Якасная падрыхтоўка – добрыя вынікі

04.04.2019
129 вучняў 8 – 11 класаў прынялі ўдзел у сёлетняй Рэспубліканскай алімпіядзе па інфарматыцы, якая праходзіла на базе сярэдняй школы № 10 Пінска.

- Алімпіяда складалася з 2 тураў працягласцю 5 гадзін кожны, - расказаў намеснік старшыні журы алімпіяды старшы выкладчык кафедры вылічальнай матэматыкі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Аляксей Аляксандравіч Толсцікаў. – Вучням прапаноўваліся 8 задач, для якіх яны будавалі матэматычныя мадэлі і алгарытмы рашэння, рэалізоўвалі іх на адной з моў праграмавання, пасля чаго здавалі атрыманыя вынікі ў аўтаматызаваную сістэму тэсціравання. Для паспяховага выканання заданняў патрабаваліся веды, якія выходзілі далёка за межы школьнай праграмы. Узровень складанасці задач з году ў год павышаецца і з’яўляецца адэкватным вучнёўскім ведам і алімпіядным патрабаванням. 3 задачы аказаліся для сёлетніх удзельнікаў даволі складанымі. Тым не менш школьнікі паказалі добрую падрыхтоўку, якая заўсёды пацвярджаецца на міжнародных спаборніцтвах. Штогод высокія вынікі ў алімпіядзе паказваюць вучні Ліцэя БДУ і Віцебшчыны, а таксама выхаванцы гуртка спартыўнага праграмавання з Цэнтра юных пажарных Мазыра.

- Пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў неабходна ўдзяляць павышаную ўвагу рашэнню складаных задач па праграмаванні і асваенню мовы праграмавання С++, актыўна ўдзельнічаць у дыстанцыйных алімпіядах і конкурсах па праграмаванні для праверкі ведаў і выпрацоўкі практычных навыкаў у рашэнні задач, - адзначыў старшыня журы алімпіяды старшы выкладчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Аляксандр Андрэевіч Буслаўскі. – Вучням цікавей рашаць задачы, калі настаўнік рашае іх разам з імі. Спаборніцкі дух матывуе да атрымання новых ведаў і падштурхоўвае да няспыннага развіцця.

Адзінаццацікласнік Аляксей Філіновіч з сярэдняй школы № 2 Лунінца ўдзельнічае ў алімпіядным руху з 5 класа. На яго рахунку 3 дыпломы, атрыманыя па выніках заключных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы.

- З камп’ютарам на “ты” ўжо даўно, - гаворыць юнак. – У 6 класе прыйшоў на факультатыў па праграмаванні, які вёў настаўнік інфарматыкі Іван Альфрэдавіч Трэгубаў. Спадабалася. Пачаў сур’ёзна займацца. Маю шэраг дасягненняў на міжнародных спаборніцтвах. Узровень складанасці сёлетніх заданняў чаканы. На падрыхтоўку да алімпіяды траціў каля 8 гадзін у тыдзень. Без настойлівай працы нельга дасягнуць высокіх вынікаў. Поспех акрыляе і прымушае рухацца далей.

З прафесійнай дзейнасцю Аляксей вызначыўся даўно. Ён плануе стаць праграмістам.

Ім плануе стаць і адзінаццацікласнік Кірыл Шырма з гімназіі № 1 Брэста, на рахунку якога 3 “рэспубліканскія” дыпломы. У алімпіядным руху юнак з 7 класа. Ён лічыць інфарматыку перспектыўным, разнастайным і надзвычай цікавым заняткам. Даўнюю любоў Кірыла да прадмета ўсяляк падтрымлівае настаўніца інфарматыкі Ірына Юр’еўна Гарбацэвіч.

- Сёлетнія алімпіядныя заданні асаблівых цяжкасцей не выклікалі, - прызнаецца юнак. – Шмат працаваў, таму і вынік заканамерны.

- У камандзе Брэстчыны па інфарматыцы шмат здольных вучняў, з якіх 5 атрымалі дыпломы рознай вартасці, - расказала кіраўнік каманды настаўніца інфарматыкі І.Ю.Гарбацэвіч з гімназіі № 1 Брэста. – Алімпіяднікі – надзвычай працаздольныя і мэтанакіраваныя дзеці, якія актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку дыстанцыйных. Гэта не аднабакова развітыя вучні, як многія лічаць, а даволі паспяховыя і ў іншых галінах ведаў.

Дыпломы І ступені атрымалі дзесяцікласнік Яраслаў Барысаў з гімназіі № 8 Віцебска (настаўніца В.П.Лакціна), адзінаццацікласнік Дарыуш Піскевіч з гімназіі № 1 Віцебска (настаўніца В.П.Лакціна), адзінаццацікласнік Аляксей Філіновіч з сярэдняй школы № 2 Лунінца (настаўнік І.А.Трэгубаў), дзесяцікласнік Андрэй Мішчанка з Цэнтра юных пажарных Мазыра (настаўнік А.В.Баруноў), адзінаццацікласнік Данііл Дзенгалёў з гімназіі № 2 Магілёва (настаўніца А.І.Качанава), дзевяцікласнік Андрэй Касцяны з гімназіі № 51 Гомеля (настаўнік М.С.Далінскі), адзінаццацікласнік Кірыл Шырма з гімназіі № 1 Брэста (настаўніца І.Ю.Гарбацэвіч), дзесяцікласнік Сяргей Процкі з Ліцэя БДУ (настаўнік М.С.Далінскі), дзесяцікласнік Аляксей Пырко з Гродзенскай гарадской гімназіі (настаўнік Д.А.Бяржынскі), дзесяцікласнік Павел Санкін і адзінаццацікласнік Максім Коган з Ліцэя БДУ (настаўніца А.І.Лапо), адзінаццацікласнік Вячаслаў Бабень з гімназіі № 3 Барысава (настаўнік Д.Я.Харловіч).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.