Семiнар
13.11.2012У Брэсце прайшоў трохдзённы абласны семінар-практыкум, прысвечаны развіццю маладзёжных валанцёрскіх ініцыятыў у сферы здаровага ладу жыцця і выхаванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў школьнікаў. Арганізатарамі мерапрыемства, у якім удзельнічалі спецыялісты аддзелаў адукацыі і метадысты вучэбна-метадычных кабінетаў, выступілі Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі і культурна-творчае грамадскае аб’яднанне “Калегіум”.
- Сёння сур’ёзную заклапочанасць выклікаюць праблемы, звязаныя з праяўленнем рызыкоўных паводзін моладзі: далучэнне да нікаціну, алкаголю і наркотыкаў, раннія палавыя кантакты, суіцыдальныя настроі, - адзначыў першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф.Жук. – У сувязі з гэтым прафілактычная работа з’яўляецца прыярытэтным напрамкам дзейнасці многіх дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, у тым ліку і ўстаноў адукацыі Брэстчыны. Вялікую прафілактычную работу праводзяць педагогі-псіхолагі, сацыяльныя педагогі і класныя кіраўнікі. На іх баку вопыт, веды, уменне працаваць з дзіцячай аўдыторыяй.
Ці заўсёды падлеткі ўспрымаюць інфармацыю, якую імкнуцца данесці да іх дарослыя? На жаль, далёка не заўсёды меркаванні дарослых з’яўляюцца для падлеткаў вызначальнымі. А вось меркаванні равеснікаў для дзяцей куды больш значныя. Таму для павышэння эфектыўнасці прафілактычных мер неабходна далучаць саму моладзь. Удзел падлеткаў у рэалізацыі праграм па прынцыпе “роўны навучае роўнага” дазваляе ім задаволіць імкненне быць дарослымі, атрымаць правы і функцыі, якія традыцыйна належаць дарослым, пашырыць кругагляд і сфарміраваць грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да грамадскіх праблем. Ва ўстановах адукацыі вобласці назапашаны дастатковы вопыт у гэтым плане. На базе БрАІРА педагогі павышаюць кваліфікацыю па розных напрамках прафілактычнай работы. Распрацаваны і праведзены больш за 350 адукацыйных заняткаў са школьнікамі вобласці па такіх тэмах, як “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі сярод вучняў: мадэль адказных і бяспечных паводзін”, “Здароўе – гэта лад жыцця” і “Стыгма і дыскрымінацыя: адносіны да людзей, якія жывуць з ВІЧ”.
На Брэстчыне рэалізоўваецца рэспубліканскі праект “Равеснік навучае равесніка” (каардынатар БрАІРА), у рамках якога ўжо два гады паспяхова працуюць 10 абласных апорных пляцовак на базе ўстаноў адукацыі Брэста, Баранавіч, Лунінца, Ляхавіч і Піншчыны. На гэтых пляцоўках арганізавана навучанне падлеткаў як валанцёраў-інструктараў. У далейшым падлеткі ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць па прапагандзе здаровага ладу жыцця і прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі сярод навучэнскай моладзі, навучаюць равеснікаў эфектыўным зносінам, адказным і бяспечным паводзінам у рызыкоўных сітуацыях.
Валанцёрскія клубы “Вектар” (Брэст), “Равеснік – равесніку” (Пінск), “Новае пакаленне” (Пінскі раён) і валанцёрская група баранавіцкага ліцэя № 1 даўно вядомы за межамі сваіх навучальных устаноў. Яны выступаюць у суседніх школах, аздараўленчых цэнтрах і летніках, школах-інтэрнатах. Удзельнікамі сустрэч з’яўляюцца вучні, якія пражываюць у раёнах, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, дзеці з сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становічшы, падлеткі, што стаяць на ўліку ў ІСН, і дзеці-інваліды. Валанцёры смела ўваходзяць у незнаёмыя аўдыторыі равеснікаў і на працягу некалькіх гадзін зносін адказваюць на любыя пытанні падлеткаў, якія тычацца пэўнай тэмы.
У Брэсце сфарміраваны абласны валанцёрскі атрад старшакласнікаў, які за апошні год правёў 68 трэнінгаў для амаль адной тысячы 14 – 17- гадовых падлеткаў. Па выніках работы апорных пляцовак па ўкараненні прынцыпу “роўны навучае роўнага” на базе адпачынку “Белае возера” ў Брэсцкім раёне быў праведзены абласны фестываль валанцёрскіх каманд у рамках валанцёрскага летніка “Мы розныя, але роўныя”. У ім удзельнічалі педагогі і валанцёры-інструктары роўнага навучання з ліку школьнікаў. Падчас фестывалю былі распрацаваны і праведзены навучальныя трэнінгі з падлеткамі па новых актуальных тэмах прафілактыкі і здаровага ладу жыцця: прафілактыка камп’ютарнай залежнасці ў падлеткаў, эфектыўныя спосабы выхаду з канфлікту, рэпрадуктыўнае здароўе, рацыянальнае харчаванне, уплыў музыкі на псіхіку чалавека і інш. Міжнародныя эксперты далі высокую ацэнку рэалізацыі праекта.
