Совещание

28.8.2012

Узмацняць узаемадзеянне школ і ВНУ ў падрыхтоўцы канкурэнтаздольных спецыялістаў

Абласная жнівеньская нарада педагагічных работнікаў Брэстчыны, якая сёлета праходзіла ў Івацэвічах, сабрала каля 500 удзельнікаў. Сярод іх –кіраўніцтва аблвыканкама на чале з К.А.Сумарам, начальнікі ўпраўленняў абласной “вертыкалі”, старшыні рай(гар)выканкамаў і іх намеснікі, начальнікі рэгіянальных аддзелаў адукацыі, кіраўнікі ВНУ, школ і дашкольных устаноў. У рабоце настаўніцкага форуму, прысвечанага рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі на Брэстчыне, прыняў удзел намеснік міністра адукацыі В.А.Будкевіч.

Перад пачаткам пленарнага пасяджэння ўдзельнікі канферэнцыі азнаёміліся з сацыяльна-эканамічнай і культурнай інфраструктурай Івацэвіцкага раёна. Дэлегаты наведалі сельскагаспадарчыя і вытворчыя прадпрыемствы, аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны і навучальныя ўстановы.

Пленарнае пасяджэнне праходзіла ў гарадскім Палацы культуры. Там жа была арганізавана выстава вучэбна-метадычных матэрыялаў з вопыту работы педагогаў Брэстчыны.

З асноўным дакладам перад удзельнікамі нарады выступіў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. У сваім выступленні ён засяродзіў увагу на забеспячэнні даступнасці адукацыі на ўсіх яе ўзроўнях.

Па словах Міхаіла Андрэевіча, існуючая адукацыйная прастора вобласці забяспечвае даступнасць якаснай адукацыі для ўсіх дзяцей ад дашкольных устаноў да ВНУ. Адной з асноўных задач на бліжэйшыя гады з’яўляецца стварэнне і развіццё належных умоў для паспяховай сацыялізацыі вучняў.

- Якасць дашкольнай адукацыі вызначаецца найперш дзіцячым здароўем і належнай падрыхтоўкай да паспяховага навучання ў школе, - расказаў М.А.Ціханчук. – Асаблівая ўвага ўдзяляецца захаванню і развіццю сеткі дашкольных устаноў. У мэтах павелічэння колькасці месцаў у дашкольных установах з іх выводзяцца першыя класы, а малакамплектныя школы рэарганізоўваюцца ў вучэбна-педагагічныя комплексы “сад – школа”. Праблема недахопу дашкольных месцаў асабліва актуальная для Брэста, Пінска і Баранавіч. Да 2015 года плануецца пабудаваць 25 новых дашкольных устаноў.

93% дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў ахоплены дашкольнай адукацыяй. Вялікая ўвага ўдзяляецца прафесійнаму ўзроўню выхавальнікаў. Амаль 60% педагогаў-дашкольнікаў маюць вышэйшую адукацыю. Самы высокі паказчык у Брэсце (каля 84%), а самы нізкі – у Ганцавіцкім, Іванаўскім і Лунінецкім раёнах (ад 30% да 37%). Што тычыцца педагогаў з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, то іх больш за ўсё на Піншчыне (каля 36%), а менш за ўсё – на Століншчыне, Камянеччыне і Ляхавіччыне (ад 6% да 9%).

- На жаль, у дашкольных установах сустракаюцца выхавальнікі, якія недастаткова валодаюць адукацыйнымі методыкамі, - прызнаўся М.А.Ціханчук. – Гэта звязана з тым, што многія з іх з’яўляюцца настаўнікамі-прадметнікамі. І колькасць педагогаў без профільнай адукацыі не скарачаецца. Больш за тое, назіраюцца сур’ёзныя парушэнні ў рабоце асобных дашкольных устаноў. Падчас праверак выяўляюцца парушэнні нарматыўна-прававых дакументаў і працоўнай дысцыпліны. Некаторыя работнікі не выконваюць належным чынам службовыя абавязкі. З боку аддзелаў адукацыі адсутнічае эфектыўны кантроль за якасцю кіраўніцкай дзейнасці і забеспячэннем бяспечных умоў жыццядзейнасці выхаванцаў.

