Калегiя

1.10.2012

Адбылося чарговае пасяджэнне калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. На пасяджэнні былі разгледжаны пытанні, звязаныя з арганізацыяй бяспечнага падвозу сельскіх школьнікаў, выкананнем імі правіл дарожнага руху, удасканаленнем спартыўнай работы з вучнямі і ходам эксперымента па інтэграцыі сельскіх публічных і школьных бібліятэк у вобласці.

Галоўны спецыяліст аддзела тэхнічнага нагляду пры абласным упраўленні адукацыі Г.І.Ганчар расказаў, што сёння ў падвозе сельскіх школьнікаў да месцаў вучобы задзейнічаны 275 аўтобусаў, з якіх 21 належыць СВК і транспартным арганізацыям. 50 аўтобусаў эксплуатуюцца больш за 10 гадоў і падлягаюць спісанню ці капітальнаму рамонту для далейшага выкарыстання. Сёлета былі дадаткова закуплены яшчэ 18 аўтобусаў. Цэнтралізаваным падвозам ахоплены каля 15,8 тысячы дзяцей.

Сярод праблем – недахоп і цякучасць вадзіцельскіх кадраў у аддаленых і маланаселеных пунктах, звязаныя з нізкім заробкам і складаным графікам работы, захаванасць аўтатранспарта, арганізацыя перадрэйсавага медыцынскага агляду вадзіцелей і штодзённага агляду тэхнічнага стану транспартных сродкаў, неабходнасць набыцця рэзервовых аўтобусаў. На жаль, здараюцца выпадкі, калі вадзіцелі школьных аўтобусаў затрымліваюцца супрацоўнікамі ДАІ ў стане алкагольнага ап’янення. Зразумела, што такія гора-шафёры адразу звальняюцца.

У мэтах прафілактыкі дзіцячага дарожна-траспартнага траўматызму (сёлета ў вобласці адбылося 48 ДТЗ з удзелам непаўналетніх) усе дашкольныя ўстановы, у тым ліку вучэбна-педагагічныя комплексы “сад –школа”, павінны быць абсталяваны пляцоўкамі для вывучэння правіл дарожнага руху і забяспечаны метадычнымі і нагляднымі дапаможнікамі. З гэтым у многіх установах узнікаюць праблемы. Акрамя таго, не адладжана работа стоп-мэнаў, а тыя, хто суправаджае дзяцей падчас пераходу дарогі, не заўсёды маюць святлоадбівальныя жылеты.

Начальнік абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў А.У.Сачанюк засяродзіў увагу на праблемах у спартыўнай рабоце са школьнікамі. Па словах Аляксандра Уладзіміравіча, у цэнтры выпрацавана аптымальная схема падрыхтоўкі зборных каманд школьнікаў да розных спартыўных спаборніцтваў і правядзення вучэбна-трэніровачных збораў. Аналіз слабых выступленняў зборных каманд сведчыць пра адсутнасць сістэмнасці ў рэгулярным (штогадовым) наборы дзяцей пэўнага ўзросту і павышэнні эфектыўнасці вучэбна-трэніровачнага працэсу. Для таго, каб паказваць добрыя вынікі па розных відах спорту, неабходны механізм пошуку і адбору перспектыўнага спартыўнага рэзерву, які зможа канкурыраваць са спартсменамі іншых абласцей. Патрабуе сур’ёзнага вывучэння стан вучэбна-трэніровачнага працэсу, арганізацыйна-метадычнай і каардынацыйнай работы ў падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву па тых відах спорту, па якіх на працягу шэрагу гадоў няма станоўчых вынікаў.

Намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.В.Чоўжык паведаміла пра ход эксперымента па інтэграцыі сельскіх публічных і школьных бібліятэк на Брэстчыне. Эксперымент праходзіць на базе навучальных устаноў Драгічынскага і Баранавіцкага раёнаў. На думку Ірыны Васільеўны, неабходнасць інтэграваных бібліятэк абгрунтавана толькі для маланаселеных пунктаў, дзе пражывае да 300 чалавек. У аграгарадках жа павінны быць захаваны асобныя публічныя і школьныя бібліятэкі, каб не згубіць чытачоў сярод падрастаючага пакалення. Вырашана, што мэтазгоднасць інтэграцыі бібліятэк будзе вырашацца з улікам мясцовай спецыфікі. Сярод нявырашаных праблем – фарміраванне кніжнага фонду, найперш падручнікамі і вучэбна-метадычнай літаратурай.

- Калі кіраўнікі і педагогі не зменяць адносіны да сваёй работы, Брэстчына і надалей будзе знаходзіцца на апошніх пазіцыях у краіне па многіх напрамках работы – па цэнтралізаваным тэсціраванні, алімпіядным і спартакіядным руху, рабоце з адоранай моладдзю, гатоўнасці ўстаноў адукацыі да пачатку ацяпляльнага сезону і эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў. Хіба гэта нармальна, што павялічваецца колькасць падлеткаў, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку, што многія выпускнікі школ выбіраюць замежныя ВНУ для працягу адукацыі (напрыклад, з 34 сёлетніх выпускнікоў брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна 31 чалавек паступіў у вышэйшыя навучальныя ўстановы Польшчы), што па-ранейшаму рабочыя спецыяльнасці не карыстаюцца цікавасцю сярод вучняў? Відавочна, сістэма адукацыі недапрацоўвае і ў выхаваўчай рабоце, і ў прафілактычнай, і ў прафарыентацыйнай. Прычына гэтага тоіцца ў банальным безадказным стаўленні да сваіх абавязкаў як кіраўнікоў, так і іх падначаленых, - падагульніў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.