якіх вучні актыўна ўдзельнічаюць у прыгатаванні нацыянальных страў і сервіроўцы стала. Кулінарнае падарожжа праводзіцца ў форме ролевай гульні, што дазваляе далучыць да вывучэння асноўных фактаў гісторыі і культуры замежнай краіны амаль кожнага школьніка.

Для навучання гаварэнню настаўнікі выкарыстоўваюць актыўныя формы работы – парную і групавую, камунікатыўныя ролевыя гульні, элементы драматызацыі. Мультымедыйныя прэзентацыі садзейнічаюць удасканаленню камунікатыўнай кампетэнцыі ва ўмовах, набліжаных да рэальнасці.

Пры навучанні ўспрыманню і разуменню маўлення на слых выкарыстоўваюцца аўтэнтычныя тэксты са змястоўным лексічным і граматычным напаўненнем, узоры практычных матэрыялаў для развіцця іншамоўнага маўлення вучняў, распрацаваныя раённай і школьнай творчымі групамі.

Для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу па замежнай мове настаўнікі звяртаюцца да розных педтэхналогій – камунікатыўнай, гульнёвай, праектнай, модульнай, здароўезберагальнай, праблемнага навучання, развіцця крытычнага мыслення, навучання ў супрацоўніцтве. Вынікам майстэрства педагогаў з’яўляюцца перамогі школьнікаў у прадметных алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях. За 22 гады работы ўстановы 55 выпускнікоў паступілі ва УВА на моўныя спецыяльнасці.

Прэзентацыя вопыту работы сярэдняй школы № 5 суправаджалася выступленнямі вучняў 7-11 класаў на англійскай, французскай і нямецкай мове. Падчас прэзентацыі быў паказаны фрагмент вучэбна-дзелавой гульні па правядзенні выпускнога экзамену.

Выхаванцы Пружанскай гімназіі, якую ўзначальвае Л.Г.Казарэз, пачынаюць вывучаць замежную (англійскую/нямецкую) мову ўжо з першага класа. Амаль чвэрць вучняў наведваюць 10 профільных факультатываў. Сярод гімназістаў шмат пераможцаў розных этапаў прадметнай алімпіяды.

Творчая група настаўнікаў-замежнікаў распрацавала 5 зборнікаў з практычнымі матэрыяламі па ўспрыманні і разуменні маўлення на слых для падрыхтоўкі і правядзення абавязковага экзамену па англійскай мове. Гэтымі матэрыяламі, размешчанымі на сайце БрАІРА, могуць карыстацца педагогі вобласці. Абагульнены вопыт работы настаўнікаў па такіх тэмах, як “Навучанне камунікатыўнай граматыцы” і “Арганізацыя эфектыўнай работы з высокаматываванымі вучнямі на ўроках англійскай мовы і ў пазаўрочны час”.

Намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Л.І.Амельянчук расказала пра работу кафедры замежных моў. На ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці педагогі актыўна выкарыстоўваюць праектна-даследчыя метады, якія добра матывуюць дзяцей і развіваюць іх творчыя здольнасці. Вучні выконваюць творчыя, інфармацыйныя і практыка-арыентаваныя праекты.

У навучальнай установе дзейнічае навуковае таварыства гімназістаў “Форум”, дзе працуе секцыя замежнай філалогіі. Штогод члены таварыства ўдзельнічаюць у розных навукова-практычных канферэнцыях, дзе вучэбныя даследаванні вучняў прызнаюцца аднымі з лепшых.

Не абыходзяць увагай педагогі і інтэрактыўныя метады навучання. Інтэрактыўная дзейнасць на ўроках рэалізоўваецца праз арганізацыю і развіццё дыялогавых зносін. Акрамя таго, настаўнікі паспяхова прымяняюць гульнёвыя метады работы. Фанетычныя, арфаграфічныя, граматычныя і лексічныя гульні робяць навучанне больш цікавым і захапляльным для дзяцей.

У старшых класах урокі праводзяцца ў форме дзелавой гульні, якая мадэліруе пэўную рэальную дзейнасць і міжасобасныя групавыя зносіны (дыскусія, канферэнцыя, ток-шоу, дэбаты). У гімназіі арганізавана работа майстар-класа В.М.Кавалевіч па тэме “Павышэнне матывацыі пры вывучэнні замежнай мовы з дапамогай ролевай гульні”.

Настаўніца англійскай мовы Л.В.Капіца падзялілася вопытам работы віртуальнага кабінета англійскай мовы. Віртуальны кабінет – гэта інавацыйная форма работы, якая ўяўляе сабой высокатэхналагічнае адукацыйнае асяроддзе, дзе сканцэнтраваны матэрыяльна-тэхнічныя, інфармацыйныя і метадычныя рэсурсы для арганізацыі бесперапыннай адукацыі педагогаў, работы з высокаматываванымі дзецьмі. Віртуальны банк нарматыўнай дакументацыі і вучэбна-метадычных матэрыялаў дапамагае ў рабоце з дакументамі і садзейнічае распаўсюджванню перадавога вопыту. Акрамя таго, віртуальны кабінет дапамагае настаўнікам у правядзенні, арганізацыі і падрыхтоўцы ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў, даследчай дзейнасці педагогаў; забяспечвае работу вучняў па падрыхтоўцы да заняткаў, экзаменаў, алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый і цэнтралізаванага тэсціравання; акумулюе інфармацыйныя фонды гімназіі; аказвае кансультацыйна-метадычную дапамогу настаўнікам па выкарыстанні ІКТ.

Рэсурснае забеспячэнне кабінета ўключае нарматыўныя дакументы, табліцы і схемы па граматыцы, навучальныя праграмы па англійскай мове. Медыятэка кабінета прапаноўвае гукавыя дапаможнікі, відэаматэрыялы і прэзентацыі да ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў. У кабінеце сістэматызаваны дыдактычныя раздатачныя матэрыялы, а таксама матэрыялы для падрыхтоўкі да выпускнога і ўступнага экзаменаў, алімпіяд. На базе кабінета праходзяць навучальныя семінары, майстар-класы, семінары-практыкумы і пасяджэнні творчай групы настаўнікаў-замежнікаў.

Вялікую цікаваць ва ўдзельнікаў семінара выклікала выступленне гімназістаў, якія прачыталі ўрыўкі з п’есы Янкі Купалы “Паўлінка” па-англійску.

У Шарашоўскай сярэдняй школе быў прэзентаваны вопыт работы педагогаў па выкарыстанні інтэрактыўных тэхналогій ва ўдасканаленні моўнай кампетэнцыі вучняў. Настаўніца англійскай мовы А.Г.Мелянчук засяродзіла ўвагу на формах практычных зносін школьнікаў з прымяненнем інтэрнэт-тэхналогій.

- Доступ да інтэрнэту практычна вырашыў праблему недахопу аўтэнтычных мультымедыйных рэсурсаў, неабходных для правядзення цікавых і эфектыўных заняткаў, - адзначыла Алена Георгіеўна. – Інфармацыя, атрыманая ў інтэрнэце, выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыйнага і вучэбнага матэрыялу на ўроках, а таксама ў пазакласнай рабоце па прадмеце. Дзякуючы інтэрнэту, можна віртуальна пабываць у пэўнай краіне, паўдзельнічаць у розных праектах.

Важна, што інтэрнэт-тэхналогіі забяспечваюць індывідуалізацыю і дыферэнцыяцыю навучання з улікам здольнасцей школьнікаў, узроўню іх навучанасці і інтарэсаў. У дзяцей пашыраюцца культурны кругагляд і эрудыцыя, развіваюцца творчая актыўнасць і эстэтычны густ, павышаецца матывацыя да вывучэння мовы і культуры іншай краіны.

Пазнавальная актыўнасць школьнікаў пашырае магчымасці для самастойнай работы па авалоданні замежнай мовай. Для пашырэння моўнай практыкі ў гаварэнні настаўніца звяртаецца ў пазакласнай рабоце да зносін з носьбітамі мовы па Skype, у прыватнасці з 28-гадовым кандыдатам біялагічных навук з ЗША. Педагог вызначае тэму размовы з улікам пажаданняў дзяцей. Кожны вучань можа выказацца і задаць пытанне. Настаўніца вучыць дзяцей не баяцца выказваць уласныя меркаванні, аргументаваць выказванне, выкарыстоўваць моўныя клішэ, каб зрабіць маўленне больш экспрэсіўным.

Знаходзячыся ў рэальным моўным асяроддзі, вучні аказваюцца ў сапраўдных жыццёвых сітуацыях, размаўляюць на актуальныя тэмы, вучацца хутка і адэкватна рэагаваць на рэплікі суразмоўцы, ствараюць арыгінальныя выказванні. Першаснае значэнне адводзіцца разуменню, перадачы зместу і сэнсу гутаркі. Увага вучняў канцэнтруецца на выкарыстанні форм выказванняў, а навучанне граматыцы ажыццяўляецца ўскосным чынам, у непасрэдных зносінах, без спецыяльнага завучвання правіл. Падчас семінара школьнікі звязаліся з маладым амерыканскім навукоўцам па Skype і паказалі, якім чынам адбываюцца іх зносіны.

Апошнім пунктам візіту ўдзельнікаў семінара стаў Мокраўскі ВПК “дзіцячы сад – сярэдняя школа”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.