Вопыт Ляхавiчы

25.10.2012

У Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбылася прэзентацыя вопыту вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама па выкарыстанні інтэрактыўных форм у рабоце па павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў фізікі.

Загадчыца раённага ВМК С.М.Маргаева расказала, што ў 2012/2013 навучальным годзе метадычная работа з педагагічнымі кадрамі рэгіёна ажыццяўляецца па тэме “Прафесійнае развіццё сучаснага настаўніка як аснова фарміравання канкурэнтаздольнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу”. Мэта работы – стварэнне належных умоў для павышэння прафесійнага майстэрства, творчага росту і якасці працы педагогаў.

У структуры раённай метадычнай сеткі налічваецца 34 раённыя метадычныя аб’яднанні. Дзейнічаюць школы маладога кіраўніка, стажора, маладога настаўніка-дэфектолага, рэзерву кіраўніцкіх кадраў і 11 творчых груп. Штогод павялічваецца колькасць праблемных семінараў. Пасяджэнні аб’яднанняў заўсёды дасканала рыхтуюцца і прадумваюцца, а выступленні грунтуюцца на практычных выніках, якія дазваляюць рабіць сур’ёзныя навукова-метадычныя абагульненні. Самыя вопытныя і творчыя педагогі аб’яднаны ў творчыя групы. Іх удзельнікі ствараюць адукацыйныя прадукты, якія становяцца набыткам усіх настаўнікаў раёна.

Пасяджэнні метадычных фарміраванняў ажыццяўляюцца ў розных формах: семінары-практыкумы, метадычныя дыялогі, творчыя справаздачы, дзелавыя гульні, міні-практыкумы, круглыя сталы, трэнінгі, канферэнцыі і інш. Уся работа носіць практыка-арыентаваны характар і будуецца на аснове дыягностыкі, што дазваляе адсочваць выніковасць мерапрыемстваў. Па выніках дзейнасці раённых метадычных аб’яднанняў і творчых груп выдаюцца веснікі, якія распаўсюджваюцца ва ўсіх установах адукацыі раёна. Метадысты ВМК знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых форм прапаганды эфектыўнай педагагічнай практыкі.

Значная работа праводзіцца па развіцці інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў. Па выніках раённых навукова-практычных канферэнцый ствараюцца брашуры з тэзісамі лепшых работ. Што тычыцца алімпіяднага руху, то пакуль не ўсе педагогі валодаюць дастатковымі ведамі і ўменнямі для падрыхтоўкі дзяцей да інтэлектуальных спаборніцтваў. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца сціплыя дасягненні вучняў. Плануецца арганізоўваць семінары-практыкумы па рашэнні алімпіядных задач для настаўнікаў. Для ранняга выяўлення адораных школьнікаў у раёне праводзіцца дыстанцыйная алімпіяда для малодшых школьнікаў, ладзяцца дыстанцыйныя алімпіяды па хіміі і біялогіі.>

Адным з напрамкаў дзейнасці раённай метадычнай службы з’яўляецца арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне інавацыйных працэсаў. На працягу чатырох папярэдніх гадоў інавацыйная дзейнасць у рэгіёне не ажыццяўлялася. Сёння яна арганізавана на базе ляхавіцкіх ясляў-садоў №№ 1 (“Укараненне мадэлі полікультурнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту на аснове сацыяльнага партнёрства ўстановы дашкольнай адукацыі, сям’і і структур соцыуму”) і 3 (“Укараненне мадэлі развіцця маўленчых і творчых здольнасцей у дзяцей дашкольнага ўзросту сродкамі тэатральна-гульнёвай дзейнасці”), а таксама гімназіі (“Укараненне мадэлі арганізацыйна-педагагічнага суправаджэння самарэалізацыі асобаснага патэнцыялу вучняў”).

Даволі цікавым з’яўляецца вопыт ляхавіцкіх метадыстаў па выкарыстанні інтэрактыўных форм у рабоце па павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў фізікі. У навучальных установах раёна працуюць 27 такіх педагогаў. Амаль усе з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Па гэтым паказчыку Ляхавіцкі раён з’яўляецца лідарам у вобласці. 17 педагогаў маюць працоўны стаж больш за 30 гадоў. Многія настаўнікі фізікі выкладаюць адначасова і іншыя прадметы – матэматыку, інфарматыку і чарчэнне.

