Да здароўя – праз гульню

09.04.2019
У дашкольным узросце закладваюцца асновы фізічнага і псіхічнага здароўя, таму вельмі важна ў гэты перыяд пашыраць веды і фарміраваць практычныя навыкі здаровага ладу жыцця. Педагогі ясляў-сада № 72 Брэста ўдзяляюць гэтаму павышаную ўвагу.

- Гульня – самы блізкі, даступны і цікавы від дзейнасці для дашкольнікаў, праз які яны засвойваюць грамадскі вопыт і мадэлі паводзін, пазнаюць навакольны свет, - гаворыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада І.А.Семянюк. – Сюжэтна-ролевыя гульні мадэлююць розныя жыццёвыя сітуацыі і адыгрываюць важную ролю ў выхаванні дзяцей, у тым ліку ў фарміраванні здароўезберагальных паводзін. Падчас гульняў валеалагічнай тэматыкі дзеці вучацца берагчы ўласнае і чужое здароўе.

Па выніках дыягнастычных назіранняў за выхаванцамі была вызначана тэматыка гульняў, якая дазволіла ўключыць у іх змест гульнявы матэрыял валеалагічнага характару, накіраваны на пашырэнне ўяўленняў дзяцей пра будову чалавека, станоўчы ўплыў фізічных практыкаванняў на арганізм, бяспеку жыццядзейнасці і прафілактыку траўматызму: “Цацкі ва ўрача”, “Аптэка”, “На дарогах горада”, “Мы – спартсмены”, “Кафэ здаровага харчавання”, “Малочная ферма”, “Кансервавы завод” і інш. Пры арганізацыі гульняў улічваліся ўзроставыя асаблівасці дашкольнікаў. Так, у малодшай групе педагогі выступалі ў ролі іх партнёра, у сярэдняй – рэжысёра, у старшай – кансультанта. Для дзяцей сярэдняга і старшага ўзросту былі складзены тэхналагічныя карты гульняў для падказак у развіцці гульнявога сюжэту, а таксама сфарміравана картатэка праблемна-гульнявых сітуацый.

Каб зацікавіць выхаванцаў сюжэтам здароўезберагальных гульняў, педагогі правялі вялікую прапедэўтычную работу. Так, пры падрыхтоўцы старшых дашкольнікаў да гульні “Мы – спартсмены” выкарыстоўваліся адпаведныя наглядныя матэрыялы і дыдактычныя гульні, запрашаліся прафесійныя спартсмены, ладзіліся спартыўныя мерапрыемствы, ствараліся тэматычныя малюнкі і інш. Усё гэта выклікала ў дзяцей патрэбу адлюстраваць атрыманыя ўяўленні і ўражанні ў сюжэтна-ролевай гульні з равеснікамі, дзе ў творчай форме аднаўляліся адносіны паміж людзьмі, сітуацыі, падзеі і г.д. Задача педагогаў заключалася ў стварэнні неабходнага прадметна-развіццёвага асяроддзя.

- Дзякуючы сістэмнай рабоце выхавальнікаў, у дзяцей павысілася цікавасць да гульнявой дзейнасці, пачалі фарміравацца навыкі здароўезберагальных паводзін і патрэба ў выкананні здароўезберагальных правіл, - адзначае І.А.Семянюк.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.