Прэзентацыя вопыту

16.4.2012

У Брэсцкім абласным ІРА адбылася прэзентацыя дзейнасці вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама па падрыхтоўцы педагогаў да работы з таленавітымі вучнямі.

- Адным з прыярытэтных напрамкаў работы метадычнага кабінета, у якім працуюць адказныя, ініцыятыўныя і адданыя сваёй справе людзі, з’яўляецца каардынацыя дзейнасці педагогаў, што займаюцца з адоранымі дзецьмі, - расказала загадчыца раённага ВМК А.А.Барысік. – Работа з педкадрамі ажыццяўляецца на аснове іх якаснага аналізу. Сёння 71% педагогаў раёна маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. У раёне створана аптымальная метадычная сетка, якая аказвае кансультацыі ў індывідуальным і калектыўным парадку. Усе педагогі аб’яднаны ў метадычныя фарміраванні: аб’яднанні, семінары, школы маладых спецыялістаў, творчыя і праблемныя групы, майстар-класы, метадычныя клубы, кансультацыйныя пункты і школы ўдасканалення педагагічнага майстэрства.

Даволі плённа працуюць творчыя і праблемныя групы настаўнікаў-прадметнікаў па пытаннях арганізацыі работы з адоранымі вучнямі: “Работа з адоранымі і здольнымі вучнямі пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў пачатковых класах”, “Алімпіяда па рускай мове і літаратуры як спосаб развіцця гуманітарнай культуры вучняў” і інш. На высокім узроўні праводзяцца майстар-класы настаўнікаў англійскай і нямецкай моў А.М.Сарокі і В.А.Ляўданскага з Івацэвіцкага ліцэя па выкарыстанні мультымедыйных тэхналогій для павышэння матывацыі вучняў і эфектыўных падыходаў пры падрыхтоўцы школьнікаў да выпускнога экзамену па замежнай мове.

На пасяджэннях метадычных фарміраванняў разглядаюцца пытанні, звязаныя з выкарыстаннем ІКТ у павышэнні пазнавальных інтарэсаў малодшых школьнікаў, работай школьных бібліятэк па развіцці творчых здольнасцей дзяцей, алімпіядным рухам, арганізацыяй праектнай і даследчай дзейнасці вучняў і ўкараненнем пошукавых метадаў навучання.

Вялікую ролю ў выяўленні творчых педагогаў адыгрываюць канферэнцыя настаўнікаў-філолагаў “Павышэнне якасці адукацыйнага працэсу праз выкарыстанне ЭСН”, конкурс “Адкрыты ўрок”, навукова-практычная канферэнцыя школьных бібліятэкараў “Роля школьнай бібліятэкі ў інтэлектуальна-пазнавальнай дзейнасці вучняў”, педчытанні настаўнікаў-замежнікаў і конкурс метадычнага майстэрства педагогаў “Педагагічны Оскар”.

Педагогі раёна прымаюць актыўны ўдзел у рабоце абласных творчых груп. Сярод іх – настаўнікі Івацэвіцкага ліцэя, Косаўскай сярэдняй школы і івацэвіцкай сярэдняй школы № 3: А.У.Самасюк, А.С.Свігла, А.В.Ляўданская, Т.Р.Пясецкая і І.В.Міцкевіч. Лепшы вопыт работы прапагандуецца і распаўсюджваецца на абласных і рэспубліканскіх канферэнцыях, педчытаннях і семінарах. Арганізоўваюцца стажыроўкі педагогаў у замежных краінах. Акрамя таго, эфектыўны педагагічны вопыт работы з адоранымі дзецьмі распаўсюджваецца ў выглядзе метадычных веснікаў “Работа з адоранымі і здольнымі вучнямі ў пачатковай школе” і “Асаблівасці работы настаўнікаў фізіка-матэматычных дысцыплін з інтэлектуальна-адоранымі вучнямі”.

БрАІРА выдаў матэрыялы з вопыту работы В.А.Ляўданскага (“Захапляльнае падарожжа вакол свету фразеалогіі” і “Падрыхтоўка да экзамену па нямецкай мове”) і І.І.Зайкі (“Тэсты для праверкі лексічных навыкаў”). Для павышэння эфектыўнасці вучэбнага працэсу ў раёне дзейнічаюць міжшкольныя факультатывы для 7-11 класаў і вочна-завочныя алімпіяды па розных прадметах для 5-8 класаў. Дзякуючы сістэмнай рабоце, івацэвіцкія школьнікі дэманструюць добрыя вынікі на конкурсах і алімпіядах.

Метадыст раённага ВМК Т.М.Дылюк расказала пра вучэбна-метадычнае суправаджэнне работы педагогаў прыродазнаўчанавуковага цыкла па павышэнні якасці адукацыі і стварэнне ўмоў для ўдасканалення прафесійнага майстэрства настаўнікаў па развіцці творчых здольнасцей вучняў. На пасяджэннях метадычных фарміраванняў (клуб кіраўнікоў міжшкольных метадычных аб’яднанняў, творчыя групы настаўнікаў хіміі, біялогіі і геаграфіі, школа маладога настаўніка) педагогі дзеляцца вопытам па выкарыстанні ЭСН і міжпрадметных сувязей у выкладанні прыродазнаўчанавуковых прадметаў. Вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі работы па самаадукацыі.

Члены творчай групы настаўнікаў хіміі пад кіраўніцтвам А.С.Свігла падрыхтавалі матэрыял па прымяненні ЭСН у выкладанні хіміі. У цэнтры ўвагі творчай групы настаўнікаў біялогіі (кіраўнік Г.П.Бахур) знаходзяцца пытанні, звязаныя з арганізацыяй раённай, школьнай і завочнай алімпіяд па біялогіі, а таксама з самаадукацыяй педагогаў. Творчая група настаўнікаў геаграфіі (кіраўнік А.В.Ляўданская) займаецца падрыхтоўкай метадычных рэкамендацый па інавацыйных напрамках педагагічнай дзейнасці і правядзенні практычных работ па геаграфіі. Важна, што дзейнасць метадычных аб’яднанняў мае канкрэтныя практычныя вынікі ў выглядзе тэхналагічных карт урокаў, творчых справаздач, метадычных веснікаў, прэзентацый, рэкамендацый і памятак. Эфектыўнасць ад іх рэалізацыі адсочваецца на практыцы.

У раёне створаны банк даных адораных дзяцей. Работа з такімі вучнямі будуецца на аснове тыпу іх адоранасці. У навучанні шырока прымяняюцца метады творчага характару – праблемныя, пошукавыя, эўрыстычныя, даследчыя і праектныя, прычым як у індывідуальнай, так і ў групавой формах работы. Найбольш эфектыўнымі тэхналогіямі, як прызнаюцца педагогі, з’яўляюцца тыя, што індывідуалізуюць навучанне і садзейнічаюць творчаму самавыяўленню і самарэалізацыі дзяцей (тэхналогія праектнага навучання ў спалучэнні з тэхналогіяй праблемнага навучання, методыка навучання ў малых групах). Добра развіваюць адоранасць даследчая дзейнасць, прадметныя тыдні і розныя інтэлектуальныя конкурсы.

Настаўніца біялогіі івацэвіцкай сярэдняй школы № 3 Т.Р.Пясецкая падзялілася вопытам арганізацыі вучэбна-даследчай дзейнасці экалагічнага кірунку. Гэтая работа скіравана на вывучэнне прыроды роднага краю. Так, на працягу трох гадоў выхаванцы педагога ажыццяўлялі маніторынг рэдкіх і знікаючых відаў раслін сваёй мясцовасці. Аб’ектам вучнёўскага даследавання сталі касач сібірскі і купальнік горны. На рэспубліканскім конкурсе “Дзень Зямлі” гэтая работа атрымала дыплом ІІ ступені.

Вельмі цікавую работу дзеці правялі і па эколага-феналагічных назіраннях за бярозай чорнай і бярозай карэльскай. На абласной навукова-практычнай канферэнцыі гэтая работа была адзначана дыпломам ІІІ ступені.

Разам з навукоўцамі БрДУ імя А.С.Пушкіна праводзіліся даследаванні па назіранні за мацярынскай калоніяй кажана двухколернага. Экалагічны праект атрымаў аўтарскі сертыфікат Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д.Сахарава і дыплом ІІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе “Зямля – наш дом”.

На працягу трох гадоў члены клуба “Эколаг” вывучаюць дзікую прыроду па методыцы “Дзікі квадрат” у рамках міжнароднага праекта ТАСІС. У школе працуе даследчы клуб “Крылаты дазор” для вучняў 7-10 класаў: юныя даследчыкі вядуць палявыя дзённікі, складаюць дакладныя апісанні прыродных аб’ектаў, праводзяць эксперыменты, удзельнічаюць у экалагічных экспедыцыях “Маршрутамі роднага краю”. Падчас экспедыцый вывучаюцца флора і фаўна родных мясцін, вызначаюцца аб’екты даследчай работы. Па словах Т.Р.Пясецкай, вывучэнне прыродных аб’ектаў на жывых прыкладах дазваляе найбольш эфектыўна засвойваць вучэбны матэрыял на ўроках.

Даволі паспяхова працуе з адоранымі дзецьмі пры вывучэнні геаграфіі настаўніца івацэвіцкай сярэдняй школы № 3 А.В.Ляўданская. Пад кіраўніцтвам педагога яе выхаванцы выканалі шэраг цікавых работ: “Маніторынг здароўя вучняў івацэвіцкай сярэдняй школы № 3”, “Дэмаграфічныя аспекты развіцця Івацэвіцкага раёна”, “Івацэвіцкі раён у экалагічным і медыка-дэмаграфічным вымярэнні”, “Перспектывы выкарыстання ветраэнергетыкі ў Івацэвічах”, “Геадэзічная дуга Струвэ” і інш. Усе тэмы грунтуюцца на краязнаўчым матэрыяле, што выклікае ў дзяцей заканамерную цікавасць. Падчас даследчай работы школьнікі вучацца працаваць з навуковай літаратурай, замацоўваюць навыкі ў пабудове графікаў і дыяграм, авалодваюць уменнямі ў правядзенні параўнанняў, аналізу і абагульнення вынікаў, паглыбляюць веды па геаграфіі і пачынаюць больш цаніць родны край. Усё гэта садзейнічае правільнасці далейшага прафесійнага выбару і рыхтуе да працягу адукацыі ў ВНУ.

Краязнаўчы прынцып у вывучэнні геаграфіі А.В.Ляўданская паспяхова выкарыстоўвае і ў развіцці творчага мыслення дзяцей (складанне і разгадванне крыжаванак і галаваломак). Не абыходзіць увагай настаўніца і праектную дзейнасць, прысвечаную экалагічным і “энергазберагальным” праблемам свайго рэгіёна, напрыклад, “Другое жыццё кар’ераў і тэрыконаў”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.