Калегiя
7.11.2012На чарговым пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама былі разгледжаны пытанні, звязаныя са станам выкладання рускай мовы і літаратуры ў навучальных установах вобласці, работай органаў апекі і папячыцельства па ўладкаванні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, на сямейныя формы выхавання і іх далейшай сацыялізацыі, а таксама аховай працы ў школах.
Прарэктар па вучэбнай рабоце Брэсцкага абласнога ІРА С.Р.Рачэўскі расказаў, што асноўнымі прычынамі для разгляду стану выкладання рускай мовы і літаратуры ў навучальных установах з’яўляюцца негатыўныя з’явы нашага жыцця: выдаткі інфарматызацыі, агульны ўзровень пісьменнасці і начытанасці школьнікаў, якасць ведаў выпускнікоў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Стан выкладання прадметаў быў правераны за апошнія тры гады ў розных школах Брэстчыны. Група спецыялістаў з ліку супрацоўнікаў БрАІРА і БрДУ імя А.С.Пушкіна наведала і прааналізавала ўрокі, правяла кантрольныя работы, вывучыла аналітычныя матэрыялы, кадравае, матэрыяльнае і вучэбна-метадычнае забеспячэнне прадметаў. Акрамя таго, была разгледжана метадычная работа з настаўнікамі-філолагамі ў вучэбна-метадычных кабінетах вобласці.
У цэнтры ўвагі рабочай групы знаходзіўся шэраг актуальных пытанняў: наколькі паспяхова сённяшняе пакаленне вучняў асвойвае адну з дзяржаўных моў і асновы вялікай літаратуры? як уплываюць на якасць філалагічных ведаў і кампетэнцый школьнікаў напаўняльнасць класаў, інфарматызацыя вучэбнага працэсу і трансфармацыя вучэбных праграм? наколькі моцна інаватыка ўздзейнічае на кампетэнтнасную культуру настаўнікаў? ці забяспечваюць педагогі асобасную інтэрпрэтацыю літаратурных твораў?
Падчас праверкі было выяўлена, што якаснаму выкладанню рускай мовы і літаратуры ўдзяляецца вялікая ўвага ва ўсіх раёнах. Сёння ў навучальных установах вобласці гэтыя прадметы выкладаюць больш за 1,6 тысячы настаўнікаў, з якіх каля 80% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. У пераважнай большасці педагогі-філолагі – спецыялісты з вялікім стажам работы. Многія з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі інфармацыйных тэхналогій. Разам з тым амаль 9% настаўнікаў маюць вышэйшую педагагічную адукацыю, якая не адпавядае кваліфікацыі “Руская мова і літаратура”. Найбольшыя праблемы ў гэтым плане назіраюцца ў Іванаўскім, Лунінецкім і Пінскім раёнах. Акрамя таго, некаторыя педагогі “забываюць” адзін раз у пяць гадоў павышаць сваю кваліфікацыю.
Па словах С.Р.Рачэўскага, вялікая адукацыйная каштоўнасць заключаецца ў захаванні і далейшым развіцці кабінетнай сістэмы, якая акумулюе неабходныя тэхнічныя сродкі і дыдактычную базу навучання. Пераважная большасць школ маюць адзін ці два кабінеты рускай мовы і літаратуры. Аднак у 48 навучальных установах вобласці асобных “рускамоўных” кабінетаў няма.
Заслугоўвае ўвагі вопыт абсталявання і функцыянавання прадметнага кабінета ў Белавушскай сярэдняй школе Столінскага раёна. У эстэтычна аформленым памяшканні назапашаны і сістэматызаваны дыдактычныя матэрыялы, у тым ліку вучэбна-метадычныя комплексы, створана інфармацыйнае асяроддзе, маецца багатая медыятэка. Сістэмная работа па развіцці дыдактычнай базы выкладання рускай мовы і літаратуры вядзецца таксама ў Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна.
Значная работа ажыццяўляецца і на ўзроўні метадычных фарміраванняў педагогаў. Так, даволі цікавымі з’яўляюцца напрацоўкі метадычнага аб’яднання настаўнікаў рускай мовы і літаратуры ў брэсцкай гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава. Работа педагогаў улічвае розныя аспекты выкладання прадметаў. У сваю чаргу ў Іванаўскім раёне дзейнічаюць творчая група настаўнікаў, якія вывучаюць тэму “Электронны тэкст як спосаб дыягностыкі і кантролю ведаў вучняў”, і праблемная група педагогаў, якія займаюцца пошукам найбольш эфектыўных прыёмаў карэкцыі арфаграфічных і пунктуацыйных памылак школьнікаў. У Камянецкім раёне добра арганізавана работа школы маладога настаўніка рускай мовы і літаратуры. У Столінскім раёне працуе школа стажора. Метадычная служба Піншчыны пільную ўвагу ўдзяляе ўкараненню ў вучэбны працэс сучасных адукацыйных тэхналогій.
С.Р.Рачэўскі адзначыў, што метадычныя фарміраванні канцэнтруюць эфектыўную адукацыйную практыку, каштоўны вопыт засваення і выкарыстання розных педтэхналогій. Разам з тым назіраецца сітуацыя, калі выяўлены лепшы вопыт кансервуецца на стадыі вывучэння і абагульнення і не пераходзіць у паступальнае ўкараненне і наступнае апісанне вынікаў гэтага ўкаранення.
У цэлым, прызнаўся С.Р.Рачэўскі, урокі педагогаў адпавядаюць неабходным вучэбна-метадычным патрабаванням. Тым не менш многім настаўнікам варта паляпшаць прафесійныя ўменні па ажыццяўленні рэфлексіі праведзеных заняткаў, фарміраваць у вучняў навыкі асобаснай інтэрпрэтацыі мастацкіх твораў і ўспрымання сур’ёзнай літаратуры пры адсутнасці яркай “упакоўкі”. Неабходна сістэмна і якасна выкарыстоўваць рэсурс стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў. Не ўсе педагогі разумеюць, што ЭСН не з’яўляюцца метадычным абсалютам, а інавацыйныя методыкі не павінны пераважаць над класічнымі, не менш эфектыўнымі. Усе гэтыя заўвагі так ці інакш уплываюць на “сціплыя” вынікі школьнікаў на ЦТ па рускай мове. Сустракаюцца істотныя разыходжанні ў выніках кантрольных дыктовак па тэкстах БрАІРА і настаўнікаў. Праверка паказала, што перавага тыповых арфаграфічных памылак у пісьме школьнікаў звязана найперш з агульным аслабленнем чытання як віду маўленчай дзейнасці. Патрабуе карэннага перагляду пазакласная філалагічная работа.
Загадчыца сектара аховы дзяцінства абласнога ўпраўлення адукацыі В.Л.Вішнявецкая расказала, што сёння на Брэстчыне пражываюць амаль 3,8 тысячы дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. У прыёмных і апякунскіх сем’ях выхоўваюцца каля 2 тысяч дзяцей. У 24-х дамах сямейнага тыпу – 165. Астатнія – у інтэрнатах і ПТНУ.
Колькасць бацькоў, пазбаўленых правоў, не змяншаецца. Разам з тым скарачаецца колькасць дзяцей, якія пражываюць у сацыяльна небяспечным становішчы (амаль 1,8 тысячы).
Галоўнае пытанне часу – стварэнне замяшчальных сем’яў, паколькі знаходжанне дзяцей у інтэрнатных установах менш за ўсё адпавядае іх інтарэсам. У дзяцей, якія выхоўваюцца ў інтэрнатах, назіраюцца негатыўныя рысы характару і адхіленні ў паводзінах. У тых жа, хто трапляе ў сем’і, з’яўляецца станоўчы вопыт сямейнага жыцця, дзякуючы чаму такія дзеці могуць стаць у далейшым добрымі бацькамі.
Адна з найбольш распаўсюджаных форм уладкавання дзяцей-сірот – прыёмная сям’я. На жаль, адукацыйны ўзровень прыёмных бацькоў пакідае жадаць лепшага. Толькі 18% з іх маюць вышэйшую адукацыю, а каля 30% - толькі агульнасярэднюю. Больш за палову прыёмных бацькоў знаходзяцца ва ўзросце ад 45 гадоў і вышэй. Радуе, што ў прыёмныя сем’і сталі часцей браць дзяцей з АПФР.
Па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема, звязаная з падрыхтоўкай кандыдатаў у прыёмныя бацькі. Не выконваецца жыллёвае заканадаўства, якое распаўсюджваецца на такія сем’і. Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная дапамога дзецям і бацькам не заўсёды аказваецца своечасова. Анкетаванне дзяцей паказвае, што пражыванне ў прыёмных сем’ях іх задавальняе. Тым не менш здараюцца выпадкі, калі прыёмныя бацькі вызваляюцца ад сваіх абавязкаў. Пры адборы бацькоў-выхавальнікаў не заўсёды ўлічваецца наяўнасць педагагічнай, псіхалагічнай ці медыцынскай адукацыі, а таксама станоўчага вопыту выхавання дзяцей у якасці бацькоў. Недахоп прафесійнай кампетэнтнасці і маральных прынцыпаў у паводзінах некаторых прыёмных бацькоў прыводзіць да канфліктных сітуацый з работнікамі школы, СПЦ, аддзела адукацыі.>
Існуе праблема арганізацыі вольнага часу прыёмных дзяцей. Даволі часта яны не наведваюць гурткі і секцыі, не маюць ніякіх захапленняў. У сельскай мясцовасці бацькі-выхавальнікі, занятыя гаспадаркай, не ўдзяляюць належную ўвагу выхаванню і развіццю дзяцей.
Па словах В.Л.Вішнявецкай, неабходна павышаць адказнасць прыёмных бацькоў за сваю работу, растлумачваць ім прававыя абавязкі, заахвочваць найбольш паспяховыя сем’і, праводзіць навучальныя семінары практычнай скіраванасці.
Начальнік аддзела адукацыі Камянецкага райвыканкама В.М.Грыцук падзяліўся цікавым назіраннем: “Падвозіў нядаўна на службовай машыне жанчыну. Разгаварыліся. Жанчына расказала, што вяртаецца з аддзела адукацыі. Хоча ўсынавіць дзіця. Матывуе сваё рашэнне тым, што лепш выхоўваць чужое дзіця, умоўна кажучы, за 4,5 мільёна рублёў, чым працаваць на ферме за 2 мільёны. Ці патрэбны нам такія “свядомыя” прыёмныя бацькі? Зразумела, не. Я сказаў жанчыне, што яна едзе ў машыне начальніка аддзела адукацыі і дзіця ніколі не атрымае”.
Галоўны спецыяліст аддзела тэхнічнага нагляду абласнога ўпраўлення адукацыі І.П.Танкевіч засяродзіў увагу на недахопах у ахове працы педагогаў, прафілактыцы вытворчага і дзіцячага траўматызму. Не выконваюцца прынятыя рашэнні па паляпшэнні ўмоў працы і бяспекі адукацыйнага працэсу. Асобныя кіраўнікі і іх намеснікі выконваюць абавязкі па ахове працы не належным чынам. Бывае, што педработнікі падчас вучэбнага працэсу выкарыстоўваюць няспраўнае абсталяванне. Не паўсюль тэхналагічнае абсталяванне адпавядае нормам бяспекі. Па-ранейшаму работнікі ўстаноў адукацыі не забяспечваюцца спецадзеннем у адпаведнасці з устаноўленымі нормамі. Назіраецца недастатковы кантроль за паводзінамі вучняў на перапынках, экскурсіях, падчас харчавання. У некаторых установах не працуюць выцяжныя шафы ў кабінетах хіміі. Маюцца недахопы ў падвозе дзяцей да месцаў вучобы. Патрабуюць рамонту школьныя дарожкі і ганкі.
- Многія праблемы цалкам вырашальныя, калі кіраўнікі і педагогі будуць ставіцца да сваіх абавязкаў больш старанна і адказна, інакш парадку ў сістэме адукацыі вобласці ніколі не будзе, - падагульніў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.