- Сетка ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў асноўным задавальняе запыты вучняў і іх бацькоў, - адзначыў Міхаіл Андрэевіч. – У вобласці працуюць 25 гімназій і 6 ліцэяў, а таксама 27 вучэбна-вытворчых камбінатаў. Колькасць школьнікаў паступова скарачаецца (ад 190 тысяч у 2006 годзе да 157 тысяч у гэтым). Па словах М.А.Ціханчука, у вучэбным працэсе пакуль недастаткова выкарыстоўваюцца аўдыявізуальныя і камп’ютарныя сродкі навучання, матэрыялы для дыягностыкі якасці навучання, інтэрнэт-рэсурсы. Неабходна пашыраць выкарыстанне ТСН і ЭСН не толькі ў вучэбным працэсе, але і ў пазакласнай рабоце, рабоце са здольнымі вучнямі для павышэння іх матывацыі. Акрамя таго, варта прывесці ў сістэму тэматычнае планаванне факультатыўных заняткаў, разнастаіць іх змест у адпаведнасці з інтарэсамі і запытамі школьнікаў. На асаблівым кантролі – забеспячэнне школ вучэбна-метадычнымі комплексамі для правядзення факультатываў.

Сур’ёзная ўвага ўдзяляецца алімпіяднаму руху. Арганізавана работа міжшкольных прадметных факультатываў і індывідуальнае кансультаванне вучняў, праводзяцца раённыя вучэбна-трэніровачныя зборы, ладзяцца профільныя аздараўленчыя летнікі для адораных дзяцей, дыстанцыйныя інтэрнэт-алімпіяды. Летась два прадстаўнікі Брэстчыны сталі пераможцамі міжнародных алімпіяд.

- Здаецца, у арганізацыі алімпіяднага руху робіцца шмат, але традыцыйнае апошняе месца вобласці ў рэспубліканскіх прадметных алімпіядах школьнікаў не можа не насцярожваць, - адзначыў Міхаіл Андрэевіч. – Няўдачы хаваюцца пераважна ў чалавечым фактары – фармальным падыходзе да арганізацыі шматступеньчатай работы з адоранымі вучнямі, адсутнасці сувязі школы з ВНУ.

Сучасная сацыяльна-эканамічная сітуацыя абумоўлівае павышаную ўвагу да працаўладкавання выпускнікоў і прафарыентацыі школьнікаў. Амаль 95% выпускнікоў працягваюць навучанне, з іх каля 54% - у ВНУ. Шмат робіцца па арыентацыі школьнікаў на рабочыя прафесіі.

Сёння ў вобласці працуюць 30 ПТНУ. Галоўная задача прафтэхадукацыі – павышэнне якасці падрыхтоўкі рабочых, запатрабаваных у рэальным сектары эканомікі, сельскагаспадарчай вытворчасці і сацыяльнай сферы. Звыш 75% ПТНУ з’яўляюцца шматпрофільнымі, што дазваляе прапанаваць шырокі спектр адукацыйных паслуг выпускнікам школ і задаволіць патрэбы рэгіёнаў у кваліфікаваных рабочых масавых прафесій.

Паміж ПТНУ і 170 прадпрыемствамі і арганізацыямі заключаны дамовы ад супрацоўніцтве. На жаль, заказчыкі кадраў праяўляюць нізкую актыўнасць у арганізацыі мэтавай падрыхтоўкі будучых кадраў.

Сёлетні прыём у ПТНУ ажыццяўляецца па звыш 70 спецыяльнасцях, у тым ліку новых. Тым не менш камплектаванне ПТНУ праходзіць вельмі цяжка.

Патрабуе далейшага ўдасканалення выхаваўчая работа ў школах. У вобласці дзейнічаюць 8 эксперыментальных і інавацыйных пляцовак па ўкараненні ў выхаваўчы працэс сучасных навукова-педагагічных дасягненняў па выхаванні дзяцей і вучнёўскай моладзі. У рэгіёнах апрабоўваецца мадэль работы “Школа – цэнтр вольнага часу” з прыцягненнем рэсурсаў устаноў культуры і спорту. Ва ўсіх школах створаны маладзёжныя ініцыятыўныя групы, якія па прынцыпе “роўны навучае роўнага” вядуць сярод равеснікаў работу па фарміраванні здаровага ладу жыцця, непрыняцці наркаманіі, алкагалізму і курэння.

