Да прафесіяналізму – праз актыўныя формы метадычнай работы

19.04.2019
Бесперапыннае павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў – адна з важных умоў якаснай адукацыі, без якой немагчыма падрыхтаваць рознабакова развітых вучняў, здольных да паспяховай адаптацыі ў сучасным грамадстве, пачатку працоўнай дзейнасці, самаадукацыі і самаўдасканалення. Развіваць прафесійную кампетэнтнасць дапамагаюць метадычныя аб’яднанні і групы, праектна-даследчая і інавацыйная дзейнасць па асваенні новых тэхналогій і метадаў навучання, прафесійныя конкурсы і фестывалі, трансляцыя ўласнага педагагічнага вопыту. Але ніводны з гэтых спосабаў не будзе эфектыўным, калі педагог сам не ўсведамляе неабходнасці павышэння прафесійнага ўзроўню.

86% настаўнікаў нашага ліцэя маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 2 педагогі з’яўляюцца настаўнікамі-метадыстамі. Педагагічны калектыў стабільны, вопыт большасці педагогаў абагулены.

Укараняюцца актыўныя метады і формы метадычнай работы з кадрамі. Асноўная ўвага акцэнтуецца на ўдасканаленні практыка-арыентаванай сістэмы павышэння майстэрства настаўнікаў на базе ліцэя. Апрабацыя розных форм метадычнай работы прывяла да арганізацыі гадавога цыкла мерапрыемстваў “Метадычны калейдаскоп”. Ён складаецца з некалькіх этапаў, змест якіх карэкціруецца і аналізуецца на працягу навучальнага года. “Метадычны калейдаскоп” дазваляе каляндарна ўпарадкаваць метадычную работу вучэбна-метадычных аб’яднанняў, скіраваць настаўнікаў да пастаноўкі і вырашэння актуальных задач, дапамагчы спланаваць і ажыццяўляць дзейнасць па самаадукацыі.

Першы этап (жнівень – верасень) уключае ўстановачныя пасяджэнні ВМА і сумесныя адкрытыя пасяджэнні з кафедрамі БрДУ імя А.С.Пушкіна і БрДТУ. Другі этап (зместава-тэхналагічны) уяўляе сабой панараму творчага пошуку і метадычнага майстэрства і прадугледжвае правядзенне семінараў па розных тэмах на аснове вопыту настаўнікаў-метадыстаў ці запрошаных экспертаў. Так, па выніках дыягностыкі педагагічных цяжкасцей быў арганізаваны семінар па інтэрактыўнай арганізацыйна-дзейнаснай тэхналогіі з удзелам метадыстаў Брэсцкага абласнога ІРА. Падчас мерапрыемства настаўнікі вучыліся фармуляваць мэты і задачы будучых адкрытых урокаў./p>

У рамках школы ўдасканалення педагагічнага майстэрства, дзе настаўнікі-метадысты дапамагаюць падрыхтавацца калегам да здачы кваліфікацыйнага экзамену на прысваенне катэгорыі “настаўнік-метадыст”, праводзяцца дыскусіі наконт розных форм і метадаў работы.

З мэтай комплекснага вырашэння актуальных задач праходзяць пасяджэнні педагагічнай студыі. Гэта своеасаблівая лабараторыя творчых задум, дзе можна праверыць новыя ідэі і папярэдзіць педагагічныя і метадычныя памылкі. Істотнае адрозненне студыйнай формы заняткаў ад іншай у тым, што навучанне адбываецца адначасова на тэарэтычным, метадычным і тэхналагічным узроўні. Так, вывучаючы тэарэтычныя аспекты нейкага пытання, педагогі мадэлююць пэўную сітуацыю ў гульнявой форме і знаходзяць тэхналагічную інструментоўку метадычнага рашэння. У мінулым навучальным годзе пасяджэнні студыі прысвячаліся перавернутаму навучанню.

Цікавай формай работы з’яўляюцца метадычныя тыдні, падчас якіх ладзяцца адкрытыя ўрокі і майстар-класы настаўнікаў-метадыстаў. Мэты тыдняў штогод мяняюцца. Так, на мінулых метадычных тыднях акцэнт рабіўся на выкарыстанні ІКТ, правядзенні сама- і ўзаемааналізу.

Практыкуецца абагульненне педагагічнага вопыту настаўнікаў у форме творчага партрэта і творчай справаздачы, прычым не толькі на ўзроўні ўстановы. Так, рыхтуючы творчую справаздачу, метадычнае фарміраванне ці настаўнік прэзентуюць напрацаваныя метадычныя, дыдактычныя і наглядныя матэрыялы, знаёмяць з педагагічнымі дасягненнямі і падыходамі ў вырашэнні прафесійных задач, уласным стылем работы. Справаздача можа праходзіць у выглядзе прэзентацыі, выставы, творчай лабараторыі. Даволі запатрабаванымі ў педагогаў Брэста аказаліся творчыя справаздачы настаўнікаў ліцэя па рабоце з адоранымі вучнямі.

Сацыяльна-псіхолага-педагагічная служба праводзіць для педагогаў трэнінгі рознай тэматыкі, якія дапамагаюць не толькі пазбегнуць прафесійнага выгарання, але і пашырыць веды пра асаблівасці мыслення сучасных школьнікаў.

З мэтай фарміравання правільных адносін да пэўных педагагічных праблем, стварэння спрыяльнага псіхалагічнага клімату ў калектыве арганізоўваюцца метадычныя вячоркі. Для абмеркавання прапаноўваюцца актуальныя пытанні вучэбна-выхаваўчага працэсу. Тэма вячорак загадзя не абвяшчаецца. Майстэрства іх кіраўніка заключаецца ў тым, каб у нязмушанай абстаноўцы выклікаць слухачоў на шчырую размову па пэўным пытанні і падвесці да пэўных вывадаў.

Практыкуюцца таксама тэматычныя педсаветы і метадычныя выезды ў перадавыя ўстановы адукацыі краіны.

Трэці этап (прадметна-арыентацыйны) накіраваны на развіццё пазнавальнага інтарэсу і творчых здольнасцей ліцэістаў праз сістэму пазакласнай работы вучэбна-метадычных аб’яднанняў (прадметныя тыдні з адкрытымі пазакласнымі мерапрыемствамі ВМА і СППС, адкрытыя паказы форм узаемадзеяння класных кіраўнікоў з бацькамі па розных напрамках выхавання вучняў).

Чацвёрты этап (прэзентацыйна-аналітычны) уяўляе сабой калейдаскоп метадычных ідэй і агляд педагагічных дасягненняў. У рамках гэтага этапу праходзяць стэндавыя справаздачы ВМА і прэзентацыі партфоліа ВМА, дзякуючы якім вынікі работы і цікавыя знаходкі педагогаў становяцца вядомымі многім калегам. Праводзяцца педагагічная навукова-практычная канферэнцыя па самаадукацыі “Адукацыя праз усё жыццё” і аналітыка-прагнастычныя пасяджэнні ВМА.

Выкарыстанне актыўных форм метадычнай работы пабуджае настаўнікаў да пастаяннага абнаўлення ведаў, павышэння кваліфікацыі і выпрацоўкі ўласнага стылю педагагічнай дзейнасці, дапамагае па-новаму арганізаваць работу з вучнямі і іх бацькамі, згуртаваць калектыў, трансліраваць вопыт, удзельнічаць у конкурсах. Усё гэта павышае якасць прафесійнай падрыхтоўкі кадраў у цэлым.

Вольга ГАНЧАРЭНКА,

дырэктар ліцэя №1 імя А.С.Пушкіна Брэста.