Абласны семiнар

10.4.2012

У Брэсце прайшоў абласны семінар, прысвечаны міжведамаснаму ўзаемадзеянню ў стварэнні адзінай сістэмы прафарыентацыйнай работы з дзецьмі і моладдзю. Арганізатарамі мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел кіраўнікі рэгіянальных аддзелаў адукацыі, выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны ІРА.

Удзельнікі семінара наведалі шэраг навучальных устаноў Брэста, дзе азнаёміліся з эфектыўным вопытам прафарыентацыйнай работы са школьнікамі. Гасцей сустракалі ў яслях-садзе – пачатковай школе № 6, ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна, цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і сярэдняй школе № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата.

- Тэма семінара надзвычай актуальная, - адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. – Ад вырашэння пытанняў, звязаных з якаснай арганізацыяй прафарыентацыйнай работы з вучнямі, залежыць паспяховае сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна.

Старшыня Брэсцкага гарвыканкама А.С.Палышанкоў расказаў, што сёння ў абласным цэнтры дзейнічаюць звыш 120 устаноў адукацыі, якія наведваюць каля 70 тысяч дзяцей. Больш за 30% гарадскога бюджэту накіроўваецца на сістэму адукацыі.

- Прафарыентацыйная работа з моладдзю павінна абавязкова ўлічваць сацыяльна-эканамічную спецыфіку прыгранічнага рэгіёна і зыходзіць з канцэпцыі развіцця Брэста на бліжэйшыя 10-15 гадоў, якая прадугледжвае істотнае пашырэнне турыстычнай сферы і сферы паслуг з падрыхтоўкай адпаведных спецыялістаў, у тым ліку ў замежных ВНУ, - адзначыў мэр.

Тэму прафарыентацыйнай дзейнасці ўстаноў адукацыі ва ўмовах эканамічнага развіцця рэгіёна працягнула ў сваім выступленні дацэнт кафедры педагогікі дзяцінства БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат педагагічных навук, дырэктар універсітэцкага цэнтра “Прафарыенцір” М.С.Кавалевіч. “Сёння ў выкладчыкаў ВНУ вялікую занепакоенасць выклікае якасць падрыхтоўкі абітурыентаў, што непасрэдным чынам уплывае на якасць падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, - заўважыла Марыя Сцяпанаўна. – Даволі часта ўчарашнія школьнікі выбіраюць не прафесію, а лад жыцця, які яна ўвасабляе і які ў далейшым забяспечвае атрыманне задавальнення ад легкадумнага баўлення часу. Большасць вучняў робяць прафесійны выбар неўсвядомлена, не ўяўляюць сапраўдную сутнасць будучай прафесіі, не падрыхтаваны да жорсткай канкурэнцыі на рынку працы. У выніку недастатковай прафарыентацыйнай работы сёння назіраецца дэфіцыт спецыялістаў па новых і запатрабаваных спецыяльнасцях і лішак па іншых, скажам, эканамічнага і юрыдычнага профілю”.

Па словах М.С.Кавалевіч, праведзенае сярод абітурыентаў анкетаванне паказала, што ў іх не сфарміраваны інтарэс да спецыяльнасцей, многія атрымліваюць вышэйшую адукацыю толькі “дзеля дыплома” і не жадаюць працаваць пасля заканчэння ВНУ па атрыманых прафесіях. Каля 40% школьнікаў выбіраюць спецыяльнасць з дапамогай бацькоў. Сярод выпускнікоў адсутнічае арыентацыя на педагагічныя спецыяльнасці.

- Улічваючы гэта, педагогі-прадметнікі павінны шырэй выкарыстоўваць прафарыентацыйную інфармацыю як на ўроках, так і ў пазакласнай рабоце, а таксама дэманстраваць вучням папулярныя фільмы адпаведнай тэматыкі, што скіруе ўвагу выпускнікоў на спецыяльнасці будучыні, - адзначыла М.С.Кавалевіч. – У навучальных установах неабходна ствараць прафарыентацыйныя кабінеты, уводзіць у штат педагогаў-прафарыентолагаў, якія дапамогуць у самавызначэнні вучняў. Абітурыент павінен несці адказнасць за ўласны прафесійны выбар.

