Семiнар

19.11.2012

На базе навучальных устаноў Бярозаўскага раёна адбыўся абласны семінар на тэму “Стварэнне сістэмы развіццёвага адукацыйнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі рэгіёна як умова павышэння якасці навучання малодшых школьнікаў”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны ІРА.

- Сёння ў Бярозаўскім раёне працуюць 63 установы адукацыі, - расказала начальнік раённага аддзела адукацыі Т.П.Бранько. – З улікам дэмаграфічных і сацыяльна-эканамічных фактараў ажыццяўляецца аптымізацыі іх сеткі. У адукацыйным працэсе задзейнічаны амаль 1,6 тысячы педагогаў, з якіх 73% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Установы адукацыі наведваюць больш за 10 тысяч дзяцей.

На працягу шэрагу гадоў Бярозаўшчына лідзіруе сярод сельскіх раёнаў вобласці па колькасці выпускнікоў, якія працягваюць навучанне ў ВНУ (каля 61%). Дзякуючы сістэмнай рабоце з адоранымі дзецьмі, школьнікі паказваюць добрыя вынікі ў алімпіядным і спартакіядным руху.

- Педагогі раёна працуюць над павышэннем якасці адукацыі на ўсіх узроўнях, - адзначыла намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі А.В.Мінко. – 81% настаўнікаў пачатковых класаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Педагогі пастаянна павышаюць сваю кваліфікацыю. У рэгіёне дзейнічаюць раённае метадычнае аб’яднанне педагогаў-пачаткоўцаў, 4 занальныя метадычныя аб’яднанні і творчая група “Эрудыт” па рабоце з адоранымі дзецьмі.

Першыя класы інтэнсіўна выводзяцца з дашкольных устаноў Бярозы і Белаазёрска. У наступным годзе пройдзе раённы агляд-конкурс на лепшае абсталяванне і афармленне кабінетаў пачатковых класаў. На жаль, школы забяспечаны вучэбным абсталяваннем далёка не ў поўным аб’ёме.

У практыку работы настаўнікаў пачатковых класаў актыўна ўваходзяць электронныя сродкі навучання і інфармацыйныя тэхналогіі (бярозаўскія сярэднія школы №№ 1, 2 і 3, гімназія і сярэдняя школа № 1 Белаазёрска і Сігневіцкі ВПК “яслі-сад – сярэдняя школа”).

Сістэматычна вывучаюцца пытанні, звязаныя са станам выкладання прадметаў у пачатковых класах, якасцю ведаў малодшых школьнікаў і якасцю правядзення факультатыўных заняткаў. Вялікая ўвага ўдзяляецца праблеме пераемнасці вучэбнага працэсу паміж першай і другой ступенямі навучання.

Калі гаварыць пра якасць ведаў вучняў 3 – 4 класаў, то на 6 – 10 балаў вучацца 65% дзяцей. У раённым банку адораных вучняў 73 малодшых школьнікаў. Пачаткоўцы актыўна ўдзельнічаюць у даследчай дзейнасці і малых прадметных алімпіядах. Так, трэцякласніца Здзітаўскай сярэдняй школы Карына Сычык адзначана спецыяльным прызам на ІІІ Міжнароднай дзіцячай канферэнцыі ў польскім Гданьску за работу “Засяленне гнёздаў белым буслам на тэрыторыі вёскі Здзітава”. Упершыню для вучняў пачатковых класаў у мінулым навучальным годзе прайшла раённая алімпіяда па замежнай мове.>

Малодшыя школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных і раённых конкурсах. Лідарамі ў рабоце са здольнымі дзецьмі ў пачатковым звяне з’яўляюцца гімназія Белаазёрска, сярэдняя школа № 3 і пачатковая школа Бярозы.

Шмат увагі ўдзяляецца развіццю здароўезберагальнага і развіццёвага асяроддзя ў школах. На належным узроўні арганізавана фізкультурна-аздараўленчая і спартыўна-масавая работа, праводзяцца рухомыя перапынкі і фізкультурныя паўзы на ўроках. У выніку назіраюцца станоўчыя змены ў здароўі дзяцей (каля 86% з іх маюць асноўную групу здароўя).

Па словах А.В.Мінко, для эфектыўнага функцыянавання сістэмы развіццёвага асяроддзя ва ўстановах адукацыі неабходна забяспечваць якаснае навучанне і развіццё кожнага дзіцяці ў адпаведнасці з яго схільнасцямі, інтарэсамі і магчымасцямі праз актыўнае выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій, ствараць спрыяльныя ўмовы для адаптацыі і камфортнага пераходу дзяцей з садка ў пачатковую школу, а затым на другую ступень навучання. Акрамя таго, варта забяспечваць высокую выніковасць удзелу школьнікаў у малых прадметных алімпіядах і даследчай дзейнасці.

