Чые заняткі больш эфектыўныя?

20.7.2012

Чые заняткі больш эфектыўныя?

Адказ на гэтае пытанне шукалі ў Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі падчас конкурсу “Эфектыўныя вучэбныя заняткі са слухачамі павышэння кваліфікацыі”.

- Конкурс, які будзе праходзіць адзін раз у два гады, праводзіцца з мэтай папулярызацыі вопыту эфектыўнага правядзення вучэбных заняткаў са слухачамі курсаў павышэння кваліфікацыі, - расказаў прарэктар па вучэбнай рабоце БрАІРА С.Р.Рачэўскі. – Пастаяннае выяўленне і распаўсюджванне падобнага вопыту – адзін са спосабаў павышэння адукацыі, за што інстытут нясе адказнасць як установа дадатковай адукацыі педагагічных кадраў Брэстчыны.

Першапачаткова конкурс задумваўся як творча-педагагічнае спаборніцтва выкладчыкаў у лектарскім майстэрстве, але потым трансфармаваўся ў конкурс на эфектыўныя вучэбныя заняткі. Галоўнае ў спаборніцтве – убачыць якасць выкладання дысцыплін.

На педагагічным рынгу сустрэліся як выкладчыкі-тэарэтыкі ВНУ, так і педагогі-практыкі школ і метадысты ІРА. Канкурсанты праводзілі вучэбныя заняткі па выбранай тэме ў прысутнасці журы, якое ўзначальвала першы прарэктар БрАІРА Л.Р.Германовіч. Конкурсныя вучэбныя заняткі мелі адкрыты характар. Пасля іх правядзення члены журы вывучалі дыдактычныя і іншыя матэрыялы, якімі суправаджаліся заняткі, гутарылі са слухачамі курсаў аб выніках лекцыйнага/практычнага выкладання тэмы, знаёміліся з матэрыяламі выніковай дыягностыкі канкурсантаў. Ацэньваліся конкурсныя заняткі па 18 паказчыках.

Сёлета ў конкурсе ўдзельнічалі 5 чалавек: выкладчыкі БрДУ імя А.С.Пушкіна – кандыдат педагагічных навук А.М.Свірыд (“Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы ў кантэксце работы класнага кіраўніка”) і доктар педагагічных навук М.П.Жыгалава (“Мастацкі твор як міжкультурны ўніверсум: тэорыя і практыка”), а таксама метадысты БрАІРА – С.І.Гарошка (“Выкарыстанне інтэрактыўных методык у інфармацыйна-адукацыйнай рабоце настаўнікаў па прафілактыцы СНІДу”), А.В.Мініч (“Рэалізацыя прынцыпу полімастацкай адукацыі ў выкладанні выяўленчага мастацтва ў школе”) і А.Л.Карпук (“Прафесійная кампетэнтнасць педагогаў як аб’ект кіравання”), а рашэнні журы найбольш дасканалымі і эфектыўнымі вучэбнымі заняткамі ў зместава-метадычным плане прызнаны заняткі метадыста БрАІРА А.Л.Карпука.

Залішняй экалагічнай агітацыі не бывае

Падведзены вынікі абласных конкурсаў сярод школьнікаў на лепшы малюнак і плакат экалагічнай тэматыкі, якія прапагандуюць раздзельны збор цвёрдых камунальных адходаў.

У конкурсах, якія праводзіліся з мэтай далучэння вучняў да беражлівага і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, прынялі ўдзел 212 дзяцей з 109 устаноў адукацыі Брэстчыны. На суд журы былі прадстаўлены 206 работ. Найбольшую колькасць малюнкаў і плакатаў даслалі навучэнцы школ Маскоўскага раёна Брэста, Камянецкага раёна і Кобрынскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Акрамя таго, актыўнымі ўдзельнікамі конкурсаў сталі прадстаўнікі Брэсцкага, Жабінкаўскага і Пружанскага раёнаў, а таксама Брэсцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа прыборабудавання і Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці.

Па выніках конкурсаў дыпломы І ступені атрымалі Арцём Валашчук з пінскай сярэдняй школы № 18 за работу “Не згубі”, Марта Трушко з Кобрынскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа за работу “Квітней, планета”, Кацярына Пятровічутэ са Слабадской сярэдняй школы Пружанскага раёна за работу “Планету ты аберагай, раздзельна смецце збірай!!!”, Павел Пашко з Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання за работу “Чыстая прырода – чыстае і здаровае жыццё” і Вераніка Лебядзеўская з Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці за работу “Будучыня планеты ў тваіх руках”.

У інтарэсах дашкольнай адукацыі

На Брэстчыне створаны абласны савет загадчыкаў дашкольных устаноў. У яго ўвайшлі 20 кіраўнікоў дзіцячых садоў (па адным прадстаўніку ад кожнага рэгіёна вобласці).

Сярод асноўных задач савета – унясенне ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўлады і абласныя структуры (на аснове парытэтнага ўзаемадзеяння) прапаноў па актуальных пытаннях развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі, павышэнне эфектыўнасці дзейнасці дзіцячых садоў у дасягненні якаснага дашкольнага выхавання, работа па забеспячэнні дашкольных устаноў неабходнымі рэсурснымі ўмовамі і іх рацыянальным выкарыстанні, абарона сацыяльных гарантый работнікаў сістэмы дашкольнай адукацыі, развіццё ўзаемадзеяння паміж установамі, распаўсюджванне перадавога вопыту педкалектываў і інш.

Плануецца, што на пасяджэннях савета будуць разглядацца пытанні, звязаныя са зместам дзейнасці дашкольных устаноў, абмяркоўвацца праекты нарматыўна-прававых дакументаў, а таксама актуальныя праблемы развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі. Павышаная ўвага будзе ўдзяляцца ўкараненню актыўных форм метадычнага суправаджэння дзейнасці дзіцячых садоў і прыцягненню да супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых асоб і структур.

На першым пасяджэнні савета, якое адбылося ў Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі, былі разгледжаны пытанні, што тычыліся ролі арганізацыі ў вызначэнні перспектыў развіцця рэгіёнаў, выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у кіраванні дашкольнай адукацыяй, метадычнай работы з кадрамі і інш. Узначаліла абласны савет загадчыца жабінкаўскага ясляў-сада № 1 І.А.Кунц.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ,

“Настаўніцкая газета”.