З практыка-арыентаваным падыходам

25.04.2019
На Століншчыне прайшоў двухдзённы абласны семінар загадчыкаў вучэбна-метадычных кабінетаў Брэстчыны, прысвечаны практыка-арыентаваным падыходам да арганізацыі метадычнай работы. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Брэсцкі абласны ІРА, аддзел па адукацыі Столінскага райвыканкама і Столінскі раённы ВМК.

Першым пунктам візіту гасцей стала сярэдняя школа № 2 Століна. Начальнік раённага аддзела па адукацыі Аляксандр Вячорка азнаёміў іх з адукацыйнай прасторай рэгіёна і яго спецыфікай. Століншчына – адзін з самых вялікіх раёнаў Брэстчыны. Аддаленасць ад абласнога цэнтра і сталіцы накладвае адбітак на ўклад жыцця мясцовага насельніцтва, але гэта не перашкаджае педагогам актыўна ўдзельнічаць у рэспубліканскіх і нават у міжнародных мерапрыемствах. Так, настаўнікі Століншчыны праводзілі семінары з удзелам калег з Чэхіі, Швецыі, Польшчы і Украіны, вывучалі іх вопыт, дзяліліся сваім. Аддаленасць раёна – дадатковы стымул для дыстанцыйнага навучання, анлайн-канферэнцый і вэбінараў.

Загадчыца раённага ВМК Валянціна Грэчка расказала пра арганізацыю метадычнай работы. Для ўдзельнікаў семінара быў зладжаны метадычны вернісаж, які знаёміў са зместам і формамі бесперапыннага прафесійнага навучання кіраўніцкіх і педагагічных кадраў на ўзроўні раёна.

Кіраўнікі раённых вучэбна-метадычных фарміраванняў дэталёва спыніліся на асаблівасцях іх функцыянавання. Так, штогод на Століншчыну прыбываюць ад 30 да 60 маладых педагогаў, якім неабходны падтрымка і метадычная дапамога вопытных калег. З гэтай мэтай дзейнічае школа маладога настаўніка. Адзін з яе кіраўнікоў – настаўніца рускай мовы і літаратуры Валянціна Шубіч з Белавушскай сярэдняй школы. Вопытны педагог дзеліцца з маладымі калегамі сакрэтамі сучаснага ўрока, дапамагае ўкараняць у вучэбны працэс ІКТ, прапагандуе лепшыя напрацоўкі з міжнародных адукацыйных сайтаў.

Настаўніца пачатковых класаў Наталля Базар з Каладнянскага ясляў-сада – базавай школы – кіраўнік пастаянна дзеючага семінара па ўкараненні ў вучэбны працэс адукацыйнай пляцоўкі MOODLE, пераможца абласнога конкурсу “Мультымедыйны ўрок у практыцы педагога” (2016). Творчая група настаўнікаў замежнай мовы, якую ўзначальвае настаўніца англійскай мовы Наталля Новік са Столінскай дзяржаўнай гімназіі, распрацавала шэраг цікавых дапаможнікаў па выкарыстанні гістарычных і геаграфічных матэрыялаў краязнаўчага характару на ўроках англійскай мовы. Творчая група бібліятэкараў пад кіраўніцтвам бібліятэкара Вольгі Сеген з Рамельскай сярэдняй школы стварыла шэраг электронных каталогаў метадычных распрацовак для настаўнікаў пачатковых класаў і класных кіраўнікоў. Цікавы вопыт перспектыўнага ўкаранення інавацыйных форм дзейнасці назапасіла дырэктар сярэдняй школы № 2 Століна Ала Лазіцкая.

Сёння каля 10 устаноў адукацыі Століншчыны працуюць у інавацыйным рэжыме. Сярод лідараў па ўкараненні інавацыйных напрамкаў дзейнасці – Лядзецкі яслі-сад – сярэдняя школа, пра дасягненні якой расказала дырэктар Аксана Ляшук.

У раёне працуюць рэсурсныя цэнтры: у Лядзецкім яслях-садзе – сярэдняй школе – па грамадзянска-патрыятычным выхаванні вучняў, у Белавушскай сярэдняй школе – па здаровым ладзе жыцця. Вопытам работы апошняга з іх падзялілася намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Белавушскай сярэдняй школы Ірына Воўчык. Валанцёры з ліку белавушскіх вучняў правялі для гасцей “здароўезберагальны” міні-трэнінг.

