Выездная коллегия

28.4.2012

У Баранавічах адбылася выязная калегія Міністэрства адукацыі, прысвечаная стану, праблемам і перспектывам навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Брэсцкай вобласці. У рабоце калегіі, якая праходзіла пад старшынствам першага намесніка міністра адукацыі Беларусі А.І.Жука, прынялі ўдзел кіраўнікі рэгіянальных аддзелаў і ўпраўленняў адукацыі, рэктары ВНУ, дырэктары ЦКРНіР і інш.

Перад пачаткам пленарнага пасяджэння ўдзельнікі калегіі наведалі Баранавіцкі гарадскі ЦКРНіР, сярэднюю школу № 13 і спецыяльны дзіцячы сад № 45, дзе створаны максімальна камфортныя ўмовы для дзяцей з АПФР і назапашаны эфектыўны вопыт работы з імі.

- У нашай краіне створана эфектыўная сістэма дзяржаўнай падтрымкі і сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якая з’яўляецца адной з лепшых сярод краін СНД, - адзначыў першы намеснік міністра адукацыі А.І.Жук. – У Беларусі робіцца ўсё магчымае, каб дапамагчы “асаблівым” дзецям, якіх у нас амаль 131 тысяча.

Брэстчына была выбрана месцам правядзення выязной калегіі невыпадкова. Сістэма спецыяльнай адукацыі вобласці мае шэраг дасягненняў па розных напрамках дзейнасці.

У сваім выступленні А.І.Жук абазначыў кола праблем, уласцівых для сістэмы спецыяльнай адукацыі ўсіх рэгіёнаў краіны. “Належную якасць вучэбнага працэсу не дазваляюць забяспечыць састарэлая матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі, недастатковае безбар’ернае асяроддзе і кадравае забеспячэнне, - заўважыў Аляксандр Іванавіч. – Задача сістэмы спецыяльнай адукацыі – ствараць умовы для самарэалізацыі, сацыялізацыі і прафесійнай падрыхтоўкі “асаблівых” дзяцей”.

- Спецыяльная адукацыя на Брэстчыне пачала развівацца ў пасляваенны час, калі ў 1946 годзе ў Кобрыне была адкрыта першая цэнтральная рэспубліканская школа для дзяцей з расстройствамі слыху і маўлення, - расказаў начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.А.Ціханчук. – Затым сталі адкрывацца школы-інтэрнаты для разумова адсталых дзяцей і дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця. У 1971 годзе ў вобласці з’явіліся школа для сляпых дзяцей і дзяцей з парушэннямі зроку, а таксама першыя спецыяльныя класы выраўновання ў агульнаадукацыйных школах. Сёння сістэма спецыяльнай адукацыі Брэстчыны ўключае ЦКРНіР, спецыяльныя і дапаможныя школы-інтэрнаты, спецыяльныя дашкольныя ўстановы, пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, спецыяльныя і інтэграваныя групы ў дашкольных установах і ПТНУ, спецыяльныя і інтэграваныя класы ў школах.

У абласным банку даных дзяцей з АПФР знаходзіцца амаль 15,8 тысячы непаўналетніх. За 5 гадоў колькасць “уліковых” дзяцей павялічылася на 17%.

Па словах М.А.Ціханчука, у вобласці асаблівая ўвага ўдзяляецца ранняму выяўленню “асаблівых” дзяцей. За 5 гадоў іх ахоп карэкцыйна-педагагічнай дапамогай вырас з 85% да 97,5%. Амаль усе ўстановы спецыяльнай адукацыі забяспечаны настаўнікамі-дэфектолагамі з профільнай адукацыяй. Сярод іх толькі 56,5% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

- Стратэгія развіцця сістэмы спецыяльнай адукацыі вобласці скіравана на забеспячэнне даступнасці атрымання адукацыі і карэкцыйна-педагагічнай дапамогі “асаблівым” дзецям па месцы жыхарства, - адзначыў М.А.Ціханчук. – Усе ЦКРНіР забяспечаны транспартам для падвозу дзяцей. Ва ўсіх цэнтрах створаны ўмовы для аказання ранняй комплекснай дапамогі. Амаль усе ЦКРНіР маюць асобныя дыягнастычныя кабінеты, аснашчаныя неабходным інструментарыем.

У навучальных установах вобласці працягваецца работа па стварэнні адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя. Добрых вынікаў у гэтым плане дасягнулі ў Брэсце, Баранавічах, Івацэвіцкім, Пінскім, Столінскім, Пружанскім і Жабінкаўскім раёнах.

- Сучасныя сацыяльна-эканамічныя ўмовы прад’яўляюць павышаныя патрабаванні да працоўнай актыўнасці і прафесійнай падрыхтоўкі выпускнікоў усіх устаноў адукацыі, - расказаў М.А.Ціханчук. – Выпускнікі дапаможных школ-інтэрнатаў адчуваюць істотныя цяжкасці ў працаўладкаванні, сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадстве. Для ўдасканалення сістэмы працоўнага навучання і прафесійнай адукацыі дзяцей з АПФР ствараюцца спецыяльныя класы і групы пры ПТНУ, цэнтры прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі, пераглядаюцца профілі прафесійна-працоўнай падрыхтоўкі з улікам рэгіянальных патрэб.

У дапаможных школах-інтэрнатах прафесійнае самавызначэнне падлеткаў з інтэлектуальнай недастатковасцю ажыццяўляецца праз класы паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі. Значных поспехаў у арганізацыі гэтай работы дасягнуў педкалектыў Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната. У класах, адкрытых у 2005 годзе, дзеці атрымліваюць веды, навыкі і ўменні па прафесіях “Тынкоўшчык, маляр”, “Швачка” і “Сельскагаспадарчая праца” са спецыялізацыяй “Агароднік”. Затым выпускнікі працягваюць навучанне ў ПТНУ. Дзякуючы такім класам, вучні набываюць навыкі зносін у працоўных калектывах і арганізацыі рабочага месца. Гэта садзейнічае хуткай адаптацыі да самастойнага жыцця. Акрамя таго, поспех залежыць ад удалай рэалізацыі мадэлі “школа-інтэрнат – ПТНУ – вытворчае прадпрыемства – бацькі вучняў”. Радуе, што колькасць “асаблівых” выпускнікоў, якія паступаюць у ПТНУ, з кожным годам павялічваецца.

Сёння навучаннем дзяцей з АПФР у вобласці займаюцца 8 ПТНУ і цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі асоб з АПФР і інвалідаў, створаны на базе Івацэвіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Навучанне вядзецца ў спецыяльных (12-15 чалавек) і інтэграваных (да 20 чалавек) групах. Падрыхтоўка ажыццяўляецца па такіх прафесіях, як “Садавод; агароднік; швачка”, “Муляр; слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання”, “Тынкоўшчык; маляр”, “Муляр; бетоншчык”, “Агароднік; садавод; тынкоўшчык; маляр” і “Зборшчык абутку; швачка”. Важнай умовай сацыялізацыі з’яўляецца патранат асоб з АПФР на працягу двух гадоў пасля атрымання адукацыі. Адміністрацыя ПТНУ займаецца працаўладкаваннем “асаблівых” выпускнікоў.

На жаль, як адзначыў М.А.Ціханчук, некаторыя кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый не жадаюць працаўладкоўваць асоб з АПФР, нягледзячы на наяўнасць вакансій. Гэта звязана з тым, што кіраўнікі не разумеюць асаблівасцей паводзін гэтай катэгорыі людзей. Недастатковы самакантроль, унушальнасць, слабая воля і іншыя асаблівасці іх характару прыводзяць да канфліктаў, непаразуменняў, у выніку чаго некаторыя страчваюць работу.

Важнае месца ў рабоце з дзецьмі з АПФР займае іх сацыялізацыя, уключэнне ў сацыяльна значную дзейнасць. Ва ўсіх установах адукацыі, якія наведваюць “асаблівыя” вучні, вялікая ўвага ўдзяляецца псіхолага-педагагічнаму суправаджэнню. Дзецям прапаноўваецца шырокі выбар аб’яднанняў па інтарэсах, спартыўных секцый, творчых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў.

У вобласці ўдзяляецца належная ўвага рабоце з бацькамі, якія выхоўваюць дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі. Ва ўсіх ЦКРНіР створаны бацькоўскія клубы. Штогод сярод іх праводзіцца абласны конкурс.

Малоткавіцкая дапаможная школа-інтэрнат ўдзельнічала ў рэспубліканскім эксперыментальным праекце па арганізацыі самастойнага пражывання выхаванцаў. Сістэма работы была ўкаранёна ў дзейнасць Бучамлянскай і Антопальскай дапаможных школ-інтэрнатаў. З мінулага года на базе Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната ажыццяўляецца рэспубліканскі эксперымент па апрабацыі мадэлі рэсурснага цэнтра ва ўстановах спецыяльнай адукацыі. Работа цэнтра павінна садзейнічаць узаемадзеянню школы-інтэрната, агульнаадукацыйных школ, раённых ЦКРНіР і ПТНУ, шырокаму распаўсюджванню і ўкараненню перадавога вопыту ў адукацыйны працэс, пашырэнню сферы паслуг дадатковай адукацыі для дзяцей з АПФР.

- Для павышэння якасці спецыяльнай адукацыі плануецца пашырыць сетку яе структур, дзякуючы чаму амаль усе дзеці з АПФР будуць ахоплены неабходнай дапамогай. У планах – 100-працэнтнае ўкамплектаванне ўстаноў спецыяльнай адукацыі настаўнікамі-дэфектолагамі, павелічэнне колькасці педагогаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй да 70%, стварэнне шэрагу апорных школ для дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату ў Брэсце і Пінску, - падагульніў М.А.Ціханчук.

- У Беларусі вядзецца ўлік дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, каля 60% з іх – гэта дзеці з лёгкімі парушэннямі ў развіцці, якім неабходна карэкцыйна-педагагічная дапамога, - расказала начальнік упраўлення спецыяльнай адукацыі галіновага міністэрства А.М.Змушко. – У краіне дзейнічаюць 49 спецыяльных дашкольных устаноў, 62 спецыяльныя і дапаможныя школы і 143 ЦКРНіР. Вялікая ўвага ўдзяляецца аказанню ранняй комплекснай дапамогі, стварэнню рэсурсных цэнтраў і патранату выпускнікоў.

На жаль, па-ранейшаму ў многіх ЦКРНіР адсутнічаюць спецыяльныя кабінеты для работы псіхолага-медыка-педагагічных камісій, дзейнасць якіх таксама выклікае шмат нараканняў. Трэба прызнаць, што не ўсе педагогі гатовы працаваць з “асаблівымі” дзецьмі. Ва ўстановах адукацыі адсутнічае адаптыўнае асяроддзе. Забеспячэнне адукацыйнага працэсу неабходнымі праграмна-апаратнымі матэрыяламі знаходзіцца на нізкім узроўні.

>Дзяржаўная праграма развіцця спецыяльнай адукацыі ў Беларусі на 2012-2016 гады прадугледжвае павышэнне яе якасці і даступнасці для асоб з АПФР. Адна з першачарговых задач – пераход да інклюзіўнай адукацыі.

Начальнік аддзела адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама С.І.Юрлевіч азнаёміла ўдзельнікаў калегіі з рэгіянальнай мадэллю сістэмы спецыяльнай адукацыі рэгіёна. Па словах Святланы Іванаўны, у раёне створана даволі развітая сетка адукацыйных структур, якія максімальна ахопліваюць спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйнай дапамогай тых, хто мае ў гэтым патрэбу.

У раённым банку даных знаходзіцца 509 дзяцей з АПФР. Амаль усе з іх ахоплены неабходнай дапамогай. Дзякуючы ранняму выяўленню і аказанню якаснай карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дашкольнікам, зніжаецца колькасць школьнікаў, якім патрэбна спецыяльная адукацыя.

Каардынатарам работы ў сферы спецыяльнай адукацыі выступае раённы ЦКРНіР, які цесна супрацоўнічае з установамі аховы здароўя, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ІСН і праваслаўнай царквой. У цэнтры працуе псіхолага-медыка-педагагічная камісія, вядзецца адукацыйны працэс для дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі, дзейнічаюць метадычныя аб’яднанні настаўнікаў-дэфектолагаў і настаўнікаў інтэграваных класаў, ажыццяўляюцца кансультацыі педагогаў і бацькоў. У сваёй рабоце супрацоўнікі ЦКРНіР выкарыстоўваюць сучасныя педагагічныя тэхналогіі: казкатэрапія, альтэрнатыўная і падтрымліваючая камунікацыі і тэхналогія PORTAGE. Акрамя таго, “асаблівыя” дзеці актыўна ўключаюцца ў разнастайныя віды сумеснай дзейнасці са здаровымі равеснікамі, што садзейнічае паспяховай сацыялізацыі.

С.І.Юрлевіч расказала, што спецыялісты ЦКРНіР праводзяць вялікую работу па прафарыентацыі дзяцей з АПФР. Амаль 91% выпускнікоў школ і цэнтра ўладкаваны ў жыцці.

У ЦКРНіР дзейнічае бацькоўскі клуб “Міласэрнасць”, укараняецца новая тэхналогія работы з бацькамі – форум-тэатр. Важнае месца ў дзейнасці цэнтра займае ўзаемадзеянне з валанцёрамі клуба Беларускай асацыяцыі ЮНЕСКА “Заранка”. Школьнікі займаюцца з дзецьмі-інвалідамі сумеснай працоўнай, бытавой, мастацкай і аздараўленча-спартыўнай дзейнасцю.

Сярод праблем – кадравае забеспячэнне настаўнікамі-дэфектолагамі сельскіх школ. У раёне працуюць 25 такіх педагогаў. 32% з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Неабходнымі кадрамі рэгіён забяспечаны толькі на 86%. Па-ранейшаму актуальнай застаецца і праблема, звязаная з адкрыццём сельскіх пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Для ўдасканалення сістэмы спецыяльнай адукацыі раёна і павышэння яе якасці неабходна больш актыўна ўкараняць сучасныя ІКТ, а таксама праводзіць аптымізацыю сеткі ўстаноў спецыяльнай адукацыі шляхам змяншэння класаў няпоўнай напаўняльнасці.

- Добрая спецыяльная адукацыя – не тая, што забяспечвае набыццё ведаў аб навакольным свеце, а тая, што дапамагае паспяхова працаваць і быць запатрабаваным у жыцці, - упэўнены дырэктар Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната Пінскага раёна В.Р.Ізотаў. – Жыццё нашых выхаванцаў напоўнена рознымі справамі, якія ўлічваюць асаблівасці развіцця кожнага дзіцяці. Ва ўстанове адпрацавана сістэма суправаджэння дзяцей з моманту прыходу ў школу і да яе заканчэння. Вопыт паказаў, што ў дапаможнай школе няма сацыяльна неперспектыўных дзяцей, усіх дзяцей можна навучыць, усім гарантавана педагагічная дапамога і падтрымка.

Асаблівай увагі патрабуе сацыяльна-бытавая арыентацыя дзяцей з АПФР. Выпускнікі даволі складана пераходзяць да самастойнага жыцця. Часам яны ўвогуле не валодаюць многімі ўменнямі і навыкамі, якія спатрэбяцца ў будучыні (якія пакупкі варта рабіць у першую чаргу, як зняць паказанні лічыльнікаў уліку бытавых паслуг, як карыстацца дамашнімі бытавымі прыборамі, як утрымліваць сваё жыллё ў належным санітарным стане). Для вырашэння гэтай праблемы ў школе-інтэрнаце абсталяваны для старшакласнікаў два памяшканні накшталт дамашніх, створаны сучасны кабінет санітарна-бытавога абслугоўвання з наборам неабходнага абсталявання, уладкаваны блок для самастойнага пражывання. Гэта фарміруе ў свядомасці дзяцей узоры для пераймання.

Па словах В.Р.Ізотава, адным з важнейшых складнікаў дзейнасці ўстановы з’яўляецца карэкцыйная работа, якая ажыццяўляецца разам з ЦКРНіР. Трывала ўвайшлі ў сістэму спецыяльнай адукацыі інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. У дапаможнай школе назапашаны цікавы вопыт выкарыстання камп’ютарных праграм на ўроках швейнай і сталярна-цяслярнай справы пры вырабе лякал швейных вырабаў і праектаванні нескладаных узораў мэблі.

Асаблівае месца ў карэкцыйна-выхаваўчай рабоце займае фізічная падрыхтоўка дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю. Фізічныя практыкаванні выступаюць у ролі актывізатараў развіцця ўспрымання, увагі, мыслення і памяці. Шмат увагі ў школе-інтэрнаце ўдзяляецца адаптыўнай фізкультуры. Для гэтага створаны спецыяльны кабінет з неабходным карэкцыйным абсталяваннем, якое дазваляе шырэй выкарыстоўваць фізічныя практыкаванні ў сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў.

Для эфектыўнага вырашэння задач спецыяльнай адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі на базе ўстановы створаны рэсурсны цэнтр, закліканы зняць праблему недахопу спецыялістаў-дэфектолагаў, а таксама пашырыць і ўкараніць перадавы вопыт у адукацыйны працэс.

- Працоўнае і прафесійнае навучанне – адзін з эфектыўных сродкаў карэкцыі парушэнняў развіцця дзяцей і падрыхтоўкі іх да самастойнага жыцця, сацыяльнай адаптацыі і ўключэння ў сацыяльна-вытворчыя адносіны, - адзначыў В.Р.Ізотаў. – З 2005 года ў школе працуюць класы паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі. Для іх створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база: дзве майстэрні тынкоўшчыцка-малярнай справы, прышкольны доследны ўчастак, цяпліца, сад на 450 саджанцаў, 15 пчоласем’яў і дзве швейныя майстэрні. У выпускнікоў, якія навучаліся ў такіх класах, лепш сфарміравана станоўчае стаўленне да працы, а інтарэс да практычнай працоўнай дзейнасці з’яўляецца ўстойлівым. Яны набываюць навыкі зносін у працоўных калектывах, умеюць арганізаваць рабочае месца.

Сёння ў школе-інтэрнаце дзейнічаюць класы па падрыхтоўцы агароднікаў-садаводаў, пчалаводаў-жывёлаводаў, рабочых па комплексным абслугоўванні будынкаў і дворнікаў. Гэта дазваляе падрыхтаваць выпускнікоў да работы як у гарадской, так і ў сельскай мясцовасці. Адметна, што матэрыяльна-тэхнічная база школы-інтэрната адкрывае магчымасці для падрыхтоўкі і вучням інтэграваных класаў іншых школ вобласці. У дапаможнай школе маюцца праграмы навучання па такіх прафесіях, як “Агародніцтва”, “Садаводства”, “Пчалаводства”, “Жывёлагадоўля”, “Санітарка”, “Рабочы зялёнага будаўніцтва”, “Прыбіральшчык памяшканняў”, “Прыбіральшчык тэрыторый”, “Рабочы па ўтрыманні домаўладанняў”, “Рамонт абутку” і “Памочнік выхавальніка”. >

- Выпускнікі з інтэлектуальнай недастатковасцю, як правіла, не могуць самастойна выбраць прафесію, - заўважыў В.Р.Ізотаў. – Таму для падрыхтоўкі да будучай прафесіі была распрацавана праграма дапамогі прафесійнага самавызначэння вучняў з інтэлектуальнай недастатковасцю “Цяжкі выбар”.

Дэкан факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка С.Я.Гайдукевіч засяродзіла ўвагу на праблемах падрыхтоўкі спецыялістаў для сістэмы спецадукацыі. Святлана Яўгенаўна ўпэўнена, што прафесійная падрыхтоўка спецыялістаў павінна весціся на апераджэнне. Сярод асноўных праблем – забеспячэнне кадрамі сельскіх устаноў адукацыі. Каб вырашыць гэтую праблему, неабходна мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў.

У нашай краіне кадры для сістэмы спецыяльнай адукацыі рыхтуюць 5 ВНУ. Штогод БДПУ імя Максіма Танка выпускае звыш 400 спецыялістаў адпаведнага профілю. Акрамя таго, універсітэт займаецца і перападрыхтоўкай педагогаў. Актуальным пытаннем застаецца падрыхтоўка вышэйшых навуковых кадраў для сістэмы спецадукацыі.

У Івацэвіцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці, як расказаў яго дырэктар М.Я.Дымовіч, навучанне дзяцей з АПФР вядзецца з 1993 года. Назапашаны вопыт работы дазволіў адкрыць на базе ўстановы ў 2008 годзе цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для навучання асоб з АПФР і інвалідаў. Сёння ў цэнтры вучацца 104 чалавекі, якія авалодваюць прафесіямі агародніка, садавода, швачкі, слесара па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання, тынкоўшчыка, маляра, аператара жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм. Дзякуючы інтэграваным спецыяльнасцям, выпускнікі лягчэй працаўладкоўваюцца.

Выкладчыкі, якія маюць вялікі стаж работы з “асаблівымі” дзецьмі, будуюць вучэбны працэс у адпаведнасці з іх індывідуальнымі магчымасцямі развіцця, імкнуцца не дапускаць перагрузак. Педагогі неаднаразова тлумачаць вучэбны матэрыял са шматразовым яго паказам, складаюць алгарытмы сумеснай дзейнасці з вучнямі, прапаноўваюць трэніровачныя практыкаванні ў парах і малых групах, выкарыстоўваюць мультымедыйныя сродкі навучання і інш. Тым не менш, як заўважыў М.Я.Дымовіч, прафесійная падрыхтоўка дзяцей з АПФР мае шэраг цяжкасцей, паколькі сёння не распрацаваны вучэбныя праграмы для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на базе спецыяльнай. Улічваючы гэта, педагогі адаптуюць вучэбныя праграмы прафесійнага кампанента для навучання дзяцей з АПФР.

Пэўныя цяжкасці ў “асаблівых” дзяцей выяўляюцца на вытворчай практыцы, падчас працаўладкавання і патранату выпускнікоў. Працуючы ў інтэнсіўным рэжыме з іншымі рабочымі, яны не заўсёды спраўляюцца з пастаўленымі перад імі задачамі – пачынаюць нервавацца і, калі побач не аказваецца ўважлівага настаўніка, кідаюць работу. Летась з 41 выпускніка цэнтра былі працаўладкаваны 38 (астатнія атрымалі даведкі аб вольным працаўладкаванні па ўважлівых прычынах).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.