Кантроль і ацэнка

22.02.2018
Адна са стратэгічных задач сучаснай школы – фарміраванне самастойнай моладзі, здольнай у новых сацыяльна-эканамічных умовах хутка і эфектыўна адаптавацца на рынку працы. Гэта патрабуе такой арганізацыі вучэбнага працэсу, пры якім развіваецца не толькі пазнавальная сфера школьнікаў, але і матывацыйная. Педагогі павінны ўмець будаваць кантрольна-ацэначны этап сучаснага ўрока такім чынам, каб ацэньванне вучэбнай дзейнасці дзяцей ажыццяўлялася з пазіцыі суб’ект-суб’ектных адносін удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Абмеркаванню гэтай праблемы прысвячаўся раённы навукова-метадычны семінар настаўнікаў пачатковых класаў “Метадалагічныя асновы кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка і вучня”, арганізаваны БрДУ імя А.С.Пушкіна пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама на базе Ленінскай сярэдняй школы.

Старшы выкладчык кафедры сацыяльнай работы сацыяльна-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна кандыдат псіхалагічных навук К.М.Сіда раскрыла тэарэтычныя і метадалагічныя асновы кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка і вучня, адзначыўшы, што неад’емным кампанентам адукацыйнага працэсу з’яўляецца дыягностыка, з дапамогай якой вызначаюцца шляхі дасягнення пастаўленых мэт. Кантрольна-ацэначная дзейнасць можа тычыцца настаўніка, вучня ў адносінах да самога сябе (самакантроль і самаацэнка) і вучняў у адносінах адно да аднаго (узаемакантроль і ўзаемаацэнка).

К.М.Сіда засяродзіла ўвагу на фарміраванні самаацэнкі, сістэмнае выкарыстанне якой у педагагічнай практыцы настаўніка дазваляе павысіць эфектыўнасць навучання і развіць асобасныя якасці малодшых школьнікаў, сфарміраваць адэкватную самаацэнку вучэбных дасягненняў.

Актыўны ўдзел у абмеркаванні праблемы кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка і вучня прынялі педагогі І.С.Сакольчык, С.П.Пракопчык і А.М.Дзярдзюк з сярэдняй школы № 3 Жабінкі, В.А.Раўнова з Ленінскай сярэдняй школы, а таксама намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце І.А.Панфіла з сярэдняй школы № 1 Жабінкі. Так, І.С.Сакольчык адзначыла важнасць зваротнай сувязі ў кантрольна-ацэначным этапе ўрока. Эфектыўнасць гэтай сувязі залежыць ад таго, як настаўнік арганізоўвае яе на розных этапах урока з дапамогай адпаведных дыдактычных сродкаў: дыягнастычнага мэтавызначэння, крытэрыяў правільнага выканання заданняў і паслядоўнасці работы над імі, пытанняў настаўніка да вучняў, кантролю і самакантролю, тэстаў, каментарыяў педагога па выкананні заданняў, эталонаў правільных адказаў, наглядных памочнікаў, рэфлексіі і інш.).

С.П.Пракопчык лічыць, што тэхналогія актыўнай ацэнкі дазваляе вучням бачыць і разумець свае поспехі і радавацца ім, бачыць свае памылкі і працаваць над імі, авалодаць адэкватнай самаацэнкай і ацэнкай, кіраваць уласным навучаннем. Для фарміравання ў малодшых школьнікаў самаацэнкі неабходна дакладна ўяўляць мэты і вынікі ўласнай вучэбнай дзейнасці, крытэрыі ацэнкі, якія дапамогуць вучням правільна ацаніць выкананае заданне, і разумець, што самаацэнка неабходна для таго, каб вучэбны працэс стаў усвядомленым, а значыць больш эфектыўным.

А.М.Дзярдзюк гаварыла пра рэфлексію як сродак самаацэнкі вучнямі ўласнай дзейнасці. Рэфлексійная дзейнасць адыгрывае важную адукацыйную ролю. Па-першае, садзейнічае лепшаму засваенню вучэбнага матэрыялу (дзеці вучацца, калі самі вылучаюць схемы дзейнасці – спосабы вырашэння задачы ці разважання). Па-другое, павышае вучэбна-пазнавальную матывацыю школьнікаў (дзеці бачаць, што настаўніка цікавіць найперш не вучэбны матэрыял, а яны самі). Па-трэцяе, павышае значнасць ацэначнай дзейнасці вучняў, падчас якой яны ацэньваюць сваю работу і яе вынікі. І апошняе, рэфлексійная дзейнасць дазваляе дзецям усвядоміць сваю індывідуальнасць, унікальнасць і прызначэнне, паколькі яны могуць бачыць, аналізаваць і ацэньваць сваю дзейнасць і яе адукацыйныя вынікі.

І.А.Панфіла спыніла ўвагу на падыходах да арганізацыі кантролю і ацэнкі ступені засваення ведаў, уменняў, навыкаў і асобаснага развіцця малодшых школьнікаў у перыяд безадзнакавага навучання. На думку педагога, аб’ектыўнасць самаацэнкі адыгрывае вялікае значэнне ў жыцці педагога. Так, пры заніжанай самаацэнцы вучань думае пра сябе як пра няздару і няўдачніка. Пры завышанай самаацэнцы сваіх вынікаў вучань лічыць, што ён дасягнуў усяго і яму ўжо не трэба прыкладваць намаганні. Толькі чалавек з адэкватнай самаацэнкай можа канструктыўна адносіцца да сваіх поспехаў ці няўдач, а не шукаць вінаватых у дапушчаных праліках.

Цікавым вопытам па выкарыстанні эфектыўных прыёмаў і метадаў у кантрольна-ацэначнай дзейнасці падзялілася В.А.Раўнова. Разам з традыцыйнымі метадамі кантролю, праверкі, ацэнкі, уліку ведаў і ўменняў педагог тэсціруе навучанасць і выхаванасць школьнікаў, даследуе патэнцыяльныя магчымасці вучняў, праектуе індывідуальны і асобасна арыентаваны адукацыйны працэс.

Вызначыўшы тэарэтычныя і метадалагічныя падыходы да кантрольна-ацэнаначнай дзейнасці настаўніка і вучня, удзельнікі семінара прыйшлі да высновы, што пры яе сістэмнай арганізацыі ў рэчышчы псіхолага-дыдактычных патрабаванняў сучаснага ўрока дзеці становяцца больш самастойнымі і адказнымі за сваё навучанне, лепш уключаюцца ў актыўную вучэбную дзейнасць і лепш разумеюць, што яны вывучаюць і для чаго, павышаюць самаацэнку, набываюць упэўненасць у сабе і матывацыю да вучобы, ведаюць, што яны яшчэ не засвоілі і чаму ім яшчэ трэба навучыцца, актыўна задаюць пытанні, ахвотна знаходзяць і выпраўляюць свае памылкі, менш параўноўваюць уласныя вынікі з дасягненнямі аднакласнікаў. Акрамя таго, урокі становяцца больш цікавымі для настаўніка і вучняў, у класе пануе камфортная і творчая атмасфера. Педагог стварае сітуацыю поспеху для кожнага вучня, ведае пра дасягненні ўсіх дзяцей, разам з імі плануе пэўныя мэты і рацыянальна размяркоўвае час на ўроку.

Кацярына СІДА,

старшы выкладчык кафедры сацыяльнай работы сацыяльна-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна кандыдат псіхалагічных навук.