Да прафесійнай кампетэнтнасці – праз ІКТ
09.04.2019На працягу першых двух гадоў распрацоўваліся тэставыя заданні для дыягностыкі прафесійных кампетэнцый выхавальнікаў першай і другой кваліфікацыйнай катэгорыі па фізічным, сацыяльна-маральным, асобасным, пазнавальным, маўленчым і эстэтычным развіцці дашкольнікаў. За гэты час былі распрацаваны 175 і 350 дыягнастычных тэставых заданняў адпаведна.
Сістэма тэставых заданняў размешчана ў адаптыўным дыстанцыйным асяроддзі Moodle. Распрацаваныя заданні прайшлі экспертызу ў партнёраў-удзельнікаў праекта – у яслях-садзе № 122 Мінска. У сваю чаргу іх дыягнастычныя тэставыя заданні праходзілі экспертызу ў нашай установе. Гэта дазволіла педагогам зрабіць глыбокі і якасны самааналіз дзейнасці, павысіць іх актыўнасць і якасць самаадукацыі, палепшыць асобасныя кампетэнцыі ў прафесіі (рэфлексія, адэкватная самаацэнка, матывацыя, камунікацыя і інш.). Акрамя таго, выхавальнікі ўдасканалілі навыкі па абагульненні і прэзентацыі педагагічнага вопыту. Так, С.І.Яравенка абагуліла вопыт па фарміраванні асноў пажарнай бяспекі ў старшых дашкольнікаў праз выкарыстанне ІКТ, а А.П.Дубіна – па фарміраванні ўяўленняў пра часавыя арыенціроўкі ў старшых дашкольнікаў шляхам ІКТ. Дзякуючы праведзенай рабоце, ім была прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя.
Падрыхтоўка педагогаў да атэстацыі і здачы кваліфікацыйнага экзамену на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі праводзіцца ў цесным узаемадзеянні з раённым аддзелам па адукацыі і Брэсцкім абласным ІРА.
З мэтай паспяховай рэалізацыі праекта паляпшалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы, ствараліся ўмовы для ўдасканалення прафесійных кампетэнцый педагогаў на курсах павышэння кваліфікацыі, семінарах, трэнінгах, дыстанцыйных кансультацыях і інш. Так, былі створаны акаўнты ўдзельнікаў праекта ў домене metod-kobrin.by і блог https://www.blogger.com, дзе педагогі працуюць з электроннымі дзённікамі і партфоліа. Доступ да матэрыялаў адкрыты адміністрыцыі ўстановы і спецыялістам раённага аддзела па адукацыі. Гэта дазволіла стварыць дыстанцыйнае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе і ўмовы для асобасна арыентаванага ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў праекта.
Дыстанцыйныя кансультацыі па выкарыстанні ІКТ у рабоце выхавальнікаў ажыццяўляліся з дапамогай электроннай пошты, чатаў і мабільных дадаткаў, што вельмі сэканоміла час. Сёння 82% педагогаў маюць сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій у адукацыі.
Удзел установы ў праекце арыентуе выхавальнікаў да актыўнай дзейнасці і выбудоўвання індывідуальнай траекторыі прафесійна-асобаснага развіцця з улікам іх вопыту, узроўню падрыхтоўкі, псіхафізіялагічных і кагнітыўных асаблівасцей. Сёння педагогі могуць ужо самі ацаніць уласны кампетэнтнасны патэнцыял. Выхавальнікі эфектыўна асвойваюць інфармацыйныя рэсурсы.
Прамежкавыя вынікі рэалізацыі праекта радуюць: 91% педагогаў маюць вышэйшую адукацыю, 45% - вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 18% - першую. Дзякуючы праекту, павысілася якасць дадатковай адукацыі і самаадукацыі выхавальнікаў, удасканаліўся механізм па фарміраванні эфектыўнага педагагічнага вопыту, павысіўся кваліфікацыйны ўзровень работнікаў, што станоўча паўплывала на якасць адукацыйнага працэсу.
Работа ў інавацыйным рэжыме дазволіла абнавіць змест дзейнасці. 2 гады назад яслі-сад стаў дашкольным цэнтрам развіцця дзіцяці. Гэта адзіная дашкольная ўстанова падобнага тыпу на Кобрыншчыне. Наш цэнтр – неаднаразовы пераможца раённага агляду-конкурсу на лепшую дашкольную ўстанову.
Таццяна БІЧ,
загадчыца Яроміцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Кобрынскага раёна.