- Сучасная вытворчасць патрабуе высокакваліфікаваных спецыялістаў, - расказаў начальнік гарадскога аддзела адукацыі А.М.Наскоў. – Сярод вакансій на рынку працы амаль 80% займаюць рабочыя прафесіі. Каля 30% беспрацоўных маюць прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю, 5% - вышэйшую. Назіраецца значны недахоп урачоў. Каб вырашыць негатыўныя тэндэнцыі, неабходна стварыць адзіную сістэму прафарыентацыйнай работы з прыцягненнем розных арганізацый і ведамстваў, якія будуць садзейнічаць павышэнню яе эфектыўнасці. Асноўная задача ва ўдасканаленні прафарыентацыі – павышэнне патрабавальнасці да кіраўнікоў устаноў адукацыі за яе якасць.

Начальнік аддзела адукацыі Камянецкага райвыканкама В.М.Грыцук падзяліўся вопытам сумеснай дзейнасці навучальных устаноў рэгіёна з ВНУ і ПТНУ па прафарыентацыі школьнікаў. “Каардынатарам прафарыентацыйнай работы ў раёне выступае аддзел адукацыі, - расказаў Віктар Мікалаевіч. – У аснове работы ляжыць інфармацыйны падыход, мэта якога – забяспечыць школьнікаў разнастайнай і максімальна поўнай інфармацыяй аб сучасных прафесіях, ВНУ і ПТНУ, арганізацыях, рынку працы і тым, як планаваць будучую кар’еру. Вучням прапаноўваюцца даведнікі, буклеты і газетныя матэрыялы, відэафільмы і прэзентацыі ўстаноў адукацыі, адрасы інтэрнэт-сайтаў з цікавай інфармацыяй, апісанні розных прафесій. Неабходныя прафарыентацыйныя матэрыялы ахвотна прадастаўляюць ВНУ і ПТНУ”.

Па словах В.М.Грыцука, школьнікі Камянеччыны ўдзельнічаюць у днях адкрытых дзвярэй, якія арганізоўваюцца ў ВНУ і ўстановах ПТА, алімпіядах, конкурсах і канферэнцыях, якія ладзяцца на базе ВНУ, а таксама ў штогадовых сустрэчах з іх прадстаўнікамі.

Навучальныя ўстановы раёна вельмі цесна супрацоўнічаюць з Высокаўскім дзяржаўным сельскагаспадарчым ПТК. Добрым прыкладам удалай прафарыентацыйнай работы з’яўляецца сумесная дзейнасць Белавежскай сярэдняй школы і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Супрацоўніцтва пачалося ў 1999 годзе, калі на базе школы былі створаны ліцэйскія класы і групы вучняў пачалі займацца на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ў ВНУ. Штогод навучальную ўстанову наведваюць выкладчыкі ГрДАУ, якія чытаюць школьнікам лекцыі, рашаюць з імі задачы і тэставыя заданні па прадметах. На працягу года для белавежскіх вучняў арганізоўваюцца лекцыйныя і практычныя заняткі па хіміі і біялогіі ў хімічных лабараторыях, кабінеце фізіялогіі раслін, на кафедры генетыкі ўніверсітэта. Гэта дазваляе вучням не толькі паспяхова рыхтавацца да паступлення ў ВНУ, але і яшчэ раз пераканацца ў правільнасці свайго выбару. Акрамя таго, арганізацыя падобных заняткаў садзейнічае псіхалагічнай адаптацыі школьнікаў да новай формы навучання. Разам з тым выкладчыкі ГрДАУ рыхтуюць старшакласнікаў да цэнтралізаванага тэсціравання па хіміі, біялогіі і матэматыцы.

За гады супрацоўніцтва 39 выпускнікоў школы сталі студэнтамі ГрДАУ і 31 – студэнтамі іншых ВНУ. Гэта дазваляе забяспечыць кадрамі ААТ “Белавежскі”. Прафарыентацыйная работа школы адзначана на профільных семінарах і конкурсах.

- Інфармацыя пра жыццёвае і прафесійнае ўладкаванне выпускнікоў школ збіраецца і аналізуецца для пастаяннага ўдасканалення работы педкалектываў па прафарыентацыі вучняў і аптымізацыі адукацыйнага працэсу, - адзначыў В.М.Грыцук. – За апошнія 5 гадоў 47% выпускнікоў сярэдніх школ паступілі ў ВНУ, 46% - ва ўстановы ПТА. Штогод амаль 30% дзевяцікласнікаў працягваюць навучанне ў ПТНУ і ССНУ. Неабходна пашыраць супрацоўніцтва з навучальнымі ўстановамі будаўнічага і педагагічнага профілю, сельскагаспадарчымі арганізацыямі рэгіёна, а таксама ўдасканальваць узаемадзеянне з бацькамі школьнікаў.

