Республиканская олимпиада

19.3.2012

У лідарах – юныя хімікі Міншчыны

Як павысіць матывацыю алімпіяднікаў да працягу хімічнай адукацыі?

У Брэсце прайшоў заключны этап 46-й рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, на якую з’ехаліся 120 аматараў табліцы Мендзялеева з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя швейнай вытворчасці імя Д.М.Карбышава і БрДУ імя А.С.Пушкіна.

На ўрачыстым адкрыцці алімпіяднага тыдня з прывітальным словам да ўдзельнікаў інтэлектуальнага марафону звярнуўся начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.А.Ціханчук, які адзначыў, што арганізатары “хімічнага” спаборніцтва пастараліся стварыць для вучняў максімальна камфортныя ўмовы. Алімпіяднікі атрымалі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з жыццём прыгранічнага горада.

Галоўны інспектар Міністэрства адукацыі Г.С.Раманавец расказала аб поспехах і няўдачах удзелу беларускай каманды школьнікаў у міжнародным алімпіядным руху. “Нашы вучні дэманструюць высокі ўзровень падрыхтоўкі па многіх прадметах, пра што сведчаць перамогі на розных спаборніцтвах, - адзначыла Галіна Сцяпанаўна. – Але галоўная праблема юных хімікаў заключаецца ў іх элементарнай няўважлівасці пры рашэнні алімпіядных задач, у прыватнасці ў дапушчэнні прыкрых арыфметычных памылак пры падліках”.

- Усе дасягненні ў сучасным свеце адбываюцца на стыку розных навук, якія паасобку ўжо сёння не з’яўляюцца самадастатковымі, - заўважыў старшыня журы алімпіяды, дацэнт кафедры агульнай хіміі хімічнага факультэта БДУ, кандыдат хімічных навук В.М.Хвалюк. – Прыродазнаўчанавуковыя веды надзвычай запатрабаваны ў грамадстве, бо істотна пашыраюць кругагляд людзей і добра развіваюць іх інтэлект. Але любыя веды неабходны толькі тады, калі выкарыстоўваюцца. І планка ў дасягненні мэты павінна быць максімальна высокай.

У склад журы рэспубліканскай алімпіяды па хіміі ўвайшлі выкладчыкі хімічных факультэтаў вядучых ВНУ краіны. Аб ходзе і выніках селетніх інтэлектуальных спаборніцтваў расказаў старшыня журы В.М.Хвалюк:

- Алімпіяда традыцыйна складалася з двух тураў – тэарэтычнага і практычнага. У першым, на які адводзілася 5 гадзін, патрабавалася адказаць на 20 тэставых пытанняў і рашыць 5 задач. У практычным туры за 3,5-4 гадзіны (у залежнасці ад класа) неабходна было выканаць эксперыментальнае заданне.

Алімпіядныя заданні даволі складаныя і выходзяць за рамкі школьнай праграмы. Мы наўмысна не зніжаем іх высокую планку, каб яны максімальна адпавядалі міжнароднаму ўзроўню. Радуе, што сёлета школьнікі паспяхова справіліся з эксперыментальным заданнем, хаця якраз з ім і ўзнікаюць асноўныя праблемы.

Самымі складанымі для вучняў аказаліся заданні па фізічнай і неарганічнай хіміі. Алімпіяднікам варта ўдзяляць павышаную ўвагу матэматычным вылічэнням, правільнаму выкананню розных разлікаў.

Нягледзячы на тое, што вучні паказваюць добрыя веды на спаборніцтвах, узровень іх падрыхтоўкі на працягу апошніх гадоў паступова зніжаецца. Па выніках алімпіяды ў лідарах знаходзяцца школьнікі Міншчыны. Добра “падцягнуліся” гродзенскія вучні. Колькасць сельскіх школьнікаў сярод удзельнікаў алімпіяды нязначная.

В.М.Хвалюк прызнаўся, што ад беларускіх школьнікаў чакаюць перамог не столькі на рэспубліканскіх алімпіядах, колькі на міжнародных. “На жаль, большасць вучняў арыентуюцца на паступленне ў медыцынскія ВНУ, а не на хімічныя факультэты, - адзначыў Віктар Мікалаевіч. – Неабходна павышаць матывацыю дзяцей да працягу хімічнай адукацыі і дасягнення высокіх вынікаў на міжнародным узроўні”.

Сваімі ўражаннямі ад алімпіяды падзяліліся і яе ўдзельнікі. Дзевяцікласніца Настасся Жанжэўская з мазырскай сярэдняй школы № 14 удзельнічае ў алімпіядным руху з 7 класа. Дзяўчына лічыць хімію навукай будучыні і вельмі любіць рашаць эксперыментальныя задачы. Настасся ацэньвае ўзровень алімпіядных заданняў вышэй за сярэдні. У тэарэтычным туры найбольшую цяжкасць у школьніцы выклікала заданне па арганічнай хіміі, паколькі гэты раздзел навукі яны пачалі толькі вывучаць. Калі гаварыць аб практычным туры, то дзяўчына разлічвала, што задачы ў ім акажуцца больш разнастайнымі і цікавымі. У падрыхтоўцы да спаборніцтваў Настассі, якая марыць стаць урачом, дапамагалі настаўніца хіміі Н.В.Кравец і трэнер абласной каманды, пяцікурснік хімічнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны М.І.Карапанаў.

