Дапамагчы вызначыцца ў жыцці

31.01.2018
- Задача сучаснай школы – падрыхтаваць моладзь да паспяховага жыцця ў грамадстве, працягу адукацыі, актыўнай творчай і прафесійнай дзейнасці, - гаворыць дырэктар Столінскай дзяржаўнай гімназіі М.Д.Казуля. – Сёння змяняюцца не толькі змест, патрабаванні і падыходы да навучання, крыніцы інфармацыі і магчымасці яе засваення, але і самі вучні, іх каштоўнасныя арыентацыі, матывы і мэты навучання, жыццёвыя прыярытэты. На жаль, многія школьнікі не ўмеюць выкарыстоўваць вялікія аб’ёмы інфармацыі для ўласнага развіцця і ў інтарэсах грамадства, што прыводзіць да перагрузак, зніжэння пазнавальнай матывацыі, няўмелай пабудовы прафесійнай кар’еры. На змену традыцыйнай педагогікі прыходзіць кампетэнтнасная, асобасна і прафесійна арыентаваная педагогіка. Усе дзеці розныя, але ўсе маюць пэўныя здольнасці і схільнасці да нейкай дзейнасці. Нельга вучыць усіх усяму і аднолькава. Вучыць трэба кожнага таму, што яму дадзена прыродай. Таму важна своечасова выявіць прыродныя задаткі, схільнасці, здольнасці і інтарэсы дзяцей, каб дапамагчы ім знайсці сваё прызванне.

Для задавальнення індывідуальных патрэб вучняў у гімназіі арганізавана профільнае навучанне ў 10 – 11 класах, якое дазваляе спалучаць розныя прадметы для вывучэння на павышаным узроўні. Выбіраючы профільныя прадметы, дзеці арыентуюцца найперш на здачу цэнтралізаванага тэсціравання для паступлення на пэўныя спецыяльнасці. Так, у мінулым навучальным годзе больш за 94% выпускнікоў працягнулі адукацыю ў адпаведнасці з профілем навучання ў гімназіі. Пры паступленні ва УВА ўсе дзеці скарысталіся профільнымі прадметамі, якія вывучалі.

- Найчасцей гімназісты спалучаюць матэматыку і фізіку, рускую і замежную мову, хімію і біялогію, што ў цэлым адпавядае запытам рэгіянальнага рынку працы, - адзначае М.Д.Казуля. – Так, фізіка-матэматычны профіль навучання дазваляе забяспечыць кваліфікаванымі спецыялістамі будаўнічую галіну Століншчыны, філалагічны профіль арыентаваны на падрыхтоўку будучых педагогаў і спецыялістаў для раённай газеты, хіміка-біялагічны профіль забяспечвае раён медыцынскімі кадрамі і спецыялістамі для вытворчага філіяла ААТ “Савушкін прадукт”.

З мэтай дыферэнцыяцыі навучання і развіцця творчага патэнцыялу вучняў у гімназіі арганізаваны факультатыўныя заняткі ў 6, 9 – 11 класах. Факультатыўныя групы камплектуюцца па выніках папярэдняй дыягностыкі інтарэсаў і пазнавальных патрэб дзяцей. У 6 і 9 класах факультатыўныя заняткі наведваюць амаль 50% вучняў, у 10 – 11 класах – 90%. Эфектыўнасць правядзення такіх заняткаў пацвярджаецца вынікамі ўдзелу гімназістаў у прадметных алімпіядах, інтэлектуальных конкурсах і даследчай дзейнасці.

- З мэтай фарміравання ў вучняў навыкаў усвядомленага адукацыйнага і прафесійнага выбару, які ўлічвае індывідуальныя магчымасці і патрэбы дзяцей, у мінулым навучальным годзе пачаў рэалізоўвацца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыуму”, - расказвае М.Д.Казуля. – У рамках праекта педагогі знаёмяць дзяцей са светам прафесій і далучаюць да працоўнай дзейнасці малодшых вучняў, праводзяць мэтанакіраваную прапедэўтычную падрыхтоўку вучняў 5 – 9 класаў да ўсвядомленага выбару ўзроўню вывучэння пэўных прадметаў у 10 – 11 класах і праектавання ўласнага жыццёвага шляху праз вучэбныя, факультатыўныя, гуртковыя і індывідуальныя заняткі, розныя віды пазаўрочнай дзейнасці пазнавальна-прафесійнай накіраванасці.

Па словах М.Д.Казулі, асноўная ідэя праекта заключаецца ў тым, што для паспяховай рэалізацыі профільнага навучання ў старшых класах вучні павінны ўмець выбіраць і аргументаваць свой выбар. Гэта патрабуе арганізацыі мэтанакіраванай работы па развіцці навыкаў адукацыйнага, асобаснага і прафесійнага самавызначэння вучняў. Падлеткі павінны мець магчымасць паспрабаваць пэўную колькасць розных сацыяльных і прафесійных ролей, прычым без нейкіх абавязацельстваў па іх прыняцці.

- Педагогі распрацавалі і правялі прафесійныя спробы, што дазволіла вучням скласці ўяўленне пра характар прафесійнай працы людзей на аснове асабістага вопыту, - гаворыць М.Д.Казуля. – Супрацоўніцтва з установамі прафесійнай і дадатковай адукацыі, прадпрыемствамі і арганізацыямі дапамагае якасна вырашыць гэтую задачу. Для гэтага заключаны дамовы аб сумеснай дзейнасці ў рамках прафарыентацыйнай работы, распрацаваны планы сумесных мерапрыемстваў. Акрамя таго, класныя кіраўнікі займаюцца прафесійнай асветай вучняў 1 – 11 класаў праз сістэму пазаўрочных мерапрыемстваў, якая ўключае ўрокі самавызначэння, прафарыентацыйныя гульні, інфармацыйныя гадзіны і экскурсіі. Педагогі арыентуюць вучняў на рабочыя спецыяльнасці ў аб’яднаннях па інтарэсах “Умелец”, “Узор” і “Дызайн”. Дапрофільная падрыхтоўка малодшых вучняў ажыццяўляецца ў летнім аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Прафакадэмія”, кожны дзень работы якога прысвечаны пэўнай прафесіі. Педагог-псіхолаг праводзіць дыягнастычныя даследаванні і псіхолага-педагагічнае суправаджэнне прафесійнага самавызначэння вучняў праз трэнінгі, гутаркі і індывідуальныя кансультацыі для дзяцей і іх бацькоў. Члены інавацыйнай групы стварылі банк вучэбных і творчых заданняў прафарыентацыйнай накіраванасці па рускай, беларускай і англійскай мове, фізіцы, хіміі і працоўным навучанні.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.