З упэўненасцю і жыццёвым аптымізмам

19.04.2019
Святлана Аляксееўна Язерская з адзнакай скончыла гістарычны факультэт тагачаснага Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.А.Куляшова. Больш за 20 гадоў займае кіраўніцкія пасады. Спачатку ўзначальвала сярэднюю школу № 19 Брэста, а сёння з’яўляецца дырэктарам сярэдняй школы № 7. Святлана Аляксееўна – выпускніца Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дэпутат Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў ХХVІІ склікання.

Работа С.А.Язерскай падобна да рэжысёрскай: арганізоўвае зладжаную дзейнасць педагогаў у камандзе аднадумцаў, натхняе на творчыя пошукі і надае ўпэўненасць у сваіх сілах. Дырэктар творча падыходзіць да справы, бачыць патэнцыял кожнага настаўніка, імкнецца будаваць адукацыйны працэс на прынцыпах самапазнання і самарэалізацыі. Пошук інавацыйных падыходаў у кіраванні школай, умацаванне яе матэрыяльна-тэхнічнай базы, развіццё пазабюджэтнай дзейнасці ўстановы – асноўныя напрамкі работы Святланы Аляксееўны.

Адукацыйнае асяроддзе школы дазваляе ўсім вучням рэалізаваць свае здольнасці. Так, больш за 1,5 тысячы дзяцей наведваюць ажно 231 прадметны факультатыў. Акрамя таго, ва ўстанове дзейнічаюць розныя аб’яднанні па інтарэсах: “Патрыёт”, “Што? Дзе? Калі?”, “Юныя гісторыкі”, “Краіна майстроў”, “Жывое слова” і інш.

З мінулага года ў школе рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнцый у вучняў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі і ва ўмовах устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Інавацыйная дзейнасць дала імпульс для развіцця прафесіяналізму педагогаў, фарміравання ініцыятыўнасці, мэтанакіраванасці, перспектыўнага мыслення, адказнасці, мабільнасці і камунікабельнасці.

“Жыццё – гэта рух” – гэтай формулай поспеху кіруецца С.А.Язерская ў сваёй дзейнасці. На ўроках гісторыі Святлана Аляксееўна вучыць дзяцей любіць родную зямлю і яе жыхароў. Дырэктар лічыць, што задача педагога заключаецца ў тым, каб дзеці разумелі прыгажосць у шырокім сэнсе. Тады яна сапраўды выратуе свет, як пісаў Ф.М.Дастаеўскі. Пад кіраўніцтвам С.А.Язерскай настаўнікі з добрым эстэтычным густам, прафесійна і па-майстэрску аформілі школьныя рэкрэацыі, улічыўшы нямецкамоўны ўхіл установы. Кожны яе паверх уяўляе адметную, па-мастацку аформленую прастору з мудрымі выказваннямі, постацямі навукоўцаў і пісьменнікаў. Тут удала і мэтазгодна размешчаны QR-коды, каб дзеці на перапынках маглі далучыцца да электронных адукацыйных рэсурсаў па розных вучэбных прадметах.

Сёння ў школе вывучаюцца 3 замежныя мовы: нямецкая, англійская і кітайская. З савецкага часу ўстанова вядома значнымі дасягненнямі ў вывучэнні нямецкай мовы. З 2006 года ў школе працуе фрау Краўс з Германіі, якая рыхтуе вучняў да атрымання шпрахдыпломаў. За апошнія 4 гады іх уладальнікамі сталі 199 дзяцей.

Надзвычай цікава ў школе праводзяцца тыдні нямецкай мовы і культуры. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з установамі адукацыі ФРГ. Брэсцкія настаўнікі рэгулярна павышаюць там прафесійны ўзровень. Высокую якасць выкладання нямецкай мовы пацвярджае ганаровы знак “Школы –партнёры будучыні”, уручаны пасольствам ФРГ у Беларусі.

З мінулага года ў школе працуе валанцёр з Кітая Чэнь Чжыін, якая далучае дзяцей да мовы і культуры гэтай усходняй краіны. Яркая індывідуальнасць педагога і добрыя прафесійныя ўменні дапамагаюць зацікавіць дзяцей у вывучэнні кітайскай мовы. Прадстаўнікі Інстытута Канфуцыя пры БДУ – частыя госці школы.

Вучні – актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, фестываляў і адукацыйных праектаў. За апошнія 3 гады залатымі і сярэбранымі медалістамі сталі 25 школьнікаў, а пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды – 6.

Сёлета ўстанова рыхтуецца да 75-гадовага юбілею. За гэты час 5924 вучні атрымалі атэстаты аб сярэдняй адукацыі, прычым 244 з залатымі медалямі і 111 – з сярэбранымі.

У школе шмат цікавых традыцый, якія ствараюць яе імідж. Сярод іх – конкурс чытачоў нямецкамоўнай літаратуры сярод вучняў і настаўнікаў, агляд строя і песні, сустрэчы з ветэранамі, конкурсы “Сям’я года” і “Вучань года”.

Ва ўстанове з павагай ставяцца да былых калег. Пра гэта сведчаць турнір па футболе памяці настаўніка фізкультуры Івана Мечыслававіча Вольскага і брэйн-рынг памяці настаўніка гісторыі Барыса Іванавіча Каралецкага.

Ганна Васільеўна Рошчанка, Жанна Уладзіміраўна Ляшчынская, Ганна Іванаўна Вараб’ёва, Святлана Аляксееўна Пракапчук – лаўрэаты спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Больш за 10 педагогаў – лаўрэаты прэміі Брэсцкага аблвыканкама. Вопыт настаўнікаў прадстаўлены на старонках рэспубліканскіх прафесійных выданняў. Педагогі – актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый. 18 выпускнікоў школы пасля атрымання вышэйшай адукацыі вярнуліся ў родныя сцены.

У школе дзейнічае музей, які вядзе яе летапіс. Тут можна азнаёміцца з інфармацыяй пра ветэранаў педагагічнай працы і вядомых выпускнікоў. Даволі інфарматыўным з’яўляецца сайт установы.

С.А.Язерская – не толькі таленавіты кіраўнік, але і творчая асоба. Яна – аўтар кнігі філасофскіх замалёвак “Россыпы”, прасякнутай шчырай любоўю да родных мясцін. Імгненні, выхапленыя з жыццёвых будняў і занатаваныя на паперы, іскрацца россыпамі слоўных дыяментаў на старонках кнігі.

- Кожны прыходзіць у гэты свет для таго, каб прадоўжыць нешта значнае, не зробленае папярэднікамі з яго роду, - гаворыць Святлана Аляксееўна. – Героямі жыццёвай прозы з раздзела “Сутыкаючыся з сапраўдным” з’яўляюцца жыхары сучаснай вёскі, мае землякі.

Дырэктар вельмі ашчадна ставіцца да кожнай хвіліны. Не марнуе час на доўгія тэлефонныя размовы. Для Святланы Аляксееўны вельмі важна знаходзіцца ва ўнутраным суладдзі і міры з сабой. У людзях цэніць сумленнасць, розум і самаадданую працу. Па жыцці крочыць з упэўненасцю і аптымізмам. Захапляецца кветкамі, кнігамі, філасофіяй і кухняй.

- Усе людзі розныя, і кожны заслугоўвае паважлівых адносін да сябе, - лічыць С.А.Язерская, улюбёная ў сваю работу, людзей і навакольны свет.

Ніна ДРЫК,

намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста.