Прэзентацыя вопыту
26.11.2012У Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбылася прэзентацыя вопыту работы вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Камянецкага райвыканкама па метадычным суправаджэнні самаадукацыі педагогаў.
- На Камянеччыне працуюць 59 устаноў адукацыі, якія наведваюць каля 5,5 тысячы дзяцей, - расказала загадчыца раённага ВМК Н.У.Кірылюк. – У адукацыйным працэсе задзейнічаны амаль 890 педагогаў, з якіх 63% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Для вывучэння дзейнасці ўстаноў адукацыі і павышэння якасці метадычнай работы з педагогамі амаль штотыднёва праводзяцца метадычныя дні ў школах. Гэта дазваляе ўбачыць якасць бягучага адукацыйнага працэсу, вызначыць пытанні, па якіх патрабуецца метадычная дапамога, і вопыт, якім можна падзяліцца.
Самаадукацыйная дзейнасць педагогаў уяўляе сабой распрацоўку цяжкіх для разумення, асэнсавання і выкарыстання на практыцы метадычных тэм і праблем. У аснове самаадукацыі ляжаць інтарэсы педагогаў у спалучэнні з самастойным вывучэннем матэрыялу.
Дзейнасць раённага ВМК скіравана на стварэнне належных умоў для самаўдасканалення і самаразвіцця педкадраў, іх усвядомленай працы па пастаянным павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці і самастойным набыцці ведаў. Сучасны педагог павінен валодаць інфармацыйнымі тэхналогіямі, арыентавацца ў розных навуковых галінах, палітыцы, эканоміцы, грамадскім жыцці, быць ініцыятыўным.
Работа па суправаджэнні самаадукацыі пачынаецца з дыягностыкі – правядзення тэстаў і запаўнення дыягнастычных карт. Гэта дазваляе выявіць як слабыя, так і моцныя бакі псіхолага-педагагічнай і агульнакультурнай гатоўнасці педагогаў да самаадукацыі. Задача ВМК і кіраўнікоў навучальных устаноў заключаецца ў стварэнні ўмоў, якія матывуюць настаўнікаў і выхавальнікаў да дасягнення поспеху.
Тэмы самаадукацыі распрацоўваюць не толькі настаўнікі, выхавальнікі, педагогі-псіхолагі, сацыяльныя педагогі і настаўнікі-дэфектолагі, але і кіраўнікі школ і дзіцячых садкоў (ІКТ, удасканаленне метадычнага і псіхолага-педагагічнага майстэрства, павышэнне прававой і агульнаэстэтычнай культуры і інш.). Работа па самаадукацыйнай дзейнасці пастаянна ўдасканальваецца.
- Самаадукацыя будзе значнай для ўстановы адукацыі толькі тады, калі вызначаецца яе праблемным полем, - адзначыла Н.У.Кірылюк. – Не ўсе педагогі гатовы да якаснай самаадукацыі, не ўсе дастаткова ініцыятыўныя і здольныя да творчасці, не ўсе могуць займацца самастойнай самаадукацыйнай работай. Часам самаадукацыя носіць фіктыўны характар. Некаторыя педагогі назапасяць пэўныя матэрыялы, аформяць папкі, укладуць туды ўласныя распрацоўкі і лічаць, што ўсё гатова. Каб такога не было, вучэбна-метадычны кабінет арганізоўвае суправаджэнне самаадукацыі.>
Вопыт паказвае, што асобным педагогам патрабуецца дапамога ў правільнай фармулёўцы тэмы і мэты самаадукацыі, складанні плану. Некаторыя да канца не ўсведамляюць канчатковы прадукт сваёй дзейнасці і тое, у чым павінен выявіцца яе вынік. Зразумела, што любая дзейнасць бессэнсоўная, калі ў яе выніку не ствараецца пэўны прадукт ці калі чалавек не авалодвае новымі ведамі і ўменнямі.
ВМК распрацаваў прыкладныя фармулёўкі тэм самаадукацыі педагогаў, сістэматызаваў метадычныя матэрыялы па яе арганізацыі і выдаў асобныя брашуры, якія выкарыстоўваюцца ў кансультаванні педагогаў. Тэмы самаадукацыі выбіраюцца з улікам прафесійнага майстэрства і індывідуальнага вопыту канкрэтнага педагога і абавязкова ўлічваюць прагназаванне вынікаў.
У пачатку навучальнага года ВМК запрошвае ва ўстановах адукацыі звесткі па тэмах самаадукацыі педагогаў і кіраўнікоў, вывучае атрыманую інфармацыю, карэкціруе яе і сістэматызуе ў выглядзе брашур для зручнай работы. Рэалізацыя тэм пастаянна адсочваецца. Такім чынам выяўляецца лепшы педагагічны вопыт, які абагульняецца і распаўсюджваецца.
Педагогі распрацоўваюць тэмы самаадукацыі ў 6 этапаў – дыягностыка-прагнастычны, навучальны, практычны, аналітычны, вынікова-кантрольны і ўкараняльніцкі. Метадысты ВМК вызначылі крытэрыі эфектыўнасці самаадукацыі: тэма адпавядае патрэбам педагога і носіць праблемны характар, план самаадукацыі складзены якасна, вызначана выніковасць самаадукацыйнай дзейнасці па абранай тэме, прасочваецца значнасць і перспектыўнасць работы, назіраецца станоўчая дынаміка вучэбных вынікаў школьнікаў, відавочны інтарэс педагога да працягу самаадукацыі і здольнасць да творчай дзейнасці, прымяняюцца ІКТ, напрацаваны вопыт можа выкарыстоўвацца іншымі педагогамі.
- Уся дзейнасць ВМК скіравана на тое, каб самаадукацыя была не толькі ўстойлівым інтарэсам педагога, але найперш яго пастаяннай жыццёвай патрэбай, - падагульніла Н.У.Кірылюк.
- Вопыт арганізацыі самаадукацыі педагогаў у нашай школе паказвае, што станоўчы вынік гэтай дзейнасці залежыць найперш ад кампетэнтнага і дасканала спланаванавага кіраўніцтва, - расказала дырэктар Пагранічнай сярэдняй школы Ж.А.Аўдзей. – Педагогі далучаюцца да самаадукацыі шляхам абмеркавання актуальных тэм па развіцці адукацыі, вывучэння перадавога вопыту, арганізацыі настаўніцтва, удзелу ў тэматычных педнарадах, правядзення кансультацый і інш.
Каб выключыць фармалізм у рабоце, практыкуецца субяседаванне на ўсіх этапах самаадукацыйнай дзейнасці па тэме. Важна пабудаваць такую сістэму работы, каб яна не абцяжарвала педагогаў і не прыводзіла да прафесійнага выгарання.
Адміністрацыя школы прапаноўвае настаўнікам распрацоўваць індывідуальныя праграмы (планы) самаразвіцця. Алгарытм рэалізацыі праграмы па самаразвіцці ўключае дыягностыку, выбар, абгрунтаванне тэмы і вызначэнне мэт і задач, вывучэнне літаратуры і інтэрнэт-рэсурсаў, распрацоўку праграмна-метадычнага забеспячэння (урокаў, факультатываў, пазакласных заняткаў), вывучэнне вопыту калег, абагульненне і назапашванне вопыту (адкрытыя ўрокі, выступленні на педнарадах), вызначэнне эфектыўнасці і выніковасці работы (афармленне партфоліа).
Тэмы самаадукацыі вызначаюцца, зыходзячы з адзінай метадычнай тэмы школы, актуальнасці і важнасці тэмы, яе навукова-тэарэтычнага і практычнага значэння, цяжкасцей педагогаў, педагагічнага стажу і ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў. Тэмы абавязкова павінны быць рэальнымі і канкрэтнымі.
У навучальнай установе для ажыццяўлення ўнутрышкольнага кантролю за самаадукацыяй педагогаў выкарыстоўваецца методыка “Чалавек з боку”. Кожны настаўнік наведвае з дазволу калег 10 урокаў, шукае на чужых занятках карысную інфармацыю для сябе. Пасля наведвання ўрокаў педагогі выступаюць на семінары з аргументаванай даведкай пра знаходкі, зробленыя падчас вучэбна-метадычнай вандроўкі, прычым без права крытыкаваць.
Падчас справаздачы педагогі паказваюць наглядны прадукт сваёй працы: распрацаваныя сцэнарыі, даследаванні, прэзентацыі, новыя формы, метады і прыёмы навучання, дыдактычныя матэрыялы, тэсты, метадычныя рэкамендацыі, інфармацыйныя бюлетэні, адкрытыя ўрокі, трэнінгі, семінары, майстар-класы, канферэнцыі і інш. Затым вызначаюцца перспектывы далейшай дзейнасці. Вынікі самаадукацыйнай работы педкалектыву падводзяцца ў канцы навучальнага года на агульнашкольным метадычным мерапрыемстве.
Сваім вопытам па кіраванні самаадукацыйнай дзейнасцю педагогаў падзяліліся таксама дырэктар Вярховіцкай сярэдняй школы І.В.Ляшчук і яго намеснік па вучэбнай рабоце Н.П.Васілюк.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.