Па словах М.А.Ціханчука, у новым навучальным годзе ў арганізацыі выхаваўчай работы патрабуецца вырашыць шэраг задач, звязаных з пошукам і ўкараненнем новых форм выхаваўчай работы, павышэннем педагагічнага майстэрства выхавальнікаў, пашырэннем спектру дадатковай адукацыі ў шосты дзень (інтэлектуальна-развіццёвыя гульні, краязнаўства, тэхнічная творчасць, камп’ютарнае праграмаванне, ландшафтны дызайн). На жаль, даволі часта заняткі ў гуртках праводзяцца нецікава і фармальна. Пакідае жадаць лепшага і эфектыўнасць прафілактычнай работы сярод непаўналетніх.

Загадчыца жабінкаўскага ясляў-сада № 1 І.А.Кунц расказала пра дзейнасць абласнога савета загадчыкаў дашкольных устаноў, старшынёй якога яна з’яўляецца. Савет створаны для абмену вопытам, аказання педагагічнай і метадычнай дапамогі, актыўнага ўзаемадзеяння грамадскасці, органаў улады па паляпшэнні якасці работы дзіцячых садоў. Многія дашкольныя ўстановы вобласці патрабуюць абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Даволі перспектыўным бачыцца адкрыццё дзіцячых садоў сямейнага тыпу. Прыкладам такой установы з’яўляецца Перуноўскі сямейны дзіцячы сад Лунінецкага раёна. Прыжываюцца новыя формы дашкольнай адукацыі: групы кароткачасовага знаходжання дзяцей, адаптацыйныя групы, гульнёвыя і сезонныя пляцоўкі, “мацярынскія школы”. Так, у жабінкаўскім яслях-садзе № 1 па запытах бацькоў адкрыты адаптацыйная пляцоўка і група вячэрняга знаходжання дзяцей.

- Неабходна змяніць статус бацькоў са спажыўцоў паслуг на актыўных удзельнікаў у жыцці дзіцячага сада, - адзначыла І.А.Кунц. – Для гэтага бацькі актыўна ўключаюцца ў адукацыйны працэс. Так, на працягу некалькіх гадоў у садку працуе бацькоўскі клуб “Здаровы малыш”, сумесна з бацькамі выдаецца насценгазета аб розных мерапрыемствах, праводзяцца акцыі “Птушыная сталоўка” і “Мой утульны дворык”. Але гэтага пакуль недастаткова. Сучасныя мамы і таты яшчэ не ў поўнай меры ўсведамляюць свою ролю ў выхаванні дзяцей. Па гэтай прычыне неабходна весці актыўную асветніцкую работу па павышэнні педагагічнай культуры бацькоў.

Даволі часта асоба выхавальніка і яго прафесійныя якасці з’яўляюцца вызначальнымі пры выбары дзіцячага сада бацькамі. У жабінкаўскім яслях-садзе № 1 абагулены вопыт музычнага кіраўніка С.М.Рай па музычна-рытмічным развіцці дзяцей. У сваю чаргу кіраўнік фізічнага выхавання дзіцячага сада № 4 Н.В.Максімчук ахвотна дзеліцца з калегамі вопытам па выкарыстанні нетрадыцыйных методык фізічнага выхавання.

У дзіцячых садах не хапае педагогаў з профільнай адукацыяй. Даволі часта на месца спецыялістаў з вялікім стажам і вопытам работы прыходзяць настаўнікі-прадметнікі, якія слаба арыентуюцца ў спецыфіцы дашкольнай адукацыі і ўзроставых асаблівасцях дзяцей.

Дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці І.І.Васіленка засяродзіў увагу на рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.Па словах Івана Іванавіча, неабходна стварыць адзіную адукацыйную прастору ўстаноў дадатковай адукацыі, узмацніць іх узаемадзеянне з установамі адукацыі, культуры, фізічнай культуры, спорту і турызму, грамадскімі арганізацыямі. Толькі такім чынам можна максімальна раскрыць здольнасці дзяцей і падрыхтаваць творча развітага і прафесійна арыентаванага маладога чалавека, здольнага да далейшай вучобы і работы.

Сярод праблем – праграмнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу ва ўстановах дадатковай адукацыі, умацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, развіццё пазабюджэтнай дзейнасці, арганізацыя харчавання дзяцей і адток маладых спецыялістаў.

