Невялікі музей і вялікая любоў да Радзімы

25.04.2019
Каб адпачыць душой і дакрануцца да сваіх каранёў, не трэба ехаць кудысьці далёка. Дастаткова трапіць, напрыклад, у гісторыка-краязнаўчы музей Пажэжынскай базавай школы Маларыцкага раёна.

- Першапачаткова музей, адкрыты ў далёкім 1981 годзе, ствараўся для паказу гісторыі баявога шляху 160-й стралковай Брэсцкай Чырванасцяжнай дывізіі, якая ваявала ў нашых мясцінах у час Вялікай Айчыннай вайны, - гаворыць дырэктар школы Ніна Сірота. ‒ Але пазней, калі музей стаў актыўна папаўняцца іншымі экспанатамі, вырашылі ператварыць яго ў гісторыка-краязнаўчы. Сёння ў двух невялікіх пакоях захоўваюцца 630 экспанатаў. Музей узначальвае настаўнік геаграфіі Аляксандр Кардзялюк.

Стваральнікам і першым кіраўніком школьнага музея з 1981 да 2008 года быў настаўнік гісторыі Васіль Масюк. Усё пачалося з групы “Пошук”, створанай у 1977 годзе, удзельнікі якой збіралі звесткі пра салдат, што загінулі пры вызваленні роднага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пад кіраўніцтвам педагога вучні адшукалі і вярнулі з небыцця каштоўны матэрыял не толькі пра ваенныя падзеі, але і пра мінулае вёскі, людзей, якія яе ўславілі.

- Музейная экспазіцыя складаецца з 6 раздзелаў: “З гісторыі станаўлення роднага краю” (ад старажытнасці да 1917 года), “Край у перыяд буржуазна-памешчыцкай Польшчы” (1921 – 1939 гады), “Наш край у перыяд Вялікай Айчыннай вайны” (тут прадстаўлены асабістыя рэчы воінаў, пісьмы, дакументы, картасхемы, успаміны, фотадакументы і інш.), “Воіны-інтэрнацыяналісты”, “Пасляваеннае развіццё краю” і “Гісторыя развіцця адукацыі і гісторыя Пажэжынскай школы”, - расказвае Аляксандр Кардзялюк. – Вучні часта бываюць у музеі. Тут праводзяцца экскурсіі, лекцыі, класныя і інфармацыйныя гадзіны. На аснове матэрыялаў музейнага фонду школьнікі рыхтуюцца да навукова-даследчых канферэнцый і конкурсаў.

Музей – гэта найперш гісторыя. У школьным музеі ёю дыхае літаральна ўсё. Жыццё малой радзімы прадстаўлена на шматлікіх стэндах, дзе можна даведацца пра гісторыю мясцовага калгаса, царквы і школы, членаў і актывістаў КПЗБ на Маларытчыне, першыя сацыялістычныя пераўтварэнні ў раёне, вызваліцелей Брэстчыны ад фашыстаў, партызанскія сем’і і партызанаў атрада імя Варашылава. У музеі можна ўбачыць і нават патрымаць у руках прадметы хатняга побыту мінулага стагоддзя. Сярод іх – мясцовае народнае адзенне і вышываныя вырабы, жорны, калаўрот, сярпы, прачы, качалкі, прылады для апрацоўкі лёну, лыка, збанкі, лапці, начоўкі і іншыя экзатычныя для сучасных вучняў рэчы. Многае з таго, што можна ўбачыць у музеі, створана рукамі вяскоўцаў. Яно простае ў выкарыстанні, але адначасова і даволі эфектыўнае і зручнае ў штодзённым жыцці.

- Школьнікі актыўна даследуюць і вывучаюць родны край, каб пакінуць духоўныя набыткі нашчадкам, - гаворыць Аляксандр Кардзялюк. ‒ Галоўная задача музея ‒ збор і захаванне матэрыяльнай і духоўнай спадчыны Пажэжына і яго ваколіц. Многае яшчэ трэба зрабіць.

Па выніках аднаго з абласных аглядаў-конкурсаў школьных музеяў музей Пажэжынскай базавай школы заняў 2-е месца.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.

Фота аўтара.