Знайсці сябе ў карыснай справе

24.01.2018
За 50 гадоў існавання Кобрынскі раённы эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і юнацтва прайшоў шлях ад невялікай станцыі юных натуралістаў да сучаснай установы дадатковай адукацыі, якая адыгрывае важную ролю ў экалагічным выхаванні моладзі.

- Спачатку на станцыі юннатаў займалася ўсяго 180 дзяцей, якія наведвалі 9 гурткоў па кветкаводстве, агарородніцтве і заалогіі, - расказвае дырэктар Кобрынскага раённага ЭБЦДіЮ Л.А.Страчук. – У 70-я гады мінулага стагоддзя на Кобрыншчыне пачаў інтэнсіўна развівацца юннатаўскі рух. Ва ўстановах адукацыі ствараліся школьныя лясніцтвы, блакітныя і зялёныя патрулі. З’явіліся традыцыйныя мерапрыемствы: дзень птушак, свята працы і ўраджаю, выставы зімовых букетаў.

У канцы 70-х гадоў юннаты атрымалі новы вучэбны корпус, які складаўся з кабінетаў-лабараторый і цяпліц для кветак і агародніны. Пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў праводзілася доследная работа па заданнях навукоўцаў Цэнтральнага батанічнага сада АН БССР і спецыялістаў сельскай гаспадаркі. За добрыя вынікі ў вырошчванні трусаў юныя трусаводы былі адзначаны ў 1980 годзе дыпломам І ступені Міністэрства асветы БССР. Па выніках ВДНГ БССР за 1982 год станцыя заняла 2-е месца. Поспехі кобрынскіх навучэнцаў у доследнай і прыродаахоўнай дзейнасці не засталіся незаўважанымі і на ВДНГ СССР, дзе станцыя атрымала дыплом ІІ ступені.

- У 80-я гады на станцыі дзейнічалі 39 гурткоў па 8 профілях, якія наведвала каля 650 школьнікаў, - гаворыць Л.А.Страчук. – У даследчай дзейнасці актыўна выкарыстоўваўся вучэбна-доследны ўчастак плошчай 1,5 га. Станцыя дапамагала развіваць натуралістычную і доследную работу ў гарадскіх школах, вывучала і прапагандавала перадавы вопыт. У гады перабудовы ва ўстанове быў арганізаваны дзіцячы кааператыў. У 1993 годзе юннаты пачалі асвойваць азы фермерскай гаспадаркі, вывучаць асновы сельскагаспадарчых прафесій у галіне пчаловодства, трусаводства, кветкаводства, агародніцтва і садаводства. Практычнай і доследнай работай навучэнцы займаліся ў парніковай гаспадарцы, трусятніку, жывым кутку і цяпліцах. Для захоўвання вырашчанай прадукцыі было пабудавана сховішча для агародніны.

- У цэнтры па-ранейшаму ўдзяляецца вялікая ўвага доследнай і навукова-даследчай рабоце, - адзначае Л.А.Страчук. – Гэта адзін з эфектыўных шляхоў прафарыентацыі школьнікаў і далучэння іх да працы. Падчас доследнай дзейнасці навучэнцы замацоўваюць, развіваюць і паглыбляюць біялагічныя і сельскагаспадарчыя веды, практычныя ўменні і навыкі. Работа аб’яднанняў па інтарэсах “Юныя садаводы”, “Юныя арнітолагі”, “Кветкаводства” і “Эколаг і я” адзначана дыпломамі абласнога ўпраўлення адукацыі. Выхаванцы цэнтра займаліся ў Беларускай малой лясной завочнай акадэміі, якая з’яўлялася практычнай школай у вывучэнні расліннага і жывёльнага свету.

З 2003 года ў цэнтры дзейнічае навуковае таварыства навучэнцаў “Даследчык”, якое ўзначальваюць С.В.Левы і В.У.Ліхван. Работы іх выхаванцаў займаюць прызавыя месцы на раённых, абласных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях.

