"Общественные формирования и родительская общественность..."

23.02.2012

28.02.2012г. в городе Жабинка состоялся областной семинар для специалистов, методистов управлений (отделов) образования, курирующих вопросы воспитательной работы и профилактики правонарушений. «Общественные формирования и родительская общественность, как факторы влияния на повышение эффективности профилактической работы с несовершеннолетними».

Прафілактыкі зашмат не бывае

На базе навучальных устаноў Жабінкаўскага раёна прайшоў абласны семінар спецыялістаў і метадыстаў аддзелаў адукацыі Брэстчыны, якія курыруюць выхаваўчую работу і прафілактыку правапарушэнняў сярод школьнікаў, на тэму “Грамадскія фарміраванні і бацькоўская грамадскасць як фактары, што ўплываюць на эфектыўнасць работы з непаўналетнімі”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны інстытут развіцця адукацыі.

- Сёння надзвычай актуальным пытаннем з’яўляецца прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх, - адзначыў на адкрыцці семінара начальнік аддзела выхаваўчай работы абласнога ўпраўлення адукацыі М.К.Тарасюк. – Паспяховае вырашэнне гэтай праблемы залежыць не толькі ад якасці выхаваўчага працэсу ў школах, а найперш ад умела скаардынаваных намаганняў розных зацікаўленых ведамстваў. Дзякуючы іх плённаму ўзаемадзеянню, павышаецца эфектыўнасць прафілактычнай работы з моладдзю.

- У Жабінкаўскім раёне існуе комплекс устаноў і арганізацый, якія цесна супрацоўнічаюць у галіне прафілактыкі сямейнай нядобранадзейнасці, безнагляднасці, п’янства, наркаманіі і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, - расказала намеснік старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк. – Дзейнасць розных структур каардынуе раённая камісія па справах непаўналетніх. Штогод на яе пасяджэннях заслухоўваюцца справаздачы кіраўнікоў навучальных устаноў, якія лідзіруюць па колькасці правапарушэнняў. Лепшы вопыт прафілактычнай работы абагульняецца. Паміж зацікаўленымі органамі і службамі наладжаны пастаянны абмен інфармацыяй. Вельмі плённым з’яўляецца ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі з сельвыканкамамі, ІСН, ДАІ, урачамі, раённым аддзелам МНС, культурнымі і спартыўнымі ўстановамі. А вось выхаваўчы патэнцыял працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый выкарыстоўваецца не на поўную моц.

У раёне распрацаваны “фізкультурна-аздараўленчы” план арганізацыйна-практычных мерапрыемстваў па забеспячэнні вольнага часу і пазаўрочнай занятасці непаўналетніх, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку, у летні перыяд. Арганізавана бясплатная секцыя па міні-футболе для цяжкіх падлеткаў, іх каманды ўдзельнічаюць у раённай ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца” і абласным турыстычным злёце, міжраённых турнірах па футболе і валейболе з удзелам супрацоўнікаў сілавых ведамстваў.

Праблемныя дзеці задзейнічаны ў рабоце вучнёўскіх рамонтных звёнаў і брыгад, а таксама ў працоўных экалагічных акцыях. Школьнікі ўдзельнічаюць у прававых алімпіядах і алімпіядах па здаровым ладзе жыцця, наведваюць вайсковыя часці і прамысловыя прадпрыемствы, займаюцца ў клубе “Падлетак” пры раённым СПЦ. Адсочваецца працаўладкаванне выпускнікоў, некаторыя з іх накіроўваюцца на вучобу па рабочых спецыяльнасцях. Супрацоўнікі праваахоўных органаў і пракуратуры наведваюць бацькоўскія сходы ў школах, сустракаюцца з вучнямі і педагогамі.

КСН распрацавала і распаўсюдзіла ў навучальных установах буклеты з інфармацыяй аб арганізацыях, якія прымаюць вучняў на работу ў летні перыяд. Летась з дапамогай КСН, раённага аддзела па справах моладзі і БРСМ былі працаўладкаваны каля 230 падлеткаў. Многія непаўналетнія працаўладкаваліся самастойна.