Дырэктар Кобрынскага дзяржаўнага ПТК будаўнікоў, старшыня савета дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Брэсцкай вобласці М.Л.Гольцман расказаў, што летась толькі 8 з 30 ПТНУ рэгіёна выканалі план па камплектаванні. Сёння большасць выпускнікоў школ аддаюць перавагу вышэйшай адукацыі, а іх бацькі ўспрымаюць сістэму ПТА “бесперспектыўнай” і не вартай увагі. Многія не ведаюць, што за апошнія гады ПТНУ былі істотна мадэрнізаваны.

Кобрынскі дзяржаўны ПТК будаўнікоў вельмі цесна працуе з прадпрыемствамі-заказчыкамі кадраў, актыўна выкарыстоўвае іх матэрыяльна-тэхнічную базу. Вялікая ўвага ў ПТНУ ўдзяляецца прафарыентацыйнай рабоце з моладдзю. Так, у кобрынскай сярэдняй школе № 4 паспяхова дзейнічае эксперыментальная група вучняў-“будаўнікоў”. Наладжана супрацоўніцтва з БрДТУ. Педкалектыў каледжа працуе над стварэннем сістэмы “сярэдняя школа – ПТК – ВНУ”.

- Прафарыентацыя ў вучэбна-педагагічным комплексе мае спецыфічны характар, - расказала дырэктар брэсцкага ясляў-сада – пачатковай школы № 6 В.І.Кныш. – Педагогі фарміруюць у малодшых школьнікаў гатоўнасць да прафесійнага самавызначэння. Для гэтага актыўна выкарыстоўваюцца сюжэтна-ролевыя гульні. У ВПК створана прадметна-гульнёвае асяроддзе, якое адыгрывае пэўную ролю ў працоўным навучанні дзяцей. Адметна, што малодшыя школьнікі пры выбары патэнцыяльнай прафесіі кіруюцца найперш інтарэсамі, а не ўзроўнем даходу.

У брэсцкім ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна, які ўзначальвае заслужаная настаўніца Беларусі С.М.Сямёнава, упэўнены, што якасць адукацыі з’яўляецца адным з асноўных фактараў індывідуальнай сацыялізацыі вучняў. Ва ўстанове распрацавана і ўкаранёна комплексная праграма педагагічнага суправаджэння прафесійнага самавызначэння ліцэістаў, рэкамендаваная для выкарыстання ў псіхалагічных службах вобласці. Пры папячыцельскім савеце створана камісія па прафарыентацыйнай рабоце.>

- У прафарыентацыі вучняў задзейнічаны псіхалагічныя дыягностыкі, магчымасці профільных прадметаў, цэнтры творчага самавыяўлення асобы (паводле аўтарскай выхаваўчай сістэмы), установы дадатковай адукацыі і прафесійны вопыт бацькоў, - расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце М.П.Бязносік. – Галоўная псіхалагічная задача ў прафарыентацыйнай рабоце заключаецца ў адэкватнасці выбару прафесіі рэальным магчымасцям вучняў. На працягу двух гадоў навучання ў ліцэі педагогі-псіхолагі складаюць графік дынамікі прафесійных інтарэсаў кожнага старшакласніка. “Прафарыентацыйны градуснік” паказвае, што амаль палова дзевяцікласнікаў яшчэ не вызначыліся ў сваім выбары. Найчасцей узважаны і ўсвядомлены выбар прафесіі адбываецца к канцу 10 класа, але здараецца, што і ў 11-м.

Аўтарская сістэма выхаваўчай работы ліцэя, якая рэалізоўваецца праз цэнтры творчага самавыяўлення асобы, уключае новыя падыходы аператыўнага кіравання прафесійным выбарам вучняў. Дзейнасць цэнтраў грунтуецца на 4-х напрамках навучання. Сістэма напоўнена яркімі, нестандартнымі формамі работы: інтэрнэт-лоцыі “Шлях да сваёй прафесіі”, тыдні ўніверсітэцкай навукі, клуб міжнародных культурна-адукацыйных інтэрнэт-зносін, абітур-класы, служба ўнутранага вучэбнага аўдыту, дэкада “Выбіраеш прафесію – выбіраеш лёс” і інш.