- Сёння вытворчасці неабходны высокакваліфікаваны спецыяліст, здольны вырабляць канкурэнтную прадукцыю і аказваць якасныя паслугі, - упэўнены загадчык рэсурснага цэнтра Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына А.А.Дабрадзей. – Выпускнік ПТНУ павінен валодаць такім узроўнем прафесійнай кваліфікацыі, які дазваляў бы яму эфектыўна і якасна эксплуатаваць сучасныя віды абсталявання, машын і агрэгатаў.

Сёння працягваецца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ПТНУ вобласці. Без тэхнічнага пераўзбраення гэтыя ўстановы не маюць будучыні. На базе вядучых ПТНУ ствараюцца рэсурсныя цэнтры, аснашчаныя сучаснай тэхнікай і абсталяваннем (Кобрынскі ПТК будаўнікоў, Баранавіцкі прафесійны ліцэй машынабудавання і Абласны аграрна-вытворчы прафесійны ліцэй Драгічына).>

У рэсурсным цэнтры ліцэя Драгічына выкарыстоўваюцца новыя віды машын і абсталявання, якія адсутнічаюць у іншых ПТНУ. Моладзь вучыцца працаваць на сучасных энерганасычаных трактарах, знаёміцца з навейшымі сельскагаспадарчымі машынамі. Вучэбныя групы складаюцца з 3-5 чалавек, што робіць практычную падрыхтоўку будучых спецыялістаў максімальна індывідуальнай. У навучанні прымяняюцца сучасныя ТСН і мультымедыйныя рэсурсы.

У мінулым навучальным годзе ў рэсурсным цэнтры прайшлі падрыхтоўку каля 250 навучэнцаў ПТНУ сельскагаспадарчага профілю. Пра якасць падрыхтоўкі выпускнікоў сведчаць станоўчыя водгукі ад кіраўнікоў гаспадарак.

Драгічынскі ліцэй ажыццяўляе падрыхтоўку па 14 кваліфікацыях рознага профілю. Звыш 90% выпускнікоў атрымліваюць дзве і больш прафесіі. Усе выпускнікі атрымліваюць накіраванні на работу.

Аляксандр Анатольевіч не абышоў увагай і праблемы: састарэлая матэрыяльна-тэхнічная база шэрагу ПТНУ і кадравае забеспячэнне. Для іх вырашэння неабходна працягваць стварэнне сучасных тэхналагічных рэсурсных цэнтраў калектыўнага карыстання ў кожнай галіне з удзелам заказчыкаў кадраў, зацікаўленых у падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў, выкарыстоўваць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі з іх імітацыйнымі магчымасцямі, пераводзіць практычную прафесійную адукацыю на сучасныя прадпрыемствы, а таксама распрацаваць эфектыўны механізм стымулявання інавацыйнай дзейнасці педработнікаў.

Начальнік аддзела адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама С.В.Сарокаў падзяліўся вопытам па фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі і сацыяльнай адказнасці педагогаў у рэгіёне.

- У раёне склаўся станоўчы імідж педагагічнай прафесіі сярод вучняў, - адзначыў Сяргей Вітальевіч. – Сёлета ў ВНУ педагагічнага профілю працягнуць навучанне каля 9% выпускнікоў школ.

У прафарыентацыйнай рабоце вялікая ўвага ўдзяляецца запатрабаваным прафесіям. Так, у раёне не хапае медыцынскіх работнікаў і спецыялістаў аграпрамысловага комплексу. Улічваючы гэта, у гімназіі быў адкрыты клас хіміка-біялагічнага напрамку. Звыш 80% яго выпускнікоў паступаюць у навучальныя ўстановы медыцынскага профілю. Прафесію медыка ўжо выбралі 20 чалавек. На жаль, не ўсе з іх вяртаюцца потым на малую радзіму.

Большасць выпускнікоў базавай школы жадаюць атрымліваць сярэднюю адукацыю не ў ПТНУ, а далей у школах. Каб вырашыць гэтую праблему, на думку С.В.Сарокава, варта зрабіць пераход на трэцюю ступень навучання ў школе па рэйтынгавай шкале ці прафілізаваць трэцюю ступень навучання.

- Адчуваецца дэфіцыт кіраўніцкіх кадраў, - расказаў Сяргей Вітальевіч. – Апошнім часам цяжка падабраць педагога на кіраўніцкую пасаду, асабліва на пасаду дырэктара ўстановы. Адсутнасць імкнення да сацыяльнай актыўнасці і кіраўніцкіх пасад сведчыць пра недахопы ў рабоце з выпускнікамі па месцы іх вучобы і працы.

