Республиканская олимпиада

26.3.2012

Біялогія – гэта не толькі настаўніцтва ў школе і медыцына

У заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, які адбыўся ў Брэсце, прынялі ўдзел 125 школьнікаў. Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава і БрДУ імя А.С.Пушкіна.

- Алімпіяда па біялогіі традыцыйна складаецца з двух тураў – тэарэтычнага і практычнага, - расказала старшыня журы, загадчыца кафедры генетыкі БДУ, доктар біялагічных навук, прафесар Н.П.Максімава. – У тэарэтычны тур, які доўжыцца 4 гадзіны, уваходзяць 3 блокі заданняў: амаль 100 тэставых заданняў, каля 20 шматскладаных пытанняў, што патрабуюць аналізу, абагульнення і класіфікацыі розных біялагічных працэсаў, і 30 пытанняў, што правяраюць веданне пэўных біялагічных паняццяў.

У практычным туры, на які адводзіцца 4,5 гадзіны, вучні працуюць у трох кабінетах па розных напрамках біялогіі (у залежнасці ад класа): біятэхналогія, мікрабіялогія, генетыка, малекулярная генетыка, батаніка, заалогія, анатомія чалавека і жывёл, фізіялогія раслін.

Алімпіяднікам былі прапанаваны заданні, набліжаныя да ўзроўню складанасці міжнародных спаборніцтваў. Дзякуючы гэтаму, патэнцыяльныя алімпіяднікі-міжнароднікі часткова рыхтуюцца да будучых інтэлектуальных баёў, а рэспубліканская алімпіяда задае ўзровень вывучэння біялогіі ўсёй краіне.

Калі яшчэ некалькі гадоў назад найбольшую складанасць у школьнікаў выклікалі пытанні па малекулярнай біялогіі і малекулярнай генетыцы, то сёння з гэтым праблем ужо няма. Дзеці асвойваюць асновы геномікі, геннай інжынерыі і біятэхналогій. Нягледзячы на пэўны прагрэс у эксперыментальнай падрыхтоўцы вучняў, яе ўзровень па-ранейшаму недастатковы для паспяховага выступлення на міжнародных спаборніцтвах.

Якасць ведаў алімпіяднікаў нараканняў не выклікае. Для ўдзелу ў інтэлектуальным марафоне адабраны лепшыя вучні з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Іх веды несупастаўляльныя са зместам школьных падручнікаў. У аснове падрыхтоўкі алімпіяднікаў – вялікая самастойная работа. На спаборніцтвы заўсёды прыязджаюць найбольш моцныя вучні. Для некаторых з іх гэта дарога ў ВНУ.

Як правіла, дзеці ўдзельнічаюць у алімпіядзе з 9 класа. Сярод старшакласнікаў “выпадковых” аматараў біялогіі няма. Гэта яскрава паказалі і вынікі спаборніцтваў: большасць алімпіяднікаў правільна выканала ад 50% да 90% заданняў.

Н.П.Максімава адзначыла, што біялогія – гэта надзвычай складаная навука, якая патрабуе добрага запамінання і лагічнага мыслення. Біялогія ў адрозненне ад хіміі, геаграфіі і фізікі змяшчае значны факталагічны матэрыял з заалогіі, батанікі, заалогіі чалавека і жывёл, фізіялогіі раслін, мікрабіялогіі, вірусалогіі, біяхіміі, генетыкі, малекулярнай генетыкі, імуналогіі, малекулярнай біялогіі, экалогіі, геномікі, нанабіялогіі і інш. Акрамя таго, біялогія цесна звязана з сумежнымі навукамі – біяхіміяй, біяінфарматыкай і біяфізікай, а таксама з практычнай дзейнасцю чалавека – медыцынай, сельскай гаспадаркай, вытворчасцю, крыміналістыкай і інш.

- Сёння нашай краіне патрэбны граматныя біёлагі, якія ў перспектыве стануць кваліфікаванымі спецыялістамі і папоўняць шэрагі навукоўцаў, біятэхнолагаў і медыкаў, - заўважыла Н.П.Максімава. – Неабходна ўсяляк папулярызаваць дасягненні сучаснай біялогіі, якая лічыцца сёння навукай нумар адзін у свеце. На жаль, многія бацькі і іх дзеці не разумеюць гэтага, бо звязваюць біялогію толькі з настаўніцтвам у школе і медыцынай.

Па словах старшыні журы, пажадана праводзіць сумесную алімпіяду па хіміі і біялогіі. Школьнікаў варта больш актыўна прыцягваць да ўдзелу ў міжнародных турнірах. Неабходна стварыць рэспубліканскі цэнтр па падрыхтоўцы алімпіяднікаў па біялогіі, каб узмацніць іх практычную падрыхтоўку. Было б добра аднавіць алімпіяду па біялогіі (накшталт Мендзялееўскай па хіміі) сярод краін СНД. А яшчэ, як прызналася Н.П.Максімава, хацелася б бачыць сярод школьнікаў больш мэтанакіраваных дзяцей з вялікай прагай да новых ведаў.

Дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласнікі Кацярына Драгунова з магілёўскай сярэдняй школы № 15 і Кацярына Антановіч з мінскай гімназіі № 10. Сярод дзесяцікласнікаў лепшымі аказаліся Аляксандра Козак з Ліцэя БДУ і Марыя Дунай з Ліцэя БДУ. Сярод адзінаццацікласнікаў “першадыпломнікамі” сталі Павел Квятко з мінскай гімназіі № 13, Уладзіслаў Цярэшчанка, Павел Ганчар, Маргарыта Ждановіч і Кацярына Маскаленка з Ліцэя БДУ, Дар’я Шугля з карэліцкай гімназіі № 1, Аляксандр Сырадоеў з мінскай гімназіі № 4 і Уладзімір Грыневіч з мазырскай сярэдняй школы № 14.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.