Ужо 3 гады педагогі працуюць над рэалізацыяй праграмы па зместава-тэхналагічнай інтэграцыі асноўнай і дадатковай ліцэйскай адукацыі. На інтэграваных уроках ажыццяўляецца ўзаемасувязь прадметаў, якія вывучаюцца, з прафесійнымі інтарэсамі дзяцей. Такія ўрокі становяцца своеасаблівым палігонам, дзе вучні праходзяць мініпрафесійныя пробы.

- Мы імкнёмся забяспечыць такую якасць адукацыі, якая дазваляе выпускнікам быць канкурэнтаздольнымі сярод абітурыентаў і на рынку працы, - адзначыла М.П.Бязносік. – Клуб “Сустрэча без гальштукаў” – гэта зносіны з бацькамі не столькі ў вучэбных кабінетах, колькі на іх рабочых месцах. Прафарыентацыйная работа ў старшай школе павінна насіць практыка-арыентаваны характар. Так, вучні, якія займаюцца па хіміка-біялагічным напрамку, наведваюць брэсцкую паліклініку № 6, дзе знаёмяцца са структурай лячэбнай установы, работай яе аддзяленняў, дыягностыкай захворванняў. Загадчыкі аддзяленняў з’яўляюцца куратарамі медыцынскага кірунку ў самавызначэнні. Акрамя таго, вучні бываюць на станцыі пералівання крыві, у лабараторыі судова-медыцынскай экспертызы і міжбальнічнай аптэцы. Будучыя тэхнолагі – частыя госці ААТ “Савушкін прадукт” і СП “Санта-Брэмар”.

Політэхнічную арыентацыю ліцэісты, якія займаюцца па фізіка-матэматычным напрамку, набываюць на Брэсцкім электрамеханічным заводзе, СП ААТ “Брэстгазаапарат” і кафедрах БрДТУ. Праз інтэрнэт-лоцыі вучні знаёмяцца з перспектывамі сваёй адукацыі.

Ліцэісты-“філолагі” спрабуюць сілы ў журналістыцы, актыўна ўдзельнічаюць у ролі перакладчыкаў пры дзіцячых замежных дэлегацыях. Ліцэісты-“грамадазнаўцы” асвойваюць маршруты краязнаўчых экспедыцый, знаёмяцца з работай мясцовых органаў улады.

Двойчы ў год у ліцэі ладзяцца тыдні прафесійнага самавызначэння, падчас якіх дзесяцікласнікі шукаюць цікавыя спецыяльнасці, а адзінаццацікласнікі пераконваюцца ў правільнасці выбару. Сістэмная работа прыносіць адпаведныя вынікі. Так, на ХІІІ Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту па сацыялізацыі і прафарыентацыі выпускнікоў ліцэй атрымаў дыплом ІІІ ступені, а на рэспубліканскім дыстанцыйным інтэрнэт-конкурсе – дыпломы І і ІІ ступеней.

У ліцэі, як паведаміла намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце І.Д.Патапава, рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі забеспячэння пераемнасці ў сістэме “базавая школа – ліцэй” як сродку прафесійнага самавызначэння вучняў”. Партнёрам ліцэя ў ажыццяўленні праекта выступае сярэдняя школа № 28, якая знаходзіцца непадалёку ад яго. У школе адкрыты 9-ыя класы, арыентаваныя на дадатковае вывучэнне прадметаў на факультатыўных занятках у адпаведнасці з напрамкамі навучання ў ліцэі. Урокі і факультатыўныя заняткі ў гэтых класах вядуць настаўнікі ліцэя. Для суправаджэння і паспяховай адаптацыі да ліцэйскага жыцця кожнаму 9-му класу вызначаны ліцэйскі куратар і псіхолаг. На працягу навучальнага года дзевяцікласнікі могуць змяніць выбраны напрамак навучання, калі памыліліся ў першапачатковым выбары. Пасля заканчэння 9 класа вучні здаюць уступныя экзамены ў 10-ыя класы ліцэя, дзе захоўваецца пераемнасць у выкладчыцкім саставе, арганізацыі, методыках і тэхналогіях навучання і выхавання. Важна, што ў 9-ыя класы дзеці паступаюць без экзаменаў. Амаль усе выпускнікі базавай школы становяцца ў далейшым ліцэістамі. Дзякуючы праекту, у дзесяцікласнікаў напалову скарачаецца адаптацыйны перыяд.

