Дарогу – маладым!

05.04.2019
У Маскоўскім раёне Брэста падвялі вынікі конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Малады настаўнік Брэстчыны”. Падчас конкурсных выпрабаванняў моладзь паказвала тэарэтычная і практычныя веды, метадычныя ўменні і навыкі, творчыя здольнасці.
“Настаўнік павінен быць прыкладам для пераймання, - лічыць настаўнік матэматыкі Кірыл Ігаравіч Любчук з сярэдняй школы № 1. – Яго паводзіны, манеры, маўленне, вобраз мыслення маюць вялікае ўздзеянне на дзяцей. Навучанне – гэта не толькі перадача ведаў па пэўным прадмеце, а раскрыццё светаадчування, сістэмы каштоўнасцей, дэманстрацыя адносін да ўсяго, што адбываецца вакол”.

Цікавы ўрок па тэме “Дзяленне мнагазначных лікаў на адназначныя” ў 4 класе правёў настаўнік пачатковых класаў Кірыл Анатольевіч Заўражны з сярэдняй школы № 7. Ён выбраў педагагічную прафесію невыпадкова. Любоў да яе перадалася ад бабулі. У вольны час настаўнік захапляецца баскетболам, іграе на гітары, з’яўляецца вядучым школьных і гарадскіх мерапрыемстваў.

Настаўніцы пачатковых класаў Дар’я Аляксандраўна Гендэль з сярэдняй школы № 28, Таццяна Уладзіміраўна Ільютчык з сярэдняй школы № 30 імя Д.Б.Гвішыяні, Наталля Іванаўна Вакульская з дзіцячага сада – пачатковай школы № 1 і Вікторыя Валянцінаўна Саладуха з сярэдняй школы № 1 паказалі добрую метадычную падрыхтоўку.

Настаўніца англійскай мовы Настасся Мікалаеўна Сахарчук з сярэдняй школа № 3 удзельнічае ў інавацыйным праекце і конкурсах рознага ўзроўню. Яе калега Алена Міхайлаўна Хвядзевіч з сярэдняй школы № 23 ужо мае свой настаўніцкі почырк.

Настаўніца хіміі і біялогіі Кацярына Уладзіміраўна Драгун з сярэдняй школы № 26 актыўна выкарыстоўвае на ўроках інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Вучні педагога займаюцца даследчай дзейнасцю, паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсе “Ад школьнага праекта да прафесійнай кар’еры”.

Настаўніца англійскай мовы Таццяна Пекач з ясляў-сада – пачатковай школы № 6 умее зацікавіць вучняў замежнай мовай: актыўна выкарыстоўвае гульнявыя метады, фарміруе метапрадметныя кампетэнцыі.

Пераможцай конкурсу стаў Кірыл Анатольевіч Заўражны. У сваім партфолію ён напісаў: “Прафесія настаўніка мяне выбрала сама, чаму вельмі рад. Не ўяўляю сябе ў іншым статусе. Работа з дзецьмі вельмі адказная, але і адна з самых жыццярадасных, бо штодзень падштурхоўвае да новых здзяйсненняў”. Жыццёвае крэда К.А.Заўражнага гучыць так: “Я раблю тое, што люблю, і люблю тое, што раблю”. Малады настаўнік упэўнены, што дзецям цікава вучыцца толькі ў цікавага педагога, таму ён імкнецца адпавядаць гэтаму і знаходзіцца ў няспынным творчым пошуку. Тэму па самаадукацыі “Праектаванне работы з адоранымі дзецьмі як сродак эфектыўнага павышэння якасці адукацыі” выбраў невыпадкова: яго маленькія чамучкі неаднаразова станавіліся пераможцамі розных конкурсаў.

Конкурс паказаў, што моладзь любіць выбраную прафесію. І хоць вопыт і маладосць паняцці несумяшчальныя, але калі чалавек на сваім месцы, то гэта не заўважаецца. Педагогі любяць сваіх вучняў і імкнуцца зрабіць іх лепшымі. Урокі канкурсантаў паказалі, што іх крокі па настаўніцкай дарозе ўпэўненыя і паспяховыя.

Ніна ДРЫК,

намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста.