З павагай да працы, з цікавасцю да інфарматыкі

23.01.2018
950 вучняў Брэстчыны прынялі ўдзел у абласным этапе сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе школ і ўстаноў прафесійнай адукацыі Брэста, Баранавіч, Пінска, Кобрына і Івацэвіч, а таксама Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

44 вучні 7 – 11 класаў сабраліся ў Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі і Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М.Машэрава, каб на працягу трох алімпіядных дзён вызначыць лепшых у інфарматыцы.

- Абласная алімпіяда па інфарматыцы складалася з двух практычных тураў, на якія адводзілася па 5 гадзін, - расказаў старшыня журы абласной алімпіяды па інфарматыцы, дацэнт кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі фізіка-матэматычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат педагагічных навук Андрэй Андрэевіч Казінскі. – Кожны тур уключаў 4 задачы, якія патрабавалі ад удзельнікаў змадэляваць пэўнае лікавае рашэнне для даволі складаных алгарытмічных працэсаў. Для паспяховага рашэння гэтых задач неабходны былі не толькі грунтоўныя веды школьнай праграмы, але і тэорыі алгарытмаў. Алімпіядныя заданні мелі аптымальны ўзровень складанасці. Школьнікі паказалі высокую якасць падрыхтоўкі. На жаль, многія раёны вобласці не былі прадстаўлены на алімпіядзе, што звязана з адсутнасцю ў іх сістэмнай работы ў алімпіядным руху. Прафесійны ўзровень настаўнікаў шэрага рэгіёнаў недастатковы для выніковай падрыхтоўкі алімпіяднікаў. Органы кіравання адукацыяй павінны ствараць належныя ўмовы для паўнацэннага развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў і педагогаў, каб іх здольнасці былі запатрабаваны ў роднай краіне, а не за мяжой. З году ў год высокія вынікі ў алімпіядным руху паказваюць выхаванцы настаўнікаў інфарматыкі Ігара Віктаравіча Гардынца з Маларыцкай раённай гімназіі і Івана Альфрэдавіча Трэгубава з сярэдняй школы № 2 Лунінца.

Адзінаццацікласнік Андрэй Некрашэвіч з сярэдняй школы № 2 Лунінца ўдзельнічае ў алімпіядах па інфарматыцы з 7 класа. Юнаку вельмі падабаецца гэты прадмет, бо ён вучыць думаць. На рахунку Андрэя – 7 дыпломаў рознай вартасці, атрыманыя па выніках абласных і заключных этапаў рэспубліканскай алімпіяды.

Сёлетнія заданні юнак лічыць цікавымі і складанымі адначасова. Гэтым яны і прыцягальныя. Найбольшую цяжкасць выклікала заданне, звязанае з аптымізацыяй работы ўяўнай клавіятуры для большай зручнасці.

Да спаборніцтваў Андрэя рыхтаваў І.А.Трэгубаў, за што вучань вельмі ўдзячны педагогу. Шмат давялося працаваць і самастойна.

Юнак марыць паўдзельнічаць у міжнароднай алімпіядзе і звязаць жыццё з праграмаваннем.

У дзесяцікласніка Дзмітрыя Карпенкіна з Маларыцкай раённай гімназіі пакуль няма гучных перамог у алімпіядным руху, але хлопец не засмучаецца і верыць, што настойлівая і мэтанакіраваная праца ў рэшце рэшт акажацца выніковай. Вучань даўно захапляецца праграмаваннем. Гэтае захапленне ўсяляк заахвочвае настаўнік інфарматыкі І.В.Гардынец. Дзве задачы падаліся Дзмітрыю асабліва цяжкімі. Для іх рашэння юнаку не хапіла вопыту і пэўных ведаў. З праграмаваннем ён плануе звязаць прафесійную дзейнасць.

Дыпломы І ступені атрымалі адзінаццацікласнік Андрэй Некрашэвіч і дзесяцікласнік Аляксей Філіновіч з сярэдняй школы №2 Лунінца, дзесяцікласнік Кірыл Шырма і адзінаццацікласнік Дзмітрый Кулажэнка з гімназіі №1 Брэста. Спецыяльны прыз абласнога ўпраўлення адукацыі і Брэсцкага абласнога ІРА дастаўся абсалютнаму пераможцу Андрэю Некрашэвічу.

***

У абласной алімпіядзе па працоўным навучанні, якая праходзіла на базе сярэдняй школы № 7 Кобрына і Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, удзельнічалі 25 юнакоў і 25 дзяўчат.