На базе ліцэя працуюць 10 філіялаў кафедр БрДУ імя А.С.Пушкіна. Спланавана сумесная работа, вызначаны напрамкі і формы ўзаемадзеяння. Выкладчыкі ВНУ ўдзельнічаюць у прадметных тыднях ліцэя, курыруюць даследчую і ажыццяўляюць прафарыентацыйную дзейнасць, вядуць факультатывы, рыхтуюць да прадметных алімпіяд. У сваю чаргу ліцэісты ўдзельнічаюць ва ўніверсітэцкіх алімпіядах па замежных мовах і хіміі, конкурсах чытальнікаў і творчых работ, а таксама ў навукова-практычных канферэнцыях. У планах прадметных тыдняў кафедр ліцэя вылучана інварыянтная частка, складнікам якой з’яўляецца прафарыентацыя. Так, сёлета кафедра грамадазнаўчых навук правяла юрыдычную клініку, сустрэчы са следчымі і адвакатамі, арганізаваныя разам з універсітэцкай кафедрай крымінальна-прававых дысцыплін. У перспектыве, як прызналася І.Д.Патапава, плануецца стварыць замкнёную сістэму “базавая школа – ліцэй – ВНУ”.

Дырэктар Брэсцкага міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі А.І.Калацкі засяродзіў увагу на ролі ВВК у прафесійным станаўленні школьнікаў. Сёння ў вобласці дзейнічаюць 27 ВВК. Камбінат у Брэсце працуе з 1975 года. ВВК ажыццяўляе дапрафесійную і прафесійную падрыхтоўку старшакласнікаў, а таксама прафарыентацыйную работу з імі. Важна, што камбінат адыгрывае значную ролю ў прапагандзе рабочых прафесій. За гады існавання ВВК праз яго прайшлі звыш 46 тысяч школьнікаў. Штогод каля 95% выпускнікоў камбіната атрымліваюць пэўную кваліфікацыю.

Сёння ў ВВК вучацца звыш 1,3 тысячы старшакласнікаў па 18 спецыяльнасцях. Трэцяя частка навучэнцаў занята ў вытворчай працы – выконвае заказы прадпрыемстваў. Наладжана міжведамаснае ўзаемадзеянне з сярэднімі, вячэрнімі і дапаможнымі школамі, ПТНУ, арганізацыямі і прадпрыемствамі, дзякуючы чаму вучні хутчэй адаптуюцца да вытворчасці. Калектыў камбіната працуе над рэалізацыяй мадэлі “сярэдняя школа – ВВК – ПТК”. Радуе, што многія выпускнікі ВВК працягваюць далейшае навучанне па спецыяльнасцях, атрыманых у ім.

У Брэсце дзейнічаюць 3 гарадскія ўстановы дадатковай адукацыі, якія цесна ўзаемадзейнічаюць між сабой у прафарыентацыйнай рабоце з моладдзю. Дзякуючы шматпрофільнасці Брэсцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, вучні могуць рэалізаваць сябе ў розных відах дзейнасці (у цэнтры іх звыш 100). Дырэктар БЦДАДіМ Ю.А.Глебік расказала, што ва ўстанове працуюць 308 аб’яднанняў па інтарэсах, якія наведваюць каля 3,2 тысячы дзяцей. Многія выхаванцы цэнтра працягваюць навучанне па выбраных напрамках у ССНУ і ВНУ тэхнічнага і культуралагічнага профілю.

Работа па фарміраванні прафесійнага самавызначэння вучняў з’яўляецца прыярытэтнай і для педкалектыву брэсцкай сярэдняй школы № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата, якую ўзначальвае Л.М.Пячко. Дзевяцікласнікі наведваюць факультатыў “Мая прафесійная будучыня”. 82% вучняў ахоплены гуртковай дзейнасцю. Школьнікі наведваюць прадпрыемствы і ВНУ. Прафарыентацыйная работа не абыходзіцца і без удзелу бацькоў вучняў. Вялікая ўвага ў школе ўдзяляецца прафесійнаму самавызначэнню дзяцей з АПФР. З 2004 года ва ўстанове адкрыты класы праваахоўнага кірунку, кожны трэці выпускнік якіх выбірае ў далейшым юрыдычную прафесію.

- Семінар паказаў, што сёння ў адукацыйнай галіне дастаткова магчымасцей для арганізацыі эфектыўнай прафарыентацыйнай работы са школьнікамі. Галоўнае, каб яна была сістэмнай і якаснай, - падсумаваў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.