Працаваць на перспектыву

15.02.2018
На базе сярэдняй школы № 10 Пінска адбылося пасяджэнне калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, прысвечанае вынікам работы адукацыйнай галіны ў мінулым годзе і задачам па яе ўдасканаленні ў бягучым. У рабоце калегіі ўдзельнічалі першы намеснік міністра адукацыі Беларусі В.А.Богуш і намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама А.І.Вялічка.

Начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі расказаў, што сёння на Брэстчыне дзейнічаюць амаль 1,2 тысячы ўстаноў адукацыі. Летась на фінансаванне адукацыйнай галіны ў абласным бюджэце прадугледжвалася каля 601 млн рублёў, сёлета – каля 655. За кошт пазабюджэтнай дзейнасці ўстановы адукацыі зарабілі амаль 10,2 млн рублёў. Усе нарматывы ў галіне адукацыі на Брэстчыне выконваюцца.

У сістэме дашкольнай адукацыі працуюць 577 устаноў. Летась былі закрыты 5. Праблема недахопу месцаў у дзіцячых садках вырашаецца за кошт прыбудоў да іх і эфектыўнага выкарыстання наяўных плошчаў. У Брэсце, Баранавічах і Пінску будуюцца новыя дашкольныя ўстановы. Дзякуючы гэтаму ўдаецца забяспечыць крокавую даступнасць дашкольнай адукацыі.

36% выхавальнікаў дзіцячых садкоў маюць профільную вышэйшую адукацыю, каля 16% - вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Задача мясцовых органаў кіравання адукацыяй – павышаць матывацыю педагогаў да далейшага павышэння кваліфікацыі і атрымання профільнай адукацыі. Неабходнымі сродкамі навучання і надворным абсталяваннем дашкольныя ўстановы аснашчаны на 66% і 81% ад нарматыву.

У 506 установах агульнай сярэдняй адукацыі атрымліваюць веды каля 161 тысячы вучняў. Іх колькасць з году ў год павялічваецца. Працягваецца аптымізацыя і рэарганізацыя малакамплектных школ.

Сярэдняя напаўняльнасць класаў у сельскіх установах адукацыі зніжаецца і складае 11 вучняў. Найменшая напаўняльнасць класаў назіраецца ў Івацэвіцкім (8,6), Ляхавіцкім (7,9) і Маларыцкім (7,3) раёнах.

78% настаўнікаў вобласці маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 0,16% - катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Якасць адукацыі неабходна забяспечваць шляхам павышэння якасці выкладання прадметаў і бесперапыннага павышэння кваліфікацыі педагогаў. На жаль, сярод суперфіналістаў апошніх двух Рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” няма прадстаўнікоў Брэстчыны.

Летась за кошт абласнога, гарадскіх і раённых бюджэтаў быў закуплены 41 камп’ютарны клас. У прадметныя кабінеты набыты 197 камп’ютараў. За апошнія 5 гадоў школы вобласці атрымалі за кошт рэспубліканскага бюджэту 105 кабінетаў фізікі і 55 кабінетаў хіміі. Сучаснымі сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем аснашчаны 28% устаноў адукацыі Брэстчыны.

Профільнае навучанне арганізавана ў 237 школах, гімназіях і ліцэях. У 38 установах адкрыты педагагічныя класы (групы), дзе вучацца 533 дзіцяці. Сярод задач – узмацніць узаемадзеянне школ і УВА ў прафарыентацыі вучняў.

Па выніках мінулагодняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды школьнікі Брэстчыны заваявалі 69 дыпломаў. Найбольш паспяхова вучні выступілі па геаграфіі, інфарматыцы і гісторыі. Лідарамі па колькасці пераможцаў алімпіяды з’яўляюцца Брэст, Баранавічы і Лунінецкі раён. Сярод устаноў адукацыі – гімназія № 1 Брэста і Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава. Летась пераможцамі міжнародных алімпіяд сталі 6 прадстаўнікоў вобласці.

У бягучым навучальным годзе каля 68% вучняў займаюцца па суботах у аб’яднаннях па інтарэсах школ і ўстаноў дадатковай адукацыі. Амаль 15% дзяцей наведваюць установы культуры, спорту і іншых ведамстваў. Актывізавалася прававая асвета вучняў. Бацькі актыўна далучаюцца да прафарыентацыйнай работы. У цэнтры ўвагі педагогаў – фарміраванне ў вучняў навыкаў бяспечных і адказных паводзін, прафілактыка суіцыдаў.

Колькасць злачынстваў, здзейсненых летась непаўналетнімі, зменшылася на 10% у параўнанні з 2016 годам (315 выпадкаў). Істотна скарацілася колькасць злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў і ўчыненых у стане алкагольнага ап’янення. Разам з тым доля падлеткавай злачыннасці на Брэстчыне з’яўляецца самай высокай у краіне. На жаль, не ўсе непаўналетнія, якія знаходзяцца на розных відах уліку, ахоплены арганізаванай другаснай занятасцю.

Сёння на ўліку ў абласным банку даных знаходзіцца каля 18,3 тысячы дзяцей з АПФР (6,2% ад агульнай колькасці дзіцячага насельніцтва). Каля 10% асаблівых дзяцей – інваліды. Колькасць такіх дзяцей няўхільна павышаецца. Сістэма спецыяльнай адукацыі вобласці ўключае 21 ЦКРНіР, 5 спецыяльных дзіцячых дашкольных устаноў, 397 пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, спецыяльныя і інтэграваныя групы (у многіх раёнах яны перапоўнены), класы інклюзіўнай адукацыі і інш. Школы забяспечаны настаўнікамі-дэфектолагамі на 92%. Сярод прыярытэтных напрамкаў дзейнасці – паспяховая інтэграцыя асаблівых дзяцей і дзяцей-інвалідаў у грамадства, стварэнне ва ўсіх установах адукацыі безбар’ернага асяроддзя.

У 31 установе прафесійнай адукацыі больш за 16 тысяч навучэнцаў атрымліваюць падрыхтоўку па 92 кваліфікацыях рабочых і 38 спецыяльнасцях сярэдняй спецыяльнай адукацыі. План набору больш-менш выконваецца. Накіраванні на работу атрымліваюць амаль усе выпускнікі.

На базе 7 устаноў прафесійнай адукацыі дзейнічаюць рэсурсныя цэнтры па 8 профілях. Летась там займаліся 2,7 тысячы навучэнцаў і стажыраваліся 113 выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання.

Па выніках работы за мінулы год на Рэспубліканскую дошку пашаны быў занесены Брэсцкі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання, на Абласную дошку пашаны – Баранавіцкі дзяржаўны ПТК сферы абслугоўвання.

Задача сістэмы прафесійнай адукацыі – працаваць на перспектыву, на эканоміку заўтрашняга дня. Для гэтага па запытах заказчыкаў арганізоўваецца падрыхтоўка па новых запатрабаваных прафесіях. У планах – узбуйненне і аб’яднанне некаторых ПТНУ і ССНУ.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама Я.М.Мендзель азнаёміў удзельнікаў мерапрыемства з перспектыўнай рэгіянальнай мадэллю падрыхтоўкі вучняў да рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама С.В.Пузікаў падзяліўся вопытам эфектыўнага ўзаемадзеяння школ і ўстаноў прафесійнай адукацыі ў падрыхтоўцы вучняў да жыцця і працы. Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага райвыканкама І.М.Ліра расказала пра дзейнасць раённага рэсурснага цэнтра выхаваўчай работы, а дырэктар Брэсцкага раённага ЦКРНіР Л.У.Церашчук прэзентавала напрацоўкі па развіцці інклюзіўных форм арганізацыі адукацыйнага працэсу як сацыяльнага заказу.

Першы намеснік міністра адукацыі Беларусі В.А.Богуш засяродзіў увагу на прыярытэтных напрамках развіцця адукацыйнай галіны краіны: “Асноўную ўвагу ў сістэме дашкольнай адукацыі неабходна ўдзяляць яе даступнасці і арганізацыі здароўезберагальнага асяроддзя. Работу ўстаноў адукацыі і органаў кіравання адукацыяй варта ацэньваць не па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ці алімпіяднага руху, а па якасці прафарыентацыйнай дзейнасці і сацыялізацыі выпускнікоў. Установам прафесійнай і вышэйшай адукацыі трэба прагназаваць перспектыўную патрэбу ў кадрах з улікам запытаў эканомікі. Ад інстытутаў развіцця адукацыі чакаюць актыўнай метадычнай работы з настаўнікамі-практыкамі па стварэнні вучэбных праграм і падручнікаў. Дасягнуць станоўчых вынікаў у паспяховым функцыянаванні адукацыйнай галіны дапаможа павышаная адказнасць кожнага педагога і кіраўніка”.

В.А.Богуш уручыў нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі Беларусі” намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Івацэвіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Л.М.Кардаш і галоўнаму спецыялісту аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама А.П.Велясевіч. Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Беларусі атрымалі настаўнік фізкультуры А.П.Дарафейчук з сярэдняй школы № 1 Жабінкі, настаўнік фізікі і астраноміі У.У.Зылевіч з Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце А.У.Кірбай з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Т.П.Пукало з гімназіі Белаазёрска Бярозаўскага раёна і выкладчык С.Л.Сухаверхі з Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.