Вопыт, варты пераймання

22.02.2018
На базе сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста адбылося пасяджэнне метадычнага аб’яднання настаўнікаў рускай мовы і літаратуры ўстаноў адукацыі Ленінскага раёна горада. Педагогі 20-й школы дзяліліся з калегамі вопытам работы па рэалізацыі індывідуальна-асобаснага і дзейнаснага падыходаў праз выкарыстанне традыцыйных і інавацыйных форм, метадаў і прыёмаў у вывучэнні рускай мовы і літаратуры.

Адкрыла пасяджэнне кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў рускай мовы і літаратуры 20-й школы Т.У.Філіповіч, якая прэзентавала ўстанову адукацыі і расказала пра яе педагогаў. Дырэктар школы, настаўніца рускай мовы і літаратуры, выдатнік адукацыі Беларусі І.Ф.Нікіфаравец засяродзіла ўвагу на актуальных пытаннях, звязаных з выкладаннем філалагічных дысцыплін, падрыхтоўкай і правядзеннем алімпіяд і канферэнцый, зместам вучэбных праграм і работай факультатываў па рыторыцы.

У школе працуюць 6 настаўнікаў рускай мовы і літаратуры, з якіх 4 маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і адзін – першую. Усе 3 прадметныя кабінеты аснашчаны сучаснымі дыдактычнымі матэрыяламі, спецыяльнай літаратурай, метадычнымі дапаможнікамі, неабходным абсталяваннем і тэхнічнымі сродкамі. У адным з кабінетаў сфарміраваны баных даных аўдыя- і відэаматэрыялаў па ўсіх раздзелах школьнай праграмы па рускай мове і літаратуры. Настаўнікі-філолагі актыўна выкарыстоўваюць у рабоце ІКТ.

З 2006 года ў школе дзейнічае філіял кафедры рускай літаратуры і журналістыкі БрДУ імя А.С.Пушкіна, створаны з мэтай павышэння метадычнага ўзроўню педагогаў. Паміж школай і кафедрай наладжана сістэмнае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, дзякуючы якому ўніверсітэцкая практыка абагачаецца навукова-метадычнымі адкрыццямі, а настаўнікі набываюць новыя магчымасці для ўдасканалення адукацыйнага працэсу.

На працягу некалькіх гадоў педагогі ўдзельнічаюць у семінарах і канферэнцыях па актуальных пытаннях методыкі выкладання рускай мовы і літаратуры, якія праводзіць Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Брэсце. Настаўнікі і вучні сустракаюцца з вядомымі людзьмі Расіі, спаборнічаюць у інтэлектуальных віктарынах і інш.

Удзел у інавацыйных праектах Міністэрства адукацыі Беларусі дазваляе павышаць метадычны ўзровень педагогаў, удасканальваць работу з адоранымі дзецьмі. Так, з 2011 года настаўнікі рускай мовы і літаратуры І.В.Балабушка, Т.У.Філіповіч і Л.М.Чырэц рэалізоўваюць праекты па ўкараненні мадэлі фарміравання камунікатыўнай культуры вучняў у кантэксце беларускага менталітэту і мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення.

Асобаснаму і прафесійнаму росту педагогаў садзейнічаюць школьныя метадычныя мерапрыемствы: педагагічныя дэбаты, метадычныя форумы і алімпіяды, семінары-практыкумы.

Вядома, што якасць адукацыі залежыць ад узроўню прафесійнай падрыхтоўкі настаўнікаў. Гэта пацвердзіла Л.М.Чырэц на адкрытым уроку рускай літаратуры ў 10 класе “Іх уваскрасіла каханне”. Вучні абмяркоўвалі тэму кахання ў рамане Ф.М.Дастаеўскага “Злачынства і пакаранне” і яго ролю ў жыцці чалавека, узнімалі праблемныя пытанні і шукалі на іх адказы. На ўроку гучалі вершы і песні інтымнага характару.

У школе пад кіраўніцтвам І.В.Балабушка працуе гурток “Масквазнаўства”, членамі якога з’яўляюцца экскурсаводы музея “Горад-герой Масква”. Юныя экскурсаводы актыўна супрацоўнічаюць з Брэсцкім абласным краязнаўчым музеем. Работнікі гэтай установы ўдзельнічаюць у занятках гуртка.

Музейная педагогіка дазваляе паспяхова рэалізоўваць творчы патэнцыял дзяцей. Калі класічная школа з яе класна-ўрочнай сістэмай разлічана на трансляцыю ведаў ад настаўнікаў да вучняў, то, аб’яднаўшыся, школа і музей набываюць новыя магчымасці і спосабы дзейнасці. У 20-й школе створаны некалькі музеяў, матэрыялы якіх разнастайваюць формы і метады вучэбнага працэсу, робяць урокі цікавымі і сучаснымі. Так, больш за 10 гадоў рэалізоўваецца музейны праект па супрацоўніцтве сярэдняй школы № 384 Масквы і сярэдняй школы № 20 Брэста. Члены гуртка прэзентавалі гасцям экскурсію “Літаратурная Масква”.

Т.К.Пляханава азнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з дзейнасцю тэатральнага гуртка, кіраўніком якога з’яўляецца. Педагог лічыць, што галоўная задача адукацыі заключаецца не столькі ў авалоданні ведамі, колькі ў развіцці творчага мыслення вучняў, фарміраванні ўменняў і навыкаў самастойнага пошуку, аналізу і ацэнкі інфармацыі, рэалізацыі творчых здольнасцей. Настаўніца з вялікай увагай адносіцца да дзяцей, якія ўмеюць імправізаваць і суперажываць. Менавіта яны ў далейшым становяцца пераможцамі літаратурных і творчых конкурсаў. Юныя акцёры паказалі гасцям фрагмент спектакля па творы А.С.Пушкіна “Пікавая дама”.

Удзельнікі семінара пераканаліся, што ў 20-й школе створаны належныя ўмовы для асобаснага і прафесійнага росту педагогаў, рэалізацыі інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу вучняў.

Вольга ЯКАЎЛЕВА,

настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста.