Навігатар у свеце прафесій
05.02.2018- Задача цэнтра – дапамагчы дзецям зрабіць правільны прафесійны выбар, развіць якасці, неабходныя для авалодання пэўнай прафесіяй, сфарміраваць адэкватную самаацэнку, выявіць інтарэсы і схільнасці старшакласнікаў, азнаёміць іх з патрабаваннямі, якія прад’яўляе тая ці іншая работа, рэгіянальным рынкам працы, умовамі і геаграфіяй атрымання прафесій ва ўстановах вышэйшай адукацыі, - расказвае загадчыца цэнтра прафарыентацыі, педагог-псіхолаг ліцэя Алена Іванаўна Чыгрына. – Акрамя таго, цэнтр аказвае метадычную дапамогу педагогам у вывучэнні прафнамераў ліцэістаў для далейшага развіцця іх інтарэсаў, схільнасцей і здольнасцей праз факультатывы, цэнтры самавыяўлення асобы і г.д. Цэнтр займаецца навукова-практычнымі і метадычнымі распрацоўкамі ў галіне прафарыентацыі, прадстаўленымі ў выглядзе даведачна-інфармацыйных і вучэбна-метадычных матэрыялаў, а таксама аналітычнай інфармацыі па праблемах прафкансультавання. Сярод іншых напрамкаў работы – наладжванне ўстойлівых сувязей з цэнтрам занятасці насельніцтва Брэста, прадпрыемствамі і арганізацыямі для папаўнення наглядных матэрыялаў і абнаўлення прафарыентацыйных даных, арганізацыя сустрэч з прадстаўнікамі розных прафесій па профілях навучання, правядзенне экскурсій на прадпрыемствах і УВА, прапаганда прафесій, запатрабаваных на сучасным рынку працы, падрыхтоўка інфармацыйна-асветніцкай групы з ліку ліцэістаў для правядзення прафарыентацыйных мерапрыемстваў, у тым ліку для школьнікаў Брэста і Брэсцкага раёна.
Фінансавую дапамогу ў афармленні тэматычных стэндаў аказала шэфскае машынабудаўнічае прадпрыемства “Компа”. Цэнтр прафарыентацыі з’яўляецца лагічным працягам ліцэйскіх музейных экспазіцый “Бабуліна школа”, “Белавежская пушча”, “Этнаграфічны куток” і “Брэст – горад маёй будучыні”, якія ўваходзяць у вучэбна-педагагічны музейны комплекс установы.
- Цэнтр складаецца з некалькіх блокаў, - працягвае А.І.Чыгрына. – Так, “Навігатар у свеце прафесій” знаёміць вучняў з асновамі правільнага выбару прафесіі і патрабаваннямі, што прад’яўляюцца да іх. Тэматычныя стэнды змяшчаюць класіфікацыю прафесій і алгарытм іх выбару, паказваюць узаемасувязь напрамку навучання ў ліцэі і прафесійнай дзейнасці.
Блок “Кар’ера па компасе” знаёміць з рынкам працы, яго патрэбамі і рэгіянальнымі асаблівасцямі, прэстыжнымі прафесіямі і кірмашом прафесій, які штогод праходзіць у ліцэі. Увазе старшакласнікаў прапаноўваюцца інтэрнэт-крыніцы, дзе можна атрымаць поўную інфармацыю пра розныя прафесіі.
Блок “Ведай свой горад”, які працягвае музейна-педагагічны комплекс “Брэст – горад маёй будучыні”, інфармуе вучняў пра свабодную эканамічную зону і прадпрыемствы, што туды ўваходзяць (СП “Санта Брэмар”, ААТ “Брэсцкі электралямпавы завод”, ААТ “Брэстгазаапарат”), знаёміць з УВА і медыцынскімі арганізацыямі горада. Акрамя таго, у блоку прэзентаваны буйныя прадпрыемствы ААТ “Савушкін прадукт”, ААТ “Будаўнічы трэст № 8”, ААТ “Брэсцкі мясакамбінат” (яго кіраўніком з’яўляецца выпускнік ліцэя), СП “Вестаўта” і швейнае прадпрыемства “Панда”, якое забяспечвае ліцэістаў формай.
У блоку “Прафесійнае самавызначэнне выпускнікоў” можна ўбачыць, дзе вучацца і працуюць выпускнікі ліцэя. Інфармацыйны блок змяшчае рэкламныя матэрыялы вядучых айчынных УВА-ўдзельнікаў ліцэйскага кірмашу прафесій. У гэтым блоку можна азнаёміцца з новымі і найбольш запатрабаванымі прафесіямі, попытам і прапановай рабочай сілы ў вобласці, рэйтынгам УВА і інш.
- Вывучэнне асобы вучняў, выяўленне іх інтарэсаў, схільнасцей і здольнасцей, магчымасцей здароўя ў адпаведнасці з патрабаваннямі прафесій праводзяцца з дапамогай навейшых метадаў камп’ютарнага тэсціравання, - гаворыць А.І.Чыгрына. – З гэтай мэтай у цэнтры ўсталяваны прафесійны дыягнастычны комплекс “Профіль”, створаны для псіхалагічнага суправаджэння працэсу самавызначэння вучняў, прафесійнага падбору і адбору. Комплекс дазваляе аўтаматызаваць прафарыентацыйную работу педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў і класных кіраўнікоў, сэканоміць часавыя, працоўныя і матэрыяльныя затраты пры апрацоўцы вынікаў дыягностыкі, праводзіць групавыя абследаванні вучняў у лакальнай сетцы, назапашваць інфармацыю ў базе даных для аналітычнай дзейнасці. Комплекс складаецца з блокаў “Накіраванасць асобы”, “Якасці асобы” і “Кагнітыўная сфера асобы”, якія ўключаюць розныя апытальнікі, карты зацікаўленняў і тэсты. Акрамя таго, вучні могуць прайсці дыягностыку з дапамогай камп’ютарызаванага комплексу псіхалагічнага і інфармацыйна-даведачнага прафесійнага суправаджэння школьнікаў “Самавызначэнне”. Ён арыентаваны на старшакласнікаў і дазваляе ім самастойна і ўсвядомлена выбраць прафесію. Гэты комплекс выкарыстоўваюць педагогі-псіхолагі і сацыяльныя педагогі падчас інфармацыйна-даведачных кансультацый. Комплекс змяшчае прафдыягнастычныя методыкі (тэсты), банкі прафесіяграм і спецыяльнасцей айчынных УВА.
Пералік тэм заняткаў і экскурсій у цэнтры прафарыентацыі надзвычай шырокі: “Фактары, якія ўплываюць на выбар прафесіі (хачу, магу, трэба). Тыповыя памылкі пры выбары прафесійнага шляху”, “Прафесіі з вялікай перспектывай. Усведамленне перашкод на шляху да прафесійных дасягненняў”, “Самаацэнка і ўзровень запытаў асобы”, “Тэмперамент і прафесіі”, “Патрабаванні прафесіі да чалавека. Інтарэсы і схільнасці”, “Характарыстыка сучаснага рынку працы. Узроўні прафесійнай адукацыі”, “Асабісты прафесійны план. Кар’ера. Пабудова кар’еры па вертыкалі і гарызанталі”, “Канкурэнтназдольная асоба. Поліпрафесіяналізм. Лідарства.
Што цэняць сучасныя работадаўцы”, “Камунікатыўныя навыкі ў дзелавых канструктыўных зносінах. Канфлікты”, “Як паспяхова ўладкавацца на работу” і інш. Важна, што ўсе прафарыентацыйныя мерапрыемствы носяць не толькі асветніцкі, але і практычны характар. Так, вучні з задавальненнем выконваюць розныя практыкаванні і заданні, удзельнічаюць у гульнявых міні-сітуацыях.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.