Наступным прыпынкам стала Стружская сярэдняя школа, дзе створана сучасная інфармацыйная прастора. Дырэктар установы Міхаіл Дзенісовіч прэзентаваў цікавы вопыт эфектыўнага ўнутранага кіравання педагагічным калектывам праз ІКТ. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Ляшкевіч азнаёміла з віртуальным метадычным кабінетам па рабоце з настаўнікамі і вучнямі ў сацыяльных сетках. Педагог-псіхолаг Таццяна Мароз і настаўнік гісторыі Максім Аляксандраў расказалі пра свае педагагічныя сайты-блогі, якія актыўна выкарыстоўваюцца вучнямі і іх бацькамі па наладжванні больш цеснага ўзаемадзеяння і павышэнні цікавасці да вучобы. Настаўніца англійскай мовы Наталля Казуля правяла ўрок для дарослых, на якім паказала актыўныя формы вучэбных заняткаў. У школьным краязнаўчым музеі вучаніца Аліна Літвінка і педагог Наталля Пашкевіч прэзентавалі творчы праект пра сучаснае і мінулае вышыўкі, якая адлюстроўвае сямейныя традыцыі некалькіх пакаленняў.

У другі дзень загадчыкі ВМК пабывалі ў Беражноўскай сярэдняй школе, дзе паглядзелі на фрагменты вучэбных заняткаў з выкарыстаннем рэгіянальных асаблівасцей. У фае ўстановы былі арганізаваны выставы і прэзентацыі бізнес-кампаній Беражноўскай і Хатамельскай сярэдніх школ. Прадукцыя, вырабленая іх вучнямі, карысталася попытам у гасцей.

Даволі запатрабаванай формай метадычнай работы з’яўляецца “не-канферэнцыя”, пра якую расказала дырэктар сярэдняй школы № 2 Століна Ала Лазіцкая. У рамках яе дэманстрацыі адбыліся майстар-класы, праведзеныя настаўнікам інфарматыкі і фізікі Сяргеем Цімашуком з Беражноўскай сярэдняй школы, настаўніцай пачатковых класаў Наталляй Базар з Каладнянскага ясляў-сада – базавай школы, настаўнікам хіміі Артурам Алейнікам з сярэдняй школы № 2 Століна, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Століна Наталляй Ярашэвіч і намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Лядзецкага ясляў-сада – сярэдняй школы Святланай Царык.

У дзіцячым садзе № 2 Давыд-Гарадка госці азнаёміліся з рознымі формамі навучання педагогаў, наведалі міні-музей насення. Пра цікавую метадычную форму ўзаемадзеяння “адкрытая прастора” расказала метадыст раённага ВМК Наталля Кавальская.

Душэўна і запамінальна прайшла прэзентацыя клуба бабуль, які дзейнічае ў дашкольнай установе. На яго рабоце засяродзіла ўвагу член клуба, педагог дадатковай адукацыі Алена Семянюк з Давыд-Гарадоцкага ЦДТ.

У сярэдняй школе № 1 Давыд-Гарадка быў арганізаваны прамы эфір, прысвечаны вопыту метадычнай работы. Цікавымі напрацоўкамі ў гэтым напрамку дзейнасці падзялілася дырэктар Церабяжоўскай сярэдняй школы Людміла Цупа. У абмеркаванні ўдзельнічалі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Давыд-Гарадка Наталля Свірыдчук, дырэктар Хатамельскай сярэдняй школы Іна Мазоль, педагог-арганізатар Святлана Ляшкевіч з Веляміцкай сярэдняй школы, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Аляксандра Ралава з сярэдняй школы № 1 Альшан і настаўнік замежнай мовы Сяргей Пашкевіч з Харомскага ясляў-сада – сярэдняй школы.

Даволі цікавай атрымалася размова з адзінаццацікласнікам Паўлам Флар’яновічам з Аздаміцкай сярэдняй школы, пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы.

Падводзячы вынікі семінара, яго ўдзельнікі адзначылі творчы падыход педагогаў Століншчыны да метадычнай работы, перспектыўныя напрамкі дзейнасці, прафесіяналізм настаўнікаў і набыткі вучняў.

На развітанне госці пасадзілі бярозавую алею, назваўшы яе метадычнай. Дрэўцы будуць расці разам з ростам узаемасувязей, павышэннем адукацыйнага ўзроўню настаўнікаў і дасягненнямі вучняў.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.