Летась дзесяцікласнік Нікіфар Лазоўскі са слуцкай гімназіі № 1 атрымаў па выніках рэспубліканскай прадметнай алімпіяды пахвальны водзыў па матэматыцы, дыплом ІІ ступені па хіміі і дыплом ІІІ ступені па англійскай мове. Сёлета юнак удзельнічае ў спаборніцтвах адразу па 4 прадметах – па матэматыцы (паўтарыў мінулагодні вынік), хіміі, фізіцы і англійскай мове.

- У алімпіядным руху ўдзельнічаю з 9 класа, - расказаў Нікіфар. – Спаборніцтвы добра развіваюць мысленне, знаёмяць з новымі людзьмі, дазваляюць паказаць і ацаніць уласныя веды. Інтарэс да матэматыкі – ад бацькі, які ў школьныя гады таксама з’яўляўся актыўным алімпіяднікам. Гэты прадмет выдатна развівае логіку. Інтарэс да хіміі – ад маці, якая працуе медыкам. Англійскую мову вывучаю з 3 класа. Заўсёды цікава праверыць узровень сваіх ведаў па ёй. А інтарэс да фізікі – ад дзядулі, заслужанага настаўніка Беларусі, настаўніка фізікі і астраноміі слуцкай сярэдняй школы № 10.

У тэарэтычным туры Нікіфар не справіўся толькі з адной задачай, якая прапаноўвала разгледзець розныя шляхі працякання тыповай хімічнай рэакцыі. Астатнія задачы падаліся юнаку ўмерана складанымі, але даволі цікавымі. У практычным туры выклікала цяжкасць заданне, звязанае з сінтэзам і вызначэннем пэўнага рэчыва.

Да спаборніцтваў Нікіфара рыхтавала настаўніца хіміі С.Ю.Собалева. Акрамя таго, юнак штодзень па адной гадзіне займаўся самастойна. З будучай прафесіяй школьнік пакуль не вызначыўся, але плануе звязаць працоўную дзейнасць з біяхімічнай інжынерыяй.

Адзінаццацікласніца Вераніка Трушко з іванаўскай сярэдняй школы № 2 удзельнічае ў алімпіядах па двух прадметах – хіміі і геаграфіі. Выбар хіміі – невыпадковы: маці дзяўчыны працуе хімікам-тэхнолагам. “Удзел у алімпіядзе – цудоўная магчымасць праверыць уласныя веды, параўнаць іх з ведамі равеснікаў, а таксама пастасавацца са школьнікамі з іншых рэгіёнаў краіны”, - лічыць Вераніка.

У тэарэтычным туры найбольш складанымі для вучаніцы аказаліся заданні па фізічнай хіміі і біяхіміі. Заданні практычнага тура, на думку Веранікі, былі няцяжкія, але пэўныя праблемы выклікаў аналіз вынікаў праведзеных вопытаў.

На падрыхтоўку да алімпіяды дзяўчына затрачвала шмат часу – па 5 гадзін у дзень. Вялікую дапамогу вучаніцы аказалі настаўніцы хіміі Н.Л.Цімашук і А.В.Таболіна. Пасля заканчэння школы Вераніка плануе паступаць на хімічны факультэт БДУ.

Дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласнікі Кацярына Грачова з мінскай гімназіі № 29 (настаўніца Н.В.Куракова), Андрэй Швед з мінскай гімназіі № 12 (настаўніца С.М.Свешнік) і Андрэй Сямёнаў з мінскай сярэдняй школы № 19 імя Янкі Купалы (настаўніца А.Д.Янко). Сярод дзесяцікласнікаў лепшымі аказаліся Сяргей Кузоўчыкаў з мінскай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны (настаўнікі Н.С.Краўцова і Д.С.Фірага), Мікалай Арцюшэўскі з Ліцэя БДУ (настаўнікі В.Э.Матуліс і Т.А.Калевіч) і Нікіфар Лазоўскі са слуцкай гімназіі № 1 (настаўнік С.Ю.Собалева). Сярод адзінаццацікласнікаў “першадыпломнікамі” сталі Андрэй Панкратаў з мінскай сярэдняй школы № 47 (настаўнікі А.В.Шахно і Д.В.Шахно), Яўген Аніскевіч з Ліцэя БДУ (настаўнікі Т.А.Калевіч і Я.У.Паўлечка), Дзмітрый Салаўёў з бабруйскай гімназіі № 2 (настаўнікі А.У.Вянглінская і В.У.Ясінецкі), Цімафей Навалаеў з Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 (настаўнікі Г.В.Лажэвіч і В.У.Ясінецкі) і Кацярына Гурыновіч з Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя (настаўнікі Д.С.Фірага і С.Г.Мельнікава).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.