Вопыт

8.11.2012

На працягу года ў Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі прэзентуецца вопыт работы рэгіянальных вучэбна-метадычных кабінетаў. Нядаўна сваімі напрацоўкамі па розных напрамках дзейнасці дзяліліся метадысты і педагогі Жабінкаўскага, Драгічынскага, Пінскага і Пружанскага раёнаў.

У аддзеле адукацыі Жабінкаўскага райвыканкама, як расказала загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета В.У.Карпук, вялікая ўвага ўдзяляецца дыферэнцаванаму падыходу ў арганізацыі работы з педагогамі. Вольга Уладзіміраўна ўпэўнена, што і дзейнасць метадычнай службы павінна быць дыферэнцаванай. Гэта добра ўплывае на прафесійнае развіццё кадраў.

У невялікім Жабінкаўскім раёне працуюць усяго 12 школ і 11 дзіцячых садкоў. У іх рабоце задзейнічаны крыху больш за 600 педагогаў. Зразумела, што пры такіх “зручных” умовах у полі зроку метадыстаў знаходзяцца ўсе работнікі адукацыйнай галіны раёна. Задача ВМК – заўважыць і ацаніць кожнага, дапамагчы ў прафесійным развіцці, скіраваць да абмену вопытам з іншымі.

Дыферэнцыяцыя метадычнай работы з педкадрамі прадугледжвае прыцягненне педагогаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі да дзейнасці творчых груп, кіраўніцтва метадычнымі аб’яднаннямі, правядзення майстар-класаў, удзелу ў навукова-практычных канферэнцыях і прафесійных конкурсах, а таксама фарміраванне ў педагогаў арыентацыі на дыялог, публічныя выступленні і самаадукацыю. Многія добрыя настаўнікі баяцца гэтага, таму метадысты павінны не толькі выяўляць іх, але і дапамагаць ім максімальна раскрыць свой прафесійны патэнцыял.

Работа з кадрамі будуецца на прынцыпах дыферэнцыяцыі 48 раённых метадычных фарміраванняў, большасць з якіх з’яўляюцца малаколькаснымі. У раёне дзейнічаюць 3 кансультацыйныя пункты, у тым ліку на базе школ, 2 творчыя групы настаўнікаў матэматыкі і пачатковых класаў і 3 майстар-класы для настаўнікаў-пачаткоўцаў і філолагаў, а таксама для кіраўнікоў аб’яднанняў па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Для стымулявання прафмайстэрства педагогаў ладзяцца метадычныя фестывалі, конкурсы прадметных кабінетаў, распрацовак урокаў і інш.

Цікавым вопытам работы па развіцці літаратурна-творчых здольнасцей вучняў на ўроках літаратуры падзялілася настаўніца рускай мовы і літаратуры жабінкаўскай сярэдняй школы № 1 І.В.Созінава, якая правяла для калег майстар-клас.

Загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Драгічынскага райвыканкама Н.І.Каласей расказала пра работу ВМК па стварэнні ўмоў для павышэння прафесіяналізму намеснікаў дырэктараў праз развіццё ключавых кампетэнцый. Па словах Надзеі Іванаўны, неабходным складнікам прафесіяналізму з’яўляецца кампетэнтнасць – сукупнасць прафесійных і асобасных якасцей, неабходных для паспяховай педагагічнай дзейнасці. Для таго каб кіраваць развіццём асобы педагогаў, неабходна быць самому кампетэнтным. З гэтай мэтай творчая група намеснікаў дырэктараў распрацавала спецыяльны педагагічны праект у выглядзе логіка-сэнсавай мадэлі.