Вялікую падтрымку ў рэалізацыі праграм роўнага навучання ўстановам адукацыі аказваюць грамадскія арганізацыі: “Калегіум” (Пінск), Беларускі Чырвоны Крыж, Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых, Асацыяцыя беларускіх гайдаў. Сярод педагогаў-кансультантаў варта вылучыць Надзею Аўсіевіч, Чаславу Дудараву, Наталлю Красько, Іну Ліра, Вольгу Літвінчук, Ганну Кагіціну і Вольгу Стромскую.
- На жаль, гэты напрамак работы рэалізоўваецца толькі ў асобных рэгіёнах вобласці, - адзначыў А.Ф.Жук. – Існуе праблема і з падборам добрых педагогаў-кансультантаў, неабыякавых да праблем падлеткаў, падкаваных у псіхалогіі і ўзроставай фізіялогіі, з абвостраным пачуццём такту і меры, цвёрдымі маральнымі прынцыпамі. Даводзіцца сутыкацца і з фармалізмам у прафілактычнай рабоце, што недапушчальна. Поспех вызначаюць не колькасць мерапрыемстваў і ўдзельнікаў у іх, а карысныя вывады, зробленыя самімі дзецьмі. Неабходна больш актыўна фарміраваць у школьнікаў і культуру паводзін, а таксама выкарыстоўваць патэнцыял БРПА і БРСМ.>
- Дарослыя разумеюць актуальнасць тэмы здаровага ладу жыцця, але не заўсёды гатовы мяняць формы работы з моладдзю, шукаць больш эфектыўныя метады выхавання, - расказала метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы БрАІРА А.Г.Дзмітрыева. – Многія педагогі выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці малаэфектыўныя формы работы: конкурсы плакатаў, выступленні спецыялістаў аховы здароўя, танцавальна-музычныя вечарыны прафілактычнага кірунку, масавыя непрацяглыя акцыі і флэшмобы. Яны ахопліваюць вялікую колькасць удзельнікаў, але наўрад ці дазваляюць дастукацца да свядомасці кожнага школьніка, не фарміруюць ведаў, уменняў і адносін да праблем, звязаных са здароўем, не маюць зваротнай сувязі. Навучанне па прынцыпе “роўны навучае роўнага” – гэта адукацыйная дзейнасць, якую ажыццяўляюць самі падлеткі ў асяроддзі равеснікаў. Перавага такой формы работы заключаецца ў тым, што яна інтэрактыўная і арганізоўваецца ў малых групах, дзе можна пачуць кожнага, дапамагчы кожнаму, зматываваць і пабудзіць да рэфлексіі.
Вопыт паказаў, што валанцёрскі рух развіваецца толькі ў тых установах адукацыі, дзе педагогі-кансультанты маюць унутраную матывацыю, дзе адчуваецца падтрымка і зацікаўленасць з боку адміністрацыі школы, дзе назіраецца цеснае супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі і эфектыўная каардынацыйная дзейнасць спецыялістаў (метадыстаў) аддзелаў адукацыі. У перспектыве плануецца пашыраць станоўчы вопыт валанцёрскага руху ў іншых установах адукацыі вобласці і выпусціць метадычны дапаможнік для кіраўнікоў валанцёрскіх груп па выніках абагульнення вопыту работы апорных пляцовак Брэстчыны.
Сваімі напрацоўкамі ў рэалізацыі прынцыпу “роўны навучае роўнага” падзяліліся і прадстаўнікі Гродзеншчыны. Надзвычай цікавай атрымалася прэзентацыя вопыту работы апорных пляцовак. Валанцёры з розных клубаў вобласці правялі трэнінгі па такіх тэмах, як “Рэпрадуктыўнае здароўе і прафілактыка ранняй цяжарнасці” (з улікам гендарных асаблівасцей мэтавай групы), “Рызыка і рызыкоўныя паводзіны” (навучанне равеснікаў праз інтэрактыўнае дзеянне, скіраванае на развіццё навыкаў бяспечных паводзін у рызыкоўнай сітуацыі), “Прафілактыка камп’ютарнай залежнасці” (прыёмы работы з вучнямі, скіраваныя на фарміраванне паводзінскай устойлівасці асобы) і “Пра шкоду і карысць сучасных дэвайсаў” (павышэнне ўзроўню інфармаванасці моладзі пра ўплыў сучасных тэхнічных устройстваў на здароўе чалавека). Вынікі семінара-практыкуму былі падведзены на круглым стале.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.