Складнікі эфектыўнага кіравання – ініцыятыва і творчасць

24.6.2012

>Складнікі эфектыўнага кіравання – ініцыятыва і творчасць

На базе навучальных устаноў Іванаўскага раёна прайшоў абласны семінар начальнікаў рэгіянальных аддзелаў адукацыі “Арганізацыйна-кіраўніцкія механізмы павышэння эфектыўнасці дзейнасці ўстаноў адукацыі рэгіёна ў кантэксце рэалізацыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Практычныя формы работы ў педагагічным калектыве па фарміраванні здаровага маральна-псіхалагічнага клімату і канструктыўнай грамадзянскай пазіцыі”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны ІРА.

- Кіраванне якасцю адукацыі – прыярытэтны напрамак дзейнасці сістэмы адукацыі Іванаўшчыны, - адзначыў начальнік раённага аддзела адукацыі Р.М.Сыса. – У рэгіёне працуюць 54 установы адукацыі, якія наведваюць каля 5,6 тысячы дзяцей. У адпаведнасці з палажэннямі Кодэкса аб адукацыі ажыццяўляецца дыферэнцыяцыя адукацыйнага працэсу. Так, у Іванаўскай гімназіі прадметы фізіка-матэматычнага і філалагічнага кірунку вывучаюцца на павышаным узроўні. Ва ўстанове рэалізоўваецца праект “Сацыяльна актыўная школа як аснова фарміравання асобы”.

У сярэдняй школе № 4 арганізаваны факультатыўныя заняткі па музыцы і харэаграфіі. За 17 гадоў існавання дзіцячы ўзорны музычны тэатр школы паставіў 14 спектакляў, мюзіклаў і аперэт.>

Шмат робіцца ў раёне па зніжэнні захваральнасці дашкольнікаў. Так, за 7 гадоў яна знізілася амаль у 3 разы. Умацаванню дзіцячага здароўя садзейнічае работа школьных аздараўленчых лагераў і загараднага аздараўленчага летніка “Брыганціна”, дзе кожны год адпачываюць каля 500 чалавек. 50% вучняў раёна ахоплены аздараўленнем.

Рэалізацыю адукацыйных запытаў дзяцей забяспечваюць і ўстановы дадатковай адукацыі. У Цэнтры дзіцячай творчасці працуюць два ўзорныя калектывы – ансамбль народнага танца “Каразель” і паэтычны тэатр “Крынічка”.

Раённы аддзел адукацыі ўдзяляе вялікую ўвагу павышэнню эфектыўнасці кіравання. Вызначаны задачы і арганізацыйна-кіраўніцкія мерапрыемствы па дасягненні пастаўленых мэт. У мінулым навучальным годзе павышаная ўвага была скіравана на павышэнне эфектыўнасці сістэмы работы з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі па падрыхтоўцы да алімпіяд, творчых і інтэлектуальных конкурсаў, удзелу ў навукова-даследчай дзейнасці, а таксама на развіццё прафесійнай кампетэнтнасці педкадраў.

На пастаянным кантролі знаходзяцца пытанні, звязаныя са станам выкладання і ўзроўнем ведаў вучняў, укараненнем эфектыўных тэхналогій і сродкаў навучання ў адукацыйны працэс, правядзеннем факультатыўных заняткаў і інш. Па выніках вучэбных чвэрцяў і навучальнага года аналізуюцца вучэбныя дасягненні па кожнай установе і ўсіх прадметах. За 5 апошніх гадоў вывучана дзейнасць 25 школ раёна, у 4-х установах праведзены самакантроль. Дзякуючы гэтаму, удаецца своечасова выпраўляць недахопы ў рабоце.

- Дасягнуць належных вынікаў у кіраванні якасцю адукацыі немагчыма без апоры на кіраўнікоў навучальных устаноў, - адзначыў Р.М.Сыса. – Сучасная школа знаходзіцца ў стане няспыннага абнаўлення, пошуку новых форм і метадаў работы. Кіраванне гэтым працэсам патрабуе ад кіраўніка высокай кампетэнтнасці, здольнасці быць не толькі арганізатарам, але і экспертам, нефармальным і прызнаным лідарам калектыву. Зыходзячы з гэтага і будуецца работа з кіраўніцкімі кадрамі.