У раёне функцыянуюць 50 устаноў адукацыі, дзе працуюць каля 1,2 тысячы педагагічных работнікаў. Сярод іх 35 намеснікаў дырэктараў па вучэбнай, вучэбна-метадычнай і вучэбна-выхаваўчай рабоце. Усе яны маюць розны ўзровень падрыхтоўкі і вопыт адміністрацыйнай дзейнасці. Улічваючы гэта, былі вызначаны ўзроўні развіцця кампетэнцый для кожнага педагога. Так, на ўзроўні адаптацыі для пачынаючых намеснікаў дырэктараў працавалі кансультацыйныя пункты “Выконваем санітарныя нормы і правілы пры арганізацыі адукацыйнага працэсу” і “Нарматыўная база ўстаноў”, праводзіліся дзелавыя гульні “Вывучаем Кодэкс аб адукацыі Беларусі”, семінары-практыкумы “Пастаноўка мэт на вучэбных занятках”. На ўзроўні станаўлення ажыццяўлялася работа па арганізацыі збору вопыту і яго распаўсюджванні. На спецыяльнай выставе вопыту намеснікаў дырэктараў былі паспяхова прэзентаваны напрацоўкі Н.У.Жукавай з драгічынскай сярэдняй школы № 1 (“Фарміраванне ў вучняў ўстойлівага навыку чытання”), Л.І.Каняховіч з Імянінскай сярэдняй школы (“Школа і здароўе вучняў”), Н.У.Саліта з Хомскай сярэдняй школы (“Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі як умова дасягнення новай якасці адукацыі”) і Т.В.Маскалёвай з Немяржанскай сярэдняй школы (“Стварэнне ўмоў для развіцця асобы школьнікаў сродкамі рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу”).

На ўзроўні самаразвіцця працуюць Л.В.Братчэня, Г.П.Гардзяйчук і Г.З.Мядзведзь. Дзякуючы іх высокаму прафесіяналізму, у раёне фарміруецца станоўчы вопыт. Так, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Драгічынскай гімназіі Л.В.Братчэня мае напрацоўкі па развіцці творчасці педагогаў праз арганізацыю дзейнасці ўстановы ў інавацыйным рэжыме. Кіраўніцкі вопыт педагога па рабоце з адоранымі дзецьмі і інавацыйнай дзейнасці апублікаваны на старонках “Настаўніцкай газеты” і часопісаў “Народная асвета” і “Кіраванне ў адукацыі”.

Творчая група пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Асавецкага ВПК “дзіцячы сад – сярэдняя школа” Г.З.Мядзведзь вызначыла этапы развіцця кампетэнцый педагогаў і вучняў, а таксама ключавыя кампетэнцыі, неабходныя для эфектыўнай работы намеснікаў дырэктараў. Сярод іх – арганізацыйна-дзейнасная (планаванне новых адукацыйных вынікаў, стварэнне норм дзейнасці), прадметна-метадалагічная (арыентацыя ў сучасных даследаваннях і іх умелае выкарыстанне), інфармацыйна-камунікацыйная (развіццё ўменняў па авалоданні сучаснымі тэхналогіямі) і акмеалагічная (уменне выбраць неабходны напрамак і форму для прафесійнага росту) кампетэнцыі.

Вопыт намеснікаў дырэктараў па развіцці кампетэнцый дэманструецца на канферэнцыях і семінарах-практыкумах. Для развіцця кіраўніцкіх тэхналогій ствараюцца часовыя групы. На базе розных навучальных устаноў вывучаюцца найбольш праблемныя пытанні. У жніўні ладзяцца майстар-класы, у якіх удзельнічаюць як педагогі, так і намеснікі дырэктараў. Акрамя таго, намеснікі дырэктараў на працягу года ўдзельнічаюць у майстар-класах па праектаванні інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі.

Падчас прэзентацыі вопыту работы Драгічынскага раённага ВМК намеснік дырэктара Драгічынскай гімназіі А.В.Арлінская правяла дзелавую гульню на аснове еўрапейскіх адукацыйных стандартаў “Развіццё кампетэнцый вучняў”, а настаўніца матэматыкі драгічынскай сярэдняй школы № 1 А.Б.Пратасевіч – майстар-клас, на якім паказала вялікі выхаваўчы патэнцыял урока матэматыкі.

Загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Пінскага райвыканкама С.К.Кахновіч падзялілася вопытам ВМК па аказанні кансалтынгавых паслуг педагогам і адукацыйнага аўдыту ўстановам адукацыі раёна. У 77 установах адукацыі Піншчыны працуюць больш за 1,3 тысячы педагогаў, з якіх 62% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

Работа ВМК будуецца на аснове кампетэнтнаснага падыходу, што дазваляе ажыццяўляць навукова-метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу дыферэнцавана, забяспечваць бесперапынную адукацыю і прафесійнае развіццё педагагічных і кіраўніцкіх кадраў. Сёння ў раёне дзейнічаюць 75 метадычных фарміраванняў, якія ўлічваюць вопыт і ўзровень прафесіяналізму педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі.

