Семiнар у Ганцавiчах
16.5.2012На базе навучальных устаноў Ганцавіцкага раёна прайшоў абласны семінар загадчыкаў раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў на тэму “Прафесіяналізм педагога – асноўны рэсурс развіцця сістэмы адукацыі рэгіёна”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, абласны ІРА і аддзел адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама.
Першым прыпынкам удзельнікаў семінара стала ганцавіцкая сярэдняя школа № 3. Адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні райвыканкама М.Ф.Валынец азнаёміў гасцей з сацыяльнай сферай раёна і перспектывамі яе развіцця. Начальнік раённага аддзела адукацыі С.В.Сарокаў расказаў пра сістэму адукацыі Ганцаўшчыны і ролю кіраўнікоў навучальных устаноў у яе якасным развіцці.
- У рэгіёне працуюць 34 установы адукацыі, якія наведваюць каля 5 тысяч дзяцей, - адзначыў С.В.Сарокаў. – Вялікая ўвага ўдзяляецца прафесійнаму росту педагогаў – 71% педработнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Назапашаны вопыт работы па падрыхтоўцы і правядзенні конкурсаў прафмайстэрства “Настаўнік года”, “Малады настаўнік”, “Выхавальнік года” і “Педагог-псіхолаг года”.
Дзякуючы высокай прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, вучні раёна вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху і розных конкурсах. Установы адукацыі працуюць па прынцыпе “Ва ўсім імкнуцца да ўдасканалення”. З году ў год павялічваецца колькасць выпускнікоў, якія працягваюць навучанне ў ВНУ (летась гэты паказчык склаў 56%).
- Эфектыўная кіраўніцкая дзейнасць з’яўляецца асновай якаснага вучэбна-выхаваўчага працэсу, - заўважыў С.В.Сарокаў. – Штогод у раёне праводзіцца конкурс на лепшую навучальную ўстанову. Ажыццяўляецца пастаянны маніторынг якасці адукацыі. Праблема эфектыўнага кіравання разглядаецца праз павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, актывізацыю іх творчасці і павышэнне якасці метадычнай работы. Сучаснай школе патрэбны высокакампетэнтны кіраўнік-прафесіянал, майстэрства якога выяўляецца ва ўменні арганізаваць вучэбны працэс такім чынам, каб пры ўсіх, нават самых неспрыяльных, умовах дасягаць належнага ўзроўню якасці адукацыі. Граматны кіраўнік не навязвае ўласныя меркаванні і не дыктуе ўмовы, а задзейнічае ўвесь педкалектыў, робіць яго актыўным, стварае ў ім творчую атмасферу, падштурховае настаўнікаў стаць даследчыкамі сваёй дзейнасці. Зразумела, што ў кожнага кіраўніка выпрацаваны індывідуальныя падыходы да работы з калектывам і павышэння якасці адукацыйнага працэсу.
У раёне шмат прафесійна граматных кіраўнікоў. Сярод іх – І.У.Бараноўская з Ганцавіцкай гімназіі, Н.У.Здрок з сярэдняй школы № 3, М.В.Рабцэвіч з Раздзялавіцкай сярэдняй школы, Е.В.Навумік з Хатыніцкай сярэдняй школы і А.А.Занько з Круговіцкай сярэдняй школы.
Для ўдасканалення дзейнасці кіраўнікоў навучальных устаноў, аказання ім практычнай дапамогі ў павышэнні кампетэнтнасці і прафесійнай кваліфікацыі арганізавана работа двух раённых метадычных аб’яднанняў дырэктараў школ і загадчыкаў дзіцячых садкоў, а таксама школ маладога кіраўніка і рэзерву кіраўніцкіх кадраў. У адпаведнасці з раённай праграмай “Кадры ўстаноў адукацыі” праводзіцца стажыроўка нядаўна прызначаных кіраўнікоў. Штогод аналізуюцца і ўлічваюцца прапановы кіраўнікоў па тэматыцы і змесце пасяджэнняў раённых метадычных фарміраванняў. Маладыя кіраўнікі і рэзервісты знаёмяцца з работай больш вопытных калег.