Дырэктар бярозаўскай сярэдняй школы № 3 М.А.Ніканюк падзялілася вопытам кіравання адукацыйным працэсам у пачатковай школе на аснове выкарыстання інавацыйных тэхналогій і інтэграцыі вучэбных прадметаў.

- Нашу школу наведваюць дзеці з рознымі здольнасцямі, - расказала Марына Анатольеўна. – Задача педагогаў – не пакінуць без увагі высокаматываваных вучняў і вучняў з нізкімі вучэбнымі магчымасцямі, тых, хто мае патрэбу ў карэкцыі і выраўноўванні ведаў. На працягу 23 гадоў настаўнікі ствараюць умовы для паспяховай адаптацыі кожнага школьніка.

Навучальную ўстанову наведваюць больш за 1,1 тысячы дзяцей. У пачатковых класах атрымліваюць веды амаль 440 вучняў. Адкрыты 8 класаў інтэграванага навучання.

Асноўнымі галінамі інавацыйнай дзейнасці школы з’яўляюцца кіраванне адукацыйным працэсам, яго вучэбна-метадычнае забеспячэнне, сучасныя адукацыйныя і здароўезберагальныя тэхналогіі, матэрыяльна-тэхнічная база, кадры і выхаваўчая работа. Сёння адміністрацыя ўстановы працуе ў рэжыме апераджальнага кіравання, ініцыіравання інавацый. Гэта звязана з тым, што не ўсе педагогі адразу і ахвотна ўключаюцца ў інавацыйную дзейнасць. Неабходна правільна зматываваць настаўнікаў. Калі педагогі бачаць пазітыўныя змены ў павышэнні вучэбных дасягненняў вучняў, адносіны да новаўвядзенняў мяняюцца.

Школа з’яўлялася інавацыйнай пляцоўкай па апрабацыі тэхналагічнай мадэлі “Крок за крокам” у пачатковых класах. Пасля апрабацыі была створана творчая група па ўкараненні мадэлі ў адукацыйны працэс пачатковай школы. Затым гэтая мадэль трансфармавалася ў праект педагагічнай ініцыятывы, элементы якой выкарыстоўваюць у сваёй рабоце амаль усе настаўнікі пачатковых класаў.

У рамках інавацыйнага праекта “Мадэль выхаваўчай работы школьнікаў з улікам рэгіянальных асаблівасцей” былі створаны вучэбна-метадычныя дапаможнікі, якія выкарыстоўваюцца ў рабоце школ раёна.

У школе створана ініцыятыўная група вучняў, якая па заяўках настаўнікаў-прадметнікаў і настаўнікаў-пачаткоўцаў дапамагае рыхтаваць і праводзіць мерапрыемствы з выкарыстаннем напрацаваных матэрыялаў па краязнаўстве. Напрыклад, у пачатковых класах – гэта інтэграваныя ўрокі па курсе “Чалавек і свет” і пазакласныя мерапрыемствы.

Педагогі актыўна прымяняюць тэхналогію праблемнага навучання, тэхналогію работы з партфоліа, інтэрактыўныя і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі (асабліва ў навучанні замежнай мове), тэхналогію даследча-праектнай дзейнасці і тэхналогію рознаўзроўневай дыферэнцыяцыі. Не абыходзяць увагай настаўнікі і ЭСН.

Другі год у школе працуе творчая група “Выкарыстанне ІКТ з мэтай павышэння прафесійнай кампетэнцыі педагогаў і аптымізацыі адукацыйнага працэсу”. Члены групы праводзяць індывідуальныя кансультацыі па праблемах выкарыстання ІКТ, адкрытыя ўрокі з выкарыстаннем ІКТ і ЭСН, вывучаюць праграмнае забеспячэнне, выпрацоўваюць рэкамендацыі і інш.

У навучальнай установе створаны школьны сайт па інфарматыцы. З яго дапамогай праводзіцца адкрыты чэмпіянат па праграмаванні сярод вучняў раёна. Дзякуючы сайту, устаноўлена цеснае супрацоўніцтва паміж настаўнікамі і дзецьмі па розных пытаннях. Сайт выкарыстоўваецца як на ўроках інфарматыкі, так і на факультатыўных занятках. У выніку павысілася матывацыя да прадмета, палепшылася паспяховасць, актывізаваўся алімпіядны рух. Развіваецца сістэма дыстанцыйнага навучання, у тым ліку і для малодшых школьнікаў.