Па выніках правядзення метадычных мерапрыемстваў і работы метадычных фарміраванняў выдаюцца зборнікі метадычных матэрыялаў і штогадовыя метадычныя часопісы “Метадычны веснік”. З мэтай выяўлення таленавітых і творчых педагогаў, павышэння прэстыжу настаўніцкай прафесіі праводзіцца конкурс “Педагагічны пошук”. Акрамя таго, у раёне праходзіць конкурс-прэзентацыя на лепшае метадычнае аб’яднанне “Эстафета творчасці і майстэрства”, скіраваны на ўдасканаленне педагагічнага майстэрства і метадычнай культуры кожнага настаўніка, выяўленне і прапаганду наватарскага і перадавога педагагічнага вопыту.

Па словах С.К.Кахновіч, кансалтынгавыя паслугі ўяўляюць сабой падрабязны і поўны аналіз існуючай сітуацыі і распрацоўку неабходных рэкамендацый па далейшых дзеяннях для павышэння метадычнай і кіраўніцкай эфектыўнасці работы. Добра арганізаваная кансалтынгавая служба дапамагае педагогам у вырашэнні многіх праблем: развівае навыкі самаадукацыі і самавыхавання ў сістэме падрыхтоўкі да педагагічнай дзейнасці, прафесійна значныя якасці педагога (эрудыцыя, практычнае і дыягнастычнае мысленне, назіральнасць, прадбачанне і рэфлексія), інтарэс да педагагічнай працы, матывацыйна-каштоўнаснае стаўленне да прафесіі, а таксама забяспечвае псіхалагічную падрыхтоўку. Зыходзячы з гэтага, ВМК выяўляе праблемы і цяжкасці ў дзейнасці ўстаноў адукацыі, вывучае змест, формы, метады і ўмовы для павышэння педмайстэрства і развіцця творчага патэнцыялу педагогаў, ажыццяўляе дыягностыка-карэкцыйную работу для павышэння эфектыўнасці метадычнай дзейнасці ва ўстановах, займаецца пошукам і абагульненнем эфектыўнага педагагічнага вопыту.>

ВМК выконвае адрасныя заяўкі ўстаноў адукацыі, якія ўтрымліваюць індывідуальныя запыты па актуальных праблемах і ўлічваюць індывідуальны ўзровень прафесіяналізму кожнага педагога. Пасля вывучэння заявак метадысты і спецыялісты аддзела адукацыі выязджаюць у навучальныя ўстановы, дзе аператыўна аказваюць адрасную метадычную дапамогу як тэарэтычнага, так і практычнага характару. Так, на базе сельскіх устаноў праводзіліся кансультацыі па кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўнікаў пачатковых класаў, афармленні школьнай дакументацыі, выкарыстанні здароўезберагальных тэхналогій, актывізацыі вучнёўскай увагі на розных этапах заняткаў, наладжванні супрацоўніцтва паміж педагогамі і дзецьмі, дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання, арганізацыі работы са здольнымі і высокаматываванымі вучнямі, псіхолага-педагагічным суправаджэнні дзяцей з АПФР і цяжкіх падлеткаў, адаптацыі маладых спецыялістаў і выкарыстанні імі эфектыўных метадычных метадаў. Такая работа дазваляе своечасова выяўляць, папярэджваць і выпраўляць памылкі настаўнікаў, павысіць якасць урокаў, ведаў вучняў і матывацыю педагогаў да самаўдасканалення і пазнавальнай дзейнасці.

У Пружанскім раёне, як расказала загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама Н.С.Саскевіч, на высокім узроўні арганізавана метадычнае суправаджэнне дзейнасці педагогаў, якія ажыццяўляюць выхаваўчы працэс у школах.

У раёне працуюць больш за 1,1 тысячы педагогаў. Амаль 78% намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. У навучальных установах дзейнічаюць 42 метадычныя фарміраванні класных кіраўнікоў, 2 творчыя групы і адна кафедра выхавання.>

У выхаваўчай рабоце педагогі ўдзяляюць павышаную ўвагу арганізацыі фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў у шосты школьны дзень, развіццю вучнёўскага самакіравання, павышэнню экалагічнай культуры дзяцей, далучэнню іх да краязнаўчай дзейнасці.

У раёне праводзяцца конкурсы на лепшы пакой дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, прафмайстэрства педагогаў-выхавальнікаў і класных кіраўнікоў, а таксама абагульняецца лепшы вопыт выхаваўчай работы (пружанская сярэдняя школа № 3 і Параслянская сярэдняя школа).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: намеснік дырэктара Драгічынскай гімназіі А.В.Арлінская праводзіць дзелавую гульню па развіцці кампетэнцый вучняў.