- Сумесны пошук, высокая адказнасць і выканальніцкая дысцыпліна кожнага кіраўніка і педагога забяспечваюць эфектыўнасць адукацыйнага працэсу, - адзначыў С.В.Сарокаў. – Прафесійныя кадры – гэта база навучальных устаноў. У раёне пастаянна ладзяцца мерапрыемствы, скіраваныя на абмен эфектыўным педагагічным вопытам і яго распаўсюджанне, а таксама навучанне новым тэхналагічным прыёмам і метадам работы. У навучальных установах рэгіёна працуюць 6 выдатнікаў адукацыі Беларусі.
- Раённы вучэбна-метадычны кабінет, які быў створаны ў 2004 годзе, з’яўляецца цэнтрам сістэмнай і мэтанакіраванай практычнай дзейнасці па арганізацыі бесперапыннай адукацыі педагогаў і кіраўнікоў, удасканаленні іх прафесійных кампетэнцый, - расказала загадчыца ВМК В.А.Мурашка. – Сёння ў раёне дзейнічаюць 43 метадычныя фарміраванні. Формы метадычнай работы педагогаў надзвычай разнастайныя: семінар-практыкум, круглы стол, “праблемнае поле”, семінар-трэнінг, выстава-прэзентацыя і інш. Адной з форм метадычнай вучобы з’яўляецца стварэнне творчых груп педагогаў для работы над найбольш складанымі і актуальнымі праблемамі выкладання прадметаў. Для кіраўнікоў раённых метадычных фарміраванняў ладзяцца навучальныя заняткі па самых актуальных пытаннях арганізацыі метадычнай работы.
У ВМК вызначаны метадычныя дні для настаўнікаў-прадметнікаў, дзе яны могуць атрымаць неабходныя кансультацыі па пэўных педагагічных праблемах. Створаны банк інфармацыйных матэрыялаў: “Сучасны ўрок”, “У дапамогу маладому настаўніку”, “Кіраўніку метадычнага фарміравання”, “Работа з адоранымі”, “Самаадукацыя”, “У дапамогу метадысту”, “Абагульненне вопыту работы”, “Памяткі для настаўніка” і “Факультатыўныя заняткі”.
Па словах В.А.Мурашкі, сістэма метадычнай работы з педагогамі будуецца на аснове дыферэнцаванага падыходу ў адпаведнасці з узроўнем кваліфікацыі настаўніка. Паколькі перыяд яго прафесійнага росту індывідуальны, задача метадычнай службы заключаецца ў стварэнні ўмоў для хуткага станаўлення высокапрафесійнага спецыяліста. У навучальных установах вядуцца карты дасягненняў педагогаў, якія дазваляюць адсочваць прафесійнае развіццё кожнага з іх.
У раёне наладжана работа па вывучэнні, абагульненні і распаўсюджванні эфектыўнай педагагічнай практыкі. Вялікая ўвага ўдзяляецца распрацоўцы і выданню метадычнай прадукцыі. Штогод праводзіцца раённая выстава “Метадычнае забеспячэнне сістэмы адукацыі раёна”, дзе прадстаўляюцца матэрыялы ў выглядзе рэкамендацый, памятак і метадычных веснікаў, а таксама конкурсы прафесійнага майстэрства, у тым ліку на лепшы метадычны кабінет навучальнай установы. Важна, што педагогі знаёмяцца з цікавым вопытам работы калег з іншых раёнаў. Асаблівае месца адведзена самаадукацыі настаўнікаў і правядзенню дэкад педмайстэрства. У рабоце абласных творчых груп актыўна ўдзельнічаюць 6 педагогаў раёна. Лепшы вопыт прадстаўляецца на рэспубліканскім узроўні, дзе атрымлівае станоўчыя водгукі.
- Неад’емнай часткай метадычнай дзейнасці з’яўляецца работа з маладымі спецыялістамі, - адзначыла метадыст раённага ВМК С.М.Дабрынец. – Асноўная мэта гэтай работы – стварэнне ўмоў для адаптацыі маладых спецыялістаў да прафесійнай дзейнасці. Педагогі атрымліваюць абавязковыя індывідуальныя кансультацыі, забяспечваюцца нарматыўна-прававымі дакументамі. Метадысты рэгулярна наведваюць урокі маладых спецыялістаў.
У раёне дзейнічаюць школы маладога настаўніка, выхавальніка і спецыяліста сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. Школу маладога настаўніка ўзначальвае адзін з самых вопытных намеснікаў дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце – Н.К.Сяўрук з ганцавіцкай сярэдняй школы № 3. На занятках школы маладыя педагогі атрымліваюць неабходныя веды па нарматыўна-прававым і вучэбна-метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу, метадалагічных асновах сучаснага ўрока, арганізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці і інш. Практыка паказвае, што самым цяжкім для педагогаў на этапе станаўлення з’яўляецца набыццё ведаў аналізу ўласнай дзейнасці. Улічваючы гэта, настаўнікі вучацца аналізаваць як уласныя ўрокі, так і ўрокі калег. Заняткі школы праходзяць на базе лепшых устаноў раёна і абапіраюцца на лепшыя дасягненні вопытных педагогаў – Ю.М.Андрэйчыка, І.М.Рылка, Т.С.Цюкінай, Т.В.Плотка і інш.
Вельмі добра арганізавана работа з маладымі спецыялістамі ў Кукаўскай, Малькавіцкай, Агарэвіцкай, Хатыніцкай і Раздзялавіцкай сярэдніх школах. У асобных установах дзейнічае спецыяльная праграма “Малады спецыяліст”.
Аб паспяховай адаптацыі маладых спецыялістаў сведчыць той факт, што ў навучальных установах кожны год на пасады намеснікаў дырэктара запрашаюцца маладыя педагогі. Так, у Раздзялавіцкай сярэдняй школе з 2003 года намеснікамі дырэктара па вучэбнай і выхаваўчай рабоце з’яўляюцца маладыя спецыялісты. Спалучэнне мудрасці і вопыту кіраўніка М.В.Рабцэвіч з маладосцю і энергіяй намеснікаў, А.В.Рылка і А.М.Санюк, дае добрыя вынікі: на працягу многіх гадоў школа перамагае ў штогадовым конкурсе на лепшую сельскую навучальную ўстанову, паспяхова ўдзельнічае ў розных абласных конкурсах, а вучні паказваюць станоўчыя вынікі ў алімпіядным руху. Маладыя спецыялісты – актыўныя ўдзельнікі ўсіх школьных мерапрыемстваў.
Падчас семінара адбылася прэзентацыя дзейнасці ўстаноў адукацыі раёна “Метадычная работа ў сучаснай адукацыйнай установе як умова павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў”. Адкрылася прэзентацыя экспрэс-рэпартажам з сярэдняй школы № 3. Удзельнікі семінара сталі гасцямі імправізаванага ток-шоу “Дыялог у прамым эфіры” на тэму “Школа педагагічнага майстэрства – школа прафесійнага развіцця педагогаў”. Цікавым вопытам работы падзяліліся педагогі школы Т.В.Плотка, Г.М.Карнеявец, В.І.Амельяновіч, Н.М.Паплаўская, М.І.Станіславовіч, Г.Я.Няхаева, Н.М.Клявец, Т.М.Савеня, Л.М.Гардзей і В.І.Калдаева. Іх выхаванцы з’яўляюцца пераможцамі абласных этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, навукова-практычных канферэнцый, розных конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў рэспубліканскага ўзроўню. Прапагандуючы эфектыўны вопыт, настаўнікі расказвалі, як дасягнулі высокіх вынікаў.
Удзельнікі семінара наведалі выязную выставу “музея” васковых фігур “Жаночы касцюм: гістарычны экскурс”, падрыхтаваную вучнямі Чудзінскай сярэдняй школы. Школьны “музей”, якім кіруе настаўніца гісторыі Г.М.Мароз, дзейнічае ўжо больш за 10 гадоў. Выхаванцы педагога рыхтуюць выступленні па розных напрамках, напрыклад, ствараюць вобразы жанчын-выдатных дзеячаў розных краін.
На Ганцаўшчыне практыкуецца падвядзенне вынікаў работы раённых і школьных метадычных фарміраванняў. У Хатыніцкай сярэдняй школе перад удзельнікамі семінара выступілі педагогі з творчай справаздачай “Супрацоўніцтва, сумесная творчасць, дасканаласць – формула поспеху педагогаў”.
Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце С.У.Перашчук расказала пра работу 5 школьных метадычных фарміраванняў, кіраўнікамі якіх з’яўляюцца лепшыя педагогі, што карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам сярод калег. У кожнага метадычнага аб’яднання – уласны стыль работы. Сярод педагогаў карыстаецца папулярнасцю нестандартная, творчая справаздача, падчас якой можна не толькі павучыцца, але і адпачыць. Гэта надзвычай важна, бо ўмела спалучаць работу і адпачынак вельмі складана. Падчас справаздачы гучала музыка, выконваліся песні, чыталіся вершы пра настаўнікаў.
Наступным прыпынкам удзельнікаў семінара стала Раздзялавіцкая сярэдняя школа, у якой працуе найбольшая колькасць маладых спецыялістаў. Вопытны кіраўнік М.В.Рабцэвіч стварыла належныя ўмовы для развіцця і падтрымкі творчай актыўнасці маладых педагогаў. Удала пабудаваны адукацыйны працэс і сістэмная работа па прафесійным развіцці маладых спецыялістаў дазваляе дырэктару расціць уласныя кадры. У школе пад кіраўніцтвам Марыі Васільеўны працуюць 6 маладых педагогаў, з іх двое – намеснікамі, якія, нягледзячы на малы педагагічны вопыт, каардынуюць работу настаўнікаў і класных кіраўнікоў на належным узроўні.
Раздзялавіцкая сярэдняя школа з’яўляецца не толькі адукацыйным, але і культурным цэнтрам вёскі. Гэта сучасная навучальная ўстанова з неабходным абсталяваннем, якая працуе ў інтарэсах дзяцей. У школе на высокім узроўні арганізавана прафарыентацыйная работа. Дзякуючы ёй, многія выпускнікі вяртаюцца працаваць у родную вёску.
Падчас правядзення педагагічнага салона “Якія мы – маладыя педагогі школы?” М.В.Рабцэвіч азнаёміла гасцей з уласнай методыкай работы з маладымі спецыялістамі, а кожны з іх, у сваю чаргу, расказаў пра свой напрамак работы, падзяліўся сваім, няхай пакуль і невялікім, вопытам, набытым у сценах школы.
У другі дзень работа семінара прадоўжылася на базе сярэдняй школы № 1 і гімназіі. Метадыст раённага ВМК М.М.Клімавец расказала аб асаблівасцях метадычнай работы з настаўнікамі замежнай мовы.
- Сёння валоданне замежнай мовай становіцца адной з важнейшых кампетэнцый сучаснага чалавека, сродкам прафесійнай рэалізацыі асобы, умовай яе паспяховасці, - адзначыла Марыя Міхайлаўна. – Метадысты ўдзяляюць павышаную ўвагу дзейнасці настаўнікаў-замежнікаў, скіраванай на навучанне дзяцей вуснаму іншамоўнаму маўленню.
У навучальных установах раёна вывучаюцца дзве замежныя мовы – англійская і нямецкая. Вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю маюць толькі 58% настаўнікаў-замежнікаў. У цэнтры ўвагі ВМК – удасканаленне педагагічнага майстэрства настаўнікаў праз асваенне і прымяненне сучасных метадаў навучаня, ІКТ і ЭСН.
У раёне дзейнічаюць 3 метадычныя аб’яднанні настаўнікаў-замежнікаў, з ліку лепшых педагогаў створана творчая група перакладчыкаў. На базе гімназіі працуе кансультацыйны цэнтр па аказанні педагагічнай падтрымкі настаўнікам-замежнікам. Аформлена папка “Дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў камунікацыйнай накіраванасці”. Акрамя таго, гімназія з’яўляецца апорнай установай па рабоце з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі. Штогод гімназісты паказваюць высокія вынікі ў алімпіядным руху і навукова-практычнай дзейнасці. У гімназіі працуе міжшкольны факультатыў.
У сярэдняй школе № 1 рэалізоўваюцца два адукацыйныя праекты: “Павышэнне матывацыі да вывучэння замежнай мовы” (кіраўнік Т.Г.Баўтрукевіч) і “Культурна-лінгвістычнае аб’яднанне “Англійскі клуб” (кіраўнік Ю.В.Забароўская). Заняткі ў клубе, дзе займаюцца 42 чалавекі, доўжацца адну гадзіну на замежнай мове. Задача клуба – авалоданне вусным маўленнем. Творчая група старшакласнікаў дапамагае рыхтаваць мерапрыемствы для малодшых школьнікаў. Штомесяц клуб арганізоўвае адно агульнашкольнае масавае мерапрыемства краіназнаўчага характару.
Развіццё лінгвістычнай і сацыякультурнай кампетэнцыі вучняў ажыццяўляецца не толькі на ўроках, факультатыўных і дадатковых занятках, але і ў пазакласнай рабоце. Так, на базе раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці дзейнічае школа ранняга развіцця для шасцігодак, а на базе дзіцячых садкоў адкрыты платныя гурткі. У рамках шостага дня на базе сярэдняй школы № 3 арганізавана школа выхаднога дня, у якой заняткі з пачаткоўцамі ладзяцца ў гульнёвай форме.
Урокі праводзяцца з выкарыстаннем актыўных форм навучання. Асаблівай папулярнасцю ў школьнікаў карыстаюцца нетрадыцыйныя ўрокі: урок-экскурсія, урок-падарожжа, урок з элементамі тэатралізацыі, урок-мара і ўрок-аўкцыён. У кожнай навучальнай установе праходзіць тыдзень (дэкада) замежнай мовы, які ўключае ўзаеманаведванне ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў, выпуск газет, віктарыны, тэатральныя пастаноўкі, гульнёвыя праграмы і тэматычныя дыскатэкі.
Пра вынікі работы настаўнікаў-замежнікаў яскрава сведчыць сярэдні бал паспяховасці вучняў – 6,2. Сярэдні бал на мінулагоднім ЦТ па англійскай мове склаў 34,4, а па нямецкай – 39,9. Штогод на моўныя спецыяльнасці ВНУ паступаюць 6-8 выпускнікоў. 95% настаўнікаў-замежнікаў у раёне – выпускнікі мясцовых школ.
Дырэктар гімназіі І.У.Бараноўская са сваім намеснікам па вучэбна-метадычнай рабоце С.І.Піваварчык расказалі аб асаблівасцях кіраўніцкай дзейнасці па павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Пасля іх выступленняў была арганізавана работа трох тэматычных секцый: “Прафесійна-прадметная кампетэнтнасць настаўніка як умова выніковай работы з адоранымі дзецьмі”, “Праектна-даследчая дзейнасць настаўніка ў сістэме метадычнай работы” і “Работа метадычнага аб’яднання настаўнікаў англійскай мовы як форма забеспячэння высокага навукова-метадычнага ўзроўню выкладання прадмета”. Падчас іх педагогі гімназіі падзяліліся вопытам работы па падрыхтоўцы дзяцей да алімпіяд, арганізацыі даследчай і праектнай дзейнасці вучняў, выкарыстанні інтэрактыўнай дошкі ў выкладанні замежнай мовы, стварэнні электроннай версіі дапаможніка па англійскай мове для 9 класа, пазакласнай іншамоўнай дзейнасці і інш.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.