Праект

16.10.2012

На базе Брэсцкага раёна рэалізаваны праект “Умацаванне міжведамаснага патэнцыялу ў сістэме абароны дзяцінства”. Ініцыятарам яго правядзення стаў Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі пры падтрымцы прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Беларусі. Партнёрамі ў рэалізацыі праекта выступілі камісія па справах непаўналетніх пры Брэсцкім аблвыканкаме, абласное ўпраўленне адукацыі, КСН і аддзел адукацыі Брэсцкага райвыканкама.

- Мэта праекта, у якім удзельнічалі супрацоўнікі ІСН, спецыялісты аддзелаў па ахове дзяцінства, сацыяльна-педагагічных цэнтраў, устаноў аховы здароўя, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, педагогі-псіхолагі і сацыяльныя педагогі школ і дзіцячых садкоў, заключалася ў садзейнічанні развіццю сістэмы абароны дзяцінства Брэсцкага раёна праз навучанне сямейна-арыентаванаму падыходу міжведамаснай каманды спецыялістаў, распрацоўку і зацвярджэнне стандартаў работы па сацыяльным расследаванні, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра сацыяльна-педагагічнай работы, аховы дзяцінства і спецыяльнай адукацыі БрАІРА Н.В.Фяцісава.

Брэсцкі раён быў выбраны месцам правядзення праекта невыпадкова. У раёне наладжана добрая сістэма работы па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва, ажыццяўляюцца комплексныя меры па абароне правоў дзяцей у нядобранадзейных сем’ях. Па словах Н.В.Фяцісавай, сёння захоўваецца тэндэнцыя да распаўсюджвання пасіўных замахаў на правы і інтарэсы дзяцей з боку бацькоў, якія не выконваюць свае абавязкі па іх выхаванні. Па гэтай прычыне вельмі важнае значэнне набываюць своечасовае выяўленне сямейнай нядобранадзейнасці і абарона правоў і законных інтарэсаў дзяцей, прыняцце дзейсных мер па ранняй нармалізацыі абстаноўкі ў сям’і. Ад якаснага ўзаемадзеяння міжведамаснай каманды спецыялістаў, якая забяспечвае абарону правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, залежыць не толькі мабільнае вырашэнне праблем рэгіёна, але і далейшы лёс кожнага дзіцяці.

Брэсцкі абласны ІРА ажыццяўляе бесперапынную адукацыю педагагічных кадраў шляхам укаранення інавацыйных адукацыйных праграм, цесна супрацоўнічае з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, якія задзейнічаны ў рабоце па прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці і абароне правоў дзяцей. Пасля рэалізацыі праекта праз правядзенне семінараў, трэнінгаў і курсаў павышэння кваліфікацыі з’явілася дадатковая магчымасць для распаўсюджвання вопыту Брэсцкага раёна па прафілактыцы, папярэджанні адлучэння дзяцей ад бацькоў і развіцці сямейных форм уладкавання на тэрыторыі вобласці.

- Падчас рэалізацыі праекта палепшылася прафесійная кампетэнтнасць спецыялістаў сістэмы абароны дзяцінства, удасканаліся падыходы да работы з сем’ямі, якія аказаліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, - адзначыла Н.В.Фяцісава. – Акрамя таго, умацавалася міжведамаснае ўзаемадзеянне спецыялістаў адпаведных службаў. Па выніках праекта былі выпрацаваны метадычныя рэкамендацыі “Парадак работы спецыялістаў сістэмы абароны дзяцінства Брэсцкага раёна па арганізацыі сацыяльнага расследавання пры выяўленні дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы”. Рэкамендацыі, разасланыя ва ўсе раёны вобласці, з’яўляюцца асновай найлепшай практыкі і абмену вопытам у вырашэнні праблем у галіне абароны дзяцінства.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.