У метадычнай рабоце з педагогамі перавага аддаецца інтэрактыўным метадам, якія ўключаюць дыялагічныя формы зносін, сумесны пошук ісціны, разнастайную творчую дзейнасць. Дзякуючы інтэрактыву, удзельнікі сумеснай дзейнасці абмяркоўваюць розныя пытанні і абменьваюцца ўласным вопытам.

Найбольш эфектыўнымі формамі метадычнай работы, якія выкарыстоўваюць настаўнікі фізікі, з’яўляюцца круглыя сталы (дыскусіі, дэбаты), мазгавы штурм, дзелавыя і ролевыя гульні, а таксама майстар-класы. Жнівеньская нарада педагогаў-фізікаў традыцыйна праходзіць у форме трохдзённага выязнога інтэрактыўнага семінара. Месца яго правядзення – Свіцязянскі заказнік.

На кожным пасяджэнні “Свіцязянкі” пытанні для абмеркавання разбіваюцца на навукова-метадычны (разглядаецца нарматыўна-прававое забеспячэнне адукацыйнага працэсу па фізіцы ў новым навучальным годзе) і вучэбна-метадычны (вывучаюцца арганізацыйна-метадычныя асаблівасці выкладання фізікі ва ўстановах адукацыі раёна ў новым навучальным годзе з улікам вынікаў аналізу адукацыйнага працэсу за мінулы год) блокі. Пасяджэнні ўключаюць і практычную частку.

На пасяджэннях выкарыстоўваюцца такія метады навучання, як лекцыя, гутарка, дыскусія і гульня. Пазакласнае мерапрыемства (фізічная паласа перашкод) уключае начное арыентаванне, даследчую работу, абарону праектаў, інтэрактыўнае абмеркаванне і прыняцце рашэння па пэўнай тэме. Па выніках работы семінара назапашаны матэрыял афармляецца ў выглядзе тэматычных метадычных веснікаў.

С.М.Маргаева адзначыла, што на працягу апошніх гадоў інтарэс школьнікаў да прадметаў прыродазнаўчага цыкла паступова зніжаецца. Традыцыйным урокам сучасных вучняў не здзівіш. Перад педагогамі стаіць задача абудзіць у дзяцей інтарэс да прадмета, не адштурхнуць ад яго вывучэння на першапачатковым этапе. Для гэтага неабходна прымяняць новыя педагагічныя тэхналогіі. Так, настаўнікі фізікі Ляхавіцкай гімназіі П.А.Чарток і Л.А.Чарток актыўна звяртаюцца на ўроках до розных тэхналогій. Вопыт работы педагогаў абагульнены ў выглядзе весніка, якім карыстаюцца ўсе педагогі раёна. Асаблівую цікавасць у настаўнікаў выклікаюць інтэрактыўныя формы работы з выкарыстаннем інтэрнэт-сувязі.

У дапамогу настаўнікам фізікі, якія вядуць факультатыўныя заняткі, члены раённай творчай групы распрацавалі веснік “Рашэнне творчых задач”. Алімпіядныя задачы і іх рашэнні таксама сабраны ў тэматычным весніку. Яшчэ адзін веснік прысвечаны самастойнай даследчай дзейнасці школьнікаў. Педагогі Ляхавіччыны ўпэўнены, што ў аснове асобасна-прафесійнага развіцця ляжыць пастаянная самаадукацыя.

Настаўніца фізікі ляхавіцкай сярэдняй школы № 1 Т.У.Кузакава падзялілася вопытам выкарыстання самаробных дэманстрацыйных прыбораў пры вывучэнні фізікі. Па словах Таццяны Уладзіміраўны, вучэбны эксперымент з’яўляецца не толькі крыніцай ведаў, добрым наглядным прыкладам, але і адным з галоўных метадаў выкладання прадмета. Назіраючы фізічныя вопыты, выконваючы эксперыментальныя заданні, вучні глыбей разумеюць фізічныя працэсы і пачынаюць больш любіць фізіку. Апора на падручнік і адначасовы адыход ад яго стымулююць пазнавальную актыўнасць і дапамагаюць не страціць захопленасці прадметам.

Т.У.Кузакава адзначыла, што сёння многія навучальныя ўстановы адчуваюць недахоп дэманстрацыйнага абсталявання. Вырашыць гэтую праблему ў пэўнай меры можа выраб прыбораў і мадэляў рукамі настаўніка і вучняў. Прымяняючы іх, можна значна пашырыць магчымасці школьнага фізічнага эксперымента. Ды і сам працэс вырабу самаробных прыбораў уяўляе вялікую каштоўнасць у вучэбна-выхаваўчым плане. У выніку ў дзяцей павышаецца інтарэс да прадмета, развіваюцца пазнавальныя матывы.

- Выраб прыбора ўласнымі рукамі актывізуе творчыя здольнасці школьнікаў, пабуджае іх праяўляць знаходлівасць і вынаходлівасць, выпрацоўвае ўменні мысліць нестандартна і прадуктыўна, - расказала Т.У.Кузакава. – Падчас вырабу прыбора і яго далейшай дэманстрацыі перад класам і нават усёй школай вучні атрымліваюць шмат станоўчых эмоцый. Сітуацыя поспеху робіць школьнікаў больш упэўненымі ў сваіх сілах, падбадзёрвае да новых намаганняў.

Вельмі важна, каб падчас работы вучні дакладна ўяўлялі аб’ект дзейнасці і канчатковую мэту. Інструменты і матэрыялы для вырабу прыбора павінны быць знаёмыя і даступныя. Вырабленыя і спраўныя прыборы павінны выкарыстоўвацца настаўнікам на практыцы. Гэта падкрэслівае грамадскую значнасць работы вучняў.

Сёння на ўроках фізікі паспяхова прымяняюцца некалькі самаробных прыбораў. Электраскоп, выраблены са шклянога слоіка з-пад кавы, металічных стрыжня і шара, фольгі і меднага дроту, выкарыстоўваецца для правядзення вопытаў і дэманстрацый, звязаных з зарадкай электраскопа станоўчым і адмоўным зарадам, электрастатычнай індукцыяй, уплывам правадніка і дыэлектрыка на зараджаны электраскоп, перадачай зараду ад аднаго цела да другога і пастаноўкай якасных задач.

Для дэманстрацыі закона захавання імпульсу прызначаны прыбор “Рэактыўны рухавік”, для вырабу якога спатрэбіліся лёгкая дзіцячая гульнёвая машынка, надзіманы шарык і скотч. Прыбор па гідрастатыцы, прызначаны для дэманстрацыі вопытаў пры вывучэнні ў 7 класе тэмы “Гідраўлічны ціск”, дазваляе паказаць залежнасць гідраўлічнага ціску ад глыбіні пагружэння. Прыбор выраблены з вадкаснага манометра, пластыкавых бутэлек ёмістасцю 0,5 і 5 літраў і гнуткай пластыкавай трубкі з набору медыцынскай кропельніцы.

Прыбор па кінематыцы выкарыстоўваецца для дэманстрацыі руху цела, кінутага гарызантальна і пад вуглом да гарызонта, залежнасці дальнасці палёту цела ад вугла, пад якім яно было кінута да гарызонта, пастаноўкі эксперыментальных задач на разлік асноўных характарыстык руху цела, кінутага гарызантальна і пад вуглом да гарызонта. Для вырабу такога прыбора спатрэбіліся пластмасавы дзіцячы пісталет, металічны стрыжань, драўляны брусок, гайка, шайба і болт.

Для дэманстрацыі закона Паскаля і ўмоў плавання цел прымяняецца прыбор “Картэзіянскі вадалаз”, выраблены з пластыкавай бутэлькі з вадой і піпеткі-кропельніцы. А для дэманстрацыі залежнасці супраціўлення правадніка ад яго даўжыні, плошчы папярочнага сячэння і роду рэчыва правадніка выкарыстоўваецца прыбор “Электрычнасць”, зроблены з рэштак ламінату, клемы ад фізічных прыбораў, дроту і пластыку.

