Гімназія № 2

13.4.2012

Цікава, змястоўна, камфортна праходзіць шосты школьны дзень у брэсцкай гімназіі № 2

На базе брэсцкай гімназіі № 2 адбыўся гарадскі семінар, прысвечаны рэалізацыі мадэлі выхаваўчай работы ў шосты школьны дзень. Арганізатарам мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел кіраўнікі гімназій і ліцэяў, выступіў аддзел адукацыі Брэсцкага гарвыканкама.

- У кожнай навучальнай установе ёсць напрамкі работы, якія вылучаюць яе на фоне іншых, - адзначыў на адкрыцці семінара начальнік гарадскога аддзела адукацыі А.М.Наскоў. – У гімназіі № 2, дзе заўсёды ўдзялялася павышаная ўвага развіццю творчых здольнасцей вучняў, назапашаны цікавы вопыт выхаваўчай работы ў школьную суботу. Дзякуючы сістэмнаму падыходу і намаганням настаўнікаў-прафесіяналаў, у навучальнай установе створаны належныя ўмовы для самарэалізацыі дзяцей і павышэння эфектыўнасці вучэбна-выхаваўчага працэсу ў цэлым.

З 2010 года ў гімназіі, якую ўзначальвае Р.І.Гранічны, рэалізоўваецца інавацыйны праект па стварэнні культурна-адукацыйнай прасторы, што забяспечвае паспяховасць індывідуальнага развіцця, самарэалізацыі і сацыялізацыі вучняў. “Педагогі дапамагаюць дзецям паспрабаваць сябе ў розных якасцях, самавызначыцца ў выбары адукацыйных паслуг, якія максімальна адпавядаюць інтарэсам, патрэбам і творчаму патэнцыялу гімназістаў, - расказаў Раман Іванавіч. – Асаблівае месца ў праекце адведзена міжкультурнай інтэграцыі”.

У гімназіі, якая працуе з 1992 года, атрымліваюць веды амаль 550 вучняў. Навучанне арганізавана па трох напрамках – філалагічным, фізіка-матэматычным і хіміка-біялагічным. Вопыт выхаваўчай работы ўстановы адзначаны на рэспубліканскім узроўні.

- У гімназіі створана аўтарская мадэль арганізацыі шостага школьнага дня, заснаваная на запытах і патрэбах вучняў і іх бацькоў, а таксама на прапановах педагогаў, - расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Н.А.Каліноўская. – Задача навучальнай установы – стварыць умовы для павышэння ўзроўню матывацыі і актыўнасці дзяцей у школьную суботу шляхам аптымальнай арганізацыі вольнага часу. Педагогі прапаноўваюць вучням разнастайныя віды калектыўнай дзейнасці з абавязковым практычным ухілам.

На кожную суботу складаецца падрабязны план мерапрыемстваў, які вывешваецца ў пачатку кожнага тыдня на спецыяльным стэндзе “Суботні дзень у гімназіі”. Інфармацыя, размешчаная на стэндзе, карыстаецца ўвагай сярод вучняў і іх бацькоў. На стэндзе можна азнаёміцца не толькі з раскладам факультатываў і аб’яднанняў па інтарэсах, але і з фотакалажамі суботніх мерапрыемстваў, экскурсій і сустрэч з цікавымі людзьмі.

Найбольш запатрабаванымі ў гімназістаў з’яўляюцца пазнавальна-адукацыйныя мерапрыемствы: прадметныя віктарыны (“Геаграфічны круіз”, “Лінгвістычны калейдаскоп”, “Свет вакол нас”), літаратурныя гасцёўні, гульні (“Што? Дзе? Калі?”, “Поле матэматычных цудаў”, “Матэматычная ігратэка”, “Дэтэктыўнае агенцтва”), сустрэчы з пісьменнікамі і бібліятэчныя заняткі.

Даволі разнастайныя формы і метады спартыўна-аздараўленчай работы ў школьную суботу: круглагадовыя спартакіяды, спартыўныя секцыі, дні здароўя, спартыўныя святы, сямейныя спартландыі, міжшкольныя турніры і чэмпіянаты. Важную ролю ў выхаваўчай рабоце, як адзначыла Н.А.Каліноўская, адыгрываюць экскурсійна-турыстычная дзейнасць і ўзаемадзеянне з установамі культуры і спорту. Не стаіць убаку ад школьнай суботы і сацыяльна-псіхолага-педагагічная служба, якая займаецца прафілактыкай проціпраўных паводзін вучняў і сямейнай нядобранадзейнасці, праводзіць індывідуальныя і групавыя кансультацыі, канферэнцыі для татаў, арганізоўвае прафарыентацыйную работу і інш.

Вялікай папулярнасцю ў дзяцей карыстаецца агульнагімназічны конкурс “Хвіліна славы”, дзе вучні раскрываюць здольнасці ў вакальным, харэаграфічным, інструментальным, сцэнічным майстэрстве і цыркавым мастацтве. Жадаючых паказаць уласныя таленты заўсёды вельмі шмат (да 50 нумароў), з-за чаго мерапрыемства праходзіць два дні.

З вялікім энтузіязмам і творчым запалам рыхтуюцца гімназісты да яшчэ аднаго любімага конкурсу – “Міс Беларусачка”. Падрыхтоўка да гэтага свята творчасці і маладосці патрабуе значных намаганняў з боку канкурсантак, іх бацькоў і класных кіраўнікоў. Кожная ўдзельніца рыхтуе самапрэзентацыю, здзіўляе членаў журы стравамі беларускай кухні, шые сучасны касцюм у нацыянальным стылі, ачароўвае гледачоў творчымі здольнасцямі.

Вялікую цікавасць у гімназістаў выклікае і конкурс буклетаў, які праводзіцца ў рамках акцыі “Беларусь – гэта мы!”. У сваіх работах дзеці расказваюць пра Беларусь, родны горад, гімназію, клас.

Сярод калектыўных творчых спраў гімназістаў вылучаецца ваенна-патрыятычны фестываль “Нізкі паклон вам, салдаты Перамогі”. Сапраўдным святам з’яўляецца штогадовае ганараванне навуковай працы і творчых талентаў вучняў – дзень навукі і творчасці, куды запрашаюцца дзеці з іншых школ, а таксама студэнты ВНУ. Напрыканцы навучальнага года ў гімназіі ладзіцца фестываль дзіцячай творчасці “Віват таленты!”, у якім удзельнічаюць пераможцы алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў і творчых конкурсаў.

У школьную суботу працуюць факультатывы і аб’яднанні па інтарэсах: “Гуляем у футбол”, “Бяспека на дарогах і ахова жыцця”, “Колькасныя суадносіны ў хіміі”, “Біяхімія чалавека”, “Асновы журналістыкі”, “Практыкум па арфаграфіі беларускай мовы”, міжшкольны факультатыў па інфарматыцы і інш.

З 2001 года ў школах Маскоўскага раёна Брэста актыўна ўкараняецца сістэма дыстанцыйнага навучання “Мооdlе”, арыентаваная на правядзенне факультатыўных курсаў, інтэрнэт-конкурсаў, інтэрнэт-марафонаў і інтэрнэт-канферэнцый. З дапамогай гэтай сістэмы ладзіцца раённая інтэрнэт-алімпіяда па матэматыцы. Гімназія № 2 з’яўляецца кансультацыйным цэнтрам як па ўкараненні сістэмы “Мооdlе”, так і па правядзенні алімпіяды.

Вакальная студыя “Крынічка”, якой кіруе вопытны педагог Т.У.Паўлава, далучае дзяцей да сусветнай музычнай культуры, развівае іх вакальныя здольнасці. Дзякуючы літаратурнаму аб’яднанню “Шанс”, якое ўзначальвае настаўнік рускай мовы і літаратуры Я.В.Адаеў, гімназісты заяўляюць пра сябе на старонках гарадскіх і рэспубліканскіх газет. Летась газета “Гімназічны калейдаскоп” заняла першае месца ў рэспубліканскім конкурсе на лепшую школьную газету “Проба пяра”, які праводзіў часопіс “Народная асвета”. Члены аб’яднання актыўна ўдзельнічаюць у розных творчых конкурсах, дзе заўсёды атрымліваюць узнагароды. Акрамя газеты, у навучальнай установе працуе і гімназічнае тэлебачанне.

Вось ужо 10 гадоў развівае творчыя здольнасці і культуру іншамоўных міжасобасных зносін англамоўны тэатр “Канфеці”. Пад кіраўніцтвам настаўніцы англійскай мовы С.І.Кныш пастаўлена 17 спектаклей па матывах твораў вядомых англійскіх пісьменнікаў. Гімназічны тэатр неаднаразова станавіўся прызёрам абласнога фестывалю тэатральных калектываў на англійскай мове.

Шмат перамог і на рахунку інтэлектуальна-творчага аб’яднання гімназістаў “Адысея розуму” (кіраўнікі Т.У.Акульская і А.Г.Курнышова). Удзел у аднайменным міжнародным конкурсе, у якім брэсцкая каманда неаднаразова займала прызавыя месцы, развівае крэатыўныя здольнасці дзяцей, дазваляе ім стасавацца на замежнай мове з равеснікамі з іншых краін, павышае матывацыю да вывучэння прадметаў. Аб’яднанне адзначана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Тэатральная студыя “Дэбют” (кіраўнік І.В.Васілюк) далучае вучняў да мастацтва слова, развівае мастацкае мысленне, творчыя здольнасці, чытацкую, маўленчую і эстэтычную культуру. Камунікатыўныя ўменні гімназістаў развіваюць таксама гурткі “Рыторыка” і “Дэбаты” (кіраўнік А.А.Альхіменка). (На семінары была прадстаўлена анлайн-трансляцыя заняткаў юных “дэбатаўцаў” па абмеркаванні ролі інтэрнэту ў сучасным свеце.)

Гімназічны атрад юных інспектараў дарожнага руху, якім кіруе І.І.Радзівончык, з’яўляецца адным з лепшых у вобласці. У пачатку кожнага навучальнага года ва ўстанове праходзіць тыдзень бяспечнага руху, падчас якога вучні 5-6 класаў спаборнічаюць у веданні правіл дарожнага руху “Бяспечнае кола”.

У скарбонцы педагогаў і вучняў 2-й гімназіі шмат аўтарскіх праектаў (агульнагарадскі інтэлектальны марафон “Мы – нашчадкі Перамогі”, інтэлектуальны турнір “Кубак белавежскага зубра”, адкрыты чэмпіянат “Што? Дзе? Калі?”), некаторыя з якіх адзначаны на рэспубліканскіх конкурсах. Брэсцкія гімназісты – удзельнікі міжнароднага праекта “Памяць аб’ядноўвае нас” (сумесна з юнармейцамі санкт-пецярбургскага ліцэя № 373).

- У арганізацыі работы ў школьную суботу маюцца і пэўныя цяжкасці, - адзначыла Н.А.Каліноўская. – На жаль, пры ўсёй разнастайнасці форм і метадаў работы ў суботу бацькі дзяцей даволі часта без энтузіязму ставяцца да ўдзелу ў розных гімназічных мерапрыемствах ці ўвогуле адмаўляюцца ад удзелу ў іх. Паколькі большасць вучняў наведваюць па суботах установы дадатковай адукацыі, наведвальнасць суботніх мерапрыемстваў у гімназіі невысокая. Ды і што хаваць, калі пэўная частка дзяцей увогуле не жадае ўдзельнічаць у суботнім жыцці навучальнай установы, нягледзячы на тое, што мерапрыемствы надзвычай актуальныя і цікавыя. Галоўнае – гімназістам прадастаўлены шырокі выбар заняткаў у суботу. І скарыстацца гэтым выбарам ці не – права кожнага. Толькі за тры апошнія гады гімназісты перамаглі ў 53 творчых конкурсах рознага ўзроўню, што сведчыць пра эфектыўнасць выхаваўчай работы педкалектыву.

Цікавым вопытам “суботняй” работы падзяліліся педагогі гімназіі – педагог-псіхолаг Л.Б.Качына, настаўнік інфарматыкі, кіраўнік міжшкольнага факультатыва І.Н.Басін і кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежных моў Л.М.Шымко. На семінары была прэзентавана дзейнасць англамоўнага тэатра “Канфеці”, агітбрыгады “ЮІР”, інтэлектуальна-творчага аб’яднання “Адысея розуму” і тэатральнай студыі “Дэбют”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.