У 2005 годзе на базе цэнтра быў створаны эколага-біялагічны комплекс, дзе сёння налічваецца каля 360 найменняў розных дрэў, кустоў, кветкава-дэкаратыўных, лекавых і вострадухмяных раслін. У тым жа годзе на тэрыторыі ўстановы з’явіўся “Сад ХХІ стагоддзя”, разбіты па спецыяльнай схеме суперінтэнсіўнага тыпу на клонавых падвоях. Гэтая тэхналогія павышае эфектыўнасць выкарыстання зямлі і прадукцыйнасць працы, паляпшае якасць пладоў, якія вырошчваюцца.

Альпінарый, зроблены ў выглядзе альпійскай горкі, імітуе горны ландшафт. Паміж камянямі ў пясчаную глебу высаджаны засухаўстойлівыя і святлолюбівыя расліны, якія радуюць вока і ўпрыгожваюць тэрыторыю цэнтра з ранняй вясны да позняй восені.

У аптэкарскім агародзе расце больш за 30 відаў лекавых раслін. Даследчая работа ў агародзе дазваляе юннатам пазнаваць гаючыя ўласцівасці раслін, вывучаць агратэхніку іх вырошчвання і культывавання.

У 2006 годзе ва ўстанове была створана экалагічная сцяжына. 12 станцый знаёмяць дзяцей з разнастайнасцю расліннага і жывёльнага свету, аб’ектамі прыроды і цікавымі мясцінамі цэнтра.

Аб’яднанні па інтарэсах актыўна ўдзельнічаюць у выставе-конкурсе “Юннат года”, дзе паказваюць дасягненні ў галіне паляводства, агародніцтва, пладаводства і кветкаводства, вырошчвання дэкаратыўных і лекавых, рэдкіх і малараспаўсюджаных культур, а таксама поспехі ў доследнай рабоце і мастацтве флорадызайну.

Рукамі кіраўнікоў аб’яднанняў па інтарэсах і навучэнцаў быў створаны пакаёвы сад, дзе сабрана 128 відаў кветкавых раслін-прадстаўнікоў розных прыродных зон. У кутку сукулентаў здзіўляюць сваёй прыгажосцю агавы, апунцыі і алоэ.

Дзякуючы энтузіязму і мэтанакіраванасці педагога дадатковай адукацыі Л.Р.Ільясюк, створаны сад экзотаў, які налічвае больш за 20 разнавіднасцей экзатычных раслін, прывезеных з розных куткоў планеты. Радуюць вока кветкі і плады інжыра, манстэры, галінкі і завязі банана, пакаёвага граната, фінік, мурая, аліва, бамбук, мушмула, фейхоа, высакародны лаўр і інш.

Адно з самых цікавых месцаў у цэнтры – куток жывой прыроды. Яго жыхарамі з’яўляюцца прадстаўнікі жывёльнага свету, якіх можна ўтрымліваць у дамашніх умовах. У кутку – 16 відаў жывёл, птушак і акварыумных рыб: марскія свінкі, дэкаратыўныя трусы, лабараторныя мышы, дэгу, сірыйскія і джунгарскія хамякі, пацукі, пясчанкі, папугаі і інш.

На працягу 20 гадоў у цэнтры дзейнічае экалагічны тэатр “Вясёлка”. За час яго існавання юныя акцёры-эколагі рэалізавалі шмат цікавых творчых ідэй.

Педагогі і навучэнцы актыўна ўдзельнічаюць у экалагічных форумах, акцыях і праектах. Сярод іх – міжнародны праект “Зялёныя школы”. Цэнтр – арганізатар экалагічных акцый “Зялёнае свята”, “Дапаможам крылатаму сябру”, “Чысты бераг”, “Пасадзі дрэва Перамогі” і інш. На рахунку педагогаў і выхаванцаў установы шмат узнагарод, атрыманых у рэспубліканскіх конкурсах па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый устаноў адукацыі, энергаэфектыўнасці, кветкаводстве і садаводстве.

- Сёння ў 82 аб’яднаннях па інтарэсах займаецца больш за 970 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ставяць цікавыя эксперыменты і праводзяць даследаванні на актуальныя тэмы. Педагогі дапамагаюць дзецям знайсці сябе і сваё месца ў жыцці. Многія нашы выхаванцы сталі навукоўцамі, біёлагамі, выкладчыкамі і даследчыкамі, - падагульняе Л.А.Страчук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.