З канца мінулага года ў раёне дзейнічае мабільная група, у якую ўваходзяць прадстаўнікі аддзелаў адукацыі і ўнутраных спраў, СПЦ, КСН і службы занятасці. Група кантралюе абавязаных асоб і сем’і, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, а таксама займаецца прафілактыкай сямейнай нядобранадзейнасці. Толькі за два месяцы члены мабільнай групы наведалі 230 сем’яў, прычым у кожнай з іх пабывалі па 3-4 разы. У выніку розных арганізацыйна-практычных мер у раёне паступова зніжаецца колькасць правапарушэнняў і злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі.

- У раёне створаны рэгіянальныя мадэлі выхаваўчай работы, - расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама І.У.Тарасевіч. – Задача кожнага педкалектыву – забяспечыць разнастайныя формы занятасці школьнікаў паводле іх інтарэсаў. Мэтанакіраваная работа ў гэтым кірунку дазволіла павялічыць занятасць дзяцей у пазаўрочны час з 86% у 2005-м да 99% у 2012 годзе. Палепшылася напаўняльнасць школьных гурткоў. Кожны падлетак, які стаіць на школьным уліку і ўліку ў ІСН, заняты пазаўрочнай дзейнасцю. Гэта дазваляе паспяхова вырашаць пытанні, звязаныя з прафілактыкай безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца змястоўнаму напаўненню школьнай суботы. У навучальных установах створаны саветы па арганізацыі шостага школьнага дня. У суботу праводзяцца грамадска-патрыятычныя, прававыя, маральныя, фізкультурна-спартыўныя, сямейныя, працоўныя, экалагічныя і “здароўезберагальныя” мерапрыемствы. Амаль трэцяя частка школьнікаў займаецца ў Жабінкаўскім раённым цэнтры творчасці для дзяцей і моладзі і раённым цэнтры турызму і краязнаўства. У іх рэалізоўваецца праграма “Шосты дзень – нясумны дзень”, якая фарміруе адзіную адукацыйную прастору “сям’я – школа – соцыум”.

У раёне распрацавана праграма “Садружнасць”, якая прадугледжвае розныя формы работы з сем’ямі (індывідуальныя, калектыўныя і наглядна-інфармацыйныя). У школах ладзяцца ток-шоу, адкрытыя ўрокі, бацькоўскія сходы, круглыя сталы, трэнінгі, семінары, клубныя пасяджэнні, сумесныя творчыя справы, сямейныя гасцёўні, лекторыі, дні адкрытых дзвярэй, бацькоўскія ўніверсітэты, спаборніцтвы, паходы і інш. Больш актыўна пачалі працаваць камісіі садзейнічання сям’і і школе і бацькоўскія камітэты. Акрамя таго, у навучальных установах рэалізоўваецца праграма “Школа бацькоў будучых першакласнікаў”, якая ўключае тэарэтычныя, практычныя і інтэрактыўныя формы работы. З мінулага года пры Жабінкаўскім раённым СПЦ працуе бацькоўскі клуб “ДОМ”.

У сваім выступленні І.У.Тарасевіч абазначыла шэраг праблем у арганізацыі эфектыўнай работы з непаўналетнімі. Так, у большасці сельскіх школ функцыі намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце выконваюць намеснікі дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Па-ранейшаму актуальнымі застаюцца пытанні, звязаныя з пастаянным павышэннем педагагічнага майстэрства класных кіраўнікоў, пошукам і ўкараненнем новых форм выхаваўчай работы. Назіраецца недастатковае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі ў арганізацыі выхаваўчай работы ў шосты дзень з рознымі дзяржаўнымі і грамадскімі структурамі раёна.

- Аддзел унутраных спраў дапамагае школам у арганізацыі прававой асветы і прапагандзе здаровага ладу жыцця, выяўленні безнаглядных непаўналетніх, прадухіленні дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму і неасцярожнага абыходжання з агнём, - паведаміла ўчастковы інспектар ІСН Жабінкаўскага РАУС, старшы лейтэнант міліцыі А.І.Сівухіна. – РАУС і аддзел адукацыі праводзяць шэраг сумесных прафілактычных мерапрыемстваў. Штоквартал у РАУС праходзяць дні адкрытых дзвярэй для непаўналетніх. Рэгулярна праводзяцца сумесныя рэйды з прадстаўнікамі БРСМ. У раёне дзейнічае маладзёжны атрад аховы правапарадку з ліку рабочай моладзі, ладзяцца акцыі “Залатое крыло” (разам з Брэсцкім клубам аматараў матацыклаў для дзяцей-сірот), “Сям’я – дарога бяспекі” (разам з раённай дзіцячай бібліятэкай), “Дзень без аўтамабіля” (разам з БРСМ арганізаваны велапрабег), “Вуліцы без алкаголю” (тэматычная выстава дзіцячых малюнкаў), “Дарога да сэрца” (наведванне дзяцей з нядобранадзейных сем’яў).

