З увагай да гісторыі і краязнаўства
18.01.2018Сёння на базе ўстаноў адукацыі Бярозаўшчыны дзейнічаюць 13 музеяў (пераважна ў сельскай мясцовасці): 5 гісторыка-краязнаўчых, 4 гістарычныя, адзін эколага-геаграфічны, 2 музейныя пакоі і 3 музейныя куткі. У 2016 годзе быў выдадзены даведнік музеяў устаноў адукацыі раёна.
- Гісторыка-краязнаўчы музей нашай гімназіі складаецца з 3 экспазіцыйных залаў: гістарычнай, этнаграфічнай “Лянок” і літаратурнай, прысвечанай паэтэсе Ніне Мацяш, - расказвае С.У.Саўко. – Першыя дзве залы знаходзяцца ў асобных памяшканнях, а трэцяя размешчана ў вучэбным кабінеце беларускай мовы і літаратуры. У музеі ажыццяўляецца экспазіцыйная, пошукавая, даследчая, культурна-адукацыйная і арганізацыйная дзейнасць.
Гістарычная зала складаецца з тэматычных раздзелаў “Бярозаўшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “У небе франтавым”, “Горад, у якім мы жывём”, “Гісторыя гімназіі”, “Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны”, “Выпускнікі гімназіі – удзельнікі вайны ў Афганістане” і “П.І.Клімук – першы беларускі лётчык-касманаўт”.
Этнаграфічная зала знаёміць з этапамі апрацоўкі лёну, працэсам вырабу нітак і палатна, узорамі тканага адзення і вышываных карцін, калекцыяй ручнікоў, фартухоў і жаночых галаўных убораў, прадметамі сялянскага побыту. Матэрыялы экспазіцыі выкарыстоўваюцца на ўроках гісторыі і беларускай мовы, “Чалавек і свет” і “Мая Радзіма – Беларусь”.
Літаратурная зала змяшчае два раздзелы “Жыццёвы і творчы шлях паэткі” і “Пёркаграфія Ніны Мацяш”.
Педагогі ганарацца, што па выніках агульнанацыянальнага форуму “Музеі Беларусі – трэцяму тысячагоддзю”, які праходзіў у 2014 годзе, гімназія была адзначана спецыяльным дыпломам за рэалізацыю праекта “Музей “Лянок” – цэнтр краязнаўчай і даследчай дзейнасці вучняў”. Выхаванка гімназіі Ганна Данілковіч атрымала дыплом І ступені ў абласным і заключным этапах Рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” за 2014 год у намінацыі “Конкурс экскурсаводаў “Мая малая Радзіма”. Акрамя таго, гімназічны музей – лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі “Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем”. І гэта далёка не поўны пералік дасягненняў музея.
У мінулым навучальным годзе ўстановы адукацыі Бярозаўшчыны, на базе якіх дзейнічаюць музеі, удзельнічалі ў абласным краязнаўчым праекце “Віртуальны музей”. Дзякуючы гэтаму праекту, была праведзена вялікая работа па сістэматызацыі і алічбаванні музейных фондаў. У выніку сёння на сайтах устаноў адукацыі можна азнаёміцца з інфармацыяй пра музеі і здзейсніць віртуальныя экскурсіі па іх. Для музея гімназіі Белаазёрска створаны асобны сайт.
- Асаблівай падзякі заслугоўвае дзейнасць кіраўнікоў музеяў, - адзначае С.У.Саўко. – Гэта захопленыя і нераўнадушныя педагогі-энтузіясты, якія аддаюць любімай справе шмат сіл і часу. Так, кіраўнік залы “Лянок” і літаратурнай экспазіцыі, прысвечанай Ніне Мацяш, Г.В.Скарына ахвотна дзеліцца вопытам музейнай работы з калегамі падчас тэматычных мерапрыемстваў.
Адной з самых яркіх і запамінальных падзей быў удзел гімназістаў у мінулагоднім Рэспубліканскім конкурсе юных чытальнікаў “Жывая класіка”, па выніках якога дзесяцікласніца Ганна Карпінчык стала лаўрэатам (за чытанне верша Н.Мацяш “Маналог крыніцы, якую закідалі каменнем”). Акрамя таго, па выніках мінулагодняга Рэспубліканскага конкурсу літаратурных музеяў (экспазіцый) устаноў адукацыі гісторыка-краязнаўчы музей гімназіі Белаазёрска адзначаны дыпломам І ступені ў намінацыі “Літаратурная экспазіцыя”.
- Музей адыгрывае важную ролю ў эстэтычным і грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, - гаворыць С.У.Саўко. – Патэнцыял музейнай педагогікі выкарыстоўваецца не толькі ў захаванні гістарычнай спадчыны, але і ў развіцці творчых здольнасцей вучняў.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.