Шлях да будучай прафесіі
25.04.2019Ліцэй цесна ўзаемадзейнічае ў прафарыентацыйнай рабоце са школамі і гімназіямі Баранавіч (19), Ганцавіч (3), Баранавіцкага (13) і Ляхавіцкага (6) раёнаў, а таксама Клецкага раёна Мінскай вобласці (1). З кожнай установай заключана дамова аб супрацоўніцтве, якая прадугледжвае правядзенне сумесных мерапрыемстваў, накіраваных на ўсвядомлены прафесійны выбар вучняў. Сярод іх – дні адкрытых дзвярэй з экскурсіямі і майстар-класамі для дзевяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў. На жаль, з боку старшакласнікаў назіраюцца абыякавыя адносіны да прафарыентацыйных мерапрыемстваў. Большасць школьнікаў не цікавяць будаўнічыя прафесіі, бо яны плануюць вучыцца ва УВА. Абыякавыя адносіны да працоўнай дзейнасці назіраюцца і ў вучняў, якія праходзяць працоўнае навучанне на базе ліцэя. Практыка паказвае, што сярод гімназістаў амаль няма жадаючых атрымаць рабочыя прафесіі.
Улічваючы такую сітуацыю, мы вырашылі пачынаць прафарыентацыю з пачатковых класаў, паколькі ў малодшых школьнікаў яшчэ адсутнічаюць меркантыльныя інтарэсы пры выбары будучай прафесійнай дзейнасці і яны ахвотна пазнаюць свет розных прафесій. Так, у рамках інавацыйнага праекта пашыраецца кругагляд вучняў пачатковых класаў гімназіі № 5 Баранавіч аб будаўнічых прафесіях. Выбар гэтай установы невыпадковы: яна знаходзіцца побач з ліцэем і ў яе 19 пачатковых класах атрымліваюць веды 500 дзяцей. Наша задача – стварыць у іх максімальна разнастайную палітру ўражанняў пра свет прафесій, каб у далейшым выпускнікі гімназіі ўсвядомлена падышлі да выбару працоўнай кар’еры.
Малодшыя школьнікі разам з класнымі кіраўнікамі наведваюць ліцэй, дзе для іх праводзяцца азнаямленчыя экскурсіі па вучэбна-вытворчых майстэрнях, арганізоўваюцца гульнявыя майстар-класы па кладцы цэглы, малярных і слесарскіх работах. Акрамя таго, дзеці знаёмяцца з электразварачнымі і сталярнымі работамі, работай на свідравальных і заточных станках. Майстры вытворчага навучання расказваюць хлопчыкам і дзяўчынкам пра асноўныя будаўнічыя матэрыялы і іх назначэнне, звяртаюць увагу на бяспеку працы. Школьнікам прапаноўваюцца заданні па ўзросце, паказваецца тэхніка выканання работы з малярнымі трафарэтамі. Новыя веды і атрыманыя навыкі дзеці з вялікім задавальненнем прымяняюць на практыцы: кладуць цэглу, ствараюць выявы з дапамогай малярных трафарэтаў, свідруюць метал, згінаюць пласціны і г.д. Асаблівую актыўнасць праяўляюць дзяўчынкі. Пасля экскурсій і майстар-класаў вучні наведваюць ліцэйскую выставу тэхнічнай і дэкаратыўнай творчасці, атрымліваюць памятныя сувеніры. Малодшыя школьнікі ў захапленні ад убачанага і гатовы ісці ў будаўнікі. Галоўнае – замацаваць гэтую гатоўнасць пры далейшай прафарыентацыйнай рабоце.
Дзякуючы сумеснай рабоце педагогаў ліцэя і гімназіі ў рамках праекта, абагацілася пазнавальная дзейнасць вучняў, пашырыліся іх уяўленні пра навакольны свет, з’явілася ўстойлівая цікавасць да працы дарослых. Хочацца спадзявацца, што гэта стане асновай для развіцця прафесійных інтарэсаў і намераў старшакласнікаў.
Аляксандр ПАТОЦКІ,
загадчык аддзялення Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў.