У цэнтры ўвагі – якасць адукацыі

17.04.2019
На базе Маларыцкай раённай гімназіі прайшоў абласны семінар, прысвечаны магчымасцям павышэння якасці адукацыі. Намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце ўстаноў адукацыі Брэстчыны азнаёміліся з цікавымі напрацоўкамі маларыцкіх педагогаў.

Начальнік раённага аддзела па адукацыі Т.М.Лаўрэенка расказала пра адукацыйную прастору рэгіёна, а дырэктар гімназіі А.М.Серада – пра гісторыю ўстановы і асаблівасці яе работы. Гімназія была створана 10 гадоў назад у выніку рэарганізацыі сярэдняй школы № 3 і раённага ліцэя. Сёння ў ёй займаюцца 665 вучняў. У старшых класах арганізавана профільнае навучанне. Існуючая матэрыяльна-тэхнічная база дазваляе паспяхова вырашаць розныя адукацыйныя задачы.

- Педагогі гімназіі дапамагаюць дзецям развіваць і рэалізоўваць інтэлектуальны і творчы патэнцыял з улікам іх адукацыйных запытаў і магчымасцей, - паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Д.Я.Ткачук. – Ва ўстанове дзейнічаюць больш за 100 факультатыўных груп, у тым ліку 6 міжшкольных, 9 рэсурсных цэнтраў і 31 аб’яднанне па інтарэсах, якія адыгрываюць важную ролю ў развіцці здольнасцей вучняў і іх прафесійным самавызначэнні. Дзеці актыўна і вынікова ўдзельнічаюць у творчых і даследчых конкурсах, распрацоўваюць праекты. Штогод па выніках работы аб’яднанняў па інтарэсах арганізоўваецца творчая справаздача ў форме канцэрта і выставы. У гімназіі праходзяць тэматычныя тыдні і дні адкрытых дзвярэй, якія паказваюць дасягненні вучняў і іх творчыя ўменні.;

- Інавацыйная дзейнасць – важнейшы стратэгічны рэсурс развіцця адукацыі, накіраваны на цеснае ўзаемадзеянне педагогаў і ўзаемаабагачэнне іх адукацыйнай практыкі, - адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Н.А.Асіпук. – У гімназіі рэалізоўваецца інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі творчай самарэалізацыі асобы ў адукацыйнай прасторы адпачынкавага event-менеджменту мастацка-эстэтычнага напрамку. Мэта праекта – дапамагчы вучням у паспяховай сацыялізацыі і рэалізацыі сваіх магчымасцей у вучобе, працы і сямейным жыцці. Event-менеджмент – гэта комплекс мерапрыемстваў па стварэнні масавых свят ва ўстанове адукацыі. Задача падзейнага менеджменту ў тым, каб зрабіць з мерапрыемства падзею, якая вылучаецца арыгінальнасцю і выключнасцю. Асноўная ўвага накіравана на арганізацыю змястоўнага адпачынку вучняў, іх полікультурнае выхаванне, вывучэнне культуры роднага краю, папулярызацыю здаровага ладу жыцця. У полі зроку інаватараў – мастацкае чытанне, віртуальная творчасць, адукацыйны турызм, дзейнасць гімназічнага агіттэатра.

У праекце ўдзельнічаюць класныя кіраўнікі, педагог дадатковай адукацыі і педагог-арганізатар, якія аб’ядналі 86 вучняў 6 – 10 класаў у творчыя студыі пэўнай тэматыкі. Удзел у інавацыйнай дзейнасці станоўча паўплываў на развіццё прафесійных кампетэнцый педагогаў і творчых здольнасцей дзяцей, а таксама на імідж установы. Павялічылася колькасць індывідуальных і групавых творчых праектаў, павысілася пазнавальная актыўнасць дзяцей. Летась гімназісты заваявалі 98 прызавых месцаў у розных творчых конкурсах.

Намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце М.І.Навумчык прэзентаваў мадэль метадычнай работы, якая з’яўляецца важным сродкам павышэння педагагічнага майстэрства настаўнікаў. Намаганні калектыву гімназіі накіраваны на максімальную рэалізацыю патэнцыялу не толькі вучняў, але і педагогаў. Метадычная работа ўключае пастаянны аналіз адукацыйных вынікаў, якасную арганізацыю вучэбна-выхаваўчага працэсу і бесперапыннае павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў.

- Калектыў працуе над рэалізацыяй адзінай метадычнай тэмы на 2017 – 2022 гады па фарміраванні прафесійных кампетэнцый педагогаў і выкарыстанні новых педагагічных тэхналогій для павышэння якасці і эфектыўнасці адукацыі, развіцця вучняў, - расказаў М.І.Навумчык. – Для паспяховага развіцця і самаразвіцця настаўнікаў і дзяцей ствараюцца неабходныя ўмовы, звязаныя з укараненнем індывідуальных траекторый атрымання адукацыі з улікам здольнасцей, магчымасцей і інтарэсаў. У гімназіі дзейнічаюць педагагічны і метадычны саветы, школа маладога настаўніка, метадычныя аб’яднанні і творчыя групы, праводзяцца майстар-класы, кансультацыі і ўзаеманаведванні ўрокаў, факультатыўных заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў, ладзяцца прадметныя тыдні і тыдні педмайстэрства, выпускаецца “Метадычны веснік”. У бягучым навучальным годзе ва ўстанове працуюць 8 вучэбна-метадычных аб’яднанняў, кожнае з якіх займаецца сваёй метадычнай тэмай, звязанай з метадычнай тэмай гімназіі. Вялікая ўвага ўдзяляецца самаадукацыі. Педагогі гімназіі – аўтары прадметных часопісаў і “Настаўніцкай газеты”, распрацоўшчыкі адукацыйных сайтаў, лектары курсаў павышэння кваліфікацыі ў Брэсцкім абласным ІРА, рэцэнзенты падручнікаў і дапаможнікаў. Дзякуючы сістэмнай метадычнай рабоце з кадрамі, павышаецца якасць адукацыйнага працэсу (палепшыліся вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, сярэдні бал па прадметах).

Удзельнікі семінара азнаёміліся з панарамай метадычнага вопыту педагогаў гімназіі. Так, А.Л.Сезік правяла фрагмент пасяджэння вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы, В.С.Пацук паказаў фрагмент заняткаў раённага рэсурснага цэнтра па хіміі для адзінаццацікласнікаў, а Н.А.Шпетная, Т.М.Жыгалава, Г.С.Мартысюк, С.М.Пуціна, А.М.Грыцэнка і Л.С.Сцепанюк зладзілі камбінаваныя майстар-класы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.