Выстаўка

25.10.2012

У Брэсцкім абласным мастацкім музеі адкрылася выстава керамікі “Мастацтва гліны і агню” члена Саюза майстроў народнай творчасці Беларусі Васіля Іванавіча Логвіна, які ўжо больш за 30 гадоў дзеліцца сакрэтамі свайго рамяства з вучнямі сярэдняй школы № 10 горада над Бугам. Выстава, на якой сабраліся калегі і выхаванцы майстра, стала своеасаблівай творчай справаздачай да 60-гадовага юбілею настаўніка.

Васіль Іванавіч нарадзіўся на Драгічыншчыне. Ужо ў дзяцінстве хлопец пачаў праяўляць творчыя здольнасці. Будучы майстар закончыў рэспубліканскую школу-інтэрнат мастацтваў імя І.Ахрэмчыка і мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. Васіль Іванавіч працаваў у розных навучальных установах Брэста, але з 1979 года яго дзейнасць звязана толькі з сярэдняй школай № 10, якая ў свой час мела архітэктурна-мастацкі ўхіл. Работы таленавітага майстра-ганчара і кераміста знаходзяцца ў прыватных калекцыях Германіі, Даніі, Ізраіля, Польшчы і ЗША, а таксама ў шэрагу музеяў.

- На выставе хацелася паказаць свае работы аматарам гэтага цікавага віду мастацтва, пачуць іх шчырыя ацэнкі, - прызнаўся Васіль Іванавіч. – Керамікай займаюся ўжо каля 30 гадоў. Вучыўся гэтаму рамяству ў вядомых народных майстроў, але шмат даводзілася і эксперыментаваць самому. Ад работы атрымліваю вялікае задавальненне. Калі працую, для мяне не важна, што атрымаецца ў выніку. Галоўнае – творчы працэс. Люблю назіраць за тым, як у руках з камяка гліны нараджаюцца місачка, ваза, кубачак ці слоік.

Васіль Іванавіч аддае перавагу ганчарнай кераміцы. Вялікую ўвагу ўдзяляе развіццю народных форм керамікі, у прыватнасці чорна-глянцаванай керамікі. Настаўнік лічыць, што неабходна ўсяляк падтрымліваць традыцыі народнага ганчарства і больш актыўна яго прапагандаваць, у тым ліку і сярод маладога пакалення. Вучні 5-9 класаў з вялікім задавальненнем наведваюць факультатыў па кераміцы, які вядзе педагог.

- Кераміка сёння мае дэкаратыўную функцыю, а не ўтылітарную, як раней, - расказаў Васіль Іванавіч. – Гэтаму мастацтву па кнігах не навучышся. Ганчарнай справай можна авалодаць толькі ў цесным кантакце з майстрам.

Падчас адкрыцця выставы ў адрас педагога прагучала шмат цёплых слоў ад яго калег і вучняў. Дырэктар сярэдняй школы № 10 Л.М.Арлова заўважыла, што ганчарства для Васіля Іванавіча з’яўляецца хобі, а сэнс жыцця – настаўніцкая праца, перадача свайго каштоўнага вопыту моладзі.

- Гэта надзвычай працавіты, сціплы і добрасумленны чалавек, - адзначыла Людміла Мікалаеўна. – Яго любяць дзеці, паважаюць іх бацькі, цэняць калегі. Педагог шчодра дзеліцца сакрэтамі свайго рамяства з дзецьмі.

Калега Васіля Іванавіча заслужаны настаўнік Беларусі В.М.Міхайлаў, які прафесійна займаецца маляваннем, расказаў пра пачатак іх сумеснага працоўнага шляху ў школе, цяжкасці, якія даводзілася пераадольваць падчас стварэння творчай майстэрні і музея народнага побыту Брэстчыны. Рукамі выхаванцаў абодвух настаўнікаў створана шмат архітэктурных аб’ектаў не толькі ў Брэсце, але і ў іншых кутках нашай краіны.

В.І.Логвін атрымаў ганаровыя граматы ад упраўленняў культуры і адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. А завяршылася прэзентацыя выставы майстар-класам. Прысутныя ўбачылі, як усяго за 15 хвілін у руках Васіля Іванавіча нарадзіўся гарлачык. Упэўнены, многім тады таксама захацелася ўзяць шэры камяк гліны і ажывіць яго.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

>

>

НА ЗДЫМКАХ: майстар-клас ад В.І.Логвіна; сервіз керамікі асабліва дарагі, калі зроблены ўласнымі рукамі.

Фота аўтара.