Пленум

8.11.2012

У Брэсцкім аблвыканкаме адбыўся справаздачны пленум абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і калегіі абласнога ўпраўлення адукацыі. У мерапрыемстве, якое праходзіла ў фармаце відэаканферэнцыі, прынялі ўдзел каля 1,5 тысячы чалавек, у тым ліку старшыня рэспубліканскага галіновага прафсаюза А.А.Бойка.

Кіраўнікі абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і абласнога ўпраўлення адукацыі В.А.Харытановіч і М.А.Ціханчук расказалі пра забеспячэнне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў педагогаў Брэстчыны.

Па словах В.А.Харытановіча, асноўная работа прафсаюзных органаў вобласці скіравана на ўдасканаленне калектыўна-дагаворных адносін ва ўстановах адукацыі і павышэнне адказнасці сацыяльных партнёраў за выкананне прынятых калектыўных дагавораў і пагадненняў.

- Адной з галоўных задач з’яўляецца павышэнне матывацыі прафсаюзнага членства, прыцягненне работнікаў у галіновы прафсаюз для захавання і ўмацавання яго арганізацыйнага адзінства, - адзначыў Віктар Андрэевіч. – Дзякуючы мэтанакіраванай матывацыйнай рабоце, за апошнія тры гады колькасць членаў прафсаюза не скарачалася. Тым не менш здараюцца выпадкі добраахвотнага выхаду работнікаў з прафсаюза. Летась такое рашэнне прынялі 138 чалавек. Сярод асноўных прычын – дасягненне пенсіённага ўзросту, міжасобасныя адносіны ў педкалектывах, прыналежнасць да іншых грамадскіх арганізацый і нязгода з дзейнасцю прафсаюза, страта прафсаюзных ільгот пры дасягненні дзецьмі паўналетняга ўзросту, асабісты канфлікт з адміністрацыяй установы. Даволі часта выхад з прафсаюза выкліканы асабістымі прычынамі, якія не агучваюцца. Асноўную катэгорыю тых, хто гэта зрабіў, складаюць настаўнікі перадпенсіённага і пенсіённага ўзросту, а таксама работнікі з нізкім заробкам.

Значную ўвагу прафкамы ўдзяляюць навучанню прафсаюзнага актыву праз розныя семінары. Для актывізацыі прафсаюзных арганізацый, павышэння эфектыўнасці іх работы, развіцця ініцыятывы і творчасці членаў прафсаюза праводзяцца агляды, конкурсы, культурна-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, у тым ліку сумесна з абласным упраўленнем адукацыі. Так, летась прайшлі абласныя этапы рэспубліканскага фестывалю песні работнікаў сістэмы адукацыі “Песня застаецца з чалавекам”, у якім удзельнічалі мастацкія калектывы навучальных устаноў з усіх рэгіёнаў Брэстчыны, і конкурсу “Прафсаюзны лідар”. Па выніках рэспубліканскага спаборніцтва старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БрДУ імя А.С.Пушкіна І.А.Жак стала пераможцай у адпаведнай намінацыі.

На працягу 7 гадоў у вобласці праводзіцца агляд-конкурс на лепшую арганізацыю сацыяльнага партнёрства сярод гарадскіх і раённых аддзелаў адукацыі і тэрытарыяльных прафсаюзных арганізацый. Гэтае спаборніцтва садзейнічае паляпшэнню калектыўна-дагаворных адносін у рэгіёнах.

Удасканальваецца і інфармацыйная работа. Штоквартал ва ўстановах адукацыі раёнаў ладзяцца дні прафсаюзнай інфармацыі. Рэгулярна рыхтуюцца інфармацыйныя веснікі, брашуры, лістоўкі і метадычныя рэкамендацыі па асноўных напрамках прафсаюзнай дзейнасці. На сайце абкама своечасова размяшчаецца інфармацыя пра дзейнасць прафсаюзных органаў па забеспячэнні працоўных, сацыяльна-эканамічных і законных інтарэсаў членаў прафсаюза. Заснавана кніга гонару абласной арганізацыі галіновага прафсаюза, куды занесены лепшыя прафсаюзныя актывісты і ветэраны педагагічнай працы Брэстчыны.

Разам з абласным упраўленнем адукацыі ў рэгіёнах праводзяцца дні сацыяльнага партнёрства. Арганізоўваюцца асабістыя прыёмы, сустрэчы з працоўнымі калектывамі, семінары па розных пытаннях. У такіх мерапрыемствах удзельнічаюць і кіраўнікі рай(гар)выканкамаў. Актыўна выкарыстоўваюцца сумесныя прамыя лініі і круглыя сталы.

Што тычыцца работы па забеспячэнні працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў работнікаў адукацыі, то сёння ў вобласці дзейнічае пагадненне, заключанае паміж абласным упраўленнем адукацыі і абкамам галіновага прафсаюза. Намаганні сацыяльных партнёраў скіраваны на паслядоўнае ўдасканаленне сацыяльна-працоўных адносін ва ўстановах адукацыі. Вынікі рэалізацыі галіновага пагаднення разглядаюцца двойчы ў год. Пры неабходнасці аператыўна ўносяцца змены і дапаўненні ў пагадненне і калектыўныя дагаворы. Дзякуючы гэтаму, пагадненне істотна паляпшае становішча работнікаў галіны ў параўнанні з існуючым заканадаўствам. Важна, што даецца прававая ацэнка калектыўных дагавораў устаноў адукацыі.

- Пра стабільнасць калектыўна-дагаворных адносін сведчаць вынікі анкетавання, у якім прынялі ўдзел амаль адна тысяча працуючых членаў прафсаюза, - расказаў В.А.Харытановіч. – 64% апытаных аддаюць перавагу кантрактнай форме найму пры абавязковым выкананні ўсіх норм абласнога галіновага пагаднення. Каля 90% адказалі, што іх правы ва ўстановах адукацыі не парушаюцца, а 8% лічаць, што іх інтарэсы і правы абараняе прафкам. Сярод пераможцаў мінулагодняга рэспубліканскага конкурсу на лепшы рэалізаваны калектыўны дагавор устаноў адукацыі – БрДУ імя А.С.Пушкіна і брэсцкая сярэдняя школа № 15.

У вобласці ажыццяўляецца грамадскі кантроль, які ўключае маніторынгі і праверкі ўстаноў адукацыі. Галоўная мэта гэтай работы – аказанне метадычнай дапамогі пры арганізацыі кадравага справаводства і выкананні заканадаўства па аплаце працы педагогаў. Такім чынам за апошнія тры гады былі выяўлены амаль 3,7 тысячы парушэнняў заканадаўства аб працы.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца забеспячэнню працоўных правоў работнікаў пры кантрактнай форме найму. Каля 89% работнікаў галіны працуюць па кантракце. Амаль 78% кантрактаў заключаны на тэрмін ад 3 да 5 гадоў. Сітуацыя, калі наймальнік не жадае працягваць кантракт падначаленаму, нягледзячы на адсутнасць дысцыплінарных спагнанняў у яго на працягу апошняга года, вырашаецца на карысць работніка.

Што тычыцца дадатковых мер стымулявання працы, то павышэнне працоўнага акладу “кантрактнікам” не прымяняецца ў Брэсцкім, Ганцавіцкім, Драгічынскім, Камянецкім і Пінскім раёнах, а таксама ў шэрагу ПТНУ. Ва ўстановах адукацыі Брэста, Баранавіцкага, Ляхавіцкага і Пружанскага раёнаў павышаную тарыфную стаўку маюць толькі ад 1% да 9% работнікаў. Нягледзячы на гэта і на магчымасць пераходу на бестэрміновы працоўны дагавор, за апошнія два гады такім правам скарысталіся менш за 20 чалавек.>

Адным з рэзерваў павышэння заробкаў педагогаў з’яўляецца павышэнне іх кваліфікацыйных катэгорый. Сёння 32% педагогаў вобласці маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 44,6% - першую і 12,4 – другую. Як бачна, настаўнікам Брэстчыны ёсць да чаго імкнуцца. Маладыя спецыялісты ва ўсіх раёнах вобласці маюць 10-працэнтнае павышэнне тарыфнай стаўкі (у Бярозаўскім раёне – 20-працэнтнае павышэнне). Па-ранейшаму нізкімі застаюцца заробкі педагогаў устаноў дашкольнай і дадатковай адукацыі.

Вынікі праведзенага анкетавання паказалі, што 60% апытаных лічаць прычынай, якая выклікае незадавальненне работай, нізкі ўзровень заробку і толькі 0,8% - дрэнную арганізацыю працы. Амаль 40% апытаных цалкам задаволены ўмовамі работы, аплаты і матэрыяльнага стымулявання працы ў калектыве.

Адным з вядучых напрамкаў дзейнасці прафсаюза з’яўляецца грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб ахове працы. Прафсаюзныя арганізацыі прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы устаноў адукацыі да навучальнага года. Сумесна з абласным упраўленнем адукацыі рэалізоўваюцца мерапрыемствы па ўмацаванні працоўнай дысцыпліны, маніторынгі і праверкі арганізацыі работы па ахове працы. Так, у 2010 – 2012 гадах была прааналізавана дзейнасць 84 устаноў адукацыі вобласці, дзе выяўлены 1,1 тысячы розных парушэнняў.

Важную ролю ў актывізацыі грамадскага кантролю па ахове працы адыгрывае штогадовы агляд-конкурс на лепшую арганізацыю прафсаюзам грамадскага кантролю па ахове працы. Добрых вынікаў у гэтай рабоце дасягнулі ў Аснежыцкай сярэдняй школе Пінскага раёна, пінскім яслях-садзе № 8 і Дамачаўскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна. Ёсць чым і кім ганарыцца і ва ўстановах адукацыі Кобрыншчыны. Дзякуючы сістэмнай рабоце, зніжаецца ўзровень вытворчага траўматызму.

Разам з тым па-ранейшаму існуюць праблемы з набыццём спецадзення, эксплуатацыяй няспраўнага станочнага абсталявання (больш за 30% станкоў уяўляюць сур’ёзную небяспеку пры эксплуатацыі). Здараецца, што няшчасныя выпадкі з дзецьмі замоўчваюцца.

Аналіз зваротаў у абкам прафсаюза паказвае, што актуальнымі застаюцца пытанні аказання матэрыяльнай дапамогі, прэміравання, стымулявання працы, размеркавання вучэбнай нагрузкі, прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці і інш.

Вялікая работа праводзіцца і з ветеранамі педагагічнай працы. На прафсаюзным уліку знаходзіцца каля 7,7 тысячы такіх людзей. Ветэраны педагагічнай працы актыўна прыцягваюцца да грамадскай работы. Абагульнены матэрыялы пра дынастыі, якія маюць педагогаў у двух-пяці пакаленнях. Прадстаўнікі дынастый – пастаянныя ўдзельнікі школьных мерапрыемстваў. Падрыхтаваны зборнік “Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны сістэмы адукацыі”, дзе сабраны ўспаміны ветэранаў і ваенныя фотаздымкі. Назапашаная інфармацыя стала асновай абноўленых экспазіцый школьных музеяў. Адзінокім ветэранам аказваецца неабходная дапамога па гаспадарчых пытаннях. На магілах заслужаных людзей адукацыйнай галіны наводзіцца парадак, аднаўляюцца помнікі.>

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.