На базе спартыўнага комплексу “Бадзёрасць” праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы, у якіх удзельнічаюць супрацоўнікі міліцыі і цяжкія падлеткі. Ва ўсіх школах раёна працуюць атрады юных інспектараў дарожнага руху. Інспектары ІСН – частыя госці ў вучняў. Сёлета за Жабінкаўскім РАУС замацаваны 10 “В” клас з сярэдняй школы № 3, дзе супрацоўнікі розных падраздзяленняў праводзяць лекцыйныя заняткі на прававую тэматыку.

Цікавым атрымалася выступленне начальніка сектара аддзела кадраў ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” А.М.Мацюшка, якая з’яўляецца старшынёй камісіі садзейнічання сям’і і школе і старшынёй папячыцельскага савета сярэдняй школы № 2. “Мэта камісіі – аб’яднаць намаганні навучальнай установы, сям’і і працоўнага калектыву прадпрыемства ў выхаванні дзяцей і аказанні практычнай дапамогі бацькам і школе, - адзначыла Алена Мікалаеўна. – Камісія сфарміравана з ліку кіраўнікоў структурных падраздзяленняў, прадстаўнікоў прафсаюзнай арганізацыі і найбольш актыўных грамадскіх работнікаў. У сярэдняй школе № 2, з якой камісія падтрымлівае цесныя сувязі, вучыцца 80% дзяцей работнікаў прадпрыемства. Разам са школай арганізоўваюцца выязныя саветы прафілактыкі, на якія запрашаюцца вучні, іх бацькі і адміністрацыя завода. Пытанні, звязаныя з выхаваннем і навучаннем дзяцей, пастаянна абмяркоўваюцца на сходах працоўных калектываў. Для бацькоў ладзяцца лекцыі і кансультацыі педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў па праблемах выхавання, псіхалагічных асаблівасцях развіцця дзяцей і інш.”

Асаблівую ўвагу камісія ўдзяляе сем’ям, дзе дарослыя злоўжываюць спіртным, не клапоцяцца пра дзяцей. З такімі сем’ямі, у тым ліку з абавязанымі асобамі, праводзіцца індывідуальная выхаваўча-прафілактычная работа (пры неабходнасці – з удзелам адміністрацыі прадпрыемства). Формы грамадскага ўздзеяння на гора-бацькоў даволі разнастайныя: іх паводзіны абмяркоўваюцца на агульных сходах працоўных калектываў, у асабістых гутарках з удзелам намеснікаў дырэктара завода. Камісія можа прапаноўваць наймальніку пры заканчэнні працоўнага кантракта перазаключыць яго з нядбайнымі бацькамі на менш выгадных умовах або ўвогуле не працягваць на новы тэрмін. Разам з тым камісія ўдзяляе вялікую ўвагу арганізацыі сумеснага адпачынку бацькоў і дзяцей (сямейныя спаборніцтвы, святы, конкурсы). На заводзе працуюць 4 гурткі (танцавальны, вакальны, вакальна-інструментальны і “Умелыя ручкі”), якія наведваюць 48 дзяцей.

Камісія аказвае дапамогу школе і ў арганізацыі дапрафесійнай арыентацыі вучняў. З гэтай мэтай на прадпрыемстве ладзяцца экскурсіі, падчас якіх школьнікі знаёмяцца з тэхналагічным працэсам перапрацоўкі цукровых буракоў, відамі і характарам работ і прафесій, а таксама з установамі адукацыі, што рыхтуюць адпаведных спецыялістаў. Камісія дапамагае і ў працаўладкаванні непаўналетніх.

Удзельнікі семінара азнаёміліся з арганізацыяй прафілактычнай работы ў Ленінскай сярэдняй школе, жабінкаўскіх сярэдніх школах №№ 2 і 3, а таксама з дзейнасцю спартыўнага комплексу “Бадзёрасць”. А завяршылася мерапрыемства тэматычным круглым сталом.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.