Першы прарэктар БрДУ імя А.С.Пушкіна, доктар педагагічных навук Г.М.Сендзер засяродзіла ўвагу на ўзаемадзеянні школ і ўніверсітэта ў падрыхтоўцы канкурэнтаздольных спецыялістаў. Аб узроўні падрыхтаванасці абітурыентаў, якія паступаюць у ВНУ, яскрава сведчаць прахадныя балы на тую ці іншую спецыяльнасць. Так, калі на “Біялогію”, “Геаграфію”, “Сацыяльную педагогіку” і замежныя мовы прахадны бал складае больш за 200, то на фізіка-матэматычныя спецыяльнасці – ад 87 да 131. Не абыходзяць БрДУ ўвагай учарашнія гімназісты і ліцэісты (у 2010 годзе – 113 чалавек, сёлета – 210).

Ганна Мікалаеўна расказала, што для прыцягнення ва ўніверсітэт “якасных” абітурыентаў рассылаюцца імянныя запрашэнні выпускнікам школ Брэстчыны, удзельнікам і пераможцам гарадскіх і абласных прадметных алімпіяд. Гэта разам з іншымі мерапрыемствамі ўзмацняе выніковасць прафарыентацыйнай работы. Дзякуючы сістэмнасці, сёлетні сярэдні конкурс у ВНУ склаў 2,1 заявы на месца.

У навучальных установах вобласці адкрыты 36 філіялаў універсітэцкіх кафедр. Узаемавыгаднае супрацоўніцтва і сацыяльнае партнёрства ўключае навуковае кансультаванне, навукова-метадычнае суправаджэнне, алімпіядную работу, апрабацыю вучэбна-метадычнай прадукцыі выкладчыкаў ВНУ, укараненне вынікаў навукова-даследчай дзейнасці ўніверсітэцкіх кафедр у адукацыйны працэс школ вобласці, правядзенне вытворчых практык і інш. Так, з удзелам універсітэта праводзяцца штогадовыя рэгіянальныя навукова-практычныя канферэнцыі “Здароўе школьнікаў і меры па яго зберажэнні ў педагагічным працэсе: стан, праблемы, перспектывы” і “Краязнаўства ў навучанні і выхаванні вучняў і студэнцкай моладзі”. Сумесныя мерапрыемствы ладзяцца на базе брэсцкіх гімназій №№ 4 і 6, сярэдняй школы № 20, ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна і абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава. Вопытныя настаўнікі даюць ва ўніверсітэце майстар-класы, вядуць спецкурсы і практыкумы. Вялікую дапамогу ў арганізацыі работы з сям’ёй адыгрывае ўніверсітэцкі навукова-метадычны цэнтр “Школа – сям’я”. Акрамя таго, у БрДУ працуюць настаўніцкія курсы “Тэхналогія стварэння электронных падручнікаў”, “Камп’ютарная бяспека” і “Адміністраванне аперацыйных сістэм Linux”.

Па словах Г.М.Сендзер, на якасць падрыхтоўкі канкурэнтаздольных спецыялістаў уплывае таксама прафесійны ўзровень універсітэцкіх выкладчыкаў. Штогод у БрДУ абараняюцца 8-10 кандыдацкіх і адна-дзве доктарскія дысертацыі.

- На жаль, на працягу трох апошніх гадоў матэматычны і фізічны факультэты задавальняюць не ўсе заяўкі школ у сувязі з недастатковай колькасцю падрыхтаваных спецыялістаў, - адзначыла Ганна Мікалаеўна. – Ды і якасць падрыхтоўкі абітурыентаў, што паступаюць на адпаведныя спецыяльнасці, далёкая ад ідэалу. Хацелася б, каб больш настаўнікаў-практыкаў паступалі ў магістратуру. Пажадана рэгулярна праводзіць круглыя сталы, прысвечаныя прапановам па паляпшэнні падрыхтоўкі спецыялістаў.>

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

 

НА ЗДЫМКУ: старшыня Брэсцкага аблвыканкама К.А.Сумар (у цэнтры) і начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук знаёмяцца з выставай дэкаратыўна-прыкладной творчасці школьнікаў.

“Настаўніцкая газета”.