Факультатыўная праграма “Развіццёвая інфарматыка” дазваляе сістэмна працаваць з навучальнымі праграмнымі комплексамі, развіваць пазнавальную актыўнасць малодшых школьнікаў праз гульнёвыя метады навучання. Асвойваючы камп’ютар у пачатковых класах, вучні могуць выкарыстоўваць яго ў далейшай дзейнасці, а ў настаўнікаў пашыраюцца магчымасці па прымяненні ІКТ на ўсіх прадметах. ІКТ уводзяцца ў змест кожнага прадмета пачатковай школы.

Вялікая ўвага ўдзяляецца інтэграваным урокам у пачатковых класах. У школе створана творчая група па распрацоўцы такіх урокаў. Для пачатковай школы распрацаваны адзіны тэматычны план, які складаецца з 52 інтэграваных заняткаў. Члены творчай групы праводзяць адкрытыя інтэграваныя ўрокі.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце бярозаўскай сярэдняй школы № 3 Т.П.Крупеня засяродзіла ўвагу на стварэнні ўмоў для паспяховай самарэалізацыі вучняў з розным узроўнем адукацыйных магчымасцей шляхам прымянення індывідуальнага падыходу ў навучанні і выхаванні. Над гэтым працуюць 45 настаўнікаў, з якіх 69% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыную катэгорыю, а 72% - працоўны стаж звыш 15 гадоў.

Для рэалізацыі дыферэнцаванага падыходу і індывідуальнай работы вучняў на ўроку настаўнікі пачатковых класаў выкарыстоўваюць практыкаванні, якія дазваляюць кожнаму выхаванцу максімальна развіваць пазнавальныя здольнасці і трывала авалодаць вучэбным матэрыялам. З дапамогай такіх практыкаванняў дзеці пад кіраўніцтвам педагога становяцца ўдзельнікамі дыскусій, вучацца разважаць, даследаваць, супастаўляць і параўноўваць. Гэта істотна павышае пазнавальную актыўнасць школьнікаў. Акрамя таго, настаўнікі выкарыстоўваюць рознаўзроўневыя заданні і тэсты, а таксама 19 ЭСН са школьнай медыятэкі. Педагогі самі ствараюць мультымедыйныя прэзентацыі ўрокаў, факультатыўных заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў.

Дзякуючы сістэмнай рабоце, дзеці паспяхова засвойваюць вучэбны матэрыял, вынікова выступаюць на алімпіядах і конкурсах. Ажыццяўляецца псіхолага-педагагічнае суправаджэнне малодшых школьнікаў, якое ўключае розныя дыягнастычныя даследаванні. Па іх выніках праводзіцца карэкцыйная работа.

У школе створаны ўмовы для паспяховай самарэалізацыі розных вучняў. Так, для высокаматываваных і адораных дзяцей дзейнічаюць факультатывы, гурткі і спартыўныя секцыі, арганізаваны праектна-даследчыя канферэнцыі, алімпіяды, прадметныя тыдні, інтэлектуальныя конкурсы, стымулюючыя заняткі. Для нізкаматываваных і слабапаспяховых вучняў на розных этапах урока наладжана дыферэнцаваная работа пры выкладанні новага матэрыялу, праводзяцца падтрымліваючыя і карэкцыйныя заняткі.

Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Здзітаўскай сярэдняй школы Т.С.Ажажа спыніла ўвагу на развіцці інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў у пазакласнай рабоце:

- Выхоўваць сацыяльную актыўнасць школьнікаў мы пачынаем ужо з пачатковых класаў. Усе пазакласныя мерапрыемствы (гульні, віктарыны, экскурсіі, конкурсы) скіраваны на развіццё інтэлекту і выхаванне дзяцей. Паколькі школу наведваюць усяго 113 вучняў, падчас мерапрыемстваў дзяленне на старшых і малодшых ледзь заўважнае. Пачаткоўцы запрашаюцца на майстар-класы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, семінары. Малодшыя школьнікі – актыўныя ўдзельнікі ўсіх праектаў, працоўных спраў і свят. З пачатковых класаў дзеці вучацца працаваць у камандзе. Так, пяцікласнікі стварылі кнігу “Да зямлі роднай з любоўю”, дзе змясцілі нарысы пра прыгажосць роднай прыроды і каштоўнасць чалавечых адносін. Пачаткоўцы прыдумалі і намалявалі ілюстрацыі да тэкстаў, а старшакласнікі дапамаглі аформіць кнігу. Сумесная праца аб’яднала ўсіх.