Людзі, якія ўзначальваюць школьныя калектывы, маюць дастатковы вопыт кіраўніцкай дзейнасці. Пры змене кіраўніка на пасаду прызначаецца чалавек з рэзерву кіраўніцкіх кадраў, які штогод абнаўляецца. Работа пастаяннага семінара для рэзерву дазваляе падрыхтаваць яго састаў па асноўных складніках кіраўніцкай дзейнасці. Так, за 3 гады на пасаду дырэктара з рэзерву былі прызначаны 7 чалавек, намеснікаў дырэктара – 9. На працягу двух гадоў прызначаныя кіраўнікі праходзяць школу станаўлення маладога кіраўніка. Важна, што сістэма работы з кіраўніцкімі кадрамі будуецца дыферэнцавана, з улікам усіх змен у сістэме адукацыі краіны.

Пасяджэнні раённых метадычных аб’яднанняў дырэктараў школ і іх намеснікаў заўсёды тэматычныя і практыка-арыентаваныя і праводзяцца на базе навучальных устаноў, вопыт работы якіх вывучаецца і прапагандуецца. Своеасаблівай школай вучобы кіраўнікоў становяцца і пасяджэнні савета аддзела адукацыі па пытаннях кіраўніцкай дзейнасці.

Адным з эфектыўных метадаў кіравання якасцю адукацыі з’яўляецца ўдзел педкалектываў раёна ў абласных конкурсах школ аграгарадкоў. Навучальныя ўстановы Іванаўшчыны – фіналісты трох конкурсаў, па выніках двух з якіх станавіліся пераможцамі (Мотальская і Адрыжынская сярэднія школы).

Эфектыўным сродкам кіравання якасцю адукацыі з’яўляецца штогадовае вызначэнне рэйтынгу навучальных устаноў. Па выніках спаборніцтваў лідзіруючыя пазіцыі штогод займаюць гімназія і Адрыжынская сярэдняя школа. Такі аналіз дзейнасці ўстаноў выяўляе праблемныя зоны, вызначае перспектывы развіцця і ў выніку ўдасканальвае сістэму кіравання якасцю адукацыі.

- Галоўны крытэрый якасці адукацыі – паспяховасць выпускніка ў жыцці, які яшчэ ў школе павінен правільна суадносіць уласныя прафесійныя жаданні з прапановамі рынку працы. Кіраванне якасцю адукацыі ўключае распрацоўку і ажыццяўленне мер, што дазваляюць эфектыўна аказваць адукацыйныя паслугі такой якасці, якая забяспечвае адпаведнасць выніку адукацыі патрэбам спажыўца, - падагульніў Р.М.Сыса.

- Павысіць якасць адукацыі можна толькі ва ўмовах шырокага выкарыстання інавацыйных падыходаў да арганізацыі адукацыйнага працэсу, - упэўнена начальнік аддзела адукацыі Лунінецкага райвыканкама В.І.Верас. – Педагогі раёна знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых шляхоў развіцця якасці адукацыі на аснове новых адукацыйных тэхналогій і ініцыятыў. Перад навучальнымі ўстановамі пастаўлена задача: распрацоўваць і развіваць новыя ідэі, актуальныя не толькі для канкрэтнай школы, але і для раёна ў цэлым. У школах дзейнічаюць творчыя групы па распрацоўцы інавацыйных праектаў. Педкалектывы ствараюць інавацыйнае адукацыйнае асяроддзе, нарматыўна-прававое і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне па рэалізацыі распрацаваных праектаў.

У Лунінецкім раёне працуюць 39 школ. Гімназія і ліцэй знаходзяцца ў авангардзе інавацыйных працэсаў. Для таго каб карысныя ініцыятывы ўвасобіліся ў рэальнасць, назапашваецца неабходная матэрыяльная база: швейныя машыны для правядзення заняткаў па абслуговай працы, лабараторнае абсталяванне для арганізацыі практычных заняткаў па біялогіі, хіміі і фізіцы, спартыўна-турыстычны інвентар. Сацыяльны стандарт па інфарматызацыі выконваецца з разліку адзін камп’ютар на 19 вучняў 5-11 класаў. 77% устаноў адукацыі падключаны да інтэрнэту па тэхналогіі ADSL. Набываюцца мультымедыйнае абсталяванне і лінгафонныя кабінеты.

Сёння на базе 3 школ раёна дзейнічаюць інавацыйныя пляцоўкі Міністэрства адукацыі, якія добра ўплываюць на якасць рэгіянальнай адукацыі. Так, Мікашэвіцкая гімназія імя У.І.Нядзведскага рэалізоўвала праект “Укараненне мадэлі кантрольна-ацэначнай дзейнасці суб’ектаў адукацыйнага працэсу як фактар павышэння якасці адукацыі вучняў”. Рэалізацыя праекта станоўча паўплывала на выніковасць алімпіяднага руху і якасць ведаў дзяцей. Сёння педкалектыў установы працуе над праектам “Укараненне мадэлі выхавання сацыяльнай актыўнасці вучняў праз новыя формы работы з дзіцячымі грамадскімі аб’яднаннямі”.

Сёлета педагогі Лунінецкага ліцэя завяршаюць работу над праектам “Укараненне мадэлі рэалізацыі пераемнасці ў адукацыйнай сістэме “ўрок – факультатыўны занятак – урок”. Выхаванцы ліцэя – пастаянныя пераможцы абласнога і заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

Мікашэвіцкая сярэдняя школа № 2 з’яўляецца апорнай установай раёна па грамадзянска-патрыятычным выхаванні школьнікаў. На базе школы адкрыты класы ваенна-патрыятычнага і прававога кірунку. Сёння педагогі ўстановы рэалізоўваюць праект па ўкараненні мадэлі фарміравання камунікатыўнай культуры вучняў у кантэксце беларускага менталітэту.

- Вопыт паказаў, што важным элементам павышэння эфектыўнасці кіравання з’яўляецца дакладнасць эканамічнага планавання, дасканалая распрацоўка рэгіянальных мэтавых праграм, тэрытарыяльная рэструктурызацыя ўстаноў адукацыі, стварэнне маштабнага інавацыйнага поля, абнаўленне і мадэрнізацыя ўсіх працэсаў, структур і напрамкаў кіраўніцкай і адукацыйнай дзейнасці, - адзначыла В.І.Верас.>

Падчас семінара яго ўдзельнікі азнаёміліся з работай Іванаўскай гімназіі, Тышкавіцкай, Махроўскай і Адрыжынскай сярэдніх школ, а таксама аздараўленчага лагера “Брыганціна”.

- Сучасная адукацыя рыхтуе чалавека да таго, каб ён не толькі быў здольны жыць у зменлівым свеце, але і сам ажыццяўляў гэтыя змены, - адзначыла дырэктар Іванаўскай гімназіі І.Ю.Раманчык. – Адукацыя павінна рыхтаваць выпускнікоў да вырашэння сацыяльна-эканамічных, экалагічных і іншых праблем як на мясцовым, так і на нацыянальным і глабальным узроўнях. Выпускніка неабходна рыхтаваць да сацыяльна адказнай дзейнасці і бесперапыннай адукацыі на працягу ўсяго жыцця.

Удзел у беларуска-нямецкім праекце “Стварэнне рэгіянальных рэсурсных цэнтраў комплекснай падтрымкі практыкі адукацыі ў інтарэсах ўстойлівага развіцця і школьнай мясцовай павесткі 21” забяспечвае шырокае ўзаемадзеянне настаўнікаў гімназіі з педагогамі ўстаноў адукацыі Оршы, Шчучына, Браслава, Віцебска і Мінска.

На аснове праведзенага анкетавання была выпрацавана стратэгія развіццёва-ініцыятыўнай дзейнасці гімназіі. Ва ўстанове з’явіліся новыя гурткі (“Юны даследчык” і “Экалогія горада”), адрадзіўся дыскусійны клуб “Погляд”, пачала выходзіць газета “Вуснамі гімназіста”, а таксама быў створаны профільны аздараўленчы летнік для членаў навуковага таварыства “Эўрыка”.

У гімназіі рэалізоўваецца адукацыйны праект “Сацыяльна актыўная школа – школа ХХІ стагоддзя”, мэта якога заключаецца не толькі ў аказанні адукацыйных паслуг, але і ў развіцці грамадзянскай супольнасці, далучэнні бацькоў, грамадскасці, улады, бізнесу да вырашэння праблем, што стаяць перад гімназіяй і соцыумам у цэлым. У рамках праекта ініцыяваны і арганізаваны розныя акцыі: “Дзень свету – 21”, “Ператворым адходы ў даходы”, “Гадзіна без камп’ютара”, “Птушкі на кармушцы”, “Здароўе нацыі ў руках маладых”, “Антынікацін” і інш. Гімназія ўзяла шэфства над выхаванцамі сацыяльнага прытулка і пацыентамі аддзялення сястрынскага догляду Мотальскай бальніцы. Да акцыі далучыліся равеснікі з іншых школ.

Ужо некалькі гадоў па ініцыятыве раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын у Іванаве праводзіцца акцыя-конкурс “Зробім свой горад прыгожым” на лепшае афармленне і дэкаратыўнае азеляненне клумб у мясцовым парку. Мэта акцыі – фарміраванне ў моладзі працоўных навыкаў, умацаванне ўзаемаадносін паміж бацькамі, іх дзецьмі і педкалектывам. Дзякуючы акцыі, з’явіліся праекты па ландшафтным дызайне “Вясёлка над Янавым” і “Мой горад”. За грошы, атрыманыя ад перамогі ў акцыі-конкурсе, была добраўпарадкавана тэрыторыя гімназіі.

Вялікае значэнне ў развіцці партнёрскага ўзаемадзеяння і рэалізацыі сацыяльна-грамадзянскіх ініцыятыў адыграў удзел гімназіі ў міжнародных інтэрнэт- і медыяпраектах: “Наша Беларусь разам з Міхалам Клефасам Агінскім”, “Рыа + 20”, “Фэст экскурсаводаў”, “Сам сабе ратавальнік”, “Птушкі на кармушцы”, “Зямля – наш агульны дом”, “Экскурсія ў тэхнапарк: навучы бацькоў лічыць” і “Чыстая кропля”.

Ініцыятывы ўдзельнікаў гімназічнай супольнасці, скіраваныя на ўстойлівае развіццё як установы, так і рэгіёна, дазволілі гімназіі стаць абласным рэсурсным цэнтрам комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця і школьных мясцовых павестак 21. Мэта рэсурснага цэнтра – работа для сябе і для іншых.

Дырэктар Тышкавіцкай сярэдняй школы Г.А.Барташ расказала пра дзейнасць адміністрацыі ўстановы па фарміраванні здаровага маральна-псіхалагічнага клімату ў калектыве. Па словах кіраўніка, школа займае высокае месца ў рэйтынгу навучальных устаноў Іванаўскага раёна. Па многіх напрамках работы дасягнуты вельмі добрыя вынікі. Школа з’яўляецца сапраўдным сацыяльна-культурным цэнтрам аграгарадка. 76% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. 80% настаўнікаў – выпускнікі школы.

Адміністрацыя школы ўдзяляе вялікую ўвагу эмацыянальнай і матывацыйнай падтрымцы педагогаў, стварэнню спрыяльнага псіхалагічнага клімату ў адносінах паміж імі, развіццю паразумення і ўзаемадапамогі, фарміраванню калектыву аднадумцаў, аб’яднаных агульнымі прынцыпамі работы. Ва ўстанове традыцыйна ладзяцца творчыя вечарыны-ўшаноўванні юбіляраў. Не забываюць у школе і пра тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Ніводнае школьнае свята не абыходзіцца без іх.

Вялікая ўвага з боку адміністрацыі школы ўдзяляецца рабоце з маладымі настаўнікамі. Галоўнае ў ёй – своечасова падтрымаць, не загасіць імкненне да творчасці і ініцыятывы.

Фарміраванню здаровага маральна-псіхалагічнага клімату ў калектыве спрыяе правядзенне сумесных культурных мерапрыемстваў і спартыўных спаборніцтваў паміж педагогамі і вучнямі. Добра згуртоўваюць калектыў мерапрыемствы, якія патрабуюць агульнай адказнасці, напрыклад, вечар-рапарт “Наш калектыў – наш гонар”, дзе кожны можа рэалізаваць творчыя магчымасці, паказаць захапленні, майстэрства. Штогод працоўны дэсант з ліку педагогаў адпраўляецца на работу ў сельскую гаспадарку, дзякуючы чаму ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база школы.

Дырэктар Махроўскай сярэдняй школы В.М.Катовіч падзялілася вопытам сумеснай дзейнасці педагогаў і вучняў па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны як сродку фарміравання канструктыўнай грамадзянскай пазіцыі. Вольга Міхайлаўна ўпэўнена, што патрыятычнае выхаванне немагчыма без краязнаўчай работы. Краязнаўчая дзейнасць у школе вядзецца на базе народнага гісторыка-краязнаўчага музея, створанага ў 1979 годзе. У ім сабраны ўнікальныя экспанаты, назапашаныя трыма пакаленнямі выпускнікоў і іх бацькоў.

Асноўны напрамак работы музея – даследчая дзейнасць. Дзякуючы намаганням педагогаў і вучняў, было адноўлена добрае імя таленавітага настаўніка і мастака А.П.Рубановіча, рэпрэсаванага ў 1947 годзе. Сёння ў школе дзейнічае мастацкая зала, прысвечаная жыццю і творчасці гэтага чалавека.

Валанцёрская група “Адраджэнне” займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторыі, дапамагае ветэранам, збірае матэрыялы для музея, аказвае дапамогу дзецям з сацыяльнага прытулка, праводзіць розныя акцыі. Члены групы з’яўляюцца і экскурсаводамі.

На базе музея працуе краязнаўчы гурток. Вучні збіраюць экспанаты, сустракаюцца з ветэранамі вайны, цікавымі землякамі. Гурткоўцы распрацавалі розныя турыстычна-экскурсійныя маршруты па мясцінах баявой і працоўнай славы.

Вывучаючы гісторыю роднай вёскі, школьнікі актыўна займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю. Работы “Далёкі верасень 1939 года”, “Помнікі гісторыі і культуры махроўскай зямлі”, “Махроўская зямля і нацыяналістычны рух у 1945-1954 гадах”, “Гісторыя махроўскай Пятра-Паўлаўскай царквы” і “Уплыў імпрэсіянізму на творчасць махроўскіх мастакоў” былі адзначаны на розных навукова-практычных канферэнцыях.

У школе распрацаваны праект “Вывучаючы мінулае – ствараем будучыню” і праграма, якая прадугледжвае сістэматычнае правядзенне заняткаў і мерапрыемстваў з выкарыстаннем гісторыка-краязнаўчага матэрыялу. Створаны банк метадычных распрацовак музейных урокаў. Да краяўнаўчай работы актыўна далучаюцца бацькі вучняў, якія прымаюць удзел у складанні сямейных радаводаў. Штогод каля 70% выпускнікоў школы застаюцца працаваць на мясцовым сельскагаспадарчым прадпрыемстве і ў іншых установах вёскі. Гэта сведчыць пра ўдалую арганізацыю выхаваўчай работы з моладдзю.

Калектыў Адрыжынскай сярэдняй школы, якую ўзначальвае І.М.Гарбунова, вялікую ўвагу ўдзяляе фарміраванню пазітыўнага іміджу навучальнай установы ў соцыуме, развіццю і падтрымцы бацькоўскай і дзіцячай ініцыятывы. Візітная картка ўстановы – творчае афармленне прышкольнай тэрыторыі, якая патанае ў кветках.

Кіраўніцтва школы ўдзяляе вялікае значэнне метадычнай рабоце з кадрамі, без прафесіяналізму і ініцыятыўнасці якіх немагчымы рух наперад. Умацаванне каманднага духу калектыву, яго адказнасці за вынікі сваёй працы істотна павышае рэпутацыю школы ў вачах бацькоў вучняў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.