Настаўніца фізікі Зубелявецкай базавай школы кіраўнік творчай групы настаўнікаў фізікі А.А.Жданюк расказала пра работу групы па павышэнні пазнавальнай актыўнасці вучняў пры арганізацыі і правядзенні пазакласнай работы па прадмеце. Па словах Алены Аляксандраўны, пазакласныя заняткі паглыбляюць і пашыраюць веды вучняў, атрыманыя на ўроках, павышаюць інтарэс да прадмета, дазваляюць педагогу лепш даведацца пра індывідуальныя здольнасці сваіх выхаванцаў, а таксама развіваюць іх творчую фантазію і ініцыятыву. Дзеці вучацца прымяняць веды ў новых і нестандартных сітуацыях, асэнсоўваюць штодзённы вопыт, аналізуюць навакольны свет на аснове фізічных законаў. Прадуманая арганізацыя, дасканалая падрыхтоўка, улік узроставых асаблівасцей, атмасфера супрацоўніцтва і самастойнай працы дазваляюць зладзіць яркае, цікавае і запамінальнае мерапрыемства. У нязмушанай, вясёлай і даверлівай абстаноўцы ў дзяцей знікае страх перад прадметам, прыходзіць задавальненне ад зносін.

А.А.Жданюк адзначыла, што, дзякуючы пазакласным заняткам, на ўрок прыходзяць новыя формы работы. Звесткі, атрыманыя на занятках, дазваляюць вучням дапаўняць адказы ў класе, прыводзіць цікавыя прыклады, выконваць больш складаныя вопыты, дэманстраваць прыборы, вырабленыя ўласнымі рукамі. Пазакласныя мерапрыемствы, якія заўсёды павінны быць цікавыя дзецям, дапамагаюць не толькі вучням, але і настаўніку.

Пазакласная работа па фізіцы можа быць індывідуальнай (падрыхтоўка рэфератаў і дакладаў, работа з вучнямі-лабарантамі), групавой (даследчая дзейнасць, дамашнія самастойныя эксперыменты) і масавай (прадметныя тыдні, канферэнцыі, алімпіяды, конкурсы, выставы, пазапраграмныя экскурсіі). Формы пазакласных заняткаў даволі разнастайныя: фізіка-спартыўная паласа перашкод, фізматшоу, міні-тэатр, творчыя лабараторыі і інтэлектуальныя гульні.

Па выніках работы творчай групы выпушчаны метадычны дапаможнік для настаўнікаў фізікі, які ўключае разнастайныя мерапрыемствы для індывідуальнай, групавой і масавай работы з вучнямі 6-11 класаў.

Настаўнік фізікі Малагарадзішчанскага дзіцячага сада-сярэдняй школы А.М.Касабуцкі расказаў пра інтэрактыўныя формы работы з выкарыстаннем інтэрнэт-сувязі.

- Інтэрнэт дапамагае праводзіць нарады, круглыя сталы, прэзентацыі, справаздачы і навучанне на адлегласці з удзелам значнай колькасці ўдзельнікаў, - падзяліўся вопытам Аляксандр Мікалаевіч. – Для гэтага не патрэбна спецыяльнае праграмнае забеспячэнне. Ёсць простыя праграмы, якія бясплатна скачваюцца з інтэрнэту (напрыклад, TeamTalk) і праз якія можна арганізаваць зносіны вялікай колькасці ўдзельнікаў, паказваць прэзентацыі, трансліраваць відэаролікі і інш. А можна ўвогуле абыходзіцца без праграмнага забеспячэння. Некаторыя сайты прапаноўваюць такія сервісы на сваіх старонках, напрыклад, гугл плюс, своеасаблівая сацыяльная сетка. Рэгіструешся ў сетцы, запускаеш відэаканферэнцыю і запрашаеш удзельнікаў да 10 чалавек. На старонцы арганізатара адразу ідзе яе запіс. Акрамя таго, ідзе трансляцыя на YouTube, дзе канферэнцыю можна не толькі глядзець, але і задаваць у чат пытанні.

Існуюць яшчэ платныя і бясплатныя вэб-бінары – інтэрнэт-пляцоўкі, спецыяльна прызначаныя для такіх мэт:http://quatla.com/,http://webinar.tw/, http://webinar.fm/, http://webinar.ru/, http://www.comdi.com/. Можна арганізоўваць канферэнцыі і ў скайпе.

Летась у навучальнай установе адбыліся два адкрытыя ўрокі, якія з дапамогай праграмы TeamTalk трансліраваліся ў інтэрнэце. Усе ўдзельнікі метадычнага аб’яднання назіралі за ўрокамі на рабочых месцах. Гэтак жа працаваў і міжраённы факультатыў, калі настаўнік праглядаў змест экрана і карэкціраваў яго з дапамогай праграмы TeamViewer. Сёлета плануецца арганізаваць адначасовае правядзенне некалькіх урокаў на адлегласці ў рэжыме рэальнага часу.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.