Станоўчым прыкладам каманднай работы з’яўляецца “Школьны мясцовы парадак для ўстойлівага развіцця вёскі”. З 2007 года ініцыятыўная група настаўнікаў, вучняў, іх бацькоў і аўтарытэтных жыхароў вёскі ўключылася ў работу па распрацоўцы і рэалізацыі мясцовай стратэгіі ўстойлівага развіцця. Педагогі і дзеці разважалі над тым, як палепшыць якасць жыцця ў школе і вёсцы. Быў распрацаваны вобраз жаданай будучыні вёскі Здзітава, вызначаны канкрэтныя крокі настаўнікаў і вучняў.

На працягу некалькіх гадоў быў рэалізаваны шэраг сумесных праектаў: створаны эколага-этнаграфічны музей “Здзітаўскі фальварак” і школьны інфармацыйны цэнтр па ўстойлівым развіцці “Да ўстойлівага Здзітава – з дапамогай спорту”, а таксама рэалізаваны праект “Зялёны маршрут “Між трох азёр”. Музей размешчаны ў сельскай хаце, перададзенай былой жыхаркай вёскі. Школьнікі правялі рэканструкцыю старога дома з захаваннем яго аўтэнтычнасці. Усе музейныя экспанаты знаходзяцца ў рабочым стане. У музеі ладзяцца тэматычныя адукацыйныя экскурсіі, святочныя абрады і мерапрыемствы. Акрамя таго, рэалізацыя праектаў актывізавала навукова-даследчую дзейнасць вучняў. Даследаванні адзначаны дыпломамі і прысвечаны флоры, фаўне, традыцыям, моўнай прасторы, сацыяльна-эканамічным праблемам вёскі.

У школе выкладаецца курс “Здзітавазнаўства”. Пачаткоўцы з’яўляюцца актыўнымі членамі клуба “Крылаты дазор”, удзельнічаюць у розных экалагічных акцыях. Папулярнасцю карыстаецца школьны фальклорны ансамбль “Радавод”, на рахунку якога шмат узнагарод.

Дзеці ўпэўнены: можна жыць у маленькай вёсцы, але пры гэтым адчуваць сябе часткай сусветнай супольнасці, імкнуцца ўдзельнічаць у вырашэнні глабальных праблем, а можна жыць у мегаполісе і заставацца адзінокім, жыць адасоблена. Пачаткоўцы ўключаюцца ў “дарослую” праектную дзейнасць, ініцыіруюць мікраініцыятывы. Гэта стварае сітуацыю поспеху і дапамагае ў далейшым жыцці.

Настаўніца пачатковых класаў Белаазёрскай гімназіі В.С.Сцяпурка падзялілася цікавым вопытам прафарыентацыі пачаткоўцаў:

- Ці патрэбна ў пачатковай школе займацца прафарыентацыяй вучняў? Многія бацькі і нават педагогі лічаць, што гэта вельмі рана і не мае сэнсу: маўляў, дзіця вырасце і само разбярэцца, кім быць. Сёння прафарыентацыя ў школе пачынаецца ў старшых класах. Пералік прапануемых прафесій невялікі, а звесткі пра іх мінімальныя. Каб выпускнікі свядома зрабілі прафесійны выбар, іх трэба пазнаёміць з максімальнай колькасцю прафесій. Для гэтага якраз добра падыходзіць пачатковая школа. Чым раней выявіцца імкненне да пэўнай працоўнай дзейнасці, тым больш усвядомленым будзе выбар прафесіі ў будучыні.

Вялікі прафарыентацыйны матэрыял утрымліваюць усе вучэбныя прадметы. На ўроках дзеці атрымліваюць першапачатковыя ўяўленні пра працу людзей і мноства розных прафесій. У сваю чаргу выхаваўчая работа садзейнічае фарміраванню любові да працы. Не трэба забываць і пра наглядныя матэрыялы, экскурсіі на прадпрыемствы і “прафарыентацыйныя” гульні, гурткі і факультатывы. У нашай гімназіі дзейнічае факультатыў “Вытокі роднай мовы” для 1 – 4 класаў, адметнасцю якога з’яўляецца прафарыентацыйная скіраванасць.

Падчас семінара цікавымі напрацоўкамі падзяліліся і іншыя педагогі Бярозаўшчыны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.