Адукацыйныя ініцыятывы і творчая актыўнасць вызначаюць работу пінскіх педагогаў

17.7.2012

Адукацыйныя ініцыятывы і творчая актыўнасць>

>вызначаюць работу пінскіх педагогаў

У Брэсцкім абласным ІРА адбылася прэзентацыя вопыту работы вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Пінскага гарвыканкама, прысвечаная дзейнасці ВМК па падтрымцы адукацыйных ініцыятыў і развіцці творчай актыўнасці педагогаў.

- У Пінску працуюць 58 устаноў адукацыі, якія наведваюць каля 14,5 тысячы дзяцей, - расказала загадчыца гарадскога ВМК І.Ю.Нікіпорчык. – Адукацыйны працэс забяспечваюць амаль 1,5 тысячы педагогаў, з якіх 72,5% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

Гарадскі вучэбна-метадычны кабінет пачаў работу ў 2004 годзе. Каля 73% метадыстаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. За апошнія гады склад ВМК амаль цалкам абнавіўся. Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці кабінета з’яўляецца ўсебаковая падтрымка педагагічных ініцыятыў і развіццё творчасці настаўнікаў. Сучасныя рэаліі патрабуюць ініцыятыўных кадраў, здольных да самарэалізацыі ў зменлівых умовах.

Па словах І.Ю.Нікіпорчык, ініцыятыўнасць значная для любой прафесійнай дзейнасці, але ў педагагічнай практыцы яна адыгрывае асаблівую ролю. Адукацыя павінна змяняцца разам з грамадствам, прычым апераджальнымі тэмпамі, але паколькі сістэма адукацыі даволі інэртная і кансерватыўная структура, прагрэсіўныя тэндэнцыі ў ёй вызначаюцца ініцыятывай асобных педагогаў, кіраўнікоў і педаб’яднанняў. Ініцыятыўнасць і творчасць павінны стаць неад’емнай часткай кожнага сучаснага педагога.

- Педагагічныя ініцыятывы ахопліваюць прыярытэтныя напрамкі развіцця сённяшняй адукацыі – аптымізацыю адукацыйнага працэсу, укараненне новых методык, тэхналогій і форм арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, інфарматызацыю адукацыі, рэалізацыю кампетэнтнаснага падыходу ў адукацыі, удасканаленне працэсу павышэння кваліфікацыі, стварэнне дыдактычных матэрыялаў, распрацоўку новых адукацыйных паслуг, вырашэнне сацыяльных праблем педагагічнымі сродкамі (работа з сям’ёй, людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, прафілактыка дэвіянтных паводзін, папярэджанне безнагляднасці), - адзначыла І.Ю.Нікіпорчык. – Педагагічныя ініцыятывы – добрая крыніца для самаразвіцця адукацыйнай сістэмы і прафесійнага росту педагогаў. Улічваючы гэта, гарадская метадычная служба займаецца выяўленнем таленавітых і неардынарных педагогаў, інтэгруе іх у педагагічныя супольнасці, дапамагае настаўнікам усвядоміць каштоўнасць уласнага педвопыту, распаўсюджвае эфектыўныя напрацоўкі асобных педагогаў для выкарыстання ў масавай практыцы, стварае ўмовы для прафесійных зносін і сумеснага вырашэння прафесійных цяжкасцей, звязаных з пошукам спосабаў аптымізацыі адукацыйнага працэсу.

Разам з традыцыйнымі метадычнымі фарміраваннямі сёння ў гарадской метадычнай сетцы дзейнічаюць школы ўдасканалення педагагічнага майстэрства, школы перадавога вопыту, творчыя групы па актуальных пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу, творчыя лабараторыі і клубы творчых педагогаў. У рабоце заўсёды ўлічваюцца кадравая сітуацыя і запыты педагогаў. Так, 28% настаўнікаў замежнай мовы ў Пінску з’яўляюцца маладымі спецыялістамі. Гэта абумовіла неабходнасць арганізацыі школы маладога настаўніка замежнай мовы са сваімі спецыфічнымі задачамі. У сваю чаргу, калі ў настаўнікаў матэматыкі з’явілася патрэба ў аказанні дапамогі ў вывучэнні складаных тэм, была створана школа станаўлення прафесійнага майстэрства.

Улічваючы значнасць моўнага пытання, у навучальных установах адкрываюцца кансультацыйныя пункты па аказанні педагагічнай падтрымкі настаўнікам-замежнікам. Арганізавана работа пастаянна дзеючага семінара “Зносіны без абмежаванняў: прыёмы арганізацыі камунікатыўна-арыентаванага навучання”, дзе педагогі знаёмяцца з эфектыўным вопытам калег у гэтым кірунку. Ініцыятарамі семінара з’яўляюцца настаўнікі англійскай мовы гімназіі № 3, якія маюць добры вопыт арганізацыі камунікатыўнага навучання з выкарыстаннем інтэрактыўных метадаў.

Цікавасць выклікаюць гарадскія метадычныя аб’яднанні настаўнікаў, што вядуць факультатыўныя заняткі “Даследуючы гуманітарнае права” і “Асновы праваслаўнай культуры”. Удзельнікі творчых груп сумесна вырашаюць агульныя прафесійныя праблемы і шукаюць аптымальныя спосабы арганізацыі адукацыйнага працэсу. Вынікам іх работы з’яўляецца стварэнне метадычнага прадукта ў дапамогу настаўнікам (штогадовыя часопісы “Лінгвіст” і “Метадычная панарама”, зборнікі сцэнарыяў адкрытых урокаў). Акрамя таго, удзельнікі такіх груп праводзяць семінары-практыкумы для педагогаў горада (сучасны ўрок, асаблівасці кантрольна-ацэначнай дзейнасці на ўроку, методыка і тэхналогія вывучэння найбольш складаных тэм, работа з адоранымі вучнямі, павышэнне іх матывацыі да вывучэння прадметаў, арганізацыя новых форм дашкольнай адукацыі).

Вялікая ўвага ўдзяляецца павышэнню інфармацыйнай культуры педагогаў і выкарыстанню імі ІКТ. З гэтай мэтай арганізоўваюцца творчыя групы настаўнікаў, ладзяцца тэматычныя семінары. Ва ўстановах адукацыі дзейнічаюць рознаўзроўневыя курсы па павышэнні інфармацыйна-камп’ютарнай граматнасці педагогаў.

І.Ю.Нікіпорчык расказала, што ў навучальных установах арганізавана работа па азнаямленні педагогаў з сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі праз правядзенне прадметных майстар-класаў і трэнінгаў: “Магчымасці выкарыстання ў адукацыйным працэсе тэхналогіі крытычнага мыслення” (настаўніца французскай мовы сярэдняй школы № 14 А.В.Рудзінская), “Тэхналогія калектыўных спосабаў навучання” (настаўнік фізікі сярэдняй школы № 16 С.І.Федарыно), “Актыўныя метады ў навучанні і выхаванні” (настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 А.Р.Шумак і выкладчыца Пінскага каледжа БрДУ імя А.С.Пушкіна В.П.Канечная).

Летась арганізавана работа клуба творчых педагогаў для настаўнікаў пачатковых класаў. Клуб аб’ядноўвае тых, хто знаходзіцца ў пастаянным пошуку, не жадае абмяжоўвацца ў рабоце традыцыйнымі падыходамі, актыўна выкарыстоўвае сучасныя педтэхналогіі, гатовы падзяліцца вопытам з іншымі. Вядучымі формамі работы клуба з’яўляюцца майстар-класы і абмен вопытам.

У сваёй рабоце метадысты абапіраюцца на вопыт высокапрафесійных педагогаў-практыкаў. У ВМК створаны электронны банк даных творчых настаўнікаў, на кожнага з якіх складзены прафесійныя карты, што ўтрымліваюць інфармацыю аб прафесійных і асобасных дасягненнях. Па выніках года дасягненні педагогаў адзначаюцца на старонках часопіса ВМК “Метадычная панарама” ў рубрыцы “Ёсць такі настаўнік!”. Акрамя таго, у ВМК створаны банк адрасоў педагагічнага вопыту, дзе змешчана тэматыка абагульненага вопыту настаўнікаў і звесткі пра тых з іх, хто выкарыстоўвае ў рабоце сучасныя педтэхналогіі. Гэтыя даныя з’яўляюцца арыенцірам пры выбары кіраўнікоў метадычных фарміраванняў і планаванні метадычных мерапрыемстваў.

- Работа кабінета ажыццяўляецца ў цесным супрацоўніцтве з установамі адукацыі, - адзначыла І.Ю.Нікіпорчык. – На пэўным этапе найбольш паспяховыя з іх становяцца нефармальнымі лідарамі, авангарднымі зонамі, дзе “вырошчваюцца” новыя адукацыйныя практыкі, рэалізоўваюцца сучасныя тэхналогіі і метады, а таксама нестандартныя формы кіравання. Ствараюцца апорныя навучальныя ўстановы па розных напрамках метадычнай работы. Педкалектывы гэтых устаноў дабіваюцца высокіх вучэбных вынікаў і карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам сярод калег. На базе такіх школ арганізаваны шэраг метадычных фарміраванняў. Апорныя ўстановы – база для правядзення практычных заняткаў са слухачамі курсаў, а таксама ўзор педагагічнай дзейнасці падчас розных мерапрыемстваў.

>Выяўленне, абагульненне і распаўсюджванне эфектыўнага педвопыту ажыццяўляецца падчас дэкад педмайстэрства, канферэнцый, фестываляў і майстар-класаў. Іх тэматыка абумоўлена асноўнымі напрамкамі метадычнай работы і агульнай метадычнай тэмай года: “Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу да адукацыйнага працэсу як умова дасягнення якасці адукацыі” і “Урок – вяршыня майстэрства”. Значную ролю ў развіцці прафесійнага майстэрства творчых педагогаў адыгрываюць конкурсы. За 3 апошніх гады праведзены конкурсы “Настаўнік года”, “Выхавальнік года” і “Малады настаўнік Брэстчыны”. Радуе, што фіналістамі абласных этапаў спаборніцтваў сталі трое педагогаў Пінска.

Штогод ладзяцца конкурсы вучэбных кабінетаў, падчас якіх адсочваецца работа педагогаў па назапашванні і сістэматызацыі вучэбна-метадычных комплексаў, фарміраванні адукацыйнага асяроддзя кабінета. Такія конкурсы – адна з форм выяўлення творчых настаўнікаў.

На працягу апошніх гадоў на базе ўстаноў адукацыі Пінска рэалізоўваўся шэраг адукацыйных праектаў на ўзроўні педагагічнай ініцыятывы. Так, яслі-сад № 10 з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па апрабацыі мадэлі арганізацыі адукацыйнага працэсу пры сумеснай рэалізацыі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі і вучэбных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі.

- Мэта метадычнай работы – навучыць педагогаў працаваць больш упэўнена і эфектыўна, сумеснымі намаганнямі дасягаць неабходных вынікаў, - падагульніла І.Ю.Нікіпорчык.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 18 В.У.Вядзерчык расказала пра работу гарадской творчай групы педагогаў-філолагаў, якую ўзначальвае. У групу, створаную летась, уваходзяць 5 настаўнікаў з розных навучальных устаноў Пінска. Педагогі працуюць над тэмай “Інфармацыйна-камп’ютарныя тэхналогіі і ЭСН на ўроках рускай мовы і літаратуры і ў пазаўрочны час”. Мэта работы – актывізацыя дзейнасці па ўкараненні ІКТ і ЭСН у педпрактыку настаўнікаў-філолагаў.

Педагогі вывучылі тэарэтычныя асновы і вопыт выкарыстання ІКТ у адукацыйным працэсе, у прыватнасці апрабавалі функцыянальную сістэму Hot Potatoes і тэсціруючую праграму My Test. Праграма, якая выкарыстоўваецца для стварэння алімпіядных заданняў па рускай мове і літаратуры, дазваляе адносна дакладна і хутка ацаніць работу вучняў, прычым максімальна аб’ектыўна. Пераможцы вызначаюцца пасля таго, як апошні вучань выканаў работу. Усе вынікі выводзяцца на экраны камп’ютараў і адпраўляюцца на сервер настаўніка па лакальнай сетцы. Такім чынам можна арганізаваць алімпіяду не толькі ў адным класе, але і ва ўсёй школе. Важна, што настаўнік можа падрабязна прааналізаваць работу ў зручны час, бо ўся інфармацыя захоўваецца, скажам, у выглядзе электроннай табліцы.  

Удзельнікі творчай групы не толькі вывучылі і апрабавалі ІКТ, але і склалі алімпіядныя заданні для вучняў 5-6 класаў у тэсціруючай праграме My Test і тэкставым рэдактары Word  на CD-дысках. Акрамя таго, педагогі вялі актыўную асветніцкую работу па павышэнні інфармацыйнай культуры калег: праводзілі адкрытыя ўрокі, выступалі на навукова-практычнай канферэнцыі, пасяджэннях школьных метадычных аб’яднанняў. Сёння ўдзельнікі групы задумваюцца аб арганізацыі дыстанцыйнага навучання на школьным сайце для адораных дзяцей, правядзенні дыстанцыйных алімпіяд і далучэнні пінскіх педагогаў да работы па стварэнні скарбонкі эфектыўнага вопыту.

- Гарадскі клуб творчых педагогаў для настаўнікаў пачатковых класаў, - расказала яго кіраўнік, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 16 А.В.Каско, - аб’ядноўвае тых, хто зацікаўлены ў форме калектыўнага супрацоўніцтва вывучаць, распрацоўваць і абагульняць матэрыялы па актуальнай тэматыцы, укараняць сучасныя і інавацыйныя тэхналогіі, шукаць аптымальныя шляхі для вырашэння пастаўленых адукацыйных задач. Клуб развівае творчасць і ініцыятыву настаўнікаў, стварае ўмовы для іх самарэалізацыі, фарміруе суполку аднадумцаў.

Удзельнікі клуба працуюць над павышэннем прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў шляхам авалодання сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі. Асноўная форма работы клубаўцаў – майстар-клас, які дазваляе перадаць настаўніцкі вопыт праз прамы і каменціраваны паказ паслядоўнасці дзеянняў, метадаў, прыёмаў і форм педагагічнай дзейнасці.

На працягу года ўдзельнікі клуба наведалі шэраг майстар-класаў, праведзеных А.А.Саколік, Г.А.Юхнік, Л.І.Говен і М.У.Лочмеліс, якія ў сваёй рабоце звяртаюцца да тэхналогіі “Крок за крокам”, тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення і поўнага засвання ведаў і ІКТ. Па выніках работы клуба папаўняецца банк метадычных ідэй.

Кіраўнік гарадской школы ўдасканалення прафесійнага майстэрства, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 2 В.М.Макеўніна падзялілася напрацоўкамі па далучэнні малодшых школьнікаў да вучэбна-даследчай дзейнасці, развіцці пазнавальных інтарэсаў і творчых здольнасцей дзяцей. Ужо шмат гадоў у гімназіі ладзіцца канферэнцыя “Мае першыя крокі ў навуку”. Педагогі ўстановы ахвотна дзеляцца назапашаным вопытам з калегамі з усёй вобласці.

З 2008 года ў Пінску праводзіцца конкурс даследчых праектаў малодшых школьнікаў “Я – даследчык”. Зразумела, што вучэбна-даследчая дзейнасць патрабуе пэўнай падрыхтоўкі як педагогаў, так і вучняў. Для вырашэння цяжкасцей была створана школа станаўлення прафесійнага майстэрства “Фарміраванне навыкаў даследчай дзейнасці малодшых школьнікаў”. Гімназія № 2 стала апорнай установай у гэтым кірунку. Слухачамі школы з’яўляюцца прадстаўнікі ўсіх навучальных устаноў Пінска.

Удзельнікі школы сістэматызавалі тэарэтычныя матэрыялы па тэме, абагульнілі вопыт настаўнікаў-пачаткоўцаў па фарміраванні навыкаў даследчай работы ў вучняў, распрацавалі рэкамендацыі па яе арганізацыі і падрыхтавалі да публікацыі зборнік лепшых дзіцячых даследчых работ. Работа школы ўлічвае запыты педагогаў і ўключае правядзенне тэарэтычных пасяджэнняў і практычных семінараў. Плануецца стварыць банк эфектыўнага педагагічнага вопыту.

Дзякуючы розным мерапрыемствам, арганізаваным школай удасканалення прафесійнага майстэрства, павышаецца якасць і паляпшаецца зместавае напаўненне вучнёўскіх даследчых работ, расце кампетэнтнасць педагогаў у правядзенні адпаведнай дзейнасці.

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 3 Л.К.Зямецкая расказала пра работу пастаянна дзеючага семінара “Зносіны без абмежаванняў: прыёмы арганізацыі камунікатыўна-арыентаванага навучання”. Удзельнікі праблемнай групы вызначылі найбольш актуальныя задачы: вывучэнне эфектыўных прыёмаў арганізацыі камунікатыўна-арыентаванага навучання англійскай мове, азнаямленне настаўнікаў з эфектыўным вопытам калег у гэтым кірунку, стварэнне банка даных камунікатыўных тэхналогій навучання для выкарыстання на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці, удасканаленне моўнай і маўленчай кампетэнцыі педагогаў. Былі праведзены 4 семінары, прысвечаныя камунікатыўным прыёмам навучання гаварэнню, стварэнню матывацыі, мадэліраванню камунікатыўных сітуацый, кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўнікаў, камунікатыўным прыёмам выпраўлення памылак, стымуляванню развіцця вуснага іншамоўнага маўлення, навучанню дзяцей міжкультурным зносінам з выкарыстаннем ІКТ і інш.

Тэматыка семінара ўключае навучанне розным відам маўленчай дзейнасці ў камунікатыўным рэжыме. У рабоце, якая праходзіць у малых групах у інтэрактыўнай форме на англійскай мове, прымяняюцца розныя прыёмы (дыскусія, дэбаты, мазгавы штурм) і метады (камунікатыўны, праблемны, інтэрактыўны).

Асабліва карысным семінар з’яўляецца для маладых педагогаў. Важна, што заняткі носяць практыка-арыентаваны характар. З мэтай распаўсюджвання станоўчага педагагічнага і метадычнага вопыту створаны банк камунікатыўных тэхналогій і выдадзены метадычны дапаможнік з найбольш цікавымі знаходкамі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ,

“Настаўніцкая газета”.