- Спаборніцтва складалася з двух тураў – практычнага і тэарэтычнага, - расказаў старшыня журы абласной алімпіяды па працоўным навучанні (тэхнічная праца), настаўнік працоўнага навучання Георгій Кляменцьевіч Фурсевіч з Лапацінскай сярэдняй школы Пінскага раёна. – Практычны тур, на які адводзілася 4 гадзіны, прадугледжваў выраб прадмета з драўніны і металу па чарцяжы з пэўнымі канструктыўнымі зменамі. Сёлета такім прадметам быў флюгер. Асаблівых праблем практычны тур ва ўдзельнікаў не выклікаў. Тэарэтычны тур, на выкананне якога адводзілася 3 гадзіны, складаўся з тэставых пытанняў, што тычыліся канструявання, апрацоўкі драўніны і металу, і творчых задач па выяўленні тэхнічнага мыслення. Калі з пытаннямі, звязанымі з ведамі школьнай праграмы, вучні справіліся даволі паспяхова, то з “тэхнічнымі” задачамі горш. Тым не менш узровень падрыхтоўкі алімпіяднікаў з году ў году павышаецца. У рабоце з імі асаблівую ўвагу педагогам варта звяртаць на чытанне чарцяжоў і правільнасць іх афармлення.

Штогод паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядзе прадстаўнікі сярэдняй школы №16 Пінска, сярэдняй школы №19 Баранавіч, Вялікагацкай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна і Лапацінскай сярэдняй школы Пінскага раёна.

- Хацелася б дадаць да алімпіяды па працоўным навучанні яшчэ і чарчэнне, - адзначыў Г.К.Фурсевіч. – Без гэтага прадмета, якому ў школе ўдзяляецца мала ўвагі, нельга абысціся пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў. Акрамя таго, неабходна павысіць імідж дыпломаў, атрыманых па выніках алімпіяды па працоўным навучанні.

- Сёлета ў практычным туры дзяўчаты выраблялі тэкстыльную ўпакоўку-мяшэчак для сувеніра да Дня Святога Валянціна, - расказала старшыня абласной алімпіяды па працоўным навучанні (абслуговая праца), настаўніца працоўнага навучання Аксана Аляксееўна Дакучыц з Малецкага ясляў-сада – сярэдняй школы Бярозаўскага раёна. – Гэта даволі аб’ёмнае і складанае заданне, з якім многія ўдзельнікі справіліся не без цяжкасцей. У тэарэтычным туры пэўныя праблемы выклікалі творчыя задачы. Нягледзячы на тое, што алімпіяднікі ў цэлым паказалі добрую падрыхтоўку, педагогам варта ўдзяляць большую ўвагу вышыўцы і выкананню швейных аперацый, бо многім вучням не хапае практычных навыкаў. На высокім узроўні алімпіядная работа вядзецца ў сярэдняй школе № 16 Пінска, гімназіі № 1, сярэдніх школах №№ 7 і 9 Баранавіч. Вялікі дзякуй адміністрацыі сярэдняй школы № 7 Кобрына за выдатныя ўмовы для правядзення спаборніцтваў.

Летась дзевяцікласнік Ян Барычэўскі з Лапацінскай сярэдняй школы Пінскага раёна атрымаў па выніках абласной алімпіяды дыплом ІІІ ступені, а сёлета – дыплом ІІ ступені. Юнак вельмі любіць працаваць з дрэвам. Асабліва хлопцу падабаецца разьба па ім. Цікавасць да гэтага занятку своечасова заўважыў і падтрымаў настаўнік Г.К.Фурсевіч.

Ян прызнаўся, што, дзякуючы добрай практычнай падрыхтоўцы, ён паспяхова справіўся з практычным турам. А вось “тэхнічныя” задачы выклікалі пэўныя цяжкасці. Юнак быў не гатовы да таго, што яны акажуцца настолькі складанымі.

Нягледзячы на тое, што прафесійную дзейнасць Ян плануе звязаць з медыцынай, развітвацца са сваім захапленнем ён не збіраецца. “Працоўныя навыкі ў галіне сталярных работ абавязкова спатрэбяцца ў жыцці”, - лічыць хлопец.

Дзесяцікласніца Яна Мізгер з сярэдняй школы №7 Баранавіч удзельнічае ў алімпіядным руху з 7 класа. “Душа ляжыць да рукадзелля, - прызнаецца дзяўчына. – Асабліва люблю вышыўку. Гэтае захапленне – ад мамы”. Цікавасць вучаніцы да вышыўкі падтрымлівае і школьная настаўніца Т.М.Кірык. Тое, што алімпіядныя заданні не выклікалі ніякіх цяжкасцей, Яна лічыць заслугай педагога. Зразумела, што і без уласнай працавітасці і ўседлівасці не абышлося.

Дыпломы І ступені атрымалі адзінаццацікласнік Уладзіслаў Пашкавец з сярэдняй школы №16 Пінска, дзесяцікласніцы Яна Мізгер з сярэдняй школы №7 Баранавіч і Паліна Герасіменя з сярэдняй школы №9 Баранавіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.